Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Зара (Бешанковічы), газета, г. п. Бешанковічы

 

Назва выдання Зара (Бешанковічы)
Тып СМІ газета
Тэматыка грамадска-палітычная
Мова беларуская, руская
Перыядычнасць выхаду
2 разы на тыдзень: аўторак, пятніца
Галоўны рэдактар Варашко Святлана Аляксандраўна
Адрас рэдакцыі 211361, Віцебская вобласць, г. п. Лёзна, вул. Савецкая, 15
Афіцыйны сайт http://www.gztzara.by/

 

 

zara

 

Сродкі масавай інфармацыі Бешанковіцкага раёна прадстаўлены раённай газетай «Зара» і праграмай «Бешанковіцкае раённае радыёвяшчанне».

Першапачаткова раённая газета называлася «Сталінец». Партыйны друк на ўсіх этапах гісторыі Кампартыі Беларусі займаў адно з вядучых месцаў у арсенале сродкаў прапаганды, арганізацыі і выхавання мас.

У 1930 годзе ў сувязі з ліквідацыяй у адміністрацыйным дзяленні акруг рашэннем ЦК ад 15 ліпеня былі ліквідаваны акруговыя газеты.

Як указвалася ў пастанове ЦК ВКП(б) ад 11 жніўня «павінна быць разгорнута сетка раённых газет у прамысловых і важнейшых сельскагаспадарчых раёнах». «Раённая газета, – гаварылася далей у пастанове, – павінна быць масавым палітычным органам і мець ярка выражаны вытворчы характар (у адпаведнасці з эканомікай раёна)».

У пастанове былі таксама выказаны практычныя ўказанні па выпуску раённых газет: падборка кадраў журналістаў, стварэнне паліграфічнай базы, забеспячэнне паперай, распаўсюджванне друку і г. д.

На працягу 1930–1931 гг. ЦК ВКП(б) прыняў некалькі пастаноў з мэтай паляпшэння работы друку, у тым ліку раённых газет, развіцця рабселькораўскага руху на месцах. Рабселкораўскі рух у Бешанковіцкім раёне бярэ свой пачатак у першыя гады Савецкай улады. Рабочыя і сялянскія актывісты, адчуваючы вялікую сілу бальшавіцкага друку у барацьбе за новае жыццё, пісалі артыкулы ў акруговыя, рэспубліканскія і цэнтральныя газеты.

У 1925 годзе ў раёне налічвалася 15 селькораў. Райкам партыі бачыў у іх асобе сваіх надзейных памочнікаў у барацьбе з недахопамі, рэгулярна збіраў добраахвотных памочнікаў друку для вучобы, абмену вопытам, сумеснага абмеркавання планаў работы. У 1930 годзе ў раёне ўжо налічвалася 60 селькораў.

3 ліку лепшых актывістаў друку райкам ВКП(б) зацвярджаў на бюро кандыдатаў у няштатныя карэспандэнты ў рэспубліканскія і саюзныя газеты. Тыражы на перыядычныя выданні раслі з кожным годам. Райкам партыі, партыйныя ячэйкі імкнуліся, каб газеты і часопісы чыталі як мага больш людзей.

У 1928 годзе ў раёне на газету «Звязда» было падпісана 75 чалавек. У наступным годзе ў раён ужо дастаўлялася 1326 экземпляраў усіх перыядычных выданняў. Адна газета ў сярэднім прыпадала на 5,5 двароў сельскіх жыхароў, а ў сярэднім па раёне (уключаючы Бешанковічы) –1 экземпляр на 4, 5 двары.

16 ліпеня 1932 года на пасяджэнні райкама КП(б)Б было разгледжана пытанне аб арганізацыі раённай друкаванай газеты. Так, 29 ліпеня 1932 года рэдактарам газеты «Сталінец» быў зацверджаны Я. Шылянкоў, яго намеснікам – С. Яловік. Былі падабраны адпаведныя кадры супрацоўнікаў рэдакцыі і друкарні з ліку актывістаў селькораўскага руху.

12 жніўня 1932 года быў выпушчаны першы нумар раённай газеты «Сталінец». У гэты ж дзень 4,5 тыс. экзэмпляраў раёнкі паступілі падпісшчыкам. Гэта была вялікая падзея ў грамадскім і культурным жыцці Бешанковіцкага краю. Нягледзячы на складанасці арганізацыйнага перыяду, недахоп кваліфікаваных кадраў, газета стала хутка набываць мэтанакіраваны характар, дапамагаць райкаму КП(б)Б і райвыканкаму хутчэй ажыццяўляць у вёсцы сацыялістычныя пераўтварэнні, разгортваць сацыялістычнае спаборніцтва сярод рабочых і сялян раёна.

У далейшым штат работнікаў рэдакцыі мяняўся, папаўняўся з ліку партыйных і камсамольскіх актывістаў, рабочых і сельскіх карэспандэнтаў.

