Аршанскі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 06.05.2013 07:26
- Адноўлена 13.04.2017 06:56
Багатай на паэтычнае слова заўсёды была Аршанская зямля. Здаўна даследчыкі запісвалі тут цікавыя казкі і песні, абрады і прымаўкі, якія больш не сустракаюцца ні ў адным раёне Беларусі. Не адно пакаленне было ўзгадавана на захаванні памяці сваіх продкаў, таму і дайшлі да нас многія легенды і паданні, якія бытавалі ў Аршанскім раёне.
Цікавыя легенды запісаны ў вып. 4 «Беларускага зборніка» Е. Раманава: «Юрый: Мікола і мужык», «Кузьма-Дзям'ян».
Сярод паданняў многа тапанімічных.
Барань
У адной сям'і рос маленькі хлопчык Міканорка. Бацькі яго лашчылі і шкадавалі, ды здарылася ліха: захварэлі яны. На ўсю вёску іхнюю тады нейкая пошасць найшла, людзі, што мухі, мерлі. Так тая хвароба выкасіла вяскоўцаў, засталіся ўсяго, можа, чалавек з дзесяць у жывых, і сярод іх Міканорка. Забралі яго да сябе бабуля і дзядуля, якія жылі ў другой вёсцы. Увагі ды ласкі ўдзялялі яму не меней за родных бацькоў, нічога для ўнука не шкадавалі. Куды самі ішлі ці ехалі, туды і Міканорку за сабой цягнулі. Калі што якое, дык дзед мовіў:
– Яму ж, небараку, дома сумна аднаму сядзець – ні пагуляцца няма з кім, ні пазабаўляцца...
А бабуля, ведама ж жанчына, дадавала:
– Ды і пакрыўдзіць незнарок хто можа, мы і не пабачым. Няхай з намі будзе, усё ж спакайней.
Вось такая залішняя перасцярога і падвяла аднойчы старых. Хацелі як лепей, а зрабілі наадварот. Паслухайце, як было.
Аднаго разу, на вялікае свята Вялікдзень, усе людзі да цэркваў збіраліся, дык і старыя паехалі, з разлікам, каб усяночную адстаяць і толькі з раніцы падавацца дамоў. Міканорку з сабой узялі, а каб хлопчык усё ж паспаў, то наклалі ў воз сена, узялі падушку, посцілку.
Прыехалі да царквы, а там народу... Пакуль месца знайшлі, пакуль коніка распрэглі, пакуль малому растлумачылі, што да чаго, то і часу нямала прайшло. Бабуля, адыходзячы, наказала:
– Глядзі ж, родненькі, захочаш спаць, дык кладзіся і спі, а мы будзем часта падыходзіць. Калі хто прычэпіцца, то не бойся, крычы. Людзей многа, яны ўмомант учэпяцца і надаюць у каршэнь злыдню.
– Ідзіце – я не баюся. Мне тут усё цікава, дык я з воза за ўсімі назіраць буду, – адказаў малы.
Старыя і пайшлі. Пастаялі нейкую гадзіну ў царкве, бабуля прыбегла глянуць на ўнука – той сядзеў на возе і дапытліва пазіраў наўкола. Яна спакойна падалася назад. Потым гэткі ж манеўр здзейсніў дзед. I на той раз усё было ў парадку. Так яны і стаялі ў царкве сярод людзей. Час ад часу выбягалі і назад вярталіся. Потым, калі Міканорка спаць лёг, то старая яго накрыла добра, перахрысціла і службу даслухваць пайшла.
Благое раніцай здарылася. Людзі натоўпам з царквы павалілі, да вазоў разыходзіцца сталі, і тут старая занепакоілася:
– Дзеду, а дзе ж гэта наш Міканорка?
– Ён жа спаў... Можа, у сена зашыўся, дык і не відаць яго, жэўжыка...
– Ды не, нешта тут не тое.
– Зараз глянем.
Падышлі да воза, зірнулі – і сапраўды, няма малога. Яны туды, яны сюды, крычаць-клікаць пачалі, у людзей дапытвацца – нідзе хлапчука не было, ніхто яго не бачыў.
Заплакала горка-горка бабуля, загаласіла:
– Не ўбераглі... Не ўбераглі хлапчынку... Бяда нам цяпер вялікая... А можа...
Ускінулася старая і кінулася назад у царкву. Уляцела, а ўжо бацюшка з дзякам яе зачыняць збіраліся. Укленчыла:
– Бацюшка, родненькі, ратуй...
– Што здарылася?
– Унучак наш прапаў... Няма нідзе, колькі ні бегалі, колькі ні гукалі...
– Можа, недзе з сябрукамі галёкае?
– Ды не, у яго сяброў тут няма, бо ён жа ў нас на хутары жыў... Бацькі ягоныя даўно памерлі, і мы малечу гадавалі...
– Пашукаць трэба лепей.
– Ды мы ўжо ўсё абшукалі, і людзі нам дапамагалі... Усе куткі, усе закавулкі абгледзелі...
Задумаўся бацюшка, не ведае, што і параіць старой жанчыне, як яе суцешыць. А тая глядзіць на яго, паратунку чакае. Потым, павагаўшыся, прамовіў:
– А можа, гэта ты Богу нашаму прынесла малога сённяшняй ноччу ў ахвяру?
Бабуля як стаяла на каленях, так ледзьве не грохнулася галавою аб падлогу. Не чакала яна такога ад служкі Усявышняга.
– Што гэта ты, бацюшка, пляцеш? Як гэта ў цябе язык на такое павярнуўся? Я ж і табе, і Богу свята верыла, а ты вунь пра што падумаў...
Плюнула старая са злосці, крутнулася і з царквы падалася. А там яе ўжо людзі з навіной чакалі. Аказалася, што нехта ўсё ж бачыў, як ля іхняга воза круціліся двое жабракоў. Ці не яны гэта зладзейства і ўчынілі...
Як пачула такое старая, дык валасы на галаве пачала рваць:
– Родненькі мой, каханенькі мой! Ды яны ж могуць цябе калекам зрабіць. Як жа мы цябе не ўсцераглі!..
Побач стаяў і плакаў стары. Так яны і паехалі, плачучы ды стогнучы, дамоў, так і жылі далей, праклінаючы злую долю, штодня звяртаючыся да неба, каб яно забрала іх з гэтай зямлі, дзе ім ужо не было болей радасці. Ды не спяшалася неба выконваць іхнія просьбы, не забірала да сябе, нібы сцвярджаючы, што прыспее яшчэ часіна і сустрэнуцца яны з унукам.
А з Міканоркам вось што здарылася. Сапраўды, у тую ноч ля царквы было многа ўсялякіх жабракоў ды калек. Яны толькі і чакалі моманту, каб выплакаць у вяскоўцаў кавалак хлеба ці якую капейчыну. Справа ў тым, што на Вялікдзень ніхто не меў права ў гэтым адмаўляць – ні багаты, ні бедны. Дык вось, двое жабракоў, мужык з жонкай, круціліся ля воза, дзе спаў хлапчынка, і ён ім нечым спадабаўся. А справа ў тым, што самі яны былі жабракамі не ад таго, што зямлі не мелі, а ад таго, што працаваць не любілі. Вось паспаць, паляжаць – гэта справа зусім іншая, а каб на ніве шчыраваць – і ў галаву не прыходзіла. Пабачылі, што ніхто на іх увагі не звяртае, схапілі соннага хлопчыка з сена і ўцякаць. Бягуць, а Міканорка і вочкі свае не расплюшчвае – спіць соладка, дый годзе.
Прачнуўся малы ў чужой хаціне і давай горка плакаць, дамоў прасіцца. Гаспадары яго ўсяляк супакойваць пачалі:
– Чаго ты, дурненькі, плачаш? У нас табе намнога лепей будзе, спакайней. Цацак табе ўсялякіх наробім, гуляцца з імі станеш...
А той сваё:
– Завязіце да бабулі, да дзядулі... Да іх хачу... Тады гаспадары, асабліва не валэндаючыся, адлупцавалі малога і прымусілі маўчаць. Забіўся Міканорка ў куточак на печы і голас падаць баяўся, каб зноў біць не сталі.
У той жабрацкай сям'і, у гаспадара, былі два старэйшыя браты, якія ў свой час па-справядліваму падзялілі на тры надзелы бацькоўскую зямлю, каб нікому не было крыўдна, і спраўна вялі свае гаспадаркі. Нельга сказаць, што яны былі багацеямі, але што заможнымі сялянамі сталі, дык гэта дакладна. Спачатку браты дапамагалі малодшаму з жонкай, але потым паглядзелі, паглядзелі і плюнулі.
