Юр’ева горка. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 31.03.2017 07:26
- Адноўлена 27.04.2017 12:58
Юр'ева горка, лесапарк у паўночна-заходняй частцы горада. Плошча 22 га. Лясістае ўвышша з вузкім доўгім атрогам (Залатая гара), якое цягнецца ў паўднёва-заходнім накірунку ўздоўж вул. К. Маркса.
Акрамя багатай геамарфалогіі, Юр'ева горка мае на сваіх абшарах і самую разнастайную флору, намнога багацейшую, чым ва ўсіх парках горада. Сярод дрэў тут пачуваюцца гаспадарамі знакамітыя юраўскія сосны. Горку ўпрыгожваюць ліпы і ясені, дубы і каштаны, бярозы і вербы, вязы і лістоўніцы, бэз і таполі, клёны і акацыі. Растуць тут няблага і надзвычай рэдкія для нашых мясцін дрэвы, як коркавы дуб, бук, белалістка і інш. Багатыя тут разнавіднасцю кустоўевыя і травы.
Юр'ева горка, акрамя выдатных прыродных вартасцей, мае і пэўную гісторыю. Яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя града мела шэраг назваў асобных сваіх частак. У раёне Маркаўскай слабады, напрыклад, існавалі найменні – гара пад Іванам, Траецкая гара, Залатая горка. Яшчэ неўсталяванай была сённяшняя назва разглядаемага аб'екта, мясцовыя жыхары называлі яе і Сасоннікам, і Елагамі, і Юр'еўкай. Сухая сасновая града здаўна служыла віцяблянам месцам прыемных прагулак у выхадныя і святочныя дні, а са з'яўленнем Юр'ева храма (а можа і значна раней) і наладжванню славутых кірмашоў у Юр'еў дзень. У 1900 годзе на Юр'евай горцы правялі сваю першую маёўку рабочыя Віцебска. У гады другой сусветнай вайны тут размяшчаліся сродкі супрацьпаветранай абароны. З канца 1890-х г. тут зона адпачынку.
Нельга не ўзгадаць, што ля падножжа грады раёна былых Елагаў сёння размешчаны стадыён «Лакаматыў» і парк чыгуначнікаў (былы сад Елагі ў савецкі час насіў, акрамя адзначанага, найменні – «Сад камуны» і «Парк імя Л. Кагановіча»). На сённяшні дзень ад былой славы сада Елагі засталася ўдзячная памяць старэйшага пакалення, ды агульныы адзнакі – тры ранейшыя алеі з адміраючымі старымі дрэвамі, сажалкі. Цікавай сённяшняй адзнакай у парку можна лічыць рэдкае суіснаванне дрэў розных парод – векавой таполі і маладога каштана (са ствалом каля 15 см), карані якога працягнуліся з таполевых.
Сёння разглядаемая града, пачынаючы ад Дзвіны да мяжы Старасямёнаўскіх могілак, забудавана ў асноўным прыватным жыллём, якое асобнымі ўчасткамі існуе і на паўднёвых схілах Юр'евай горкі, а таксама ў раёне Загаранскіх вуліц і па суседству з Залатой Гарой. 3 паўднёвага боку да сярэдняй часткі гары яшчэ даваеннай парой шчыльна прытуліўся навукова-даследчы ветэрынарны інстытут (зараз – завод ветпрэпаратаў). На крутых схілах вышэй завода захавалася былая лекавая крыніца. Вышэй пустуе невялікая пляцоўка пад векавымі соснамі, дзе паўстагоддзя таму ўзвышалася Юрава цэркаўка. Правей, па суседству з Старасямёнаўскімі могілкамі, значную плошчу Юр'евай горкі займае «раслінны гадавальнік» трэста зялёнай гаспадаркі горада.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Юрьева горка / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2005. – 9 дек. – С. 2.
2. Плавінскі, М. Юр'ева Горка : нататкі краязнаўца / М. Плавінскі // Народнае слова. – 1992. – 7 лістап., 14 лістап., 21 лістап., 28 лістап.
3. Плысов, В. С верой на исцеление / В. Плысов // Віцьбічы. – 2009. – 11 апр. – С. 12.
О роднике на Юрьевой Горке в Витебске.
4. Юр'ева горка з арліных вышынь / рэд. Т. І. Рабіновіч. – Віцебск, 1994. – 12 с. – (Помнікі гісторыі і культуры Віцебшчыны).