Віцебск, г. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 21.09.2017 12:23
- Адноўлена 22.09.2017 12:27
Герб і сцяг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 г. № 60; у новай графічнай рэдакцыі – Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277.
Апісанне і выява герба
У блакітным полі іспанскага шчыта – вобраз Збавіцеля, адлюстраваны ў профіль, вакол яго галавы зверху справа – літары «ІX», злева – літары «XΣ» з цітламі, ніжэй справа і злева – літары «С» з цітламі. Пад ім месціцца аголены срэбны меч з залатым дзяржальнам, скіраваны ўлева. У якасці шчытаносца – херувім, злева і справа ад герба на чырвоным картушы барочнай формы – фігуры анёлаў, якія трымаюць ленту блакітнага колеру. Унізе герба – лаўровы вянок.
Віцебск за сваю шматвекавую гісторыю меў некалькі афіцыйных геральдычных сімвалаў.
Пра набыццё Віцебскам герба засведчана ў «Дараванай грамаце караля Сігізмунда III віцебскім мяшчанам на магдэбургскае права 1597 г. сакавіка 17». Атрыманы геральдычны сімвал быў сведчаннем таго, што горад у сваім развіцці перайшоў на якасна новую сацыяльна-прававую ступень. Відавочна, што менавіта гэты герб Віцебска з'яўляецца першым афіцыйна зацверджаным. Можна толькі ўявіць, што падчас звяртання да караля Сігізмунда аб атрыманні магдэбургскага права віцебляне ў якасці выявы для герба маглі мець на ўвазе ўжо звыклы для іх па гарадскіх пячатках вобраз Збавіцеля. Адна з нямногіх крыніц, у якой маюцца праўдзівыя выявы герба г. Віцебска (1597), гарадской пячаткі (1559), герба Віцебскага ваяводства (з 1506 г.) – кніга «Віцебская даўніна» А. П. Сапунова.
Пасля забойства ўніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча ў ходзе паўстання гараджан 1623 г. горад быў пазбаўлены магдэбургскага права, а разам з ім і герба. У 1644 г. магдэбургскае права і герб адноўлены польскім каралём і вялікім князем літоўскім Уладзіславам IV.
У 1772 г. Віцебск увайшоў у склад Расійскай імперыі. 21 верасня 1781 г. расійскай імператрыцай Кацярынай II гарадам Полацкага намесніцтва былі дадзены аднолькавыя гербы з адрозненнем у афармленні шчытоў. Шчыт віцебскага герба ад гербаў іншых гарадоў намесніцтва адрозніваўся чырвоным са срэбнымі палосамі полем.
У сваім адлюстраванні віцебскі герб спалучае рэлігійную (Спас Нерукатворны) і абарончую (меч) сімволікі. Праз усю гісторыю Віцебска з прычыны яго асаблівага геапалітычнага становішча прайшло шмат войнаў. Любоў тутэйшых жыхароў да роднага горада, іхняе пачуццё патрыятызму і рыцарская самасвядомасць якраз і адлюстраваны ў гербе.
Герб Віцебска належыць да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.
Сучасную ізаграфію зрабіў мастак А. У. Аніськовіч.
Апісанне і выява сцяга
Прастакутнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1 : 2, у цэнтры спераду якога – адлюстраванне герба г. Віцебска.
ЛІТАРАТУРА
1. Буевич, Т. Гербу Витебска – 420 лет / Т. Буевич ; беседовала Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 16 марта. – С. 1–2.
2. Г. Витебск // Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : Беларусь, 2006. – С. 63–64.
3. Г. Віцебск // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 39–40.
4. Г. Витебск // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 184–189.
5. Курмель, С. Геральдычны вянок Віцебшчыны сплецены / С. Крумель // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 11 июня. – С. 2, ІІІ.
6. Паўлаў, М. У. Пра што расказвае віцебскі гарадскі герб / М. У. Паўлаў. – Віцебск : Яўген Калбовіч, 2005. – 12 с.
7. Цітоў, А. Гербоўнік беларускіх гарадоў (XVI – пачатак XX ст.) / А. Цітоў. – Мінск : Беларусь, 2015. – 172 с.
8. Шаланда, А. Сімвалы і гербы зямель Беларусі ў X–XVIII стст. : геральдычна-сфрагістычныя нарысы / А. Шаланда. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – 180 с.