Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Чашніцкі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

 

25 кастрычніка 2017 года ў Беларусь прыйшла вестка аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе. Мірным шляхам улада перайшла ў рукі Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў і на Чашніччыне, якая ў той час уваходзіла ў склад Лепельскага павета. Пачалося масавае рабаванне былых панскіх сядзібаў. Бальшавікамі былі створаны новыя органы ўлады: рэўкомы і валасныя камітэты.

Усталяванне Савецкай улады праходзіла ў вельмі складаных умовах. Сітуацыя абвастрылася блізкасцю лініі фронту і анархіяй, якая панавала ў канцы 1917 г. Напрыклад, у сярэдзіне снежня 1917 г. прыйшлі вайсковыя часці, якія называлі сябе «польскімі легіёнамі», і банды марадзёраў з салдат дэзерціраў. Яны ліквідавалі валасныя камітэты, адбіралі ў сялян хлеб, свойскую жывёлу і фураж.

18 лютага 1918 года Германія пачала наступленне па ўсім фронце. Ва ўмовах дэмабілізацыі расійскай арміі, развалу фронту і анархіі немцы хутка захапілі большую частку Беларусі, у тым ліку і Чашніччыну. Акупанты скасавалі Саветы. Вярнуліся і былыя гаспадары, якія эмігравалі з краіны ў 1917 г. Па дамоўленасці з нямецкім камандаваннем былыя памешчыкі і капіталісты спрабавалі вярнуць сабе сваю маёмасць. Наступленне Чырвонай Арміі перашкодзіла ажыццяўленню гэтых планаў. Нямецкія акупанты праводзілі грабежніцкую палітыку, вывозячы ў Германію ўсё, што уяўляла сабой хоць нейкую каштоўнасць. 28 верасня 1918 г. Чырвоная Армія вызваліла Чашніччыну ад нямецкіх акупантаў.

У Чашніцкі пасялковы Савет увайшло 18 дэпутатаў. Ва ўсіх валасцях былі створаны камітэты беднаты. Былі праведзены мерапрыемствы, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Ваенны камунізм». Яны пачаліся з харчразвёрсткі і нацыяналізацыі прамысловасці. Пры правядзенні харчразвёрсткі ў сялян забіралі ўсе лішкі сельгаспрадукцыі, якая накіроўвалася ў на дапамогу галадаючаму насельніцтву гарадоў, на забеспячэнне Чырвонай Арміі. Гэта выклікала масавае незадавальненне сялянства.

Некаторыя мясцовыя ўлады адмаўляліся ад надзялення сялян зямлёй і захоўвалі памешчыцкія маёнткі для арганізацыі камун і калгасаў. Так, 1 студзеня на базе былога Іванскага маёнтка Валадковічаў была створана камуна «Чырвоны барацьбіт». Справы ў некаторых калектыўных гаспадарках ішлі не вельмі добра. Было вырашана з мэтай захавання ўлады, прадухілення палітычнай і эканамічнай катастрофы правесці шэраг рэформаў, якія атрымалі назву «новай эканамічнай палітыкі». НЭП даваў большую эканамічную свабоду сялянству, замяняў харчразвёрстку харчпадаткам, уводзіў свабоду гандлю і форм землекарыстання. Гэта спрыяла развіццю прадпрымальнай актыўнасці насельніцтва і вываду краіны з крызіснай сітуацыі. У раёне былі створаны спажывецкія і сельскагаспадарчыя кааператыўныя аб'яднанні: Чашніцкае таварыства спажыўцоў, Чашніцкая швейная арцель, Дварэцкае таварыства спажыўцоў. У в. Чарэя ў 20-я гг. дзейнічалі цэх па вытворчасці лыж, сталярная майстэрня і паравы млын. У другой палове 20-х гг. пачало працаваць торфапрадпрымства «1-е Мая».

Абсалютная большасць сялян у 20-я гг. былі аднаасобнікамі і самастойна вялі сваю гаспадарку. У раёне, калі пачалася масавая калектывізацыя, было два калгасы: «Яскравы поўдзень» у Цяпіне і «Культура» у Алімполлі, племянная гаспадарка ў Пачаевічах і камуна «Чырвоны барацьбіт» у Іванску. Справы ішлі не надта добра, таму сяляне не спяшаліся ісці ў калгасы. Улады заахвочвалі сялян да ўступлення ў калгасы масавымі рэпрэсіямі, якія праводзіліся ў дачыненні тых, хто не жадаў уступаць добраахвотна. Праводзілася ў жыццё дзяржаўная палітыка ліквідацыі кулацтва як класа. Усе кулацкія сем'і былі асуджаны на канфіскацыю ўсёй гаспадаркі і маёмасці і высылку ўсёй сям'і ў аддаленыя і зусім не лепшыя для жыцця раёны. У канцы 1929 – пачатку 1930 гг. у Чашніцкі раён прыехалі некалькі «дваццаціпяцітысячнікаў». Яны разам з прадстаўнікамі раённай улады ездзілі па вёсках і агітавалі сялян уступаць у калгасы. Іх агітацыя, «падмацаваная рэпрэсіямі», прыносіла свой плён. Так, калі ў 1930 г. быў створаны 41 калгас, то ў 1932 г. іх было ўжо 195. Гэтыя калгасы аб'ядноўвалі 6408 сялянскіх гаспадарак.

1 жніўня 1924 года. быў утвораны Чашніцкі раён, у склад якога ўвайшло 8 сельсаветаў. У 1925 г. было скончана будаўніцтва чыгункі Орша–Лепель. У 30-я гг. вялося будаўніцтва дарог мясцовага значэння: Чашнікі– Цяпіна, Чашнікі–Пачаевічы і іншыя. Галоўным прадпрыемствам заставалася кардонна-папяровая фабрыка «Чырвоная зорка» (былая фабрыка «Скіна»). У 1925 г. на ёй працавала 260 пастаянных і 120 часавых рабочых.

У 1931 г. тэрыторыя раёна значна павялічылася, бо Чарэйскі раён быў ліквідаваны і 7 яго сельсаветаў былі далучаны да Чашніцкага раёна. У 1940 г. пачаліся падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве Лукомскай ГЭС. У 1927 г. адкрылася ўрачэбная амбулаторыя. Праз год пачала працаваць бальніца з хірургічным, тэрапеўтычным і радзільным аддзяленнямі. У 1935 г. пабудавана памяшканне бальніцы, якое да 1941 г. значна пашырылася. У 1927 г. пабудавана памяшканне для Чарэйскай бальніцы, а пазней адкрылася бальніца ў в. Лукомль.

У некаторых вёсках непісьменных налічвалася 85–90%. Усяго па раёну ў пачатку 20-х гг. было каля 4800 непісьменных. З мэтай ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва было арганазавана таварыства «Долой неграмотность». Так, пры Чашніцкай школе займаліся 53 чалавекі, Казаноўскай – 25 чалавек, Цяпінскай – 12 чалавек. Дзейнічалі хаты-чытальні.

У жыццё людзей раёна ўвайшлі радыё, газета, пачалася тэлефанізацыя калгасаў і саўгасаў.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў раёне працавала 70 агульнаадукацыйных школ (у тым ліку 6 сярэдніх), адчынена 16 сельскіх клубаў і бібліятэк.

 

ЛІТАРАТУРА

1. 1917–1941 // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 141–212.

2. Грыбко, В. В. Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – 228 с.

3. Лазюк, А. У віры дзвюх рэвалюцый / А. Лазюк // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 4 сак. – С. 6.

4. Торбина, И. С орденом Октябрьской революции / И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2014. – 6 ліст. – С. 1.