– Што ж мы на іх будзем рукі рваць, а яны самі толькі палежваюць ды пасміхваюцца? Калі ім добра, то і нам няблага. Як хочуць – няхай так і жывуць. Не станем ім перашкаджаць, але і дапамагаць болей не будзем.
У іх сем'і вялікія, дружныя, працавітыя былі. Як выйдуць на любую працу, то толькі глядзі, як справа наперад пасоўваецца.
Аднаго разу глядзяць, ажно і ў малодшага брата нейкі хлапчук па падворку ходзіць. Яны кінуліся да гаспадара дапытвацца, адкуль дзіця ў хаце. Каб яшчэ немаўля, дык зразумела, а то хлопчыку ўжо на выгляд гадоў дзесяць. Жабракі праўды не сказалі, маўляў, наш, дый годзе! А калі браты добра прыціснулі, то гаспадыня задаволена прамовіла:
– А вам якая справа? Усынавілі мы сірацінку! Зразумелі?! Мы ж у вас не дапытваемся, адкуль на вашых падворках дзяцей гэтулькі. А вы аднаго ўбачылі і адразу прыляцелі!
Крутнулі галовамі браты і пайшлі з двара. Калі ўжо добра адышліся, то адзін з іх і кажа:
– Бачыў, братка, як той хлапчынка спалохана туліўся да сцяны? Што ваўчанятка якое...
– Так, відаць, не соладка яму прыйшлося за тыя пару начэй, якія тут правёў. А як яно потым будзе?..
Разам браты дайшлі да сваіх хацін, пагаманілі яшчэ крыху і разышліся. Дома таксама распавялі пра тое, што бачылі і чулі.
Ды ўсё ж Міканорку пашанцавала. Справа ў тым, што рос ён кемлівым хлопчыкам, мог да такога дадумацца, што і дарослы сваім розумам не дайшоў бы.
Неяк непрыкметна год за годам мінаў. Ён усё навучыўся рабіць – і араць, і скародзіць, і сеяць, таму з кожным годам усё болей і болей зямлі засяваў. Да таго часу гаспадар-жабрак памёр, а ягоная жонка пайшла недзе ў людзі прасіць хлеба, хоць Міканорка і казаў ёй, што ў саміх цяпер на тры сям'і хопіць. Ды не паслухалася гультайка, не хацела хлопцу ні дапамагаць, ні падпарадкоўвацца. Як пайшла, то недзе заблукала на лясных дарогах і парвалі яе там ваўкі. Пра гэта ўжо праз пару месяцаў паведамілі маладому гаспадару падарожныя, якія ці то чулі гэтую навіну, ці то на ўласныя вочы бачылі.
Вось тут зразумеў Міканор, што зусім адзін застаўся, што няма болей каго баяцца, бо, па-першае, сам за сябе пастаяць мог, а па-другое, гаспадарка да яго перайшла, і цяпер, калі яе па-разумнаму весці, то ўсяго заўсёды ставаць будзе, нават у самыя засушлівыя і неўрадлівыя гады.
Згадаў і старых дзедку ды бабульку, якія яго некалі прытулілі, не далі сканаць дзе-небудзь пад плотам ці трапіць на сняданак лясным звярам. Захацелася яму распытаць людзей, схадзіць у тую вёску, адкуль яго некалі ўкралі. А тут яшчэ адна падзея прымусіла яго на некаторы час пакінуць дахоўку і хавацца.
Здарылася вось што. Тыя два браты ягонага былога гаспадара шкадавалі яго толькі перад вяскоўцамі, калі жывыя жабракі былі, ды па-ранейшаму нічога не рабілі, і гаспадарка была ў заняпадзе. А калі ўбачылі, што Міканор гаспадарку пачаў наладжваць, а праз некаторы час яна стала лепшай за іхнія, то зайздрасць абодвух забрала. Як жа так? Зямля іхняга бацькі-нябожчыка, брата ўжо няма, а гэты хлопец-прыхадзень якое дачыненне мае да іхняй спадчыны? Болей таго, жонкі ў справу падключыліся і давай нашэптваць-падвучваць:
– Што вы з ім валэндаецеся? Заманіце ў лес ды забіце.
– Ага, забіце, – адказвалі тыя. – Ды ў яго сілы – на шасцярых хопіць і яшчэ застанецца на тое, каб магілы ўсім выкапаць...
Яно і сапраўды так. Хлапчына вымахаў, дай Бог кожнаму. Сілы меў, што сапраўдны волат-асілак.
– Баіцеся ў адкрытую забіць, дык падпаіце і ўтапіце дзе-небудзь... – не адступаліся жанчыны.
– Дык ён жа не п'е, – пачынаў першы. Другі звычайна дадаваў:
– А калі і пачне піць, то што той конь выжлукціць. I не дурань жа ён, і нас прымусіць выпіць з ім. Зноў не на нашу карысць... Потым яшчэ на смех перад людзьмі выставіць. Ён такі...
Доўга спрачаліся паміж сабою жанчыны і мужчыны, не маглі нічога прыдумаць, але потым усё ж неяк вырашылі, што падпільнуюць на лясной дарозе і з-за куста сякерай па галаве секануць. Тут ужо ніякая сіла не дапаможа. Задаволеныя спаць палеглі, дамовіўшыся, хто з раніцы пойдуць Міканора прасіць дапамагчы бярвенні на воз сцягваць. Ён да іхняй дзялянкі пакіруе, там яны яго і перастрэнуць.
Але ў адным пралічыліся зласліўцы. Справа ў тым, што дачка сярэдняга брата закахалася ў Міканора. Вось яна падслухала гаворку бацькоў, ды яны не надта і хаваліся, размаўлялі ўголас, дачакалася, пакуль яны паснулі, выскачыла з хаціны і памкнулася да Міканоравага дворышча. Ноч была на двары, страшнавата, а ісці трэба было з добрую вярсту, ды ўсё глухім борам...
Калі дабралася да хаціны Міканора, то той яшчэ не спаў, сядзеў перад грубкай, кідаў туды трэсачкі і задуменна глядзеў на полымя, якое то гасла, то ўзгаралася з новай сілай. Побач спяваў-выводзіў сваю адвечную песню кот – верны спадарожнік гаспадара. У гэты момант і грукнула ў дзверы, хлопец ажно ўздрыгануўся.
– Каго гэта там нясе ў такі позні час? Каму гэта не спіцца?
Убачыўшы на парозе дзяўчыну, Міканор зніякавеў, ды тая пачала сама:
– Міканорка, сцеражыся...
– Чаго гэта? Каго мне баяцца? Дзе яны?
– Ды яны не тут, яны заўтра цябе чакаць будуць...
– Хто?
Тут дзяўчына і расказала яму пра ўсё. Міканор выслухаў уважліва, прызадумаўся, а потым рашуча ўстаў і прамовіў:
– Ну што ж, яны так вырашылі, то няхай па-іхняму і будзе, я не супраць!
– Ды ты што, Міканорка? – зайшлася ў роспачы дзяўчына. – Уцякаць табе трэба! Уцякаць, а не чакаць, пакуль яны цябе на той свет справадзяць!
– Я і сам не хачу на той свет! А ўцякаць – тым болей! Чаго гэта я некаму столькі працы пакіну? Я іх проста правучу, каб да скону жыцця запомнілі, як супраць сумленных людзей благое задумваць!
– Вось гэта іншая справа, – узрадавалася дзяўчына.
– Цяпер пайшлі, я цябе дамоў правяду. А за мяне не бойся, я што-небудзь прыдумаю, дзякуй, што папярэдзіла.
Раніцай, толькі сонца над лесам устала, старэйшы з братоў ужо грукацеў у аканіцу да Міканора:
– Уставай, чалавеча! Уставай, не спі гэтак доўга! Гаспадар устаў і, нібы нічога не ведае, спытаўся:
– А што здарылася?
– Ды ці не дапаможаш ты нам сёння лес вазіць? Самі не адолеем, цяжкавата...
– Дапамагу, – адразу пагадзіўся той, – чаму ж добрым суседзям не дапамагчы. Зараз па гаспадарцы парадак навяду і да вас прыбягу. Без мяне не пачынайце, чакайце, колькі часу ні прайшло б.
– Вось дзякуй, суседзе, – замітусіўся той. – Мы табе таксама адпрацуем. За намі не застанецца.
