Верхнядзвінск, г., Верхнядзвінскі раён. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 17.08.2017 12:23
- Адноўлена 22.08.2017 13:06
Герб горада Верхнядзвінска зацверджаны ў Гербавым артыкуле Рэспублікі Беларусь 26 ліпеня 2002 г. № 94.
Сцяг горада Верхнядзвінска і Верхнядзвінскага раёна зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 86 ад 28.02.2011 года.
Апісанне і выява герба
У залатым полі французскага шчыта – коннік у стальных даспехах з узнятым мячом у правай руцэ і авальным чырвоным шчытом з выявай срэбнага «патрыяршага» крыжа ў левай, конь накрыты блакітным трохканцовым покрывам.
Герб упершыню быў зацверджаны Указам Кацярыны II ад 21 верасня 1781 г. як адзін з гербаў Полацкага намесніцтва. Сучасны афіцыйны геральдычны сімвал горада Верхнядзвінска адрозніваецца ад гістарычнага герба горада Дрысы тым, што ў ягонай верхняй частцы няма ўзнікаючай выявы двухгаловага дзяржаўнага арла Расійскай Імперыі і імператарскай кароны. Узброены коннік з мячом і шчытом у залатым полі на гербе Дрысы паўтараў выяву, намаляваную на гербе Полацка, які быў зацверджаны тым жа ўказам імператрыцы.
Выява ўзброенага конніка шырока распаўсюджана ў беларускай і міжнароднай геральдыцы. Напрыклад, на гербе Масквы адлюстраваны коннік. У літоўскай геральдыцы таксама сустракаюцца такія адлюстраванні (гербы гарадоў Варняй, Марымполе, Прэнай). У іх, як і ў гербе сталіцы Расійскай Федэрацыі, ёсць выява Святога Георгія Перамаганосца. Дзяржаўны герб Літоўскай Рэспублікі з выявай срэбнага ўзброенага конніка быў прыняты ў 1990 годзе.
Герб Верхнядзвінска належыць да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.
Мастак I. А. Шпунт.
Апісанне і выява сцяга
Прастакутнае палотнішча жоўтага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры асабовага боку якога размешчана выява герба горада Верхнядзвінска. У ніжняй частцы палотнішча пад гербам гарызантальна размешчаны зверху ўніз тры паласы блакітнага, жоўтага і блакітнага колеру, якія складаюць адпаведна адну дваццатую, адну дваццатую і адну дзясятую шырыні палотнішча.
ЛІТАРАТУРА
1. Аржанік, Э. У кожнага горада – свой герб, свой лёс : [Аб распрац. і аднаўленні гербаў г. Верхнядзвінска і г. п. Асвея: Верхнядзв. р-н] // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2002. – 22 студз. – С. 1.
2. Г. Верхнядзвінск // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 35.
3. Г. Верхнедвинск (герб) // Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск, 2006. – С. 60–61.
4. Город Верхнедвинск и Верхнедвинский район // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 178–179.
4. Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области : Указ Президента Республики Беларусь от 28.02.2011 № 86 // Эталон [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Республики Беларусь. – Минск, 2016.
5. Положение о гербе г. Верхнедвинска // Дзвінская Праўда (Верхнядзвінск). – 2002. – 27 жн. – С. 2.
6. У Верхнядзвінска – герб гістарычны : [Выгляд і апісанне герба] // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2002. – 13 жн. – С. 2.