Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Лепельскі край. Лепельскі раён, г. Лепель

 

Назва выдання Лепельскі край
Тып СМІ газета
Тэматыка рэгіянальная грамадска-палітычная
Мова беларуская, руская
Перыядычнасць выхаду
2 разы на тыдзень
Галоўны рэдактар Вазняк Святлана Аляксандраўна
Адрас рэдакцыі 211174 Віцебская вобласць, г. Лепель, вуліца Ленінская, 8/65
Афіцыйны сайт http://www.lepel-kraj.by

 

lepelskij 


Першы яе нумар пад назвай «Калгасная праўда» выйшаў 21 лістапада 1930 года. З'яўлялася друкаваным органам Лепельскага райкама КП(б)Б, райвыканкама і райпрафсавета. Выходзіла спачатку выданне адзін раз у дэкаду, таму ў 1930 годзе чытачы атрымалі толькі пяць нумароў. А ўжо ў наступным годзе «Калгасная праўда» выпускалася больш-менш рэгулярна, на чатырох старонках.

Пазней газета друкавалася амаль штодзённа. Гэта звязана з тым, што ў 1935 годзе была створана Лепельская пагранічная акруга, якая ўключала ў сябе чатыры раёны – Бягомльскі, Лепельскі, Чашніцкі і Ушацкі. На такой тэрыторыі тады пражывала звыш 250 тысяч чалавек. У выніку «Калгасная праўда» стала акруговай газетай.

Першым рэдактарам быў Мітла. На жаль, імя яго невядома. У першых нумарах «Калгаснай праўды» перад прозвішчам пазначылася толькі літара «т», што азначала «таварыш». Гэта слова замяняла тады ініцыялы многіх адказных работнікаў.

Некаторыя даваенныя нумары гэтай газеты можна знайсці толькі ў публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны на нейкі час прыпыніўся выхад газеты. Аднак ужо ў красавіку 1942 года аднавіўся выпуск «Калгаснай праўды» падпольна ў сваёй ранейшай друкарні, а пасля арышту друкароў-падпольшчыкаў яна стала выходзіць у лясах, дзе партызаны наладзілі выданне чарговых нумароў. Газета-партызанка выходзіла тыражом 300–500 экзэмпляраў. Усяго іх, згодна з архіўнымі звесткамі, выпушчана 112. Вельмі шкада, што газетныя лісты амаль не захаваліся. Праўда, у экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея змешчаны чатыры нумары за 1943 год.

24 мая 1942 года Віцебскі абкам КП(б) у сваёй пастанове «Аб арганізацыі прапаганды і распаўсюджванні друку ў Віцебскай вобласці» падкрэсліў, што партарганізацыі і камісары партызанскіх атрадаў абавязаны «ўзмацніць разгортванне прапагандысцкай работы сярод насельніцтва, накіроўваючы яе супраць ілжывых выдумак гітлераўскага камандавання, мабілізуючы масы працоўных на аказанне дапамогі Чырвонай Арміі і партызанскім атрадам у барацьбе з азвярэлым фашызмам». Партызанскі друк быў рупарам праўды.

3 нецярпеннем чакалі ў атрадах, вёсках газету «Калгасная праўда». Яна была органам Лепельскага падпольнага райкама партыі. Старонкі друкаванага выдання былі запоўнены кароткімі паведамленнямі аб справах народных мсціўцаў, аб зверствах фашыстаў.

48 нумароў газеты выйшла за гады акупацыі раёна. Газета імкнулася своечасова інфармаваць сваіх чытачоў аб падзеях на франтах, раскрывала антычалавечую сутнасць фашызму, заклікала грамадзян уступаць у партызанскія атрады. Рэдагаваў газету былы камісар 9-га атрада Лепельскай партызанскай брыгады Кліменцій Раманавіч Пацэйка. Дарэчы, ён жа з'яўляўся рэдактарам «Калгаснай праўды» і ў пасляваенны час аж да 1962 года.