Пабег задаволены нядобразычлівец, а Міканор сабраўся і спакойна пайшоў сабе. Праўда, пайшоў не туды, дзе браты жылі, а зусім у адваротным накірунку. Вырашыў, пакуль што якое, то лепей пашукаць сваіх – дзедку ды бабульку. Ідзе паціху ды ў людзей распытвае. Так амаль да вечара самага кіраваў, і пашанцавала яму – знайшоў чалавека, які добра памятаў тую гісторыю ля царквы, калі яго ўкралі. Дык ён і расказаў Міканору, як да хутара дайсці. Хлапчына нават пераначаваць адмовіўся і, нягледзячы на стому, паджгаў туды. Недзе сярод ночы якраз і дабраўся. Глядзіць – стаіць хатка, пахіленая, старэнькая. Забілася сэрца трывожна, але заўважыў выбітую сцяжынку. Калі сцяжынка не зарасла, то жыве нехта. Пастукаўся ціхенька ў акно. I што ж вы думаеце? Жывыя абое былі – і дзед, і баба. Пазнаць Міканора не пазналі, але як ён ім пра ўсё распавёў, то ледзьве ўголас не галасілі. Сказаў хлапчына, што прыйшоў за імі, каб жыць разам, каб ніколі болей не разлучацца.
3 раніцы запрэглі коніка, паклалі самае неабходнае і паехалі. Калі ўехалі ў тыя мясціны, дзе Міканор хутар меў, то бабулька завойкала:
– Вой, борыста як! Вой, бор які! Вой, борань якая! Якія дрэвы таўшчэразныя!
Мужчыны толькі пасміхваліся, слухаючы, як дзівілася старая. Ажно наперадзе Міканор убачыў двух вяскоўцаў, якія, апусціўшы плечы, пляліся па дарозе. Ухапіў ён добры кол і за імі. Падляцеў ды як пачаў іх пярэсціць, то тыя, што зайцы ў жыце, кінуліся бегчы. Ды хіба ж чалавек сталага ўзросту ад маладога ўцячэ? Добра ім перапала. А Міканор, мала таго, што лупцуе, дык яшчэ і пакрыквае:
– Я вас адвучу людзям пагражаць! Я вас навучу мірна-ціха жыць!
Ледзьве тыя вышкрабліся ад яго. Вярнуўся хлапчына да сваіх і распавёў, з-за чаго ўсё пачалося.
Так, у размовах, і дабраліся да Міканоравай хаціны і сталі жыць-пажываць. Міканор пазней жаніўся на той самай дзяўчыне, якая яго аб небяспецы папярэдзіла. Потым дзеці ў іх пайшлі, унукі. А паселішча тое ад бабульчыных слоў так і назвалі – Борань, значыцца, што бор густы навокал. Потым, неяк незаўважна, і Барань стала.
А. М. Ненадавец
Ласка (в. Гародня Аршанскага раёна)
Пасля заканчэння спусташальнай Паўночнай вайны вярнуўся ў Оршу яе карэнны жыхар Раман Храстоўскі. Быў ён ужо немалады, увесь зранены ў баях. Нялёгкія ваенныя шляхі адбіліся на ягоным здароўі. Але і вяртанне ў родны край не прынесла аршанцу палёгкі – тут, у спаленым амаль поўнасцю горадзе, не знайшоў ён ні сваёй каханай, ні прытулку і пайшоў Раман шукаць па белым свеце лепшай долі. Шмат земляў абышоў ён – бываў у святых месцах, бачыў вялікія гарады і маленькія вёсачкі, плаваў па моры і рэках, ды нешта не траплялася шчасце на ягоным шляху. На схіле жыцця гэты чалавек панура крочыў да скону сваіх дзён, паміраць жа вырашыў на радзіме, у Оршы...
Ужо зусім блізка быў родны горад, калі заспела Рамана ў дарозе страшэнная навальніца. Магутны віхор адно за другім валіў векавыя дрэвы; цемра і моцны лівень збілі з дарогі падарожніка. Некалькі гадзін блукаў ён пад жудаснае завыванне ветру і шум дажджу, але не мог знайсці сховішча. Ад стомы Раман ужо амаль страціў здольнасць рухацца, калі асляпляльная бліскавіца маланкі, рэзкі, пранізлівы гук перуна і хваля гарачага пругкага паветра збілі яго з ног... Раман страціў прытомнасць...
Ачуняў ён у добра знаёмым з маладосці месцы каля Оршы. Лагодную плынь невялікай рачулкі ахіналі высокія травы квяцістых лугоў, трохі далей з двух бакоў цягнуўся хваёвы лес, раскінуліся жытнёвыя палі, мякка струменілася залацістае сонечнае святло, усё навокал напаўняла ласкавая ранішняя цеплыня. Тут адчуў Раман незвычайную бадзёрасць, здароўе і сілу, а калі нахінуўся да вады, каб напіцца, дык убачыў сваё адлюстраванне ў вадзе такім, якім ён не быў у далёкай сваёй маладосці.
Працягам тутэйшых казачных дзівосаў стала сустрэча з дзяўчынай, якую Раман кахаў 20 гадоў таму. Тут і пражылі яны разам у шчасці і радасці рэшту свайго жыцця, а мясціне гэтай за шчодрасць прыроды і ласкавасць лёсу далі назву – ласка. Да пачатку XX стагоддзя жылі тут і нашчадкі Рамана. Рэшткі маёнтка Храстоўскіх яшчэ і сёння прыкметны на ўзвышшы правабярэжжа маленькай рэчкі Пачаліцы ля ўскраіны вёскі Гарадня, а за яе заходняй ваколіцай, вышэй па рацэ, пачынаецца тое самае маляўнічае ўрочышча Ласка.
Запісаў А. М. Шынкевіч
Вёска Засеклі
Была вясна... Пачалі распускацца пупышкі на дрэвах. Паветра стала празрыстым, чыстым, свежым. У маёнтку і ў палацы пана стаяла цышыня, толькі служкі перабівалі яе, снуючы ўзад і ўперад па калідоры ў сядзібе. Палац пана быў самым прыгожым будынкам ва ўсёй акрузе. Ён знаходзіўся на гары. Вакол яго было пасаджана шмат кветак, сам жа будынак вымураваны з белай цэглы. Жыў у гэтым палацы злосны і строгі пан Каржыцкі. Была ў яго жонка пані Марыя. Характарам яна амаль не адрознівалася ад свайго мужа: была сварлівая і ва ўсім падтрымлівала гаспадара.
Цяжка жылося бедным людзям у навакольных вёсках. Паны прымушалі плаціць вялікія падаткі, абдзіралі, як ліпку, забіралі апошняе. Многім не было чаго есці, таму прыходзілася наймацца на працу да Каржыцкага, а ён плаціў сваім парабкам вельмі мала. Часта прыходзілі сяляне прасіць пана зменшыць падаткі, але ён праганяў іх.
Аднойчы адзін бедны чалавек пайшоў прасіць у Каржыцкага грошай ці пазычыць мукі, каб спячы бохан хлеба для сваёй вялікай сям'і. Селянін сказаў, што ў яго, акрамя двух дарослых сыноў, якія працуюць у пана, ёсць яшчэ пяцёра малых, ім няма чаго есці. Каржыцкі вельмі раззлаваўся на чалавека і загадаў служкам адвесці яго на стайню і ўсыпаць бізуноў. На другі дзень селянін памёр.
Два яго старэйшыя сыны вырашылі адпомсціць пану за бацьку. Яны назбіралі грамаду і прыйшлі да палаца. Вароты былі зачынены. Гэта яшчэ больш раззлавала людзей. Натоўп высадзіў вароты і ўваліўся на панскую сядзібу. Пан Каржыцкі не паспеў нават выклікаць войска з Оршы. Раз'юшаныя людзі білі дубінамі і сякерамі ў дзверы палаца, некалькі чалавек сачылі за вокнамі і чорным ходам. Калі злосныя, даведзеныя да шаленства сяляне ўварваліся ў палац паноў Каржыцкіх, то засеклі іх на месцы сякерамі, а потым падпалілі палац.
З таго часу вёску пачалі называць Засеклі, а гару, на якой знаходзіўся палац, Панскай.
