Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Дзіцячая бібліятэка-філіял № 1. Сенненскі раён, г. Сянно

 

Дзіцячая бібліятэка дзейнічала як аддзел цэнтральнай з 1918 года. На той час фонд дзіцячай літаратуры складаў 1522 экзэмпляры, абслугоўваўся 451 чытач. Быў створаны дзіцячы савет, які аказваў дапамогу ў рабоце.

З 1936 года бібліятэка была пераведзена ў будынак раённага Дома культуры.

За час нямецка-фашысцкай акупацыі фонд быў знішчаны. Новае памяшканне (былы панскі дом, які пабудаваны ў 1915 годзе) бібліятэка атрымала ў 1981 годзе, дзе знаходзіцца і зараз.

У 1949 годзе дзіцячая бібліятэка адкрылася асобна ад дарослай на самастойным бюджэце. Кніжны фонд складаў 2220 экзэмпляраў, было 364 чытачы. Узначальвала ўстанову Галіна Тарасава.

У 1970 годзе бібліятэка атрымала новае абсталяванне.

У 1970-х гг. пры бібліятэцы працаваў клуб аматараў паэзіі «Данка». Пасяджэнні арганізоўваліся сумесна з літаратурным аб'яднаннем «Верасы» раённай газеты «Ленінская іскра» і актывістамі раённага Дома культуры.

У 1980-х гг. пры бібліятэцы сталі працаваць клубы «Хачу ўсё ведаць», «Крывічы».

У 1982–2003 гг. бібліятэку ўзначальвала Ніна Зюзькова. У 1999 годзе ёй было прысвоена званне «Жанчына года» ў намінацыі «Жанчына ў сістэме культуры». У 2003–2012 гг. – метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

У 1996 годзе пры бібліятэцы створаны лялечны тэатр кнігі «Пятрушка», кіраўніком якога стала Валянціна Тарасаўна Цярэнцьева. У 2011 годзе яму прысвоена званне «Народны», у 2017 годзе званне было пацверджана. Удзельнікі тэатра – работнікі цэнтральнай раённай і дзіцячай бібліятэк.

Лялечны тэатр – добры сродак масавай прапаганды кнігі, арганізацыі адпачынку дзяцей і падлеткаў, абуджэння і развіцця творчай актыўнасці. У бібліятэцы лялькі ўспрымаюцца маленькімі чытачамі як ажыўшыя героі кніг. Рэпертуар народнага лялечнага тэатра кнігі «Пятрушка» вельмі разнастайны. У год культуры і свайго 20-годдзя тэатр асабліва парадаваў гледача сваёй творчасцю. З пастаноўкамі «Залатое правіла», «Цудоўная страна – бібліятэка», «Прырода – гэта мы», «Лясныя сябры», «Чарадзейнае падарожжа кнігі» тэатр наведаў практычна ўсе школы і дзіцячыя сады, сацыяльна-педагагічны цэнтр, сельскія клубы Сенненскага раёна. У час летніх канікул выступаў у школьных аздараўленчых лагерах. Тэатр са сваімі забаўляльнымі і гульнявымі праграмамі – пастаянны ўдзельнік многіх гарадскіх і раённых свят.

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці тэатра – арганізацыя мерапрыемстваў для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. З лялечнымі спектаклямі дзіцячая раённая бібліятэка пастаянна наведвае Сенненскі цэнтр АДЗІ і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Вялікай узнагародай для калектыву стаў дыплом «За лепшае ваджэнне лялек» на першым абласным свяце лялечных тэатраў «Запрашаем у казку», якое адбылося ў г. Дуброўна ў 2010 годзе. У 2012 годзе ў рамках Года кнігі ў Сянно адбыўся абласны конкурс лялечных тэатраў «Лялечны свет», дзе тэатр заняў ганаровае трэцяе месца. У 2017 годзе граматай райвыканкама за актыўную прапаганду кнігі, выхаванне эстэтычных пачуццяў у дзяцей праз тэатральную дзейнасць, а таксама дыплом «За сумяшчэнне розных жанраў мастацтва» IV абласнога свята-конкурсу аматарскіх лялечных тэатраў «Лялечны свет».

У Сенненскай ДРБ дзейнічае аматарскае аб'яднанне – кніжны клуб «Почемучка».

