Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гарадскі сядзібны дом. г. Віцебск

 

Гарадскі сядзібны дом (вуліца Пушкіна, 2) – помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 2-й палавіне ХІХ ст. Па іншых звестках пабудаваны ў 1912–1914 гг. спецыяльна для талмуд-торы (яўрэйскай бясплатнай грамадскай рэлігійнай школы). Школа дзейнічала ў г. Віцебску з 1853 года і размяшчалася на працягу многіх гадоў у розных прыстасаваных памяшканнях. У пачатку ХХ ст. навучальная ўстанова складалася з асноўнай талмуд-торы і двух аддзяленняў. У 1910 годзе ў талмуд-торы налічвалася 290 вучняў, для якіх патрабавалася новае памяшканне. У сувязі з гэтым 23 студзеня 1912 года ў будаўнічае аддзяленне Віцебскага губернскага праўлення была пададзена заяўка аб дазволе пабудаваць у Касагаўскім завулку (зараз вуліца Пушкіна) новы будынак школы. У сакавіку таго ж года атрымалі дазвол на будаўніцтва. Нагляд за ім быў даручаны архітэктару Ц. В. Кібардзіну.

Новы будынак знаходзіўся на левым беразе Віцьбы, галоўным фасадам арыентаваны да ракі. Уяўляў сабой двухпавярховы Е-падобны ў плане цагельны будынак з паўпадвальным паверхам. Галоўны фасад якога вылучалі 3 шырокія рызаліты – цэнтральны і бакавыя. У цэнтральным рызаліце быў размешчаны галоўны ўваход, акцэнтаваны двухкалонным порцікам, які падтрымліваў на 2-м паверсе балкон з ажурнай металічнай агароджай. Завершаны рызаліт трохвугольным франтонам з акном-люкарнай. Бакавыя рызаліты завершаны трохвугольнымі франтонамі з лучковымі нішамі ў цэнтры. Паміж рызалітамі на 1-м паверсе па баках вонкавыя лесвіцы з ажурнай металічнай агароджай. У цэнтры дваровага фасада – лучковы рызаліт з лесвіцай на другі паверх. Па перыметры будынак быў абкружаны тонкапрафіляваным карнізам. Сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Унутраная планіроўка анфіладнакалідорная.

У будынку ў 1917 годзе знаходзіўся Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У кастрычніку 1917 года праходзіла 1-я губернская партыйная канферэнцыя. У 1930-я гады тут размяшчаўся яўрэйскі педагагічны тэхнікум. Пасля Вялікай Айчыннай вайны – Віцебскі гарадскі камітэт КПБ. Будынак выдатна захаваўся да нашых дзён. Зараз у будынку знаходзіцца Беларускі тэатр «Лялька».

Насупраць тэатра ў 2017 годзе ўсталявалі скульптуру «Стары Хатабыч» – помнік герою кнігі савецкага пісьменніка Л. Лагіна (Гінзбурга). Легендарны джын мае непасрэднае дачыненне да Віцебска, паколькі аўтар твора Л. Лагін нарадзіўся ў Віцебску ў 1903 годзе. У 1938 годзе напісаў знакамітую аповесць-казку «Стары Хатабыч», якая стала любімай кнігай многіх пакаленняў дзяцей.

 

Гарадскі сядзібны дом. г. Віцебск. Фота з сайта https://1prof.by2.jpg

ЛІТАРАТУРА

1. Котович, Т. В. Белорусский театр «Лялька» : монография / Т. В. Котович. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2012. – С. 5–6.

2. Кулагін, А. М. Гарадскі сядзібны дом / А. М. Кулагін // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 599.

3. Подлипский, А. Улица Пушкина, 2 / А. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2018. – 64 с. – (Биография витебского дома. Вып. VI)

4. Северинец, К. Театр марионеток меняет вывеску / К. Северинец // Знамя юности. – 1990. – 23 нояб. – 1.

5. Чарняўская, Т. І. Віцебскі гарадскі сядзібны дом / Т. І. Чарняўская // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – С. 124.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Карпекин, К. Чтобы все могли учиться