Ушацка-Лепельскае ўзвышша. Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 31.03.2017 07:26
- Адноўлена 07.05.2020 12:29
Ушацка-Лепельскае ўзвышша – фізіка-геаграфічны раён акругі Нарачана-Ушацкага Паазер'я Беларускай Паазерскай правінцыі. Займае частку Глыбоцкага, Лепельскага, Міёрскага, Полацкага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці. Працягнулася з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 115 км, з захаду на ўсход на 45 км, плошча 3,4 тыс. км2.
На поўначы і паўночным усходзе мяжуе з Полацкай нізінай, на паўднёвым усходзе з Чашніцкай раўнінай, на поўдні і захадзе з Верхнебярэзінскай нізінай, на паўночным захадзе з Свянцянскімі градамі. У тэктанічным дачыненні прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. У сучасным рэльефе вылучаюцца Лукомскае ўзвышша на паўднёва-ўсходняй ускраіне, Пышнагорскае і Кубліцкае ўзвышшы на захадзе. Карысныя выкапні: гліны, пясок будаўнічы; пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель. Абсалютныя адзнакі паверхні ад 180–200 м да 150–160 м. Ваганні адносных вышынь 10–20 м, радзей да 5 м. Сучасны рэльеф створаны паазерскім ледавіком. Характэрны градава-ўзгорысты і сярэдняхвалевы марэнны рэльеф, які змяняецца на захадзе і ўсходзе плоскахвалістай марэннай раўнінай з адноснымі перавышэннямі 8–10 м. На мяжы з Полацкай нізінай рэльеф найбольш парэзаны, паміж азёрнымі катлаванамі раскіданы астраўныя павышэнні (озы і камы), што стварае рэзкі кантраст з навакольнай паверхняй (адносныя перавышэнні 30–40 м) – гладдзю азёр.
Многа азёр, якія злучаюцца пратокамі і невялікімі рэкамі. Найбольшыя з Ушацкай групы азёр – Чарсцвяцкае, Павульскае, Атолава, Янова. На поўдні Ушацка-Лепельскага ўзвышша знаходзіцца найбольш значнае Лепельскае возера. Рэкі належаць да басейна Заходняй Дзвіны. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, значна разараныя; на поўдні распаўсюджаныя дзярнова-падзолістыя на водна-ледавіковых суглінках і марэнных супесках; дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя прымеркаваны да азёрных катлавін. Сельскагаспадарчая засвоенасць да 40 % на поўдні, менш за 30 % на поўначы.
Лясістасць да 40–50 %. Тыповыя яловыя, ялова-шыракалістыя і сасновыя лясы, бярэзнікі і чорнаалешнікі. Па азёрных катлавінах асакова-злакавыя, злакава-разнатраўныя лугі і нізінныя балоты. Дамінуюць узгорыста-марэнна-азёрныя ландшафты.
ЛІТАРАТУРА
1. Клицунова, Н. К. Ушачско-Лепельская возвышенность / Н. К. Клицунова // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : Земля и недра. – С. 421–422.
2. Ушачский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 551–555.