Запісаў В. А. Мяжэвіч
Вёска Бранцава
Не сто і не дзвесце гадоў таму, а значна даўней жыў на бранцаўскім узвышшы вядомы і багаты пан Гаеўскі. У наваколлі было шмат вёсак у ягоным валоданні. Вакол тых вёсак былі балоты і хмызнякі. Многа прыходзілася сялянам працаваць, каб не даць хмызу падступіць да вёсак. Але зямля была ім удзячная за шчырую працу і заўсёды плаціла добрым ураджаем.
Усе вёскі мелі свае назвы, і жыхары імі ганарыліся. Толькі ў адной вёскі не было імя. А жылі там у асноўным людзі заможныя, фізічна моцныя, і пан заўжды трымаў іх навідавоку. Былі там і самыя смелыя паляўнічыя, і хлебаробы адмысловыя, і гарбары, і шаўцы. За гаспадаркай і сваёй, і панскай добра глядзелі. Але няма дабра без ліха. Пачалі хмыз і балоціна падступаць да вёскі. І што толькі яе жыхары не рабілі, што ні прыдумвалі, а кола хмызняку вакол вёскі ўсё звужалася.
І вось аднаго разу самы стары яе жыхар сасніў дзіўны сон. Нібыта хмызняк шчыльна абступіў вёску, і ў яе ўжо не ўехаць і не выехаць, а на небе з'явіліся нейкія пачвары, якія так і хочуць людзей заціснуць у зямлю, але тыя не здаюцца. А пачвары ім і кажуць, што зараз загінеце вы, і нават імя пасля вас не застанецца. Пайшлі назаўтра сяляне да пана, каб ён даў імя іхняй вёсцы. І тады пан Гаеўскі ў гонар свайго адданага слугі Брамскага даў назву вёсцы – Бранцава. З таго часу вёска і носіць гэтую назву.
Запісалі навучэнцы гурта «Заранка» СШ № 22 г. Оршы
Вёска Цюльпін
Адкуль пайшла назва вёскі Цюльпін? Кажуць, даўным-даўно ў гэтых мясцінах жыў пан, які добра адносіўся да сваіх сялян, тады яшчэ быў прыгон.
А ў пана была любімая жонка, і яна вельмі любіла цюльпаны.
Маладая пані рана памёрла, і, каб зменшыць гора пана, людзі пасадзілі каля могілак цэлае поле цюльпанаў.
Адсюль і пайшла назва вёскі – Цюльпін.
Запісаў С. Дунін
Вёска Турлаі
Было гэта так даўно, што памятаюць гэтую гісторыю толькі старасвецкія дубы ды яліны, якія засталіся адзінымі сведкамі тых даўніх часоў.
Даўней там, дзе цяпер красуюць сялянскія палеткі, былі дрымучыя лясы. У тых дзікіх лясах вадзілася многа розных звяроў і птушак, але самым магутным быў тур. Гучны голас яго прымушаў дрыжаць увесь лес.
Але з цягам часу гэтую мясціну пачалі насяляць людзі. Яна вабіла іх тым, што было тут шмат матэрыялу для будаўніцтва жылля і вадзілася мноства дзічыны. Асноўнымі заняткамі мужчын было паляванне на тураў, і таму часта можна было пачуць словы: «Тур! Лаві!».
Суседзі, якія чулі гэтыя воклічы, назвалі жыхароў тутэйшай мясцовасці турамі, а потым узнікла і вёска з назвай Турлаі.
Запісаў М. Шукайлаў
Вёска Зубава
Было гэта даўным-даўно. На месцы нашай вёскі Зубава было памесце старога графа Зубава. І быў той граф знатным і сквапным, а характар меў ганарысты і сварлівы. Быў у яго сын – малады ды прыгожы паніч. Ён быў ласкавым, добрым, з павагай і чуласцю адносіўся не толькі да багатых людзей, але і да простых сялян.
І вось аднойчы вырашыў стары граф ажаніць свайго сына на дачцэ заможнага купца з Копысі.
І сказаў ён сыну: «Стары я ўжо стаў, хваробы да мяне падбіраюцца. Напэўна, памру хутка. Каму ж застанецца маё багацце, якое я ўсё жыццё збіраў? Надумаў я ажаніць цябе з дачкой свайго сябра, купца Капітанава. Багатая нявеста, з капіталам. Вось на днях і пазнаёміцеся».
Пачуўшы гэта, юнак кінуўся перад бацькам на калені: «Не губіце мяне, тата, не хачу я на ёй жаніцца. Я знайшоў сабе нявесту – добрую, прыгожую дзяўчыну, сялянку Алёнку з нашай вёскі».
«Не бываць таму, – сказаў бацька. – Дзе гэта бачна, каб нам, дваранам, простыя сялянкі дарогу пераходзілі. Не будзе вам майго бацькоўскага блаславення».
Даведалася пра гэту размову Алёнка, і сказала яна панічу: «Любы, каханы мой, не будзе нам шчасця, скарыся бацьку». На што малады паніч адказаў: «Адзіная мая, каханая. Нішто не зможа нас разлучыць. Мы заўсёды будзем разам. І буду кахаць я толькі цябе».
«Лепей смерць прыняць у рацэ, чым разлучыцца з табой», – адказала Алёнка.
Вось так і загінулі двое каханых: малады паніч Зубаў і простая сялянка Алёнка.
А ў памяць пра іх светлае і чыстае каханне назвалі нашу вёску – Зубава.
Запісала А. Л. Папова
Вёска Барздоўка
Даўным-даўно, калі людзі жылі ў лясах дрымучых, прыйшлі да рэчышча невядомай рачулкі тры сям'і. Гаспадар адной сям'і займаўся цяслярствам, а яго жонка пякла вельмі смачны хлеб. Другі гаспадар быў выдатным кавалём, а гаспадыня яго вырабляла прыгожае і зручнае адзенне. Трэцяя сям'я пляла лапці, якія былі неабходны ўсім.
Месца гэта было вольнае, прыгожае. А вада ў рэчцы – чыстая, празрыстая. Але падступіцца да яе было цяжка. Вакол рос бур'ян, крапіва. І назвалі людзі рэчку Крапівенкай. Ішоў час, на гэтым месцы ўзнікла паселішча. Людзі жылі тут дужыя, працавітыя. І ўсё было б добра, толькі непадалёку пралёг шлях, які злучаў два вялікія гарады таго часу: Оршу і Горкі. Па гэтым шляху ганялі арыштантаў з астрога ў астрог. І ў вёсцы была пабудова, куды арыштантаў заганялі на начлег. Стражнікі баяліся, каб хто-небудзь з арыштантаў не кінуўся ўцякаць. Яны стараліся прайсці шлях хутчэй, таму там і тут чуліся крыкі стражнікаў: «Барзда, барзда», што значыць – хутчэй. Вось і павялася назва – вёска Барздоўка. Пасля вёска належала пану Бародзічу.
Шмат прайшло часу, рэчка Крапівенка абмялела і стала невялікай рачулкай. А з таго паселішча трох сямей вырасла вялікая вёска Барздоўка са сваімі майстрамі.
Запісала Т. Шарснёва
Вёска Прыгузкі
Ранней на тым месцы, дзе была вёска Прыгузкі, стаяў вялікі маёнтак, у якім жыў пан. Аднойчы захацелася яму паспытаць простай сялянскай ежы, і ён загадаў прынесці яе ў маёнтак. Але ніхто не адважыўся з'явіцца са сваёй стравай. Толькі адзін мужык злавіў птушку, якая звалася дзікай гуссю. Злавіць гэту птушку мог толькі вельмі спрытны паляўнічы. Селянін засмажыў гусь на вогнішчы і прынёс у панскія пакоі. Як толькі пан паспытаў гэтую цудоўную страву, то закрычаў на ўсе пакоі:
– Пры... Пры... Пры... гускі!!!
Напэўна, ён хацеў сказаць: «Прынясіце яшчэ гуску», але з яго вуснаў чуліся толькі гэтыя словы.
Не засталося ўжо і рэшткаў таго палаца, але вёска, якая ўзнікла на тым месцы, носіць назву Прыгузкі.
Запісаў А. Пячонкін
Вёска Загарэльскія
Некалі даўным-даўно, калі вакол вёсак былі толькі дрымучыя лясы, поўныя драпежных жывёл, у адной з такіх вёсак жыў пан Загарэльскі. Люты і жорсткі гэта быў чалавек, нават звяроў пераўзыходзіў па сваёй злосці.