Да 1939 года раённая газета выходзіла 9 разоў у месяц. У кастрычніку таго ж года бюро райкама КП(б)Б зацвердзіла перыядычнасць раёнкі – 12 разоў у месяц. Тады ж было прынята і рашэнне аб умацаванні паліграфічнай базы газеты, перададзены адзін з будынкаў, пасля рэканструкцыі якога тут была размешчана друкарня.

Пасля пераводу Ф. Н. Шаіркі ў Гарадок раённую газету ў Бешанковічах рэдагаваў М. Р. Сямёнаў, а з ліпеня 1940 года – А. В. Глікман.

На працягу амаль дзесяці даваенных гадоў бешанковіцкая раённая газета была баявым памочнікам райкама партыі і райвыканкама. Вакол яе рос і згуртоўваўся актыў рабочых і сялянскіх карэспандэнтаў, многія з якіх у далейшым сталі журналістамі, былі вылучаны на кіруючую работу ў партыйныя, савецкія і гаспадарчыя арганізацыі.

З 25 мая 1943 года выпуск газеты быў адноўлены пры Лепельскім падпольным райкаме КП(б)Б. Пад назвай «Сталінец» Бешанковіцкая раённая газета выдавалася да 1956 года. У 1956 – пачатку 1957 гг. газета называлася «За Радзіму». З лютага 1957 г. раённая газета стала называцца «Зара». У далейшым газету ўзначальвалі Д. Тарасевіч, І. Коныш, Б. Сувораў, В. Ганковіч, М. Прыгожы. З сакавіка 1990 па снежань 2003 гг. рэдактарам газеты «Зара» працаваў Г. Галкоўскі, са снежня 2003 па люты 2013 гг. – Л. Паўлоўская. З красавіка 2013 года газету «Зара» ўзначальвае С. Варошка.

У 2017 годзе за асвятленне падзей сацыяльна-эканамічнага жыцця Бешанковіцкага раёна газета «Зара» была ўзнагароджана Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Карэспандэнты газеты імкнуцца ўсебакова асвятляць справы працоўных калектываў, іх праблемы і цяжкасці, расказваць пра змены ў жыцці грамадства, весці летапіс спраў і здзяйсненняў працаўнікоў вёскі. Галоўным героем усіх газетных публікацый з'яўляецца чалавек працы.

Рэдакцыя мае ўласны настольна-выдавецкі комплекс, на якім набіраюцца і вярстаюцца матэрыялы. Бешанковіцкая раённая газета «Зара» выходзіць у свет два разы на тыдзень на беларускай і рускай мовах, аргументавана распавядае пра ўсе працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве.

 

У рэдакцыі Бешанковіцкай раённай газеты «Зара». Фотаздымак з сайта http://www.gztzara.by/Супрацоўнікі Бешанковіцкай газеты «Зара». Фотаздымак з сайта http://www.gztzara.by

ЛІТАРАТУРА

1. Акулёнок, Л. Районка наша – юбиляр! Шагали вместе, вместе жили... / Л. Акулёнок // Зара (Бешанковічы). – 2012. – 24 жн. – С. 4–5.

2. Белавус, М. «Наша раёнка, у цябе сёння свята!» / М. Белавус // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 10 жн. – С. 7.

3. Галкоўскі, Р. Ад «Сталінца» да «Зары» / Р. Галкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2002. – 13 жн. – С. 1.

4. «Зара» // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 446.

5. З любімай газетай мы разам крочым па жыцці // Зара (Бешанковічы). – 2017. – 11 жн. – С. 4–5.

6. Крачкоўскі, А. В. Журналіста памятныя імгненні / А. В. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2017. – 4 жн. – С. 2, 6.

7. Крачкоўскі, А. Журналісцкай загартоўкі наш Віктар Піліпавіч! / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 29 чэрв. – С. 7.

8. Крачкоўскі, А. З «Зарою» разам / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковiчы). – 2005. – 15 сак. – С. 2.

9. Крачкоўскі, А. На перадавой вызваленчай барацьбы / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 29 мая. – С. 3.

10. Крачкоўскі, А. На шляху станаўлення / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 8 мая. – С. 3.

11. Крачкоўскі, А. Першы ваенны нумар / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 18 мая. – С. 7.

12. Крачкоўскі, А. Так нараджалася газета / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 13 крас. – С. 2.

13. Крачкоўскі, А. У радах народных мсціўцаў / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 22 мая. – С. 2.

14. Крачкоўскі, А. У раёне – друкаваная газета / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2001. – 10 ліп. – С. 2.

15. Паўлоўская, Л. Газета нашага жыцця / Л. Паўлоўская // Зара (Бешанковічы). – 2012. – 24 жн. – С. 1.

16. Паўлоўская, Л. З палымянаю назвай «Зара» / Л. Паўлоўская // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 7 жн. – С. 1.

17. Поджарая, С. Летописцы родного края / С. Поджарая // Зара (Бешанковічы). – 2009. – 6 сак. – С. 1–2.