Сураж, г. п., Віцебскі раён. Герб
- Подробности
- Створана 01.03.2017 12:23
- Адноўлена 23.08.2017 11:24
Герб зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 г. № 36 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 г. № Б-77.
Апісанне і выява герба
У срэбным полі барочнага шчыта – сцяна замка-крэпасці з трыма вежамі чырвонага колеру. У сцяне крэпасці і ў вежах – байніцы. Унізе трох вежаў – уваходныя праёмы.
Першыя згадкі аб Суражы пазначаны XVI ст. У адпаведнасці з загадам вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Сігізмунда II віцебскі ваявода С. Забаражанскі ў 1563 г. дзеля вайсковых мэтаў пабудаваў Суражскі замак. У 1570 г. Сураж атрымаў такія ж, як і Віцебск, правы і волю. Годам раней горад атрымаў герб: у срэбным полі – крэпасць з трыма вежамі.
Выкананы па законах геральдыкі герб сімвалічна адлюстроўвае геапалітычнае становішча паселішча. Элемент абарончай сімволікі азначае пагранічнае месцазнаходжанне Суража, які перажыў нямала войнаў.
За ўсю гісторыю свайго існавання Сураж меў два гербы. Горад увайшоў у склад Расійскай Імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай. 21 жніўня 1781 г. Кацярынай ІІ быў зацверджаны герб заштатнага Суража Віцебскай губерні: «у верхнім залатым полі – узнікаючы Дзяржаўны арол; у ніжняй частцы – полацкі герб: на кані воін, які трымае ў правай руцэ шаблю, на левую руку ўздзеты шчыт з двайным крыжам на ім. Поле падзелена на чатыры часткі: чырвоная, залатая, срэбная і блакітная».
Агульнавядома, чым больш старажытны герб, тым ён мае большае духоўнае напаўненне. Менавіта таму ў рашэнні сесіі Суражскага пасялковага Савета дэпутатаў ад 29 сакавіка 2002 г. № 25 падкрэсліваецца, што герб 1569 г. на працягу некалькіх стагоддзяў быў для суражан сімвалам высокага патрыятызму, палітычнай і эканамічнай значнасці, духоўнай цвёрдасці, вернасці роднаму гораду. Старажытны герб з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, адлюстроўвае ў адпаведнасці з законамі геральдыкі гістарычную ролю горада.
Герб Суража належыць да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.
ЛІТАРАТУРА
1. Городской посёлок Сураж Витебского района / В. И. Адамушко, М. М. Елинская // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 240–241.
2. Г. п. Сураж Віцебскаяга раёна // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 63–64.
3. Забавленко, Л. В Сураже был свой герб / Л. Забавленко // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2001. – 22 верас. – С. 2.
4. Ивашкевич, В. Герб как визитная карточка / В. Ивашкевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 2 дек. – С. 5.
О гербах Суража, Барани, пос. Яновичи.
5. Цітоў, А. Сураж // Геральдыка беларускіх местаў (XVI – пачатак XX ст.) / А. Цітоў. – Мінск : Полымя, 1998. – С. 240.