Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Свянцянскія грады. Докшыцкі раён

Свянцянскае ўзвышша знаходзіцца на паўночным захадзе Беларусі. Фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі. Назва дадзена польскімі географамі ў 1930-я гг. ад назвы горада Свянцяны (сучасны горад Швянчоніс у Літве).

Займаюць частку Докшыцкага, Глыбоцкага, Пастаўскага раёнаў Віцебскай вобласці і Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. На поўначы мяжуюць з Дзісенскай нізінай (частка Полацкай нізіны), на ўсходзе – з Ушацка-Лепельскім узвышшам, на паўднёвым усходзе і поўдні – з Верхнебярэзінскай і Нарачана-Вілейскай нізінамі, на захадзе заходзіць на тэрыторыю Літвы. Лукападобнымі выгінамі на поўдзень працягнулася з усходу на захад на 120–130 км, з поўначы на поўдзень на 35–45 км, плошча 2,7 тыс. км².

Рэльеф буйна-ўзгорысты і градава-марэнна-азёрны, сфарміраваўся пераважна пад уплывам ледавіка паазерскага зледзянення. Перавышэнні адносных вышынь дасягаюць 50–60 м. Узвышша ўяўляе сабой дугападобную з прагінам на поўдні сістэму краявых ледавіковых град. Найвышэйшай кропкай Свянцянскіх град на тэрыторыі Беларусі зараз з'яўляецца гара Маяк вышынёй 240,4 м над узроўнем мора (знаходзіцца каля вёскі Рынкяны Пастаўскага раёна).

У паніжэннях і лагчынах шмат невялікіх, але глыбокіх азёр, звязаных паміж сабой малымі рэкамі, пратокамі, і размешчаных групамі (Лучайская, Мядзёльская, Доўгаўская, Глыбоцкая групы). Тут знаходзіцца самае глыбокае на Беларусі Доўгае возера (53,7 м). Па градах праходзіць водападзел паміж басейнамі Заходняй Дзвіны і Нёмана. На паўночных схілах пачынаюцца рэкі Мядзелка, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута, на паўднёвых – Страча, Сэрвач. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы пясок, торф, сапрапель.

Лясы захаваліся невялікімі ўчасткамі, займаюць каля 25 % тэрыторыі. Пашыраны мяшаныя драбналістыя маладнякі і субаравыя хвойнікі, месцамі дубовыя і шыракаліста-яловыя асацыяцыі. У паніжэннях зараснікі вярбы, бярозы, хвоі, чорнай вольхі.

Пад воравам больш за 40 % тэрыторыі. Частка тэрыторыі ўваходзіць у Нарачанскі нацыянальны парк.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Свенцянские гряды // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : Земля и недра. – С. 372–373.

2. Свенцянские краевые ледниковые гряды // Рельеф Белоруссии / А. В. Матвеев, Б. Н. Гурский, Р. И. Левицкая. – Минск : Университетское, 1988. – С. 92–98.

3. Свянцянскія грады // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 72–73.