Расоны, г., Расонскі раён. Герб і сцяг
- Подробности
- Створана 26.04.2024 10:23
- Адноўлена 26.04.2024 10:45
Герб зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 г. № 36.
Сцяг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277.
Апісанне і выява герба
У зялёным полі іспанскага шчыта – срэбны хвалісты пояс і звернуты ўправа залаты лось, які змешчаны над гэтым поясам.
Апісанне і выява сцяга
Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх гарызантальных палос: верхняй – жоўтага і ніжняй – зялёнага колеру, у цэнтры якога размешчаны герб г. Расоны.
На гербе г. п. Расоны – фігура стаячага лася залатога колеру, звернутая ўправа. Гэта найбольш буйны прадстаўнік багатага жывёльнага свету рэгіёна. Птушкі, рыбы i жывёлы ў натуральных позах даволі шырока распаўсюджаны ў гербах як беларускай тэрытарыяльнай геральдыкі, так i міжнароднай. Гэта так званыя натуральныя негеральдычныя фігуры. У якасці прыкладу такіх гербоў можна назваць гербы Вельска 1501 г. (Польшча) з выявай зубра ў срэбным полі; Растова 1778 г. (Расія, Яраслаўская вобласць) – з аленем у чырвоным полі; вёскі Гарадной 1792 г. (Беларусь, Брэсцкая вобласць) – з лосем натуральнага колеру ў срэбным полі.
У сімвалах іншых гарадоў, у адрозненні ад названых, часта сустракаюцца жывёлы, выявы якіх адлюстраваны з выключна геральдычнымі асаблівасцямі. Прадстаўнікі фаўны ў такіх гербах выцягнутыя, узнятыя на дыбкі, стаяць на дзвюх лапах, маюць нязвыклыя формы i розныя атрыбуты. Так, у гербе Гродна алень Святога Губерта, які пераскоквае цераз срэбную агароджу, мае залаты крыж паміж рагоў, смаргонскі танцуючы мядзведзь трымае ў лапах родавы герб Радзівілаў, а галаву мірскага арла ўзвершвае карона.
У гербе Расонаў геральдычны элемент не парушае натуральнага стану галоўнай фігуры – жывёліны. Наадварот, срэбны хвалісты пояс у ніжняй частцы герба з'яўляецца своеасаблівым штрыхом, які надае завершанасць афіцыйнаму геральдычнаму сімвалу, створанаму ў нашы дні. Яго наяўнасць у полі шчыта да месца, бо значную плошчу раёна займаюць рэкі i азёры, а пад лесам яе – 72 %, што ўвасоблена ў гербе пры дапамозе зялёнай эмалі.
Аўтар сцяга – А. У. Леўчык.
ЛІТАРАТУРА
1. Г. п. Расоны // Геральдычны вянок Віцебшчыны / У. І. Адамушка, М. М. Елінская, С. В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 72–73.
2. Г. п. Россоны // Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : Беларусь, 2006. – С. 83–84.
3. Городской посёлок Россоны // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – С. 236–237.
СПАСЫЛКІ
Официальные геральдические символы Республики Беларусь. г. п. Россоны