Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Чашніцкі раён. Вялікая Айчынная вайна

 

Ужо праз два тыдні пасля пачатку вайны 5 ліпеня 1941 года ўвесь Чашніцкі раён быў акупіраваны немцамі. Большую частку тэрыторыі раёна немцы занялі без баёў. Толькі каля вёсак Тоўпіна, Вялікія і Малыя Ліпавічы, Цотава, Горы праходзілі цяжкія баі часцей 17-й дывізіі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Ва ўсіх буйных населеных пунктах былі створаны нямецкія альбо паліцэйскія гарнізоны.

Паводле справаздачы аб баявых дзеяннях часцей 17-й дывізіі, 7 ліпеня 1941 года арганізаваны перадавы атрад пад камандаваннем маёра Міхайлоўскага. Перад атрадам была пастаўлена задача: рухацца па маршруце Сясна – саўгас «Беліца» – Вялікія Ліпавічы – Лепель, вечарам 7 ліпеня заняць Лепель і ўтрымаць яго да падыходу часцей дывізіі. Але атрад нечакана сустрэўся з праціўнікам у раёне вёсак Церабені, Горкі, Вялікія і Малыя Ліпавічы. Завязаўся бой. Раніцай 8 ліпеня атрад пад камандаваннем Міхайлоўскага, адкінуўшы праціўніка, заняў вёскі Церабені і Горкі. Але яго далейшы рух спыніў моцны кулямётна-артылерыйскі агонь немцаў, якія заселі ў вёсках Вялікія і Малыя Ліпавічы.

У напрамку Мялешкавічы – Васільеўскае да немцаў падыходзілі новыя батарэі дальнябойнай артылерыі і мотапяхоты. За 3 гадзіны прыбыло да 120 машын. Камандзір дывізіі вырашыў падмацаваць перадавы атрад. З гэтай мэтай у дапамогу ён выслаў 2-гі батальён механізаванага стралковага палка, 1-ы і 3-і батальёны 33-га танкавага палка, 2-гі дывізіён гаўбічна-артылерыйскага палка. Перад умацаваным перадавым атрадам камандаванне паставіла задачу: акружыць і знішчыць праціўніка. Пачатак атакі быў прызначаны на 9 гадзін раніцай 8 ліпеня 1941 года. Атака перадавога атрада была паспяховай. Немцы пачалі адступаць. Было захоплена ў праціўніка : 24 гарматы розных калібраў, 3 танкі, 4 трактары, 3 аўтамашыны і інш.

Але вечарам у 18 гадзін немцы пайшлі ў контратаку. Сілы праціўніка былі значнымі – да 60 танкаў і 600 матацыклістаў. Камандны пункт штаба дывізіі 1-га і 2-га батальёна 33-га танкавага палка былі акружаны. Адначасова з 18 да 21 гадзіны нямецкая авіяцыя бесперапынна бамбіла часці дывізіі ў раёне вёсак Церабені, Малыя і Вялікія Ліпавічы. У выніку гэтага вечарам 8 ліпеня танкавы полк быў адрэзаны ад часцей дывізіі і акружаны. У раёне вёскі Цотава танкавы полк перайшоў да кругавой абароны. Але з-за адсутнасці гаручага большасць машын не магла рухацца. З данясення камандавання дывізіі і ўспамінаў сведкаў танкавага бою бачны трагічны лёс 33-га танкавага палка. Толькі рэшткі палка на працягу 9–12 ліпеня 1941 года выходзілі з акружэння.

Адначасова цяжкія баі вёў 17-ы мотастралковы полк. Раніцай 9 ліпеня 1941 года полк у складзе 1-га і 2-га стралковых батальёнаў, дывізіёна 17-га гаўбічна-артылерыйскага палка, 2 гармат супрацьтанкавай артылерыі, 6 танкаў «ТБ-7» зрабілі налёт на нямецкія мотамехчасткі ля в. Тоўпіна. У выніку бою знішчана да 50 аўтамашын праціўніка. Мотастралковы полк страціў 5 танкаў. Але вечарам гэтага ж дня полк быў абстраляны моцным артылерыйскім агнём з вёсак Тоўпіна, Баяры, Бельнякі. У 22 гадзіны полк адышоў у паўночна-заходнім напрамку ад вёскі Вяцера ў лес.