У рэдакцыі захаваліся толькі тры падшыўкі «Калгаснай праўды» 40-х гадоў – за 1947–1949 гг. Газета выходзіла на 2-х старонках тыражом 1000 экзэмпляраў, два разы на тыдзень. У лютым 1954 года газета стала выдавацца на 4-х старонках. І адразу павялічыўся тыраж – 2,5 тысячы экзэмпляраў. А яшчэ праз пару месяцаў пачала выходзіць тройчы на тыдзень – у сераду, пятніцу і нядзелю. Пачалі з'яўляцца вершы мясцовых аўтараў. Першы з іх з'явіўся ў нумары за 9 красавіка таго ж года. Называўся ён «Лепель, мой любімы гарадок». Аўтар верша – механік райбыткамбіната Леў Ушакоў.

У лістападзе 1954 года рэдакцыя газеты «Калгасная праўда» і друкарня перабралася з вуліцы Карла Маркса на вуліцу Ленінскую. І першы нумар газеты ў новым памяшканні выйшаў якраз 21 лістапада – у дзень нараджэння самой газеты, якой тады споўнілася 24 гады.

Прадстаўнікі не аднаго пакалення журналістаў аддалі жыццё раёнцы. Сярод іх Іван Алексін, Клім Пацэйка, Давыд Зарэцкі, Васіль Хаванскі, Аляксей Вашкевіч, Мікалай Крывец, Ларыса Тухта. Шмат гадоў аддалі газеце Валянціна Самахвалава, Антаніна Гуртко, Валерый Дубко¸ Таццяна Яцкевіч, Уладзімір Шушкевіч. Усё працоўнае жыццё Кацярыны Качан, Ніны Машара, Галіны Быкавай, Галіны Рыжычэнка, Міхаіла Булычова было звязана з раёнкай.

У маі 1962 года Лепельская раённая газета пачала выходзіць пад новым загалоўкам «Ленінскі сцяг». Гэта адбылося пасля рашэння аб'яднаць два раёны – Лепельскі і Ушацкі. Афіцыйна яна з'яўлялася газетай Віцебскага абкама КПБ, аблвыканкама пры Лепельскім тэрытарыяльным вытворчым калгасна-саўгасным упраўленні. Рэдактарам прызначылі Івана Дзмітрыевіча Алексіна, які нядаўна скончыў рэспубліканскую партыйную школу і дагэтуль працаваў намеснікам рэдактара ўшацкай раённай газеты.

У снежні 1962 года на старонках газеты з'явіўся першы выпуск «Вентылятара» – кутка сатыры і гумару, які праіснаваў у газеце каля 30 гадоў.

Газета пад загалоўкам «Ленінскі сцяг» праіснавала звыш 30 гадоў (1930–1962). Рэдагаваў яе да 1984 года I. Д. Алексін.

Пасля вайны рэдакцыя і друкарня знаходзіліся на вуліцы К. Маркса.

Восенню 1954 года яны перабраліся ў двухпавярховы будынак на вуліцы Ленінская, дзе і знаходзіцца рэдакцыя зараз.

У 1992 годзе «раёнка» зноў змяніла назву. Розныя былі варыянты, але большасць спынілася на назве «Лепельскі край». Гэту прапанову падтрымалі на пасяджэнні прэзідыума гарадскога Савета народных дэпутатаў.

Зараз газета выходзіць на беларускай і рускай мовах 2 разы на тыдзень (па аўторках і пятніцах на 8 старонках). Сярод асноўных рубрык «Улада для народа», «Умацоўваць дысцыпліну і парадак», «Клопат пра чалавека – закон нашага жыцця», «Энергазберажэнне», «Дэбюракратызацыя дзяржаўнага аппарату», «Дэмаграфічная бяспека», «Адраджэнне вёскі», «Праблемы гаспадарання» і іншыя. Тэматычныя старонкі: «Ветразь юнацтва», «Сямейная альтанка», «Не закон сілы, а сіла закона», «Віфлеемская зорка», «Служым Айчыне», «Школа здароўя» і іншыя – прысвечаны праблемам выхавання падрастаючага пакалення, дзейнасці моладзевых арганізацый, прафілактыцы правапарушэнняў, сямейным адносінам, духоўнаму адраджэнню нацыі, армейскім будням, здароваму ладу жыцця.

