Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Андрэеўшчынская сельская бібліятэка-клуб – філіял № 34. Аршанскі раён

 

Гісторыя Андрэеўшчынскай бібліятэкі бярэ свой пачатак у 70-ых гадах мінулага стагоддзя. У той час у Андрэеўшчыне была раённая бібліятэка, якая размяшчалася ў былым будынку адміністрацыі калгаса «Бальшавік». Пазней, калі ў 1995 годзе пасля рэарганізацыі раённая бібліятэка была пераведзена ў гарадскі пасёлак Балбасава, тут застаўся яе філіял – сельская бібліятэка. Сёння яна абслугоўвае насельніцтва Андрэеўшчыны, вёску Прыдняпроўе і жыхароў раёна былога цагельнага завода. За іх ідэалагічнае інфармаванне ў пэўнай ступені нясуць адказнасць работнікі бібліятэкі.

Аб папулярнасці «кніжнага дома» ў асяроддзі дзетвары яскрава сведчаць 300 дзіцячых фармуляраў у аддзеле абанемента бібліятэкі. У якасці прапаганды кнігі бібліятэкары трымаюць цесную сувязь з дзіцячым садком, агульнаадукацыйнай сярэдняй школай № 26 і школай-інтэрнатам.

Бібліятэчны фонд тут складаецца з больш чым 20 тысяч экземпляраў і, як адзначылі бібліятэкары, у апошнія гады ён інтэнсіўна папаўняецца.

Сюды можна аднесці і тыя кнігі, што ўстанова атрымала за ўдзел у абласным конкурсе «Бібліятэка – як асяродак нацыянальнай культуры». У 2006 годзе Андрэеўшчынская бібліятэка была адзначана за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе па прафілактыцы СНІДу, што лішні раз пацвярджае: тут плённа працуе калектыў спецыялістаў, якія шукаюць і ўмела выкарыстоўваюць у рабоце НОВЫЯ формы ўзаемадзеяння з чытачамі. Узяць хаця б апошні з конкурсаў. Каб больш выразна пазначыць яго тэматыку, тут аформілі выставу «Спадчына нашых дзядоў». Дзеля гэтага загадчык бібліятэкі Вольга Міхайлаўна Казакевіч, работнік з 23-гадовым вопытам працы, бібліятэкар першай катэгорыі з 24-гадовым стажам Людміла Анатольеўна Шлыкава і малады спецыяліст Яўгенія Рашкевіч вырашылі ў нейкім сэнсе адрадзіць кавалачак даўніны. Дзеля ажыццяўлення задуманага бібліятэкары звярнуліся да чытачоў. За кароткі тэрмін у бібліятэку было прынесена шмат рэчаў хатняга ўжытку мінулых часоў, і ў выніку атрымалася прыгожая кампазіцыя фальклорнага накірунку. Апрача работы з чытачамі непасрэдна ў самой бібліятэцы працуюць перасоўкі ў сельскім Савеце і на камбінаце будаўнічых матэрыялаў. Раз у месяц разам з паштальёнам Л. Чарняўскай бібліятэкары бяруць сумкі з кнігамі і рухаюцца ў накірунку вёскі Прыдняпроўская. Там жывуць працавітыя людзі і вялікія аматары кніг. Сем'і Ганчар і Жытнік, стараста вёскі Ніна Іванаўна Бівал, Юнас Пятровіч Гайдзелінас. Чытачы ахвотна папаўняюць фонд бібліятэкі, асабліва вылучаецца ў гэтай справе сям'я Пракоф'евых. У бібліятэцы захавалася і папаўняецца чытачамі ўласная фільматэка. Яна налічвае больш за 200 навукова-папулярных відэафільмаў і мастацкіх стужак. Цікава, што ўвесь гэты скарб не збірае пыл на паліцах, а актыўна выкарыстоўваецца дзецьмі.

Дзяржаўныя і іншыя даты каляндара, раённыя, народныя і сямейныя святы таксама знаходзяць адлюстраванне ў дзейнасці бібліятэкі. Яе работнікі плённа супрацоўнічаюць з СДК Андрэеўшчыны ў асобе дырэктара Іны Леанідаўны Капцеравай і мастацкага кіраўніка Настассі Хомчанкі. Асаблівы акцэнт работнікі культуры робяць на арганізацыі і правядзенні агульнамасавых мерапрыемстваў, так званых вулічных святаў. У такія дні да іх ахвотна далучаюцца і работнікі мясцовага сельскага Савета. На пляцоўцы паміж клубам і бібліятэкай ладзяцца школьныя кірмашы, на якіх рэалізоўваюцца зробленыя рукамі выхаванцаў дашкольных і школьных устаноў рэчы. Разам з чытацкім актывам калектыў бібліятэкі творча падыходзіць і да рэалізацыі іншых планаў. Да аднаго з юбілеяў свайго земляка Леаніда Трафімавіча Калодзежнага бібліятэкары аформілі папку з артыкуламі ў СМІ пра жыццё і дзейнасць пісьменніка. Пазней назапашаны і дапоўнены матэрыял быў накіраваны для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе.

Не забываюць бібліятэкары ў сваёй рабоце і аб прапагандзе беларускіх народных звычаяў і традыцый. Назвы мерапрыемстваў гавораць самі за сябе: «Масленка – шырокая баярыня», «Свята Вялічка з чырвоным яічкам», «Восень,багатая дожджычкам, святамі».

Гаворачы пра працу Андрэеўшчынскай бібліятэкі на ніве адраджэння нацыянальнай культуры, нельга не адзначыць і дзейнасць клуба юных краязнаўцаў «Карагод», які працуе з 1984 г. Тэматыка пасяджэнняў клуба дапамагае яго сябрам лепей пазнаць свой край, разумець і любіць сваю зямлю, ведаць родную мову і размаўляць на ёй. У «Карагодзе» стала добрым звычаем наведванне аршанскіх музеяў, знаёмства з біяграфіямі вядомых землякоў. I зусім невыпадкова, што асноўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў клуба з'яўляюцца дзеці, якія толькі яшчэ пачынаюць фарміраваць свой светапогляд.

Адрас: Аршанскі раён, в. Андрэеўшчына, зав. Паркавы, 3.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Асяродак культуры Андрэеўшчыны // Аршанская газета. – 2007. – 23 кастр. – С. 1.

2. Дмитриева, О. Таинственной ночью / О. Дмитриева // Аршанская газета. – 2016. – 12 июля. – С. 4.

3. Ігнатава, А. Асяродак нацыянальнай культуры / А. Ігнатава // Аршанская газета. – 2002. – 31 студз. – С. 4.

4. Шестель, Ж. Сами себе артисты / Ж. Шестель // Аршанская газета. – 2016. – 15 марта. – С. 3.

5. Маркевіч, М. «Роднае слова – гучы!» / М. Маркевіч // Аршанская газета. – 2002. – 10 верас. – С. 1.