Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Лепель, г., Лепельскі раён. Герб і сцяг

Герб і сцяг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277.

 

Апісанне і выява герба

У чырвоным полі французскага шчыта адлюстраваны срэбны коннік у даспехах, які трымае ў правай руцэ над галавой меч, у левай – шчыт з шасціканцовым крыжом. Герб узвершвае гарадская карона з трыма зубцамі.

 

Сучасная выява герба г. Лепеля

 

Апісанне і выява сцяга

Чырвонае палотнішча прастакутнай формы з суадносінамі бакоў 1 : 2, у цэнтры спераду якога размешчаны жоўты пояс з трыма зубцамі, ніжэй па цэнтры – срэбны коннік у даспехах, які трымае ў правай руцэ над галавой меч, у левай – шчыт з шасціканцовым крыжам.

 

Сучасная выява сцяга г. Лепеля

  

Першыя летапіспыя згадкі пра Лепель прыпадаюць на 1439 г. Гэтае паселішча доўгі час было ў прыватным уладанні. Напрыклад, у другой палове XVI – пачатку XVII ст. яго ўладальнікамі былі Леў Сапега (канцлер Вялікага Княства Літоўскага), Юрый Зяновіч, Мікалай Монвід Дарагастайскі (Полацкі каштэлян і ваявода). Найбольшы ўклад у развіццё Лепеля з гэтых уладальнікаў зрабіў Леў Сапега, які адкупіў мясцовыя землі ў канцы XVI ст. У прыватнасці, ён пабудаваў тут праваслаўную царкву і каталіцкі касцёл, пры ім мэтанакіравана вялося будаўніцтва жылля. У 1793 г. пасля падзелу Рэчы Паспалітай Лепель быў далучаны да Расійскай Імперыі і стаў цэнтрам павета Полацкай, а пазней – Віцебскай губерняў. Прыкметны ўплыў на яго развіццё зрабіла будаўніцтва Бярэзінскай воднай сістэмы (1797–1805), пры дапамозе якой праз Бярэзіну і Улу былі наладжаны водныя зносіны паміж Дняпром і Заходняй Дзвіной. Лепель стаў цэнтрам гэтай сістэмы. Грашовыя рэсурсы, а праз іх і развіццё горада забяспечваў сплаў і продаж драўніны спелых лясоў, якія раслі ў паўночных абшарах Мінскай губерні.

Статус павятовага горада Лепелю быў нададзены 5 красавіка 1805 г. Да гэтага ён не меў якіх-небудзь геральдычных сімвалаў, хутчэй за ўсё таму, што быў у прыватным уладанні і ўласнікі не імкнуліся займець іх. У рапарце ад 12 мая 1849 г., як сведчаць дакументы Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва, гарадская дума паведамляла віцебскаму генерал-губернатару, што аніякіх звестак аб прысваенні герба г. Лепелю няма. Праект герба быў распрацаваны тагачасным завадатарам дваранства Віцебскай губерні. Пры разглядзе яго ў Санкт-Пецярбурзе паласатая частка поля шчыта была заменена на барвяную, а герб дапоўнены такой вядомай геральдычнай фігурай, як гарадская карона.

Герб г. Лепеля быў зацверджаны Мікалаем I, а ў верасні 1852 г. Сенат зацвердзіў наступнае яго апісанне: шчыт герба падзелены на дзве роўныя часткі, у верхняй адлюстраваны герб Віцебскай губерні, у ніжняй барвянай – срэбны конь падчас бегу з такім жа коннікам, які трымае ў правай руцэ ўзняты меч. Гэты герб выкарыстоўваўся да 1917 г.

Мастак В. А. Ляхар.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Г. Лепель // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 53-54.

2. Город Лепель // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 206–207.

3. Шушкевіч, А. Невядомая геральдыка : [З гісторыі герба г. Лепеля] / А. Шушкевіч // Лепел. край. – 2004. – 30 крас. – С. 2.

4. Яшчэ раз пра герб Лепеля // Лепел. край. – 1998. – 10 студз. – С.2.