Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Друя, аг., Браслаўскі раён. Герб і сцяг

Герб і сцяг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 г. № 60.

 

Апісанне і выява герба

У блакітным полі барочнага шчыта – старажытнае рачное судна з расхінутым срэбным ветразем на хвалях срэбнага і блакітнага колераў.

 

Сучасная выява герба аг. Друя

 

Апісанне і выява сцяга

Прастакутнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй частцы якога размешчана хвалепадобная паласа белага колеру на 1/3 шырыні палотнішча. Блакітная і белая палосы аддзелены хвалепадобным арнаментам белага і блакітнага колераў.

 

Сучасная выява сцяга аг. Друя

  

Упершыню горад згадваецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М. Стрыйкоўскага пад 1386 г. у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Гарадскі пасёлак Друя мае багатую гісторыю, з ім звязаны многія вядомыя імёны. Так, у 1496 г. Друя на доўгі час становіцца ўладальніцтвам княжацкага роду Масальскіх, прадстаўнікі якога садзейнічалі развіццю мястэчка. У 1579 г. тут падчас вяртання з ваеннага паходу з-пад Пскова прыпыняўся кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый. У 1611 г. частку Друі набыў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. А 8 сакавіка 1618 г. ужо Ян Станіслаў Сапега падпісаў прывілею аб заснаванні побач з Друяй новага горада Сапежына з разлікам ператварыць яго ў важны абарончы, гандлёвы і рамесніцкі цэнтр. Для прываблівання ў новае паселішча майстроў, рамеснікаў і гандляроў Сапега абяцаў ім пэўныя вольнасці на працягу дваццаці гадоў. Згодна гэтай прывілеі горад атрымліваў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі – віціна з расхінутым ветразем на хвалях, вада срэбная.

Віціна – старажытнае драўлянае з плоскім дном рачное судна з ветразямі, якое перавозіла розныя грузы. Яно вядома з XV ст. Выкарыстоўвалася на Нёмане, Шчары, Віліі, Заходняй Дзвіне. Пачало знікаць з ужытку ў другой палове XIX ст., калі ўсё болыш і больш выкарыстоўваліся новыя суднаходныя канструкцыі. Вельмі рэдка віціну можна было бачыць на рачной плыні ў пачатку XX ст.

Герб г. п. Друі быў прадстаўлены на разгляд членаў Геральдычнага савета, а пазней зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у ізаграфіі, упершыню пададзенай А. Цітовым.

Герб Друі належыць да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Городской посёлок Друя Браславского района // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 200–201.

2. Г. п. Друя Браслаўскага раёна // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 48.

3. Г. п. Друя Браславского района (герб и флаг) // Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск, 2006. – С. 69–70.