Бешанковічы, г. п., Бешанковіцкі раён. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 01.03.2017 12:23
- Адноўлена 22.08.2017 12:52
Герб і сцяг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 г. № 36.
Апісанне і выява герба
У срэбным полі іспанскага шчыта на пяці блакітных хвалях – чырвоная ладдзя з залатым грузам, на чырвоным ветразі якой адлюстраваны герб «Ліс» – срэбная страла, перакрыжаваная двума срэбнымі перакладзінамі.
Апісанне і выява сцяга
Прастакутнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2. У ніжняй частцы палотнішча размешчаны тры хвалістыя паласы блакітнага колеру, на якіх злева месціцца чырвоная ладдзя з залатым грузам. На чырвоным ветразі адлюстраваны герб «Ліс» – белая страла, перакрыжаваная двума белымі перакладзінамі.
Асноўны элемент герба – чырвоная ладдзя з расхінутым чырвоным ветразем, нагружаная залатым таварам. Бешанковічы месцяцца на рацэ Заходняя Дзвіна, па якой у старажытнасці пралягаў гандлёвы шлях «з вараг у грэкі». У XVII ст. тут была пабудавана вялікая прыстань, адкуль накіроўваліся тавары ў Прыбалтыку. Залаты груз у ладдзі, адлюстраваны на гербе, у сімвалічнай форме нагадвае пра тое, што тавары адпраўляліся з гэтай прыстані, а таксама дастаўляліся па рацэ ў Бешанковічы. У XVIII ст. для эканамічнага развіцця Бешанковічаў важнае значэнне меў адзін з буйнейшых на тэрыторыі Беларусі штогадовы кірмаш, на які з'язджаліся таксама рускія і заходнееўрапейскія купцы. Рака, якая на працягу чатырох стагоддзяў адыгравала вялікую ролю ў жыцці гараджан, адлюстравана ў сучасным гарадскім гербе пяццю хвалістымі лініямі-паясамі. Пяць блакітных паясоў сімвалізуюць пяць поўных стагоддзяў з дня заснавання паселішча. Некаторыя даследчыкі лічаць, што сваю назву Бешанковічы атрымалі ад слова «бешань» – моцная плынь на сярэдзіне ракі.
Герб «Ліс», адлюстраваны на чырвоным ветразі чырвонай ладдзі, з'яўляецца адным з асноўных элементаў родавага герба канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, з імем якога звязана гісторыя гарадскога пасёлка Бешанковічы і рэгіёна. Леў Сапега нарадзіўся на тэрыторыі цяперашняга Бешанковіцкага раёна ў родавым маёнтку Астроўна. З 1630 г. быў уладальнікам Бешанковічаў. Па духоўным запавеце ў 1632 г. населены пункт перайшоў да яго малодшага сына Казіміра. Пры ім Бешанковічы набылі хуткае развіццё, атрымалі статус мястэчка, а ў 1634 г. – магдэбургскае права і дазвол весці ажыўлены гандаль, два кірмашы на год і адзін гандлёвы дзень на тыдні.
На сцягу ў ніжняй частцы палотнішча па ўсёй даўжыні праходзяць блакітныя шырокія хвалістыя палосы, на якіх месціцца асноўнае гербавае адлюстраванне – ладдзя пад ветразем, прысунутая бліжэй да дрэўкавай часткі.
Аўтар герба У. П. Жук, мастак А. У. Леўчык.
ЛІТАРАТУРА
1. Городской поселок Бешенковичи // Современная геральдыка Беларуси / В. Адамушко, М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 170–171.
2. Г. п. Бешанковічы // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі ; [прадмова С. Рублеўскага]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 31–32.
3. Г. п. Бешенковичи // Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : Беларусь, 2006. – С. 58–59.