
Вясновыя канікулы ў бібліятэцы
- Details
- Створана 31.03.2026 16:07
Вясновыя канікулы ў абласной бібліятэцы прайшлі незвычайна, пазнавальна і весела. За кароткі тыдзень вучні віцебскіх школ наведалі кніжныя выставы і творчыя майстэрні, тэматычныя заняткі і батлеечныя спектаклі, інтэрактыўныя квэсты і прэзентацыі.
Самым яркім гэты тыдзень стаў для наведвальнікаў дзіцячага і юнацкага аддзелаў. Прастора абодвух аддзелаў была аформлена як выстава «Монстры на канікулах» у рамках Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. У юных чытачоў была выдатная магчымасць не толькі пасмяяцца са сваіх страхаў, але і перамагчы іх!
Для дзяцей выхаваўча-аздараўленчага лагера «Спадчына» сярэдняй школы № 2 імя Ф. Ц. Блахіна праграму арганізавалі супрацоўнікі агульнай чытальнай залы.
На творчай майстэрні «Сакавіцкія кацяняты» школьнікі выконвалі заданні па картках (разгадвалі рэбусы, загадкі, вырашалі лагічныя задачы), а затым стваралі фігуркі мілых кацянят. У кожнага яны атрымаліся па-свойму абаяльнымі.
Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра юныя госці акунуліся ў чароўны свет бібліятэчнай батлейкі. Спектакль-прытча «Дары сэрца» не толькі захапіў іх сваім сюжэтам, але і прымусіў задумацца пра важныя жыццёвыя каштоўнасці. Пасля прагляду дзеці актыўна ўдзельнічалі ў інтэрактыўнай праграме: разгадвалі захапляльныя галаваломкі, дэманстравалі свае веды ў музычнай віктарыне і ў гульнявой форме будавалі сімвалічную «дарогу дабра». Вярнуўшыся ў школу са станоўчымі эмоцыямі і новымі ведамі, дзятва намалявала самыя яркія моманты з атрыманых уражанняў.
На творчых майстэрнях у аддзеле літаратуры па мастацтве ўдзельнікі стваралі прыгожыя дэкаратыўныя пано з пралескамі ў тэхніцы папяровай пластыкі і аплікацыі. Тэма выбрана не выпадкова – 19 красавіка ў многіх краінах адзначаецца Дзень пралескі. Школьнікі даведаліся цікавыя факты пра першацветы, успомнілі казкі, у якіх яны згадваюцца, і слухалі вясёлыя вясновыя песенькі на вінілавых пласцінках.
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці запрасіў школьнікаў на творчую майстэрню «Беларусь у маім сэрцы». Вучні сярэдняй школы № 12 імя Л. М. Філіпенкі праверылі свае веды пра герб, сцяг, гімн Беларусі і Віцебска, славутасці і сімвалы нашай краіны і горада, сімволіку ўзораў народнага ткацтва і вышыўкі. Унікальная кніжная закладка, зробленая сваімі рукамі і ўпрыгожаная традыцыйным беларускім арнаментам, стала памятным сувенірам для кожнага.
Кот Фаліянт як заўсёды не сумаваў на вясновых вакацыях. У яго ў гасцях пабывалі больш за сотню дзяўчынак і хлапчукоў.
Юныя ўдзельнікі інфармацыйна-агляднай праграмы «Навука плюс Фантазія» далучыліся да свету навукі і вынаходстваў, даведаліся што такія звыклыя нам рэчы як ласты, фруктовае марожанае, футравыя навушнікі, машынкі-трансформеры былі вынайдзены дзецьмі. Падарожнічаючы па старонках любімых кніг, рабяты адказалі на ўсе пытанні віктарыны пра казачныя вынаходствы. Але найбольш юным даследчыкам спадабалася працаваць у навуковай лабараторыі Ката Фаліянта: тут яны будавалі кніжныя масты, даследавалі капілярныя ўласцівасці паперы, змагаліся з мікробамі і нават «запускалі» вывяржэнне вулкана.
Весела і шумна было і на занятках творчай майстэрні «Вясёлая катавасія». Каманды «Крутыя знаўцы» і «Супергероі» змагаліся за перамогу ў віктарыне «Свая гульня», знаёміліся з катамі, якія жывуць у розных літаратурных творах, сваімі рукамі стваралі ўнікальнага чароўнага ката.
Аддзел абанемента праводзіў экскурсіі па абласной бібліятэцы. Выхаванцы школьнага лагера сярэдняй школы № 35 імя А. П. Авечкіна пазнаёміліся з асноўнымі правіламі карыстання бібліятэкай, даведаліся пра прафесію бібліятэкара і сакрэты расстаноўкі кніг на стэлажах, разабраліся, у чым адрозненне чытальнай залы і абанемента бібліятэкі.


































