Наваполацк, г., Полацкі раён. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 01.03.2017 12:23
- Адноўлена 23.08.2017 10:18
Герб і сцяг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 4 ліпеня 2002 г. № 89.
Апісанне і выява герба
У блакітным полі іспанскага шчыта – тры срэбныя хвалістыя паясы, над якімі – срэбны гарлачык з двума залатымі разгорнутымі стылізаванымі пялёсткамі.
Апісанне і выява сцяга
Прастакутнае блакітнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1 : 2, у ніжняй частцы якога гарызантальна размешчана белая вузкая паласа, над паласой – белы гарлачык з двума белымі разгорнутымі стылізаванымі пялёсткамі.
Гісторыка-геаграфічная адметнасць Наваполацка – ягонае размяшчэнне на беразе Заходняй Дзвіны, якая з'яўляецца часткай старажытнага шляху «З вараг у грэкі» – адлюстроўваюць у гербе тройчы паўтораныя хвалістыя перавязі, першаступенныя геральдычныя фігуры. Белым альбо срэбным колерам перавязі ў геральдыцы адлюстроўваецца водная стыхія – рэкі, азёры і г. д.
Цэнтральны элемент герба – гарлачык.
Белы гарлачык – гэта ўвасабленне старажытнага падання полацкай зямлі аб «Белым горадзе», да якога са старажытнага Полацка вядзе падземны ход пад ракой. У славян белы гарлачык называлі пераможнай травой, выкарыстоўвалі яго ў якасці ахавальніка, надзялялі чарадзейнай сілай, прыпісвалі яму таямнічыя ўласцівасці. Лічылася, што белы гарлачык спрыяе раскрыццю таленту чалавека. 3 ягонага карэньчыка рабілі муку, якую выкарыстоўвалі для выпечкі хлеба.
Гарлачык, як лічаць спецыялісты, валодае асаблівай прыроднай жыццёвай сілай: нават калі перасыхаюць вадаёмы і адміраюць лісцінкі гэтай расліны, праз некаторы час на яе карэнішчах, на трывалых каляных чаранках, нанова з'яўляюцца маленькія лісточкі.
Белы гарлачык сімвалізуе агульначалавечае памкненне да прыгажосці і абнаўлення, да справядлівасці і годнасці, да міру і дабрабыту. Гэта падкрэсліваюць і скарыстаныя ў гербе колеры – блакітны, срэбны і залаты. Такое спалучэнне агульнапрынята ў міжнароднай геральдыцы, яно выкарыстоўваецца ў гербах Віцебска і Полацка.
Сцяг г. Наваполацка распрацаваны з выкарыстаннем колераў і фігур герба.
Аўтар герба і сцяга В. Р. Лук'яненка.
ЛІТАРАТУРА
1. Г. Наваполацк // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 59–60.
2. Герб и флаг [Новополоцка]: Решение принято // Химик (Новополоцк). 2002. – 5 июля. – С.2
3. Город Новополоцк // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 218–219.
4. Конышева, Н. Под знаком кувшинки : [О гербе, флаге г. Новополоцка и их авторе Викторе Григорьевиче Лукьяненко] // Новая газ. (Наваполацк). – 2002. – 20 жн. – С.1
5. Конышева, Н. У Новополоцка есть герб и флаг / Н. Конышева // Народнае слова. – 2002. – 20 жн. – С. 1.
6. Мацулевич, А. Лилия на гербе / А. Мацулевич // Советская Белоруссия. – 2003. – 14 мая. – С. 2.
7. Новополоцк // Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Мн., 2006. – С. 75–76.
8. Положение о гербе и флаге города Новополоцка // Новая газета (Наваполацк). – 2002. – 23 жн. – С. 5.
9. Трофимов, А. На скрижалях священной Чаши Грааля : [Дискуссия по поводу герба г. Новополоцка] // Химик (Новополоцк). – 2001. – 21 авг. – С. 2.
10. Факеев, В. Новополоцк в гербовнике Беларуси / В. Факеев // Новая газета (Наваполацк). – 2002. – 20 жн. – С. 1.
11. Факеев, В. Хороший герб – дитя таланта : [О гербе Новополоцка] // Химик (Новополоцк). – 2000. – 18 июля. – С. 3.
12. Чесновицкая, О. Кувшинка – символ Новополоцка / О. Чесновицкая // Віцебскі рабочы. – 2002. – 20 ліп. – С. 1.