Сяляне баяліся не толькі штось яму сказаць, але і нечакана сустрэцца з ліхім панам на адной дарозе. Аднойчы ў час палявання, ён убачыў дзяўчыну, якая была дачкой мясцовага бортніка Ігната. Пану вельмі даспадобы прыйшлося яе хараство, і ён загадаў служкам прывесці Аксінню ў свае харомы. З тых часін яе больш ніхто не бачыў, але людзі казалі, што кароткім было яе жыццё ў багатых панскіх пакоях... Бацька гаротнай дзяўчыны, дазнаўшыся пра ўчынак пана, страціў розум і ўвесь час толькі і паўтараў словы праклёну.
І здарылася нечаканае: у адно спякотнае лета раптоўна заняўся полымем маёнтак пана Загарэльскага, а разам з ім згарэла большая палова вёскі. Доўгі час тут ніхто не будаваўся, бо баяліся сілы праклёну няшчаснага бацькі. Але гады ішлі, усё забывалася, і людзі пачалі будаваць тут новыя хаты. Хутка з'явілася вёска на гэтым месцы, але памяць пра падзеі мінуўшчыны засталася ў яе назве – Загарэльскія.
Запісала А. Платонава
Рэчка Ульянка (каля в. Зубрэвічы)
У далёкім мінулым, пра якое ўжо і дзяды не памятаюць, цякла ля Зубрэвіч невялікая рачулка. Берагі рэчкі былі стромкія, парослыя кустоўем ды чаротам, вада цёмная і халодная. Рэчка была нешырокая, і чамусьці доўгі час людзі не маглі даць ёй назвы. Але, як кажуць у народзе, бяда дапамагла. Вось адкуль з'явілася назва.
Жыў у пана аканом, і была ў яго прыгажуня-дачка – Ульянка. А ў мясцовага млынара быў сын Янка.
Маладыя вельмі кахалі адно аднаго, часта сустракаліся на беразе безыменнай рачулкі. Рэчка слухала іх размовы і радавалася іхняму каханню. Ульянка і Янка пакляліся адно аднаму навек не разлучацца, быць вернымі свайму каханню. Калі гэту клятву пачула рака, то яна чамусьці неяк раптам пацямнела, сцішылася, нібыта прадчувала бяду.
А бяды чакаць доўга не прыйшлося. Як толькі бацька дзяўчыны даведаўся, што яна хоча браць шлюб з сынам млынара, то забараніў ёй выходзіць з дому. Бацькі меркавалі выдаць яе за багатага. І вось на Купалле выпрасіла Ульянка ў бацькі дазволу схадзіць з дзяўчатамі вянкі па рацэ папускаць. Злітаваўся бацька, адпусціў. Прыбралася яна ў белую вышываную сарочку, вяночак з красак на галоўку звіла і пайшла ў гурт моладзі. Вельмі ж прыгожай выглядала, весялілася, спявала, скакала. Сама смяялася, але вочы чамусьці не смяяліся. Нейкі жаль і смутак у іх застылі. І вось у поўнач, калі ўсе пайшлі шукаць папараць-кветку ў бліжэйшы лес, Ульянка ўзышла на абрывісты стромкі бераг і са словамі «рачулка, сястрыца, хавай маю клятву і адданасць Янку» кінулася ў халодныя цёмныя хвалі. Доўга яшчэ цень прыгажуні блукаў над ракой, пакуль не пачалі саму рэчку называць Ульянкай. І кожны вечар, у поўню, бачылі на беразе Янку з вяночкам у руках. А рака і сёння завецца Ульянкай, хоць на яе месцы цяпер створана вадасховішча.
Лес (каля в. Чурылава)
У старадаўнія часы ў вёсцы Чурылава, каля вялікага лесу, знаходзіўся маёнтак пана Бараноўскага. У Піліпаўку вяртаўся пан ад свайго суседа на тройцы хуткіх коней позняй ноччу. Нечакана коні захраплі і панесліся, не разбіраючы дарогі. Так іх напужала воўчая зграя. Пан выпаў з санак у глыбокі снег. Уранні прыгонныя мужыкі знайшлі ад яго толькі ялавыя боты. Усё астатняе з'елі ваўкі. З тых часоў лес, у якім адбылася трагедыя, і завецца Бараноўшчынай.
Запісаў В. Пячонкін
Татарская сажалка (в. Браздзечына)
Цікавыя назвы мясцін і населенных пунктаў ёсць на Аршаншчыне: непадалёк ад Барані ёсць вёска Татарск, а вось у вёсцы Браздзечына – сажалка Татарская. Адкуль жа такія назвы? Вядома, што з часоў Грунвальскай бітвы на Беларусі аселі татары, што ўдзельнічалі ў бітве на баку літоўска-беларускага войска. Яны ў асноўным неслі на новай сваёй радзіме дазорную і вайсковую службу, і паселішчы іх былі ў большасці ў цэнтральнай Беларусі і Літве. Але ёсць пэўныя ўказанні на тое, што і ля Копысі жылі беларускія татары. А вось цікавае паданне, звязанае з вёскай Браздзечына.
Кажуць, некалі ў Браздзечыне стаялі татары. Шмат коней было ў іх. Паіць коней можна было ў рэчцы Дзеравіж, што працякае праз вёску. Але падыходы да яе – багністыя, гразкія, тамы татарскія коні, звыклыя да шырокіх стэпавых прастораў, баяліся падыходзіць да рэчкі. І нават сілай падвесці іх да вады ніяк нельга было прымусіць. Тады татары сагналі сялян і прымусілі іх капаць сажалку на цвёрдым месцы, каб коней можна было з яе паіць вадой. І сажалку тую выкапалі, а дажджы і снягі напоўнілі яе вадой. З таго часу сажалку завуць Татарскай. Цікава, што ў самім Браздзечыне гэтага падання сёння ўжо ніхто не памятае, гэтаксама, як і месца самой сажалкі.
Запісаў Ю. А. Копцік
Сямігаюн-камень
Старажытная прошча, дзе і сёння ляжыць гаючы камень Сямігаюн, месціцца каля паўднёвай ускраіны Оршы ў лесе на левабярэжжы Дняпра за 0,3 км ніжэй чыгуначнага моста на невялікай палянцы, абкружанай з двух бакоў неглыбокімі раўкамі. Шанаванне Сямігаюна – ледавіковага чырванавата-шэрага валуна памерам каля двух метраў – прыпадае на залатую восеньскую пару – 14 верасня.
Пачалася гэта гісторыя ў Смаленску ў далёкім сярэднявеччы. З нейкіх працяглых вандраванняў вярнуліся тады на радзіму, у бацькоўскую хату, сямёра сыноў. Ды не надта доўгай была радасць іх вяртання – прыкметы бязлітаснай страшэннай хваробы прымусілі іх на некалькі дзён спыніцца ў напалавіну спустошаным пошасцю чужым горадзе, дзе на іх вачах памёр не адзін дзесятак жыхароў...
Калі хвароба стала відавочнай, смаляне выгналі братоў з горада, каб захаваць іншых гараджан ад небяспечнай пошасці, і тыя зрабілі плыты ды паплылі ўніз па Дняпры. Не былі больш міласэрнымі да хворых таксама жыхары Дуброўна і Оршы: баючыся распаўсюджвання хваробы, яны зачынялі перад выгнаннікамі гарадскія вароты. Аслабелыя, змораныя далёкай дарогай, браты вырашылі спыніцца ў векавым лесе на левым беразе Дняпра ніжэй Оршы. Кароткі восеньскі дзень ужо хіліўся к вечару, калі сярод невялічкай паляны ля нагрэтага сонцам буйнога валуна гэтыя браты зрабілі будан і, стомленыя, ляглі адпачыць. Абудзілі іх сярод ночы страшэнны вецер, халодны лівень і мільгаценне таямнічага зыркага святла.
Адбывалася нейкае дзіва! Пад моцным дажджом камень ля будана заставаўся сухім. Нібы напаленая печ выпраменьваў ён прыемнае гаючае цяпло, зыходзіла ад яго і неверагоднае блакітна-ружовае ззянне, чуліся ціхія незразумелыя гукі. Прыгрэўшыся каля цёплага валуна, неўзабаве зноў заснулі браты, а раніцу сустрэлі яны ўжо здаровыя і моцныя. Паводле падання, з тае пары шматлікія пакаленні нашых землякоў гаілі ля гэтага каменя свае раны, ратаваў валун і ад мноства хвароб. Гаючымі лічыліся і сабраныя каля яго травы, грыбы, ягады, арэхі. Прыгадваючы семярых братоў, што першымі адшукалі цудадзейны камень, пачалі зваць яго Сямігаючым ці проста Гаюном. Звязана з гэтым дзіўным валуном яшчэ і нейкая іншая таямніца, раскрыць якую нельга...
