Материалы
Беларускі тэатр «Лялька». Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 12.07.2021 08:40
- Адноўлена 09.11.2021 08:57
У 1985 годзе пры Беларускім дзяржаўным тэатры імя Якуба Коласа пачала працаваць трупа артыстаў лялечнікаў. 20 красавіка 1986 года адбылася першая прэм'ера калектыву – спектакль «Дзед і Жораў» В. Вольскага. Як самастойны тэатр адкрыўся ў 1990 годзе спектаклем «Казка пра Ямелю» Я. Тарахоўскай пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь В. Клімчука, галоўнага мастака А. Сідарава. Тэатр знаходзіцца ў будынку былога гарадскога сядзібнага дома, які з'яўляецца помнікам архітэктуры позняга класіцызму 2-й паловы ХІХ ст.
У 2000 годзе калектыў беларускага тэатра «Лялька» атрымаў ганаровае званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». Калектыў выступае на беларускай мове. Акцёры працуюць з лялькамі розных сістэм: планшэтнымі, пальчаткавымі, трысцінавымі, батлейкавымі (шпянёвымі), ценявымі, марыянеткамі розных мадыфікацый. Рэпертуар складаецца са спектакляў для дзяцей і дарослых на аснове твораў беларускай і замежнай літаратуры. У супрацоўніцтве з беларускімі аўтарамі былі пастаўлены спектаклі: «Прыгоды трох парасят» Н. Мацяш (прэм'ера ў 1987), «Іванава шчасце» А. Дыбчы (паводле беларускіх народных казак, прэм'ера ў 1991), «Загубленая душа, альбо Пакаранне грэшніка» У. Граўцова (паводле твораў Я. Баршчэўскага, прэм'ера ў 1993; у 1999 годзе Гран-пры на Міжнародным фестывалі ў Субоціцы). Сярод іншых пастановак: «Усмешка клоўна» Я. Чапавецкага (1988), «Казкі Андэрсена» (інсцэніроўка рэжысёра Я. Угрумава, 1989), «Чорная курыца» А. Пагарэльскага (1988), «Папялушка» Я. Шварца (1991), «Лялечнік» М. Сцівенса (1991), «Дапытлівы слонік» Р. Кіплінга (1993), «Хлопчык–зорка» А. Уайльда (1995), «Церам–церамок» С. Маршака (1992), «Яшчэ раз пра Чырвоную Шапачку» С. Когана і С. Яфрэмава (1994), «Касмічная казка» Х. Паўкшы (1994), «Чароўны пярсцёнак» В. Клімчука (1995), «Чароўная зброя Кэндзо» М. Супоніна (1996; Гран-пры на Міжнародным фестывалі «Белая Вежа» ў Брэсце), «О, якая дзівосная Панама!» Янаша (1997), «Бука» М. Супоніна (1997), «Брэменскія музыкі» В. Ліванава і Ю. Энціна (1998; лепшы лялечны спектакль на Рэспубліканскім фестывалі творчай моладзі «Надзея» ў Гродне).
Сёння ў складзе трупы працуюць: Ю. Франкоў, Н. Шабанава, А. Маханькоў, В. Маханькова, Л. Мартынава, Г. Сцепанец, А. Рыхтэр, В. Лазебная, М. Клімчук, Н. Гайдук, А. Макарскі, Я. Гусеў, В. Зімніцкі і іншыя таленавітыя акцёры тэатра.
За апошнія гады тэатр вызначыўся наступнымі творчымі праектамі: Восеньская містэрыя (2017), Карнавал кахання (2017), Каханне пад сакурай (2018), Каханне па-італьянску (2019), Дзіцячы баль (2021), Маскарад у «Ляльцы» (2021), Нам 35 год (2021), Свята Лялькі (2017, 2018, 2019) і інш.
Штогод на сцэне Беларускага тэатра «Лялька» гледачы і госці горада маюць магчымасць убачыць спектаклі як для дзяцей, так і для дарослых, разнастайныя вулічныя пастаноўкі і перфомансы, якія праходзяць у межах тэатральнага праекта «Лялечны квартал». Гэта міжнародны фестываль тэатраў лялек. Звычайна праходзіцца ў ліпені падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», пачынаючы з 2014 года. У межах «Лялечнага квартала» да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца найцікавейшыя калектывы лялечнікаў з краін блізкага і далёкага замежжа, здатныя спалучаць традыцыі з плённымі пошукамі ў рэчышчы сучаснага мастацтва.
З 1986 года калектыў Беларускага тэатра «Лялька» ўдзельнічае ў розных тэатральных фестывалях і фэстах. Тэатр падтрымлівае творчыя сувязі з шэрагам лялечных калектываў Беларусі і замежжа.
У 2021 годзе Беларускі тэатр «Лялька» адзначыў сваё 35-годдзе. Дзеці пабачылі спектаклі «Ох і залатая табакерка» ды «Насарог і Жырафа». Дарослыя ж наведалі спектакль «Мастак. Вяртанне ў Віцебск». Пазнаёміліся з працамі мастакоў Вячаслава Шайнурава і Дзмітрыя Гаралевіча. Актрыса Вольга Лазебная была ўзнагароджана ганаровым знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».
