Материалы
Задзвінскі кірмаш, выстава-продаж рамёстваў і мастацтваў. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 16.12.2021 10:36
- Адноўлена 16.12.2021 10:38
Неад'емнай часткай кожнага Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» з'яўляецца традыцыйная выстава-продаж рамёстваў і мастацтваў «Задзвінскі кірмаш», які праводзіцца культурна-гістарычным комплексам «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"» на вуліцах Ільінскага і Чайкоўскага. «Задзвінскі кірмаш» праводзіцца ў фестывальным горадзе з 2008 года, калі пасля рэканструкцыі Саляных складоў – помніка архітэктуры XVIII ст. – пачаў дзейнічаць Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў «Задзвінне». Праводзіцца, каб пазнаёміць жыхароў і гасцей горада з традыцыйнымі відамі рамёстваў і мастацтваў Беларусі, Расіі, краін блізкага і далёкага замежжа, папулярызаваць творчасць майстроў народных мастацкіх рамёстваў. Звычайна экспазіцыя «кірмашу» дзеліцца на дзве часткі: народную творчасць і прамысловыя вырабы. На кірмашы заўсёды прадстаўлены вырабы з саломы, лазы, бяросты, гліны, скуры, вышыўка, лапікавае шыццё, ткацтва, лялькі, аўтарскія вырабы з металу, пацерак, дызайнерскае адзенне і галантарэя, карціны, карункі і іншае. Кірмаш здаўна славіцца майстар-класамі. На падворках комплексу праходзяць майстар-класы па ганчарстве і роспісе керамікі, кавальстве, ткацтве, роспісе па шкле, па чаканцы манет і інш.: «Ад зярняткі да вопраткі», «Гліняная цацка» і інш. Арганізуецца сярэдневяковае шоу «У гасцях у вікінгаў» (сярэдневяковыя танцы, музыка, пастановачныя баі, фотазона). На сцэнічнай пляцоўцы адбываюцца паказальныя выступленні клубаў гістарычнай рэканструкцыі і мадэлявання Naglfar (эпоха вікінгаў Х–ХІ стст.) і «Спадчына» (гістарычнае фехтаванне і стральба з традыцыйнага лука ХІІІ ст.). У праграму «Задзвінскага кірмашу» ўваходзяць таксама традыцыйныя мерапрыемствы: свята па мастацкай апрацоўцы дрэва «Таямніца майстэрства», свята ганчарнага рамяства «Верціцца ганчарнае кола» з дэманстрацыяй абпалу вырабаў з гліны, майстар-клас кавальскага мастацтва і мастацкага кавання «Кавальскія замалёўкі» і інш.
Прадстаўлена сувенірная прадукцыя. А таксама мыла ручной работы, розныя віды чаю, спецыі, мёд і г. д. Сваю прадукцыю на кірмашы таксама прапануюць каледжы, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебска і раёна: арыгінальныя сувеніры, карціны, аўтарскае адзенне і абутак, аксесуары. Навучэнцы каледжаў прапануюць усім жадаючым аквагрым, ажурнае пляценне касічак і роспіс пранікаў. Акрамя таго, у дні свята арганізуецца Рэспубліканская выстава-кірмаш «Малы бізнес у фестывальным Віцебску».
У канцэртнай праграме «Кірмаш талентаў» прымаюць удзел калектывы народнай творчасці з Беларусі і краін блізкага замежжа. Праводзяцца сустрэчы з беларускімі мастацтвазнаўцамі і таленавітымі майстрамі, якія расказваюць пра сучасныя кірункі ў вырабах ручной работы, нацыянальныя традыцыі ў сучасным мастацтве. Ладзяцца танцавальна-забаўляльныя шоу, на канцэртныя пляцоўкі выходзяць дзіцячыя творчыя калектывы, якія працуюць у розных жанрах.
«Задзвінскі кірмаш» з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць у віцябчан і гасцей Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», у майстроў народнай творчасці, індывідуальных прадпрымальнікаў, прадпрыемстваў і арганізацый.
ЛІТАРАТУРА
1. Будкевич, М. На все вкусы и лады здесь торговые ряды / М. Будкевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 27 авг. – С. VI.
2. Бынькоў, А. Усе нашы былі на кірмашы / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 17 июля. – С. 7.
3. Лягушка на удачу и пряник в придачу / Д. Симонович // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 15 июля. – С. 10.
4. Пучкова, Е. От Радзивиллов до «Русского Севера» / Е. Пучкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 27 июля. – С. 7.
5. Фёдорова, Е. «А я играю на калимбе...» / Е. Фёдорова // Витебские вести. – 2020. – 18 июля. – С. 9.
6. Фёдорова, Е. На «кірмаш» – за обновками / Е. Фёдорова // Витебские вести. – 2019. – 13 июля. – С. 10.
СПАСЫЛКІ
Хотите действительно уникальную вещь – отправляйтесь на традиционный «Задзвінскі кірмаш»