
Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі «Монстры на канікулах»
- Details
- Створана 31.03.2026 15:36
У гэтым годзе Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі ў абласной бібліятэцы прайшоў пад назвай «Монстры на канікулах». У юных чытачоў, якія адпачывалі на вясновых канікулах, была выдатная магчымасць не толькі пасмяяцца над сваімі страхамі, але і перамагчы іх!
Каб пранікнуцца тэматыкай Тыдня, супрацоўнікі дзіцячага і юнацкага аддзелаў прапанавалі сваім чытачам зладзіць жудасна цікавы кінасеанс з папкорнам для большага задавальнення ад прагляду. Бібліязала «Страшна цікава» і мультпаказ «Паляванне на монстраў» пазнаёмілі школьнікаў з яркімі шэдэўрамі кіно і мультыплікацыі пра монстраў, якія паказваюць, што нават самыя жудасныя істоты могуць быць добрымі і кранальнымі.
Дзецям пашчасціла пабываць у гасцях у Белавежскага Лесавіка, які арганізаваў для сваіх сваякоў з блізкага і далёкага замежжа book-тусоўку «Вечарынка нячысцікаў». Караоке, танцы, фокусы, актыўныя гульні, падрыхтоўка чароўнага зелля для бясстрашнасці і смеласці, поспеху і шанцавання – вечарына атрымалася на славу!
Падчас кніжнай прыгоды «Фантастычныя істоты і месцы іх пражывання» госці бібліятэкі пазнаёміліся з аднайменным творам англійскай пісьменніцы Джаан Роўлінг. Кніга-юбіляр, якая ў бягучым годзе адзначае свой 25-гадовы юбілей, – гэта абавязковы падручнік у школе чараўніцтва і ведзьмінскіх навук «Хогвартс»; асобнік, які належыць Гары Потэру.
У дзіцячых і падлеткавых кнігах жывуць не толькі вясёлкавыя поні, аднарогі і кветкавыя феі – вельмі часта там сустракаюцца і пачвары. Свет гэтых пачвараў і монстраў – загадкавы і таямнічы; мала хто з дзяцей адмовіцца ад запрашэння пабываць у такім. Кніжкі-карцінкі, казкі, вершы, коміксы, аповесці і нават раманы – усе жанры для аматараў трылераў і страшылак былі прадстаўлены ў аглядзе літаратуры «Краіна кашмараў і жахаў» і кніжнай выставе «Хто за ўсіх страшнейшы на свеце?».
Для тых, хто не толькі любіць чытаць, але яшчэ і захапляецца творчасцю, супрацоўнікі абласной бібліятэкі падрыхтавалі майстар-класы ў розных тэхніках, а ўсе госці штогадовага кніжнага свята атрымалі прызы і салодкія падарункі.


































