Дзісна, г., Мёрскі раён. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 18.08.2017 12:23
- Адноўлена 02.09.2020 09:23
Герб зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 г. № 60.
Сцяг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277.
Апісанне і выява герба
У блакітным полі барочнага шчыта – ладдзя натуральнага колеру з расхінутым срэбным ветразем на хвалях таго ж металу.
Апісанне і выява сцяга
Палотнішча прастакутнай формы з суадносінамі бакоў 1 : 2 складаецца з трох гарызантальных палос: верхняй і ніжняй – блакітнага колеру, якія займаюць 1/10 шырыні сцяга, і цэнтральнай – белага колеру. У цэнтры спераду палотнішча па белай паласе размешчана выява герба г. Дзісны.
20 студзеня 1569 г. згодна з прывілеяй караля Польскага Сігізмунда II Аўгуста горад атрымаў магдэбургскае права і як адзін з атрыбутаў самакіравання – герб.
Герб Дзісны, дарэчы, адзін з самых старажытных на Беларусі. Яго цэнтральная фігура – ладдзя з расхінутым белым ветразем і вольным сцягам на мачце – сімвалізуе гандаль на суднаходнай Заходняй Дзвіне, гандлёвым шляху «з вараг у грэкі».
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) г. Дзісна, які знаходзіўся ў складзе Расійскай Імперыі двойчы атрымліваў афіцыйны геральдычны сімвал, зацверджаны вярхоўнай уладай. Першы герб быў атрыманы 22 студзеня 1796 г.: «у верхняй частцы шчыта – герб Мінскі. У ніжняй – у сувязі са шчодрым у акрузе пасевам і ўраджаем лёну, якім жыхары гэтага новага горада ладзяць прыбытковы гандаль у Рызе, на гербе ў зялёным полі размешчаны залаты сноп лёну». У гербах гарадоў Мінскага намесніцтва, да якога ў той час належыла і Дзісна, дзяржаўны герб Расійскай Імперыі адлюстроўваўся цалкам, а герб намесніцкага г. Мінска размяшчаўся на грудзях двухгаловага арла.
3 1842 г. Дзісна ўвайшла ў склад Віленскай губерні і набыла трэці па ліку гарадскі герб. Ён атрыманы горадам 6 красавіка 1845 г. і адрозніваецца ад герба 1796 г. фігурай, якая размешчана ў яго верхняй частцы. У ёй – віленскі герб: у чырвоным полі ўзброены коннік з узнятым у правай руцэ мячом.
Аднак выканаўчы камітэт г. Дзісны, выконваючы рашэнне Віцебскага аблвыканкама ад 21.06.2001 № 378 «Аб распрацоўцы новых і ўзнаўленні гістарычных гербоў гарадоў і гарадскіх пасёлкаў Віцебскай вобласці», на аснове матэрыялаў, якія прадставіла раённая камісія па распрацоўцы гербавай сімволікі, аддаў перавагу самаму старэйшаму і таму найбольш ганароваму гербу, атрыманаму горадам у 1569 г.
Выява герба ўпершыню прадстаўлена ў кнізе А. Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі».
ЛІТАРАТУРА
1. Г. Дисна Миорского района // Адамушко, В. И. Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск, 2006. – С. 67–68.
2. Г. Дзісна Міёрскага раёна // Адамушка, У. І. Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С.В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 44–45.