
95 год чытаем разам
- Details
- Створана 06.12.2024 09:06
Ужо 95 год Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна адчыняе дзверы для сваіх чытачоў, застаецца месцам, дзе кожны здольны атрымліваць, дарыць, дзяліцца, аддаваць, самарэалізоўвацца, развівацца, сталець і проста радавацца!
За гэтыя гады наша бібліятэка не толькі стала сучасным культурным інфармацыйным цэнтрам Віцебшчыны, але і заняла часцінку сэрца кожнага супрацоўніка і чытача.
95 год – гэта не толькі гістарычная веха, але і мяжа, якая дае магчымасць зірнуць на пройдзены шлях, успомніць добрым словам тых, хто ўнёс значны ўклад у агульную справу, і ўдакладніць планы на будучыню.
Гісторыю бібліятэкі нельга аддзяліць ад гісторыі ўсёй Беларусі. Развіваючыся разам з пакаленнямі сваіх чытачоў, яна прайшла доўгі шлях ад Віцебскага аддзялення Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі з трыма супрацоўнікамі ў штаце да галоўнай кніжнай скарбніцы вобласці, сучаснай мадэрнізаванай установы.
У рамках святочнай падзеі Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджана дзяржаўная ўстанова «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна». А таксама былі адзначаныя дасягненні і заслугі супрацоўнікаў, якія адданы сваёй справе і адказна выконваюць свае прафесійныя абавязкі.
Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь узнагароджана Валянціна Аўсяннікава за шматгадовую добрасумленную працу ў сферы культуры, дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце, асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы Віцебскай вобласці.
Падзяка Міністра культуры Рэспублікі Беларусь аб'яўлена Таццяне Патоцкай за шматгадовую добрасумленную працу ў сферы культуры, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і фарміраванне духоўна-маральных арыенціраў карыстальнікаў бібліятэкі.
Ганаровымі граматамі ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу ў сферы культуры ўзнагароджаныя Алена Васілеўская, загадчык аддзела літаратуры па мастацтве; Юлія Далганава, загадчык дзіцячага аддзела; Ірына Наварэнка, загадчык аддзела прававой інфармацыі і электронных рэсурсаў; Наталля Пугачова, загадчык аддзела бібліятэказнаўства; Ірына Пчалова, вядучы бібліятэкар аддзела бібліятэказнаўства; Наталля Фенчанка, вядучы бібліёграф аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы; Таццяна Шакуціна, бібліятэкар I катэгорыі аддзела фарміравання бібліятэчнага фонду.
Нашы поспехі заўжды ў полі зроку Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Падзякамі Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму адзначаны Таццяна Адамян, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна; Юлія Вайлунова-Шынкевіч, загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці; Аксана Воранава, вядучы метадыст аддзела бібліятэказнаўства; Надзея Грыдзюшка, загадчык аддзела аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў; Юлія Далганава, загадчык дзіцячага аддзела; Алена Далганава, інспектар па кадрах; Кацярына Дзям'янава, вядучы бібліёграф аддзела краязнаўства; Вольга Лебедзева, вядучы бібліёграф сектара рэдкай кнігі; Надзея Мелькіна, вучоны сакратар бібліятэкі; Ірына Фадзеенкава, сакратар прыёмнай; Алена Юпатава, бібліятэкар аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.
Вядома, што дрэва добра расце і трывала трымаецца на зямлі, калі мае надзейныя, моцныя карані, а ветэраны культуры і бібліятэчнай справы і ёсць гэтыя карані. Дзякуючы іх намаганням абласная бібліятэка расла, развівалася і нязменна атрымлівала шматбаковую падтрымку чытачоў і кіраўніцтва раёна, горада і вобласці. Іх прысутнасць у глядзельнай зале вельмі падтрымлівае нас.
Сяброўства і плённае супрацоўніцтва з установамі, арганізацыямі, аб'яднаннямі і прадпрыемствамі Віцебска і рэгіёна дазваляюць абагачаць работу бібліятэкі, рэалізоўваць новыя праекты на карысць чытачоў.
Асобна хочацца вылучыць прадуктыўнае ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі. Журналісты і бібліятэкары працуюць ў адзінай інфармацыйнай прасторы. Сумесная работа абласной бібліятэкі і рэдакцый гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх газет, часопісаў, інфармацыйных агенцтваў і тэлеканалаў садзейнічае выкарыстанню агульнага патэнцыялу на карысць чытачоў рэгіёна.
Партнёрству не перашкаджаюць сотні і нават тысячы кіламетраў, што раздзяляюць Віцебск з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Астраханскай, Пскоўскай, Смаленскай абласнымі бібліятэкамі, Пушкінскім запаведнікам «Міхайлаўскае» і іншымі ўстановамі. Накіраваныя імі відэавіншаванні з шчырымі пажаданнямі сталі важнай часткай святочнай падзеі.
Вось ужо больш за 20 год выхаванне прававой культуры карыстальнікаў вядзецца ў аддзеле прававой інфармацыі і электронных рэсурсаў бібліятэкі пры дзейснай падтрымцы Рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віцебскай вобласці.
Ужо шмат гадоў абласная бібліятэка супрацоўнічае з Віцебскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы. Імкненне шырока прадставіць каштоўнасць кнігі, накіроўваючы намаганні на духоўна-маральную асвету і выхаванне, высока ацэнена Архіепіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем і епіскапам Друцкім, вікарыем Віцебскай епархіяй Еўсевіем.
Медалём «Святы Уладзімір спаведнік Віцебскі» I ступені ўзнагароджана Таццяна Патоцкая, загадчык агульнай чытальнай залы. Архіерэйскімі граматамі Віцебскай епархіі ўзнагароджаныя Валянціна Гугнявых, загадчык аддзела абанемента; Кацярына Панкевіч, бібліятэкар агульнай чытальнай залы; Алена Юпатава, бібліятэкар аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.
За гады існавання бібліятэкі ў ёй адбылося шмат сустрэч з пісьменнікамі і паэтамі, журналістамі і краязнаўцамі – людзьмі, што сваёй творчасцю папаўняюць скарбніцу нацыянальнай культуры і літаратуры. Нязменным і плённым ужо доўгі час застаецца супрацоўніцтва з Віцебскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Павіншаваць бібліятэку прыйшлі таксама прадстаўнікі абласных арганізацый культуры – Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Віцебскай абласной філармоніі, Беларускага тэатра «Лялька», Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў.
Бібліятэкі, архівы і музеі з'яўляюцца раўназначнымі ўзаемадапаўняльнымі інстытутамі адзінай сістэмы гістарычнай памяці. Доўгія гады партнёрства і вопыт сумеснага правядзення праектаў рознага ўзроўню звязваюць нашу бібліятэку з Дзяржаўным архівам Віцебскай вобласці, Віцебскім абласным краязнаўчым музеем.
Супрацоўніцтва абласной бібліятэкі і ААТ «Белаграпрамбанк» з гадамі толькі ўмацоўваецца і даўно ўжо не абмяжоўваецца адносінамі «банк – кліент».
Прыкладам сумеснага плённага супрацоўніцтва можна лічыць узаемадзеянне з упраўленнем Дэпартаменту выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці.
Запамінальным падарункам для супрацоўнікаў бібліятэкі і гасцей стала музычнае віншаванне салістаў Віцебскай абласной філармоніі.
95 год... Бібліятэка, як светлы карабель ведаў, прайшла амаль праз цэлае стагоддзе. Мы ўпэўненыя, што яна застанецца месцам, дзе будуць і надалей квітнець асвета і культура!
Фота: Дзмітрый Осіпаў, Ірына Распопава.


