Запісаў А. М. Шынкевіч
Камар-ліхадзей
Назвы ўрочышчу і каменю далі шмат гадоў таму жыхары вёскі Рукліна, размешчанай на левабярэжжы Дняпра. Паводле паданняў сівой даўніны, з глыбокіх віроў ракі адпачываць на гэтым вялізным валуне летнімі начамі выплывалі доўгавалосыя русалкі. Збіраліся да Камара вадзянікі, лесавікі, вядзьмаркі, ваўкалакі, чэрці, здані. Шумлівыя гульбішчы нячысцікаў доўжыліся тут цэлымі начамі і былі даволі частай з'явай.
Пасля такіх «сходаў» нячыстай сілы на камені амаль заўсёды заставаліся то іклы драпежных жывёл, то чалавечыя косці, то асабістыя рэчы загінуўшых у рацэ ля Камара людзей. Аднойчы з'явіўся там цяжкі стос сапсаваных вадой старажытных кніг у скураных вокладках, другі раз – бронзавы невялікі кубак з нейкімі незвычайнымі манетамі. Але ўсё тое гэтак жа раптоўна з часам некуды знікала назаўсёды, а тыя людзі, каму трапляліся гэтыя рэчы і хто прыносіў іх у свае дамы, хутка паміралі.
Жыхары навакольных вёсак і аршанцы пабойваліся гэтага нядобрага месца. Згодна з іх успамінамі, найбольш пацярпела ад суседства з каменем-ліхадзеем бліжэйшая да яго, ужо прыгаданая вёска Рукліна. Неяк у летнюю спёку ў вір ля Камара плынь ракі зацягнула амаль палову вясковага статка кароў, часта ў час купання тапіліся тут маладыя дзяўчаты, недарэчна гінулі каля каменя мясцовыя рыбакі, разбіваліся аб валун лодкі і плыты гандляроў і падарожнікаў, а з часам і сама вёска Рукліна наогул перастала існаваць. Усе тыя падзеі і тлумачаць паходжанне назвы злавеснага ўрочышча – Чэрціца...
У першай палове XX ст. камень-ліхадзей Камар быў узарваны, каб не перашкаджаў праходу суднаў па рацэ. Сёння кавалкі валуна дзе-нідзе яшчэ прыкметны на беразе і ў рэчышчы Дняпра. Ёсць каля левага берага ракі ва ўрочышчы Чэрціца і вялікі пляскаты валун, які дагэтуль таксама завецца Камар.
Запісаў А. Я. Шынкевіч
«Белы Ковель»
У XVII стагоддзі па загадзе князя Сангушкі-Ковельскага ў мястэчку Смаляны быў пабудаваны цудоўны замак «Белы Ковель». Зараз ад яго засталася адна вежа. Вакол гэтай вежы працякае рэчка Дзярноўка.
Існуе такое неверагоднае казанне, што нібыта ў цёмныя восеньскія ночы, калі туман ад ракі ахінае вежу замка знізу і толькі верхняя яе частка застаецца бачнай, нагадваючы фантастычны прывід, у вокнах «Белага ковеля», якія становяцца падобныя на вочныя дзіркі шкілета, запальваецца ледзьве прыкметнае таямнічае святло, з-пад зямлі чуецца цудоўная музыка і паказваецца жанчына ў белым адзенні. Яна доўга-доўга моўчкі ўглядаецца ўдалеч, прыслухоўваецца да начной цішыні. Гэта і ёсць славутая каралева Бона, імем якой тутэйшыя жыхары найчасцей і называюць старадаўні замак.
А яшчэ пад замкам «Белы Ковель» ранней існавала шмат падземных памяшканняў і тунэляў. Па тым жа паданні, каралева Бона часта ездзіла па гэтых тунэлях на тройцы коней. Адзін з падземных хадоў быццам вёў да Спаса-Прэабражэнскай царквы, якая таксама ў той час была ў Смалянах і зараз з'яўляецца дзеючым храмам.
Толькі праўда гэта ці не, ніхто не ведае.
Запісаў С. Дунін
Вёска Нарэйкава
Жылі два браты. Аднаго звалі Парэйка, а другога – Нарэйка. Парэйка быў надзвычай багаты. Куды вокам ні кінь, усюда палі ды лугі, балоты ды лясы Парэйкавы раскінуліся. Жыў сабе, што пан які, а можа, і намнога багацей, бо далёка не кожны памешчык меў гэтулькі багацця. Адных толькі работнікаў наймаў на сезон чалавек па дваццаць–трыццаць, а круглы год з дзесятак трымаў. Сям'я ж у яго была невялікая: сам, жонка ды сын-бэйбус. Ля дзевак круціцца ці ля салдатак – гэта яшчэ куды ні ішло, а вось працаваць... Бацька, здаралася, раззлаваўшыся, хапаў які цурбалак і крычаў:
– Ці заб'ю цябе, гада, ці да працы прывучу!
Але сын не надта звяртаў увагу на ўсё гэта. Пераседзіць дзе-небудзь той гнеў і далей сабе палежвае.
У другога брата, у Нарэйкі, усё было іначай: зямлі амаль не было, багацця – ніякага, а дзяцей – што тых гарошын у стручку. Усе плачуць-енчаць, есці хочуць, а дзе ж тае ежы набраць, калі ўраджай з поля яшчэ да Каляд з'елі? Вось і круціўся Нарэйка, вось і насілася агоная жонка, каб недзе чым разжыцца ды есці зварыць. Але, як бы там ні было, духам яны ніколі не падалі, болей таго, пастаянна жартавалі, песні спявалі, адным словам, сям'я дружна жыла. Таму і вяскоўцы ім спачувалі, чым маглі, тым і дапамагалі.
З-за таго, што Нарэйка быў надзвычай востры на язык, яго ўсе імкнуліся ўзяць сабе за свата. Ведалі, што калі ён згоду дасць, то і калоду за дзяўчыну сасватае ці, наадварот, хлопца вакол любога пня абкруціць – гэтак ужо ведаў тую далікатную справу. З гэтага занятку бедны селянін добры прыбытак у сям'ю меў, бо плацілі яму шчодра. Нават калі для іншага палічылі б замнога, то для гэтага нічога не шкадавалі. Калі селянін пачынаў аднеквацца, маўляў, чаго вы, гэтулькі мне многа наклалі, то тыя таксама не маўчалі:
– Э, братка, былі б мы, а хлеб і да хлеба заўсёды знойдзецца. Ды і ці апошні раз мы да цябе па гэтай справе звяртаемся? Вунь колькі ў нас дзяцей, а яны ж не старэюць, а сталеюць, і іх трэба будзе жаніць. Зноў да цябе пакіруем...
Расхваляваны Нарэйка звычайна казаў:
– Дай Бог, каб так было, а я пакуль хадзіць на сваіх нагах буду, нікому з вас не адмоўлю. У чым іншым, можа, не дапамагу, а ў гэтым... Толькі каб у вас усё атрымлівалася...
Вяскоўцы паважалі Нарэйку, ды і як такога чалавека не паважаць. Лёгка сказаць – сасватаць дзеўчыну. А калі да справы дойдзе, то далёка не кожны здолее пару слоў складна прамовіць. Адзін нешта мямліць, другі чырванее і губляецца, а трэці ўвогуле як панясе...
Родны брат Парэйка таксама надумаў жаніць свайго лайдачыну і гультаіну, але не пайшоў прасіцца да беднага брата, каб той быў за свата. Куды там! Гэты выбраў сабе такіх жа багатых, як і сам, сватоў, такіх жа ганарлівых. Праўда, дзеўчыну наглядзелі прыгожую, з заможнай сям'і, але не з такой багатай, як Парэйкава. Сын нічога, што працаваць не жадаў, але жаніцца абы на якой не хацеў. Скрывіўся, калі яму пачалі пералічваць, да каго можна ў сваты падавацца, і грэбліва мовіў:
– Вы гэтых сабе, даражэнькія, пакіньце. Не хачу і чуць пра іх. Мне да Насткі давайце кліны падбівайце. Вось дзе мне пара...
– Але ж, сыночак, – паспрабавала было маці, – яна не надта каб з багатай сям'і...
– А вы што, сваё багацце не са мной пакінеце, у магілу з сабой пацягнеце?
