Ушачы, г. п., Ушацкі раён. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 28.08.2017 12:23
- Адноўлена 29.08.2017 07:31
Герб гарадскога пасёлка Ушачы зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 26 ліпеня 2002 г. № 96.
Сцяг гарадскога пасёлка Ушачы і Ушацкага раёна зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2011 г. № 86 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 15 сакавіка 2011 г. № Б-192.
Апісанне і выява герба
У срэбным полі барочнага шчыта адлюстраванне Святога Лаўрэнція, за ягонай выявай – блакітная рака.
Апісанне і выява сцяга
Прастакутнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1 : 2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх палос: верхняй – белага і ніжняй – блакітнага колеру, у цэнтры правага боку якога выява герба гарадскога пасёлка Ушачы.
Пасёлак гарадскога тыпу Ушачы вядомы з XVI ст. як сяло Полацкага ваяводства, уладанне А. Сялявы, а затым – ягоных сыноў. З 1594 г. – цэнтр воласці. У 1624 г. Ушачы належылі полацкаму стольніку Ю. Кляноўскаму. У 1672 г. уладальнік паселішча Д. Радзімінскі-Францкевіч пабудаваў тут кляштар базыліян. У XVIІ – XVIІІ стст. Ушачы належылі Шчытам, Жабам, Плятэрам. У 1716 г. І. Жаба заснаваў касцёл і дамініканскі кляштар з гаспадарчымі пабудовамі, піваварняй, лазняй, шпіталем і шасцікласнай школай. 23 верасня 1758 г. Ушачы атрымалі магдэбургскае права і разам з ім герб з выявай Святога Лаўрэнція.
Гарадскія гербы з адлюстраваннем святых не з'яўляюцца выключэннем для беларускай тэрытарыяльнай сімволікі. У многіх выпадках лічылася, што святы з'яўляецца заступнікам, ахоўнікам горада. Такі святы асабліва ўслаўляўся, у гонар яго ўзводзілі храмы, ладзіліся святы. Святы Лаўрэнцій – рэальная гістарычная асоба. Іспанец па паходжанні, пры жыцці ён служыў казначэем пры царкве, быў ахоўнікам Святога Пісання і царкоўных кніг, памёр каля 258 г. Лічыцца абаронцам жабракоў, заступнікам бібліятэкараў і кухараў. Праславіўся сваёй ціхмянасцю і цудадзейным лекаваннем. Лаўрэнцію было загадана выдаць рымскім чыноўнікам царкоўныя каштоўнасці. Раздаўшы ўсе царкоўныя грошы і маёмасць беднаце, ён сабраў жабракоў, удоў, сірот, хворых і сляпых перад рымлянамі як «скарб царквы». Лаўрэнція катавалі, а пасля жывога падсмажылі на распаленай жалезнай рашотцы. Ва ўзнагароду за ціхмянасць Лаўрэнцію была даравана прывілея – кожную пятніцу ён меў права вывесці з чысцілішча адну душу. У хрысціянскім мастацтве Лаўрэнція адлюстроўвалі ў абліччы маладога чалавека ў вопратцы дыякана, з кароткімі цёмнымі валасамі і барадой. Яго атрыбуты – пальмавая галіна, торба з грашамі або золатам і рашотка. Прыкладна такім мы і бачым яго на гербе Ушачаў.
Мастак адноўленага герба – А. У. Леўчык; аўтар сцяга – М. М. Ялінская, мастак В. А. Ляхор.
ЛІТАРАТУРА
1. Городской посёлок Ушачи // Современная геральдика Беларуси / В. Адамушко, М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 246–247.
2. Г. п. Ушачы // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 81–82.
3. Ушачы // Геральдыка беларускіх местаў (XVI – пачатак XX ст.) / А. Цітоў. – Мінск : Полымя, 1998. – С. 247
4. Ушачы // Гербоўнік баларускіх гарадоў (XVI – пачатак XX ст.) / А. Цітоў. – Мінск : Беларусь, 2015. – С. 166.