Асвея, г. п., Верхнядзвінскі раён. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 18.08.2017 12:23
- Адноўлена 22.08.2017 12:38
Герб і сцяг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 г. № 36.
Апісанне і выява герба
У срэбным полі іспанскага шчыта – перавязь чырвонага колеру з трыма срэбнымі лісцінкамі.
Апісанне і выява сцяга
Прастакутнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1 : 2, у полі якога перавязь чырвонага колеру з белымі лісцінкамі.
Мястэчка Асвея мае старажытнае паходжанне. Першае згадванне аб ім сустракасцца ў пісьмовых крыніцах 1503 г. У гэты час Асвеяй валодаў полацкі ваявода Станіслаў Глебавіч, затым – віцебскі ваявода Станіслаў Кішка. У 1600 г. мястачка набыў Леў Сапега. У 1695 г. Асвея атрымала статус горада. У гэты час яна славілася багатымі кірмашамі, на якія здалёку прыязджалі заможныя купцы, ладзілі свае крамашы, гандлявалі разнастайнымі таварамі.
Але сапраўдны росквіт Асвеі пачаўся з 1749 г., калі яе ўладальнікам стаў мінскі ваявода Ян Аўгуст Гільзен. Ён пабудаваў цудоўны палац, касцёл, пасадзіў парк, запрасіў сясцёр міласэрнасці, якія заснавалі тут манастырскі шпіталь. Будынак былога асвейскага шпіталю захаваўся да нашых дзён і з'яўляецца адным з самых старажытных помнікаў архітэктуры ў раёне. Помнікам таксама з'яўляецца асвейскі парк з рэшткамі некалі шыкоўнага палаца, пабудаванага ў стылі класіцызму, даволі манументальнага і ў той жа час з дзівоснай лёгкасцю форм. Па сцвярджэннях старажылаў, палац быў падобны на птушку з расхінутымі крыламі. Ён меў пяць карпусоў з чатырма шырокімі галерэямі. Галоўных уваходных варот было 4 (па колькасці пораў года), унутраных уваходаў – 12 (па колькасці месяцаў), вокнаў – 365 (па колькасці дзён). У адным з крылаў палацу месціўся зімовы сад. У доме была вялізная бібліятэка.
У 1786 г. (Я. Гільзен памёр у 1767 г.) Асвея перайшла ва ўладанне графаў Шадурскіх, адзін з прадстаўнікоў якіх, Уладзіслаў Шадурскі, на жаль, давёў маёнтак да заняпаду.
3 1772 г. у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Дрысенскі павет Віцебскай губерні, у які ўваходзіла і Асвея, адышоў да Расійскай Імперыі. Асвея стала мястэчкам і валасным цэнтрам.
У 1905 г. у Асвеі пражывала 3700 чалавек. Тут дзейнічалі царква, касцёл, 4 малітоўныя дамы, было народнае вучылішча, паштовая станцыя, 85 крамаў, 3 заезныя двары, шынкі. Двойчы ў год у Асвеі адбываліся кірмашы – найбольш багатыя ў гэтых краях.
Падчас савецкай улады, у гады першых пяцігодак, Асвея перажыла прыкметныя пераўтварэнні, стала адным з буйнейшых раённых цэнтраў Віцебскай вобласці. Асвейскі раён быў заснаваны ў 1924 г. і праіснаваў да 1959 г.
Асаблівая старонка гісторыі Асвеі, мужная і трагічная, прыпадае на Вялікую Айчынную вайну. На партызан і падполышчыкаў, якія дзейнічалі ў Асвейскім раёне, фашысты з нечуванай лютасцю абрынулі вялікую сілу. Зімой 1943 г. у Асвею быў накіраваны шэраг карных экспедыцый, падчас якіх край быў ператвораны ў пустэльню – гарадскі пасёлак амаль цалкам быў спалены. Мірнае насельніцтва перажыло страшныя катаванні. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю над назвай «Асвейская трагедыя».
Фамільны герб Я. Гільзена, які з'яўляецца гістарычнай і духоўнай каштоўнасцю, удала адаптаваны і да сучаснага стану гарадскога пасёлка Асвея. Срэбны колер поля – гэта колер сівой старажытнасці паселішча, якому звыш 500 гадоў. Чырвоны колер перавязі сімвалізуе мужнасць, стойкасць і шматлікія пакуты жыхароў Асвеі, якія перажылі за сваю гісторыю не адно нашэсце ворагаў, праявілі нязломную волю да перамогі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Лісцінкі на перавязі асацыіруюцца з лаўровымі і з'яўляюцца сімвалам мудрасці, велічнасці і славы тутэйшых людзей.
Такім чынам, геральдычны сімвал, створаны на аснове фамільнага герба Я. Гільзена, з'яўляецца своеасаблівым звяном паміж мінулым і будучыняй, паміж продкамі і нашчадкамі.
Аўтар герба і мастак В. I. Шчасны.
ЛІТАРАТУРА
1. Г. п. Асвея Верхнядзвінскага раёна // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 24–26.
2. Г. п. Освея Верхнедвинского района // Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск, 2006. – С. 78-79.
3. Пакульневіч, Я. Герб і флаг Асвеі // Дзвiнская праўда (Верхнядзвiнск). – 2003. – 19 верас. – С.1.