Як сказаў ён такія словы, то бацькі адразу зразумелі, каго ўзгадавалі і што гэты ў цяжкую хвіліну не надта іх пашкадуе. Угнулі галовы, пераглянуліся ды сказалі адно аднаму:
– Няхай ужо так і будзе. Толькі каб ажаніўся, а багацця, і сапраўды, у нас хопіць яшчэ на пару сем'яў...
Сабраліся сваты і разам з жаніхом паехалі да тае дзяўчыны-прыгажуні. Меркавалі, што ўсё добра атрымаецца, хто ж асмеліцца такому багатаму хлопцу адмовіць. Толькі паспадзяваліся, як на самой справе аказалася, дарэмна.
Ганарлівыя сваты ў двор да гаспадара ўехалі на конях. А коні ў іх былі спраўныя, сытыя, гладкія. Гаспадыня паглядзела на коней дый мовіць мужу:
– Ой, чалавеча, якія ў іх коні прыгожыя ды наравістыя... Якія коні...
Але гаспадар быў не дурань і адразу асадзіў жанчыну:
– Ты не на коней заглядвайся, яны і ў нас неблагія. Ты на жаніха глядзі, ён жа, калі што якое, нам за зяця будзе...
Як глянулі на таго жаніха, а яно і з выгляду было відаць, што не толькі лайдак, але яшчэ і вялікі дурань. Тым не меней у хату шчыра запрасілі, як звычай таго патрабаваў, пачаставалі сватоў, і тыя ўрачыста пачалі нешта плесці пра чырвоную дзяўчыну. Толькі не надта гладка ў іх гэта атрымлівалася. Сваты ўжо і самі разумелі, што не трэба было ім згаджацца на такі адказны выезд, але што ўжо зробіш. Пачалі, то трэба справу і заканчваць.
Ды ўсё сама Настка вырашыла: як пачула, што сваты пачалі гаспадарку ды коней расхвальваць, выскачыла з-за печы і пеканула:
– А на якога чорта мне вашыя коні патрэбны? Якая мне да іх справа, што яны гладкія ды харошыя? Мне хлопец добры ды харошы патрэбны, а гэта ж боўдзіла нейкае! – і зарагатала, а за ёю і гаспадары ў смех кінуліся.
Сваты за шапкі – і ўцякаць. Але ж у вёсцы навіны не схаваеш. У той жа дзень усе ведалі, як справа скончылася, і давай кепікі ладзіць. Вымушаны быў багаты брат да беднага, да Нарэйкі, ісці прасіцца, каб ён за свата быў. А той, не будзь дурнем, і гаворыць:
– Я сасватаю твайго сына за добрую дзяўчыну, але ты мне за гэта дасі добры надзел зямлі. І каб сенажаць у мяне была, і каб лесу кавалак... Ведаеш жа, што мне за гэта ўсе шчыра плацяць. Калі не заплаціш, то стануць казаць, што ты скнара. Табе ж сорамна будзе, бо на самай справе ты далёка не такі...
Парэйка заўсміхаўся, спадобілася яму, што родны брат пра яго такія словы сказаў.
– Добра, я згодны, няхай па-твойму будзе. Толькі глядзі, каб і тут канфуз які не атрымаўся.
– Не атрымаецца, братка, гэта ўжо мой непакой.
І што вы думаеце? Як сказаў бедны брат, так яно і атрымалася. Сасватаў ён дзеўчыну прыгожую. Адзін толькі хіб у яе быў – такую лянотную трэба было днём са свечкамі пашукаць. Яе бацька як убачыў на сваім падворку Нарэйку, то ажно заскакаў вакол яго:
– Братачка, толькі з'яднай іх. Я таксама табе заплачу.
Так яно і атрымалася. Згулялі вяселле, а потым ужо маладыя пачалі біцца, даказваць адзін аднаму, хто з іх працуе, а хто нічога не робіць. Так яны ўсё жыццё ў згрызоце ды бойках і праіснавалі.
Толькі Нарэйку гэта зусім не хвалявала. Ён атрымаў ад старэйшага брата тое, пра што дамаўляліся, а яшчэ бацька дзяўчыны накінуў, так што ладны кавалак зямлі выйшаў. Свой хутар стаў. І лес блізка, і луг пад бокам, і рачулка побач, з крыніцы выцякае. Тут сваю хаціну і ўсе будынкі Нарэйка і паставіў. Потым побач іншыя сталі хаціны будаваць, але месца ўжо пастаянна толькі Нарэйкавым называлі. Так і вёска Нарэйкава стала.
Вёска Паддубцы
Там, дзе рэчка наша зараз цячэ, ранней стаялі высокія, вячыстыя дубы. Пад імі тулілася толькі адна маленькая хацінка з вузенькім падслепаватым акенцам, якое амаль да зямлі ніжнім канцом дакраналася. Людзі, падарожныя, якія сюдою часта праходзілі, рэдка падыходзілі да яе, каб вады папрасіць напіцца ці пераначаваць. Глянуць, якая яна бядотная, ды далей кіруюць, бо бачаць, што там надта не разжывешся.
Але дарма яны так думалі. Справа ў тым, што там не бабулька знямоглая і не дзядулька стары жылі, а гаспадарылі браты-разбойнікі, Фёдар ды Пятро. Такія ўжо здаравенныя, што ва ўсім наваколлі ім роўні па сіле не было, а адчайныя ды бязлітасныя, дык, можа, і ва ўсім белым свеце другіх такіх не знайшоў бы. Днём адсыпаліся ў сваёй хацінцы-ляжанцы, а ноччу справу злосную спраўлялі, па навакольных дарогах засады наладжвалі ды людзей нявінных рабавалі. Мала таго, яшчэ прымушалі людзей што-небудзь ганебнае рабіць (бацьку – дачку згвалціць ці сына – маці), а потым забівалі і пакідалі сярод шляху. Вопратку ды коней не бралі – коні ў іх былі. Забіралі толькі срэбра-золата. Хітрыя былі, асабліва Фёдар. Пятро, дык той, мабыць, яшчэ б што іншае цягнуў, а старэйшы брыво як скрывіць ды як тупне нагою:
– Ты што, даўбешка, хочаш, каб нас з-за гэтае апранахі знайшлі? Хочаш, каб людзі з наваколля здагадаліся, чым мы тут займаемся? Мала ты маеш ад нашага занятку: Сказаў табе – бяры грошы, астатняе на месцы кідай!
Пятро зразумеў, што брат не жартуе, і хуценька выконваў загад. Толькі адгаворваўся:
– Я ж хацеў як лепей, а ты адразу пагражаць узяўся. Я ж для дваіх стараўся...
– Дваіх з-за такой дробязі потым і жыцця пазбавіць могуць... Не думаеш ты, браце, сваёй думалкай ні кропелькі. Пайшлі хутчэй адсюль, пакуль ніхто не нарваўся і нас не заўважыў.
Так яны не дзень, не два гаспадарылі на дарогах, а можа, гадоў з дзесятак. Вясковыя жыхары баяліся ноччу на шлях выйсці, стараліся толькі днём ездзіць, у вялікія абозы сабраўшыся. Але і гэта мала выратоўвала.Нападалі разбойнікі – нікога жывым не выпускалі, толькі потым удовы ды сіроты галасілі-заходзіліся над загінуўшымі мужамі ды бацькамі.
Ніхто нават падумаць не мог, што яны такія зладзействы ўчыняюць. Што лайдакі, дык ці мала такіх на свеце, што, шырачэнныя плечы маючы, працаваць не жадаюць? А хто з сякерамі ці даўбешкамі іх бачыў? Ніхто. Вось яно і атрымлівалася, што не падкапаешся. Выпадкова сталася, што ўсё ж прынялі яны пакаранне за тыя шматлікія забойствы і пакуты, якія на зямлі ўчынілі. Вось як гэта адбылося.
Жылі муж з жонкай. Жылі беднавата, ледзьве канцы з канцамі зводзілі. Хлеб на стале штодня быў, і за тое Богу дзякавалі. А ў адзін год ім нават пашанцавала – вырасла ў іх цялушка, ды такая спраўная, такая гладкая, што ажно суседзі зайздросцілі, гаманілі паміж сабой, што калі прадаць у добрыя рукі, то і кароўка таму гаспадару на славу будзе, і гэтыя грошай возьмуць, каб неяк сваю гаспадарку выправіць. Радаваліся муж з жонкай, раіліся і ніяк не маглі вырашыць, што ж купяць, калі ўсё добра абыдзецца. Гаспадыня хацела пару авечак ды свіней завесці, а гаспадар настойваў на новым хлеўчуку і свірне.
