Лытнупы, г. п., Пастаўскі раён. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 28.08.2017 12:23
- Адноўлена 29.08.2017 12:47
Герб і сцяг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2011 г. № 86 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 15 сакавіка 2011 г. № Б-184 і № Б-185.
Герб і сцяг адобраны рашэннем Лынтупскага сельскага Савета дэпутатаў ад 20 мая 2010 г. № 1/2.
Апісанне і выява герба
У блакітным полі іспанскага шчыта на зялёнай аканечнасці, якая падтрымана срэбным хвалістым поясам, выява залатой вежы.
Апісанне і выява сцяга
Прастакутнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох вертыкальных роўнавялікіх палос: дзвюх блакітнага колеру, размешчаных па баках, і цэнтральнай паласы жоўтага колеру, у цэнтры правага боку якога выява герба гарадскога пасёлка Лынтупы Пастаўскага раёна.
Аўтар герба і сцяга – М. М. Ялінская, мастак – В. А. Ляхор.
Пры стварэнні новых герба і сцяга гарадскога пасёлка Лынтупы Пастаўскага раёна быў выкарыстаны «архітэктурны» прынцып, пры якім выкарыстоўваецца пэўнае гістарычнае збудаванне населенага пункта (крапасная сцяна, храм, будынак, вежа і г.д.), якія існавалі ў горадзе. Пабудова (ці яе фрагменты, якія захаваліся) з'яўляецца знакавай для мясцовых жыхароў. У пісьмовых крыніцах Лынтупы ўпамінаюцца ў 1385 г., а з 1459 г. вядомыя як прыватнаўласніцкае мястэчка, якое належыла віленскаму ваяводзе А. Даўгірдовічу. Дзякуючы яго дапамозе і падтрымцы тут быў пабудаваны драўляны касцёл Святога апостала Андрэя, пазней неаднаразова перабудоўваўся. У 16 ст. Лынтупы ўваходзілі ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і знаходзіліся ва ўласнасці Астроўскіх, Гільзенаў, Бучынскіх. У 1854–1939 гг. належылі Бішэўскім. У 1907 г. у пасёлку пабудавалі вежу-вяндлярню, якая захавалася да нашых дзён у тым выглядзе, у якім яна прадстаўлена на гербе і сцягу. Разам з часткова захаваўшайся сядзібай і Андрэеўскім касцёлам, вежа з'яўляецца помнікам архітэктуры пачатку 20 ст. Яе дапаўняе геральдычная выява р. Лынтупкі, на беразе якой яна стаіць.
ЛІТАРАТУРА
1. Городской посёлок Лынтупы Поставского района // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 210–211.
2. Пракаповіч, І. М. Лынтупы // Чароўны край – Пастаўшчына : вуч. дапам. па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2-е выд., дапр. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 270–279.
3. Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области [Электронный ресурс] : Указ Президента Республики Беларусь, 28 февр. 2011 г., № 86 // ЭТАЛОН. Законодательство Республики Беларусь / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. – Минск, 2016.