10 ліпеня з 6 гадзін раніцы немцы ў складзе пяхоты, танкаў і артылерыі зноў павялі наступленне на вёскі Вяцера, Цотава з мэтай знішчэння мотастралковага палка. 1-ы стралковы батальён пры падтрымцы батарэі 17-га гаўбічна- артылерыйскага палка ўступіў у бой з праціўнікам. Адначасова 2-гі стралковы батальён у складзе 4-й і 6-й рот таксама ўступілі ў бой ля в. Хотліна. У выніку бою знішчана да 40 аўтамашын, 200 немцаў, у іх ліку шмат афіцэраў.

У 13 гадзін немцы пачалі моцны артылерыйскі агонь па мотастралковым палку пры падтрымцы авіяцыі. Адначасова з раёна Вяцера – Аўсянікі яны пачалі абходзіць правы і левы флангі мотастралковага палка. З 10 па 20 ліпеня полк выходзіў з акружэння.

Акупацыйны рэжым уяўляў сабой сістэму палітычных, эканамічных і ваенных мер, накіраваных на ліквідацыю сацыялістычнага грамадскага і дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, зняволенне і знішчэнне беларускага народа. Былі ліквідаваны савецкія органы ўлады, насельніцтва пазбаўлена элементарных грамадзянскіх правоў і чалавечых свабод.

У Чашніках і буйных населеных пунктах існавала нямецкая камендатура. Былі прызначаны бургамістры, створаны паліцэйскія атрады. Грамадзянскую ўладу ў Чашніках напачатку ўзначальваў бургамістр Сарока, а пасля яго гібелі ў маі 1942 г. на гэтую пасаду прызначылі Гутнікава. Бургамістру была падначалена і зямельная ўправа. Галоўнай функцыяй грамадзянскай улады было ўсталяванне нямецкага парадку на падначаленай тэрыторыі. У гэтых мэтах вуліцы Чашнікаў былі падзелены на дзесяцідворкі, за якія адказвалі прызначаныя старасты. Праз іх перадаваліся патрабаванні бургамістра і нямецкай камендатуры, загады па выхадзе на работу, праводзіўся збор падаткаў. Земуправа зрабіла абмер зямлі, што прылягала да Чашнікаў, і падзяліла яе паміж жыхарамі. Кожны гаспадар павінен быў плаціць нямецкай уладзе падаткі натуральнымі прадуктамі – салам, мясам, яйкамі, зернем і інш.

Быў арганізаваны паліцэйскі атрад, у склад якога ўваходзілі каля 30 чалавек. Узначаліў яго С. Цяслёнак. Пад наглядам паліцэйскіх людзі выконвалі розную работу: капалі канавы, спілоўвалі дрэвы, расчышчалі дарогі ад снегу, узводзілі абарончыя збудаванні.

Асабліва жудаснымі былі падзеі канца 1941 г. – пачатку 1942 г. За гэты перыяд было знішчана звыш 3 тысяч жыхароў раёна. 12 лютага 1942 года карнікі знішчылі каля 1800 яўрэяў у Чашніках.

Страх панаваў усюды. І вось якраз на 1 мая 1942 года адбылося здарэнне, якое ўзрушыла ўсіх. Раніцай у цэнтры Чашнікаў людзі ўбачылі, што на слупе лунае чырвоны сцяг. Бургамістр Сарока, які стаў зрываць сцяг, загінуў ад выбуху міны, прымацаванай да дрэўка сцяга.

Падпольныя групы ў раёне пачалі арганізоўвацца летам 1941 г. з чырвонаармейцаў, якія апынуліся ў акружэнні, кіраўнікоў раёна, камуністаў і камсамольцаў. Падпольныя групы вялі арганізацыйную і палітыка-выхаваўчую работу сярод насельніцтва, умацоўвалі веру людзей у перамогу над ворагам, узнімалі іх на падпольную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стваралі партызанскія фарміраванні, распаўсюджвалі праўдзівую інфармацыю.

