Лёзна, г., Лёзненскі раён. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 18.08.2017 12:23
- Адноўлена 23.08.2017 08:18
Сцяг і флаг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 г. № 36.
Апісанне і выява герба
У блакітным полі іспанскага шчыта – залатая кроква, пад ёю – герб «Агінец». Вароты крэпасці, або трон чырвонага колеру, на якім крыж, або скіпетр срэбнага колеру.
Апісанне і выява сцяга
Блакітнае палотнішча прастакутнай формы з суадносінамі бакоў 1 : 2. У ніжняй частцы палотнішча размешчаны ламаны пояс жоўтага колеру.
У 1555 г. Мікулінская воласць каралём Сігізмундам была падорана Рыгору Валовічу, старасце Мярэцкаму, а ў 1573 г. – ваяводзе Смаленскаму. Ягоная дачка Раіна (Рэгіна) Валовіч выйшла замуж за Багдана Мацвеевіча Агінскага і перадала Мікуліна ў якасці пасагу роду князёў Агінскіх. Яе сын Самуэль Багданавіч Агінскі пры падзеле бацькоўскіх маёнткаў у 1625 г. атрымаў Мікуліна і Лёзна, якое, як сведчаць некаторыя крыніцы, было заснавана ў пачатку ХVII ст. князем Багданам. У 1654 г. Лёзна згадваецца ў дакументах як мястэчка. Пасля смерці Самуэля Багданавіча ў 1657 г. адбыўся падзел уладанняў паміж яго сынамі. Старэйшы Сімон (Шымон) Караль Агінскі, ваявода Мсціслаўскі, валодаў Лёзнам да 1699 г. Пасля ягонай смерці мястэчка было падзелена паміж сынамі Багуславам, Марцыянам-Міхаілам і Аляксандрам. У 1786 г. Агінскія заснавалі тут каменную праваслаўную царкву. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка Лёзна ў 1870 г. ад Агінскіх перайшло да Храпавіцкіх, а пазней – да палкоўніка Шыбекі.
Такім чынам, асновай сучаснага афіцыйнага геральдычнага сімвалу Лёзна з'яўляецца герб «Агінец» – родавы знак князёў Агінскіх, якія на працягу даволі доўгага гістарычнага перыяду былі ўладальнікамі гэтага паселішча. Апроч фамілынай сімволікі ў гербе скарыстана такая геральдычная фігура, як залатая кроква. Яе можна разглядаць і як літару «л» – першую ў назве гарадскога пасёлка. Сналучэнне родавага знака былых уладальнікаў з разнастайнымі геральдычнымі фігурамі з'яўляецца папулярным прыёмам у сучаснай геральдыцы.
Сцяг распрацаваны з выкарыстаннем асноўных колераў і фігур гарадскога герба.
Аўтар герба М. М. Елінская, мастак А. У. Леўчык.
ЛІТАРАТУРА
1. Г. п. Лёзна // Адамушка, У. І. Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 55, 56.
2. Лиозно // Адамушко, В. И. Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Мн., 2006. – С. 72, 73.
3. О гербе горпосёлка Лиозно // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2008. – 5 крас. – С. 1.