Мастацкі кіраўнік – Віктар Клімчук.
Адрас: Віцебская вобласць, г. Віцебск, вуліца Пушкіна, д. 2.
ЛІТАРАТУРА
1. Азевіч, І. Казачная батлейка / І. Азевіч // Віцьбічы = Витьбичи. – 2014. – 30 янв. – С. IV.
2. Азевіч, І. Лялечнікі ў Польшчы / І. Азевіч // Віцьбічы = Витьбичи. – 2013. – 6 нояб. – С. IV.
3. Азевіч, І. Цуд казкі і жыцця: Беларускаму тэатру «Лялька» – 25! / І. Азевіч // Віцьбічы = Витьбичи. – 2011. – 25 окт. – С. 1.
4. Азевич, И. Признание окрыляет / И. Азевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2014. – 3 апр. – С. IV.
5. Алімава, А. Не 30, а 80? / А. Алімава // Витебские вести. – 2016. – 28 апр. – С. 20.
6. Беларускі тэатр «Лялька» / [фота: Л. Лебедзевай, А. Грыгор'ева, А. Парфёнова ; тэкст В. Дашкевіч]. – Б. м. : Б. в., 2006? – 28 с.
7. Беларускі тэатр «Лялька» : буклет / склад. В. Дашкевіч ; фота А. Жугжды. – Віцебск : ВПП «Новік», 1998. – 12 с.
8. Беларускі тэатр «Лялька» // Тэатры Беларусі / пад рэд. А. Сабалеўскага ; пер. на анг. мову Н. Лайзер. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – С. 85–88.
9. «Беларускаму тэатру «Лялька» – 30 год» // Знамя юности. – 2016. – 2 июня. – С. 25.
10. Белорусский театр «Лялька» // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото В. Базан. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 58.
11. Бондарава, К. Фестывальная ўзнагарода «Лялькі» / К. Бондарава // Витебский проспект. – 2013. – 3 окт. – С. 2.
12. Дашкевіч, В. В. Беларускі тэатр «Лялька» / В. В. Дашкевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 630–631.
13. Дашкевіч, В. Святкуе «Лялька» / В. Дашкевіч // Витебский проспект. – 2011. – 27 окт. – С. 6.
14. Дашкевич, В. Диплом из Ломжи / В. Дашкевич // Витебский проспект. – 2013. – 27 июня. – С. 2.
15. Дзядзінкіна, С. Дом, дзе пануе свята / С. Дзядзінкіна // Народная газета. – 2011. – 27 снеж. – С. 7.
16. Дзядзінкіна, С. Любімая «Лялька» Віктара Клімчука / С. Дзядзінкіна // Народная газета. – 2016. – 25 лістап. – С. 15.
17. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Беларускі тэатр «Лялька» : бібліяграфічны паказальнік / [склад.: Л. І. Рагачова і інш. ; рэдкал.: Т. М. Адамян і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная бібліятэка, 2018. – 282 с.
18. Клімчук, В. Любімы дзіцячы тэатр / В. Клімчук ; гутарыла К. Дружкова // Беларуская думка. – 2006. – № 3. – С. 159–162.
19. Климчук, В. Как «Лялька» взрослой стала / В. Климчук ; беседовала Т. Пастернак // Витебские вести. – 2021. – 20 апр. – С. 6.
20. Климчук, В. И. «Я влюбился в театр кукол с первого взгляда» / В. И. Климчук ; беседовала Т. Пастернак // Витебские вести. – 2016. – 12 нояб. – С. 1, 5.
21. Котович Т. В. Белорусский театр «Лялька» / Т. В. Котович // Театральная культура Витебщины XX века : монография. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2009. – С. 156–167.
22. Котович, Т. В. Белорусский театр «Лялька» : монография / Т. В. Котович. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2012. – 110 с.
23. Крупица, Н. «Лялечны карагод» под открытым небом / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 16 июня. – С. 4.
24. Мыслицкая, О. Как на «Лялькіны» именины...: свое тридцатилетие выставкой и капустником отметил коллектив белорусского театра «Лялька» / О. Мыслицкая // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 30 апр. – С. 12.
25. Пастернак, Т. «Лялька» отпраздновала 20-летие / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2006. – 18 крас. – С. 2.
26. Пастернак, Т. С. На «Чаепитие...» со своей сказкой / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2019. – 21 сент. – С. 12.
27. Пастернак, Т. С. С наградой «Золотого Витязя» / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2019. – 10 дек. – С. 5.
28. Пастернак, Т. Сыграли на Гран-при / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2016. – 6 окт. – С. 23.
29. Салаўёва, Т. Ператвараючы будні ў свята / Т. Салаўёва // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 25 июля. – С. 9.
30. Стэльмах, Д. У. Беларускі тэатр «Лялька» / Д. У. Стэльмах // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 470.
31. Сянькоў, В. Во ўжо гэта «Лялька», наша чараўніца! / В. Сянькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 29 апр. – С. I.
32. Юркевіч, С. В. Беларускі тэатр «Лялька» / С. В. Юркевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 1. – С. 143–144.
СПАСЫЛКІ