Дакументы Чашніцкага падпольнага райкама партыі і камсамола даюць падставу зрабіць вывад аб тым, што ў раёне існавала не адна падпольная арганізацыя. Часта падпольныя групы дзейнічалі самастойна.

У ліпені 1941 г. у раёне створана падпольная група Сяргея Емяльянавіча Папкова, былога загадчыка Чашніцкага рана. На службу акупацыйным уладам перайшоў В. Я. Вашчанка – пачаў працаваць бургамістрам Дварэцкай воласці. Арганізацыйна падпольная група аформлена 17 жніўня 1941 года. У яе склад увайшло 12 чалавек. Былі акрэслены асноўныя задачы групы: дыверсійная работа на чыгунцы, шашэйных дарогах, знішчэнне тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, баз з боепрыпасамі, гаручым і харчовымі прадуктамі, арганізацыя партызанскага руху ў раёне.

На першым пасяджэнні групы «Цэнтр» зацвердзілі сетку канспіратыўных кватэр, сувязных, явачныя месцы, паролі і інш. Група ўстанавіла сувязь з камуністамі папяровай фабрыкі «Чырвоная зорка». Была арганізавана падпольная група. Падпольшчыкі фабрыкі дэманціравалі папераробчыя машыны.

У пачатку 1942 г. немцы амаль цалкам знішчылі кіруючае ядро групы «Цэнтр». Дзейнасць падпольнай групы спынілася. Члены групы, якія не трапілі ў рукі немцаў, уліліся ў партызанскія атрады. У раёне торфапрадпрыемства «1 Мая» дзейнічала падпольная група Д. Ц. Міцькаўца, якая была звязана з партызанскай брыгадай імя К. С. Заслонава.

Вядома таксама аб дзейнасці падпольнай групы пад кіраўніцтвам М. Р. Грышынай. У канцы 1943 г. пачаўся разгром Чашніцкага падполля.

Першыя партызанскія атрады на тэрыторыі Чашніцкага раёна ўзніклі ў канцы 1941 – пачатку 1942 г. непадалёку ад вёскі Васькаўшчына. Узначальваў атрад У. Е. Лабанок. У жніўні 1942 г. была арганізавана партызанская брыгада «Дубава», у якую ўжо ўваходзілі некалькі атрадаў. Камандзірам брыгады стаў Ф. Ф. Дуброўскі, камісарам – У. Е. Лабанок. У жніўні 1941 г. у раёне пачаў дзейнічаць партызанскі атрад на чале з Ц. Я. Ермаковічам.

У верасні 1941 г. у лясах ля Чарэі арганізаваны партызанскі атрад з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне. Камандзірам атрада стаў лейтэнант Чырвонай Арміі Васіль Шчукін.

Восенню 1941 г. пры садзейнічанні падпольнай групы «Цэнтр» арганізоўваюцца невялікія партызанскія атрады, якія пазней уліліся ў Чашніцкую партызанскую брыгаду «Дубава», Сенненскую партызанскую брыгаду і інш. Так, пры дапамозе члена групы «Цэнтр» М. С. Марціновіча арганізаваны партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Сухушына, які пазней увайшоў у склад Сенненскай партызанскай брыгады

У верасні 1941 г. у Кашчынскія лясы з Вялікай зямлі прыбыў атрад пад камандаваннем Г. М. Лінькова. Ён дзейнічаў у Кашчынскіх і Красналуцкіх лясах. Дапамогу яму аказвалі жыхары вёсак Забор'е, Пасынкі, Гілі, Сарочына, Маскоўская Гара, Сіманавічы, Гурэц і інш. Вясной 1942 г. у атрад улілося шмат новых байцоў. У маі 1942 г. атрад перамясціўся на тэрыторыю Заходняй Беларусі.

