Дуброўна, г., Дубровенскі раён. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 23.04.2024 12:23
- Адноўлена 23.04.2024 16:07
Герб зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 1997 г. № 11.
Сцяг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2011 г. № 86.
Апісанне і выява герба
У блакітным з чорным швом сценным полі варажскага шчыта – срэбныя закругленыя ўверсе вароты з закрытымі блакітнымі дзвярамі, якія ўвершаны залатой дубовай галінай з жалудом і двума лісцінкамі. Унізе варот – такія ж залатыя дубовыя галіны.
Апісанне і выява сцяга
Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, унізе якога праходзяць тры гарызантальныя роўнавялікія палосы блакітнага, белага і блакітнага колеру, кожная з якіх складае адну дзясятую шырыні сцяга. У цэнтры палотнішча над палосамі намаляваны герб г. Дуброўна.
Выява герба сімвалізуе геаграфічнае размяшчэнне г. Дуброўна на ўсходняй граніцы Беларусі. Тут здаўна праходзілі гандлёвыя і ваенна-стратэгічныя шляхі на Маскву. Гэты населены пункт з'яўляецца галоўнымі «ўсходнімі варотамі» Беларусі.
У гербе знайшла сваё ўвасабленне і назва горада, якая звязана са словам «дуброва». Яго «прамаўляюць» тры дубовыя залатыя галіны з жалудамі і двума лісцінкамі на кожнай. Такое кампазіцыйнае размяшчэнне галін – адной зверху, дзвюх другіх па баках асновы каменных варот – мае падабенства з пабудовай старажытнага шляхецкага герба «Дамброва». Гэты прыватны герб уяўляе сабой выяву падковы з крыжамі ўверсе і па баках.
Тры колеры, якія выкарыстаны ў гербе (блакітны, залаты і срэбны), адпавядаюць колерам герба «Ляліва», якім карыстаўся шляхецкі род Глебавічаў – уладальнікаў маёнтка Дуброўна ў XVI–XVII стст. Гэта нагадвае пра тое, што Глебавічы заснавалі замак і мястэчка, якое лягло ў аснову сучаснага г. Дуброўна.
Аўтар герба В. Л. Насевіч, мастак А. У. Леўчык.
Аўтар сцяга М. М. Елінская, мастак В. А. Ляхар.
ЛІТАРАТУРА
1. Г. Дубровно // Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : Беларусь, 2006. – С. 70–71.
2. Г. Дуброўна // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 50.
3. Герб Дубровно – на почтовой марке // Народнае слова. – 2005. – 7 чэрв. – С. 6.
4. Город Дубровно // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 202–203.
5. Пучкова, Т. Герб Дуброўна – крыжыкам на палатне / Т. Пучкова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2006. – 9 снеж. – С. 2–3.
СПАСЫЛКІ
Дубровенский районный исполнительный комитет. Геральдика. Герб и флаг г. Дубровно
Официальные геральдические символы Республики Беларусь. Дубровенский район. г. Дубровно