З 2009 выпускаецца спецыяльны дадатак «На завалинке», дзе публікуюцца матэрыялы пазнавальнага і забаўляльнага характару.

Узнагароджана газета Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (у лістападзе 1980 года ў сувязі з 50-годдзем).

 

ЛІТАРАТУРА

1. Аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі – газеты «Лепельскі край», радыё і тэлебачання // Лепельскі край. – 1997. – 18 кастр. – С. 1.

2. Бяляева, Н. Газета-партызанка / Н. Бяляева // Лепельскі край. – 2005. – 18 лістап. – С. 7.

3. Васьмітысячны нумар газеты // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1986. – 15 крас. – С. 2.

4. Ганаровая грамата – раённай газете // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1966. – 27 снеж. – С. 1.

5. Голас партызанскай праўды // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1979. – 16 лістап. – С. 2.

6. Кузьмічонак, В. Радкі білі ў цэль / В. Кузьмічонак // Лепельскі край. – 2005. – 18 лістап. – С. 3, 6.

7. Раёнцы аддалі жыццё і натхненне // Віцебскі рабочы. – 2005. – 17 лістап. – С. 2.

8. Сямітысячны! // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1979. – 16 лістап. – С. 1.

9. Творчасцю плённай, словам праўдзівым азораны слаўны твой шлях! // Лепельскі край. – 2003. – 28 студз. – С. 1–3.

10. Хаванскі, В. Выдавалася на два раёны / В. Хаванскі // Лепельскі край. – 2010. – 12 мая. – С. 2.

11. Хаванскі, В. Галоўны летапісец гісторыі раёна / В. Хаванскі // Лепельскi край. – 2005. – 25 кастр. – С. 2.

12. Хаванскі, В. Гартаючы пажоўклыя старонкі / В. Хаванскі // Лепельскі край. – 2000. – 14 ліп. – С. 1 ; 21 ліп. – С. 1–2 ; 25 ліп. – С. 1 ; 28 ліп. – С. 1 ; 1 жн. – С. 1 ; 8 жн. – С. 1–2 ; 18 жн. – С. 1–2 ; 25 жн. – С. 1–2 ; 8 верас. – С. 2 ; 22 верас. – С. 1 ; 26 верас. – С. 1 ; 24 кастр. – С. 1–2 ; 9 лістап. – С. 1–2.

13. Хаванскі, В. Друкаванае слова на Лепельшчыне / В. Хаванскі // Лепельскі край. – 2006. – 28 ліп. – С. 2.

14. Хаванскі, В. Паўжыцця ў журналістыцы / В. Хаванскі // Лепельскі край. – 2005. – 8 лістап. – С. 2 ; 11 лістап. – С. 2.

15. Чатыры рэдактары лепельскай раённай газеты // Лепельскі край. – 2000. – 21 лістап. – С. 2.

16. Шаўчэнка, У. 75 гадоў у страі / У. Шаўчэнка // Лепельскі край. – 2005. – 18 лістап. – С. 1.

17. Шевченко, В. В. «Лепельскі край», районная газета / В. В. Шевченко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 40–41.

18. Этапы вялікага шляху // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1980. – 22 лістап. – С. 1.

19. Януш, І. Выдаваліся газета і часопіс / І. Януш // Лепельскі край. – 2005. – 22 сак. – С. 2.

20. Януш, І. Рупліўцы нівы газетнай / І. Януш // Лепельскі край. – 2005. – 18 лістап. – С. 7.

21. Януш, І. Ю. Выходзілі часопіс і газета / І. Ю. Януш // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 100.