Напрамкі дзейнасці бібліятэкі – пошук духоўна-краязнаўчых каранёў, адраджэнне вытокаў народнай культуры, пісьменнасці, роднай мовы, прапаганда маральна-прававых і эстэтычных ведаў, патрыятычнае выхаванне (сустрэчы з ветэранамі, цыклы ўрокаў мужнасці, вечары салдацкай славы, патрыятычныя чытанні). Вялікая ўвага надаецца прапагандзе бібліятэкі і чытання (урокі культуры чытання, бібліяграфіі, агляды навінак літаратуры, кніжныя выставы).

Бібліятэкары арганізуюць краязнаўчыя ўрокі, гадзіны даўніны і сучаснасці, падарожжы па творах краязнаўцы і мастака В. Бандарэвіча. Галоўнай падзеяй веснавых канікул стала правядзенне мерапрыемства «Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі», дзе дзеці прымалі ўдзел у тэатралізаваных святах кнігі, захапляльна-гульнёвых конкурсах, віктарынах, літаратурных круізах. Традыцыйна завяршаецца тыдзень конкурсам «Суперчытач года».

З 2001 года бібліятэка працуе па праграме «Міласэрнасць» (рэабілітацыя дзяцей-інвалідаў і арганізацыя іх вольнага часу).

У 2007 годзе бібліятэка пачала працаваць па праграме «Дарога да Храма». Асноўнай яе задачай і прыярытэтным напрамкам з'яўляюцца пытанні духоўнага адраджэння, прапаганда і вывучэнне праваслаўнай літаратуры. Праходзяць штомесячныя ўрокі праваслаўя, сустрэчы са святаром, духоўныя гутаркі.

У 2009 годзе бібліятэцы была прысуджана прэмія за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі «Лепшая дзіцячая бібліятэка».

Асноўныя паказчыкі работы: 1946 год (чытачы – 820, кнігавыдача – 28110), 1980 год (чытачы – 2470, кнігавыдача – 38266), 2000 год (чытачы – 94859, кнігавыдача – 94859), 2018 год (чытачы – 1601, кнігавыдача – 31218).

Калектыў: Гарбачова Т. Р. (загадчык), Цярэнцьева В. Т., Прачуханава Т. І., Паляшчук В. А. імкнецца рабіць так, каб чытанне заставалася адной з важнейшых сфер духоўнай дзейнасці дзяцей і адным з галоўных спосабаў правядзення вольнага часу.

Адрас: Віцебская вобласць, Сенненскі раён, г. Сянно, вуліца Савецкая, д. 13.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ад прыватнай бібліятэкі да цэнтралізаванай сістэмы / падрыхт. Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 11 ліп. – С. 5 ; 22 ліп. – С. 3 ; 8 жн. – С. 5 ; 12 жн. – С. 6.

2. Бандарэвіч, В. Чытанне для душы і для ведаў / В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчыны. – 2013. – 31 жн. – С. 1.

3. Буракова, Т. Ведаць і берагчы / Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2016. – 1 сак. – С. 6.

4. Буракова, Т. «Пятрушка» вітаў чытачоў / Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2013. – 20 крас. – С. 5.

5. Бынькоў, А. Праз лялькі – да кнігі / А. Бынькоў // Витебские вести. – 2017. – 4 февр. – С. 7.

6. Бураков, М. К «Петрушке» за сказкой / М. Бураков // Голас Сенненшчыны. – 2013. – 19 студз. – С. 4.

7. Буракова, Т. Сенненская дзіцячая / Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2006. – 15 верас. – С. 2.

8. Воранава, К. Сонца, свабода і маленькая кветка / К. Воранава // Голас Сенненшчыны. – 2007. – 19 кастр. – С. 3.

9. Зюзькова, Н. Радуйся сонцу і светламу дню / Н. Зюзькова // Голас Сенненшчыны. – 2003. – 18 студз. – С. 2.

10. Іванова, Л. Святло душы Ніны Зюзьковай / Л. Іванова // Голас Сенненшчыны. – 2003. – 15 крас. – С. 2–3.

11. Ляшук, С. Читают сказки в лицах / С. Ляшук // Народнае слова. – 2012. – 29 снеж. – С. 3.

12. Мукамолава, Л. Да кнігі далучаць з маленства / Л. Мукамолава // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 18 крас. – С. 6.

13. Хасанава, І. Добра вядомы гледачу / І. Хасанава // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 25 сак. – С. 4.

14. Якаўлева, А. Аўтограф ад пісьменніка / А. Якаўлева // Голас Сенненшчыны. – 2019. – 2 лют. – С. 4.