Шуміліна, г. п., Шумілінскі раён. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 17.08.2017 12:23
- Адноўлена 23.08.2017 11:39
Герб і сцяг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 г. № 36.
Апісанне і выява герба
У блакітным полі барочнага шчыта – у залатым ззянні срэбная фігура Архангела Міхаіла. Ва ўзнятай правай руцэ Архангела – срэбны меч і чорныя вагі, у левай – срэбны шчыт з выявай двух залатых месяцаў, накіраваных рожкамі ў бакі, паміж якімі размешчаны аголены меч залатога колеру дзяржальнам уверх. Пад нагамі Архангела – змей зялёнага колеру з чорным языком.
Апісанне і выява сцяга
Блакітнае палотнішча прастакутнай формы з суадносінамі бакоў 1 : 2. У цэнтры спераду палотнішча – выява герба Шумілінскага раёна.
Шумілінскі раён на працягу ўсёй гісторыі не меў герба.
У XVIII ст. мястэчка Сіроцін належыла Урбану Антонію Грабніцкаму. Па яго просьбе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надзяліў Сіроцін магдэбургскім правам і адпаведнымі прывілеямі. 12 студзеня 1767 г. быў атрыманы таксама і геральдычны сімвал з адлюстраваннем Архангела Міхаіла, які з'яўляецца абаронцам грамадзянскіх правоў і справядлівасці. Геральдычны сімвал пацвярджаў прыхільнасць яго ўладальніка да хрысціянскіх каштоўнасцей. У сярэдневяковым мастацтве Архангел Міхаіл адлюстроўваўся як абаронца ваяўнічай царквы, які вядзе нябеснае войска да перамогі над Люцыферам і страціўшымі годнасць анёламі. Дададзім, што гэты архангел і святы быў заступнікам хворых і воінаў, яго заклікалі на дапамогу ў баі і падчас небяспекі на моры.
Вёска Сіроціна, якая 17 ліпеня 1924 г. дала назву ўсяму раёну – Сіроцінскі, у 1927 г. перайменавана ў г. п. Шуміліна, а 23 лістапада 1961 г. з'явіўся і Шумілінскі раён.
Такім чынам, гістарычны герб паслужыў асновай стварэння афіцыйных геральдычных сімвалаў Шумілінскага раёна. Ён сімвалізуе повязь мінулага з сучаснасцю, непарыўнасць пакаленняў.
Герб упершыню быў апублікаваны ў кнізе А. Цітова «Геральдыка беларускіх местаў».
Герб Шумілінскага раёна належыць да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.
ЛІТАРАТУРА
1. Герб Шумілінскага раёна // Герой працы (Шумiлiна). – 2006. – 12 мая. – С. 1.
2. Шумилинский район // Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Мн., 2006. – С. 92–93.
3. Шумілінскі раён // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С .В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 87–88.
4. Якаўлева, І. Герб – гонар раёна / І. Якаўлева // Герой працы (Шумiлiна). – 2005. – 21 студз. – С. 2.