Віцебская вобласць. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 28.08.2017 12:23
- Адноўлена 29.08.2017 12:36
Герб і сцяг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 4 чэрвеня 2009 г. № Б-157 і № Б-158.
Апісанне і выява герба
У чырвоным полі французскага шчыта выява срэбнага конніка ў даспехах, які трымае ў правай руцэ над галавой меч, у левай руцэ – шчыт з залатым шасціканечным крыжам. Герб узвершвае вялікая гарадская карона з пяццю зубцамі, унізе яго абводзяць дзве залатыя дубовыя галіны, перавітыя і злучаныя блакітнай ордэнскай стужкай.
Апісанне і выява сцяга
Сцяг уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча зялёнага колеру з суадносінамі бакоў 1 : 2, у цэнтры спераду якога размешчана выява герба.
Старажытны герб крывічоў – коннік з мячом у руцэ лепей за іншыя сімвалы ілюструе шматвекавую гераічную абарону земляў цяперашняй Віцебшчыны. Гэта сімвал стойкасці і мужнасці ў абароне сваёй зямлі ад заваёўнікаў, пераможнага ўмельства ў вайсковай справе. Ён вядомы жыхарам нашай зямлі ўжо на працягу звыш сямі стагоддзяў, з другой паловы XIII ст.
Пры распрацоўцы герба вобласці плённа скарыстана гістарычная аснова – герб Віцебскага ваяводства пары Вялікага Княства Літоўскага (1506 г.) і герб Віцебскай губерні, зацверджаны расійскім імператарам Мікалаем І у 1856 г. Коннік уяўляе сабой афіцэра рускай кавалерыі канца XVIII – пачатку XIX ст. Але ў яго выяве лёгка заўважыць і беларускую адметнасць. Гэта, напрыклад, трохканцовае покрыва на кані (гунька).
А яшчэ звяртае на сябе ўвагу адметнасць зусім іншага кшталту, маецца на ўвазе адлюстраваны на шчыце конніка шасціканцовы залаты крыж, які вядомы і як Крыж Святой Еўфрасінні.
У XIX ст. гарадскія гербы, у тым ліку і для беларускіх гарадоў і губерняў, распрацоўваліся спецыялістамі Геральдмейстарскай канторы ў Санкт-Пецярбурзе. Падчас гэтай распрацоўкі гербы шэрагу нашых паселішчаў іншым разам змяняліся, або перайначваліся іх сюжэты. Што да Віцебскай губерні, дык яе герб цалкам захаваў сваю аснову, якая была закладзена ў XVІ ст. і ў якой адлюстравана наша пачэсная гістарычная роля.
У распрацоўцы сцяга Віцебскай вобласці скарыстаны прынцып гістарызму. Як вядома з дакументаў, пасля адміністрацыйнай рэформы 1564–1566 гг. ваяводствы Вялікага Княства Літоўскага атрымалі з казны зацверджаныя сцягі. Віцебскае ваяводства сярод іншых – сцяг зялёнага колеру. Гэты колер і захаваны.
Мастак В. А. Ляхар.
ЛІТАРАТУРА
1. Витебская область // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 160–161.
2. Герб і флаг Віцебскай вобласці // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 22–23.
3. Цітоў, А. Гербоўнік баларускіх гарадоў (XVI – пачатак XX ст.) / А. Цітоў. – Мінск : Беларусь, 2015. – 175 с.: іл.
4. Шаланда, А. Сімвалы і гербы зямель Беларусі ў X – XVIІІ стст. : геральдычна-сфагністычныя нарысы / А. Шаланда. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – 182 с.: іл.