Патрыёт, газета. Ушацкі раён, г. п. Ушачы
- Подробности
- Створана 12.05.2020 12:23
- Адноўлена 28.05.2020 11:04
Назва выдання | Патрыёт |
Тып СМІ | газета |
Тэматыка | рэгіянальная масава-палітычная |
Мова | беларуская |
Перыядычнасць выхаду |
2 разы на тыдзень |
Галоўны рэдактар | Раманоўскі Дзмітрый Леанідавіч |
Адрас рэдакцыі | Віцебская вобласць, Ушацкі раён, г. п. Ушачы, вуліца Ленінская, 20а |
Афіцыйны сайт | http://www.belpatriot.by/ |
Першы нумар ушацкай раённай газеты «Патрыёт», на той час «Прымежны калгаснік», убачыў свет 7 лістапада 1930 года. «Прымежны калгаснік» – названа так яна была невыпадкова – раён да 1939 года межаваў з Польшчай. Выпускалася газета і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пасля таго як пачаў дзейнічаць падпольны райкам партыі, хаця перыядычнасць выхаду не была пастаяннай.
Пасля вызвалення раёна яе рэдактарам стаў былы супрацоўнік беластоцкай абласной газеты «Вольная праца» І. А. Клінаў, адказным сакратаром – былы партызан В. А. Грамыка. Ад даваеннага будынка рэдакцыі засталіся толькі падмурак і адна сцяна. Таму размяшчалася яна разам з іншымі службамі ў будынку каля касцёла (пазней – дзіцячы сад). Пісалі пра падзеі на фронце, аднаўленне раёна. У 1945 годзе газета змяніла сваю назву, пачала называцца «Сацыялістычны шлях». Так яна называлася па 1962 год. Выходзіла на дзвюх старонках два разы на тыдзень (чацвер, нядзеля), але дні выхаду маглі мяняцца. Тыраж газеты – 1000 экзэмпляраў.
Адказным рэдактарам з 1945 па лістапад 1953 гг. быў С. І. Шаўчук, адказным сакратаром некаторы час працавала В. Я. Чобат. У жніўні 1946 года яе змяніў У. Г. Качан. У снежні 1945 года ў рэдакцыі працавала ўжо дзесяць чалавек. Газета друкавала матэрыялы ТАСС, БЕЛТА, перадрукоўвала матэрыялы са «Звязды» і «Чырвонай змены».
Матэрыялы «раёнкі» ў пасляваенныя гады былі прысвечаны аднаўленню першага прадпрыемства пасёлка – прамкамбіната – і змяшчалі кароткія звесткі пра выкананне планаў лясніцтвамі. Друкаваліся ў асноўным заклікі і даклады дзяржаўных дзеячаў таго часу. На другой старонцы частымі былі матэрыялы пра знакамітых савецкіх пісьменнікаў. Шмат было і крытычных артыкулаў на адказных асоб райвыканкама. Змяшчаліся карыкатуры. Але мясцовых матэрыялаў, якія пісаліся рэдактарам і сакратаром, а таксама няштатнымі карэспандэнтамі, было недастаткова.
У 1949 годзе рашэннем райвыканкама газеце была перададзена «каробка» былой даваеннай рэдакцыі. Ленінская, 14 – яе новы адрас. 3 1950 года будынак перайшоў на баланс рэдакцыі. У 1952 годзе была набыта перасоўная электрастанцыя. Друкавалася газета па начах. Са студзеня 1967 года i па сённяшні дзень яна носіць назву «Патрыёт».
Зараз газета выдаецца ў наваполацкай друкарні, матэрыялы друкуюцца на беларускай і рускай мовах. Перыядычнасць выхаду – 2 разы на тыдзень, на 8 старонках, фармат – А 3. Задачай установы з'яўляецца ўсебаковае і аб'ектыўнае асвятленне грамадска-палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця раёна, інфармаванне насельніцтва пра дзейнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урада, мясцовых органаў выканаўчай і заканадаўчай улады.
Заснавальнікі газеты – Ушацкі раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў.
Адрас: Віцебская вобласць, Ушацкі раён, г. п. Ушачы, вуліца Ленінская, 20а.
ЛІТАРАТУРА
1. Гладышаў, Р. Званню журналіста верныя заўжды / Р. Гладышаў // Патрыёт (Ушачы). – 2005. – 5 лістап. – С. 1–2.
2. Ваксман, Р. Першы нумар – у падарунак / Р. Ваксман // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 14 кастр. – С. 3.
3. Грынкевіч, В. Ля калыскi «Патрыёта» / В. Грынкевіч // Патрыёт (Ушачы). – 2000. – 7 лiстап. – С. 2.
4. Караленка, В. Ганаруся, што працаваў у «Прымежным калгасніку» / В. Караленка // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 28 кастр. – С. 2.
5. Караленка, В. Праводзіны рэдактара / В. Караленка // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 17 кастр. – С. 2.
6. Караленка, В. В. Раённая газета / В. В. Караленка // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 505–506.
7. Картэль, І. Калектыўны прапагандыст і агітатар: з успамінаў былога супрацоўніка ўшацкай раёнкі / І. Картэль // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 92–93.
8. Крэскіян, Л. Летапісец Ушаччыны / Л. Крэскіян // Віцебскі рабочы. – 2000. – 9 лістап. – С. 1.
9. «Патрыёт» // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 289.
10. Стварае летапіс // Патрыёт (Ушачы). – 1985. – 7 лістап. – С. 2.
11. Хвошч, У. «Патрыёт» застанецца патрыётам Ушаччыны / У. Хвошч // Патрыёт(Ушачы). – 2000. – 7 лiстап. – С. 1.