У гады вайны на тэрыторыі раёна дыслацыраваліся Чашніцкая брыгада «Дубава», 1-я Смаленская, 1-я Беларуская і 2-я Беларуская імя П. К. Панамарэнкі, 1-я і 2-я імя К. С. Заслонава, Багушэўская, «Граза» М. П. Гудкова, імя А. Ф. Данукалава, Лёзненская, Сенненская партызанскія брыгады, партызанскі полк Смаленскі і асобны партызанскі атрад Ц. Я. Ермаковіча. Брыгада «Дубава» вяла актыўныя баявыя дзеянні, неаднаразова праводзіліся дыверсіі на шашы Чашнікі–Бачэйкава і чыгунцы Орша–Лепель. Восенню 1942 г. у брыгадзе налічвалася ўжо 1700 чалавек, у ёй былі створаны артдывізіён і кавалерыйскі эскадрон. «Дубаўцы» пачалі выводзіць са строю чыгуначныя эшалоны з супрацьтанкавай гарматы. У студзені 1943 г. брыгада «Дубава» і іншыя партызанскія брыгады разграмілі нямецкі гарнізон у Чашніках. Вясной 1944 г. брыгада «Дубава» ўяўляла сабой буйнае партызанскае злучэнне. У яе радах налічвалася звыш 2100 чалавек. Брыгада была добра ўзброена, мела дзве гарматы, 8 мінамётаў, 6 супрацьтанкавых ружжаў.

Фашысты арганізоўвалі супраць партызан шырокамаштабныя карныя аперацыі з выкарыстаннем тэхнікі і авіяцыі. Асабліва цяжка прыйшлося партызанам брыгады «Дубава» ў сакавіку 1944 г., калі фашысты прадпрынялі масіраванае наступленне. У жорсткіх баях брыгада «Дубава» згубіла трэць свайго саставу, але фашыстам не ўдалося яе разграміць, болей таго, «дубаўцы» самі пераходзілі ад абароны да наступлення і ў канцы сакавіка брыгада, прарваўшы акружэнне, з баямі выйшла ў больш бяспечнае месца. За ўмелае кіраванне і вялікі асабісты ўклад у арганізацыю і разгортванне масавага партызанскага руху камандзіру брыгады Фёдару Фамічу Дуброўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Чашніцкі раён вызвалялі войскі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 23–28 чэрвеня 1944 года пры ўзаемадзеянні з партызанамі Чашніцкай брыгады «Дубава». Баявыя дзеянні вялі войскі 43-й арміі генерала Белабародава, злучэнні 65-га і 72-га стралковых корпусаў 5-й арміі і 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса 2-га Беларускага фронту.

Чашнікі вызвалены 27 чэрвеня 1944 года часцямі 204-й і 357-й стралковых дывізій 43-й арміі пры ўзаемадзеянні з 9-й гвардзейскай механізаванай брыгадай 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса, Чашніцкай партызанскай брыгадай «Дубава» і 2-й партызанскай брыгадай імя К. С. Заслонава. 4 ліпеня Чашніцкі раён быў поўнасцю вызвалены ад фашыстаў.

  

ЛІТАРАТУРА

1. 1940-й. Все ещё живы / подгот. И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2016. – 20 верас. – С. 4.

2. 1941–1945 // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 213–408.

3. Вялікая Айчынная вайна // Іванск і ваколіцы : гісторыка-краязнаўчы нарыс / В. Грыбко. – Мінск : Медысонт, 2011. – С. 52–63.

4. Грыбко, В. В. Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – 228 с.

5. Жыць і помніць / подгот. И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2016. – 29 сак. – С. 5.

6. История района // Чашники : справочно-информационные материалы / отв. за вып. Т. В. Пчелкина. – Витебск : Витебская областная типография, 2008. – С. 4–5.

7. Не единожды воскресшие / подгот. И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2017. – 14 лют. – С. 5

8. Чашники // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 105–112. – (Беларусь историческая).

9. Чашникские бои 1943 // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 578.

10. Чашніцкія баі 1943 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2003. – Т. 17 : Хвінявічы–Шчытні. – С. 269.