Нарэшце прыспела такая часіна, калі цялушку трэба было весці прадаваць. Дачакаліся вялікага абозу, і муж паехаў у мястэчка. Жонка дома засталася і наказала чалавеку, каб толькі з людзьмі хадзіў. На базары яму адразу пашанцавала – цялушку купілі, прычым за тую цану, якую ён сам і прызначыў. Пакруціўся чалавек, купіў сякіх-такіх падарункаў дзецям і жонцы, астатнія грошы ў лапаць, пад анучу, засунуў і вырашыў дамоў падавацца, чаго дзень траціць. Тут і дарогі ўсяго – нейкіх вёрст з пяць. Светлы дзень, якія тут рабаўнікі? А галоўнае – карцела хутчэй пахваліцца перад жонкай.
Ідзе селянін, азіраецца, прыслухоўваецца, каб незнарок на каго не нарвацца. Усе было ціха, спакойна. Да дому ўжо нейкая вярста заставалася, павесялеў гаспадар, кроку прыбавіў. І трэба ж было такому здарыцца – наляцеў на братоў-разбойнікаў, якія сядзелі на вялізных валунах і меркавалі, куды лепей ноччу падацца рабаваць.
– Хадзі да нас, чалавеча, не палохайся. Хіба ж ты нас не ведаеш? Пасядзі крыху, потым далей сабе пойдзеш.
Селянін паспрабаваў было адмовіцца:
– Спяшаюся я, людцы, дома справы чакаюць...
– Ва ўсіх справы, усіх чакаюць. Сказалі табе – хадзі да нас ды сядай, значыцца, рабі так, бо табе ж горай будзе!
Бачыць гаспадар, што не выкруціцца, падышоў і сеў. Тады яны давай дапытвацца:
– А дзе ж гэта ты быў? За якія грошы гэтулькі падарункаў накупіў?
Селянін не вытрымаў і ўзарваўся:
– Дзе быў – гэта мая справа, а за што накупіў? За сваё, не за ваша. Я ж у вас не дапытваюся, чаго вы тут расселіся?..
Толькі ён так сказаў, як Пятро рэзнуў яго цурбалкам па галаве, дык тоў і ўпаў мёртвым. Пачалі браты шукаць грошай – нічога не знайшлі. Хацелі ўжо ісці, але Фёдар перадумаў:
– Не можа такога быць, каб у яго грошай не было. Дрэнна мы шукалі, давай яшчэ паспрабуем...
Распранулі бедалагу дагала і знайшлі тыя няшчасныя грошы. Узрадаваліся, што няблага для іх дзень пачаўся, пакінулі труп, а самі плетанулі як мага далей адтуль.
Жонка гаспадара дома чакала-чакала і ўжо пачала непакоіцца. Выйдзе за вароты, пастаіць, і назад, потым – зноў.
Ужо і вечар прыспеў. Пастухі прыгналі кароў з пашы і прынеслі жанчыне страшную навіну, што муж яе, не жывы, ляжыць у кустоўі.
Пабегла туды гаспадарыня з дзецьмі, ажно і сапраўды – ляжыць яе чалавек забіты ды скрываўлены, а ўсе тыя сціплыя падаруначкі, якія ён жонцы ды дзеткам нёс, параскіданы, у зямлю ўтаптаны. Жанчына нават не стала тыя няшчасныя грошы за цялушку шукаць, бо для яе гэта не самае галоўнае было. Галоўнае – яна страціла гаспадара, апору сям'і, на якім усё трымалася, за якім і яна спакайней сябе адчувала. А што зараз? Як жа адной дзяцей маленькіх на ногі ўзняць? Загаласіла бедная, закачалася, валасы на галаве стала рваць. Вяскоўцы пазбіраліся, галовы долу нахілілі, жанчыны таксама слёзы льюць. І тут удава ў праклёны страшныя ўкінулася.
– Каб жа, – гаворыць, – тых, хто гэта зрабіў, перуны страшныя пабілі! Каб іхнюю хаціну маланкі з першай жа хмары не мінулі! Каб у іх вада-малако ў калодзежы крывёю стала! Каб ім спакою ні на гэтым, ні на тым свеце не было!
Пахавалі недарэчна загінуўшага селяніна, і стала жанчына адна з дзецьмі гараваць. Але праклёны яе дарам не прайшлі. Аднаго разу, недзе пад самы поўдзень, выйшла грувасткая хмара, і загуло-затрашчала ўсё навокал. Першыя ж стрэлы ўлупілі ў тую хацінку, дзе браты жылі. Яны ў той момант якраз п'яныя спалі, так і згарэлі разам з нарабаваным дабром. А ў калодзежы іхнім кроў стала. Дык людзі гэта як пабачылі, то і зразумелі, хто ўсё злое і ліхое ў наваколлі чыніў.
Ад тых часоў застаўся да нашых дзён толькі напаўразбураны калодзеж і назва з'явілася – Паддубцы.
Вёска Панізоўе
Старыя людзі кажуць, што назва вёскі дайшла да нас з даўняга часу. Раней людзі тут жылі надта заможна. А што ж вы хочаце, лес побач, да лугу – рукой падаць, а да сенажацяў усяго з вярсту нейкую трэба праехаць. Усе выгоды пад бокам, толькі жыві, толькі радуйся. Ды, відаць, людская натура ўжо такая: добра жывецца, а хочацца яшчэ лепей. Так і тут. Ужо добра ўзбагаціліся людзі, алё ўсё роўна грэблі і грэблі пад сябе. Жабракі тое паселішча бокам абыходзілі, бо з года ў год перадавалася погаласка, што тут аднаго старога з хлопчыкам-павадыром сабакі насмерць загрызлі – злосны гаспадар натравіў. Толькі нездарма ў народзе гавораць, што як бы ты ні круціўся, але абавязкова дакруцішся. Так і тут атрымалася. Паслухайце пра ўсё па парадку.
Так ужо павялося, што ў кожнай вёсцы сяляне царкву стаўлялі, крыжы на ўваходзе ў паселішча і пры выхадзе з яго ўзводзілі, каб нячыстай сіле не было дзе павярнуцца ці пошасці якой сваю пашчу разявіць. А гэтыя не баяліся, мабыць, адчувалі, што і смерць і хваробы іх самі палохаюцца, стараюцца не наведвацца ў гэты край.
Гаспадары зайздросцілі адзін аднаму па-чорнаму, кралі – толькі адвярніся, то зубы з рота павырываюць. А вось каб каму дапамагчы – такога не было.
Жыў там адзін селянін з жонкай ды сынам. Багацця ўсялякага яны гэтулькі дамоў нацягалі, што на тры пакаленні людзей хапіла б, ды яшчэ і засталося б. Але кожны ранак гаспадар з сынам куды-небудзь кіравалі, каб выглядзець, дзе што блага ляжыць, ды сперці. Калі тым зладзеям не ўдавалася што ўкрасці за дзень, то дахаты цягнуліся, нібы тыя сабакі пабітыя, ледзьве ногі перастаўлялі.
Аднаго разу нехта іх падвучыў, што, маўляў, трэба злавіць вужынага цара, садраць з яго шкуру і тады атрымаеш здольнасць бачыць схаваныя глыбока пад зямлёю шматлікія скарбы. Гадоў колькі на Узвіжанне яны шчыравалі-пільнавалі, але не шэнціла ім, гады бокам на зімоўкі накіроўваліся. Потым неяк усё ж падпільнавалі. Колькі яны ні ў чым непавінных гадаў перабілі – пералічыць цяжка! Баяліся, што вужынага цара ўпусцяць, дык усіх агулам малацілі. Схапілі таго вужа, з каронай на галаве, і нават дамоў не панеслі, тут жа і аблупілі, каб па дарозе ўжо і золата з прыхаваных скарбаў назбіраць. Шкуру садралі, а вуж круціцца, сканаць ніяк не можа, пакутуе ды шыпіць ад болю.
Схапілі зладзеі тую шкуру і прыпусцілі па кустоўі да вёскі. Прабеглі ўсяго нейкую сотню крокаў, ажно нібы з-пад зямлі да іх данеслася:
– Гаспадара пазваць да сябе хачу! Гаспадара пазваць да сябе хачу! Чаго я тут гэтулькі гадоў ляжу і ніхто мяне не забірае?
– Хто гэта? – вылупіўся бацька на сына.
– Не ведаю, – ціха прамовіў той.
– Хто ты? – крутануўся на месцы старэйшы.
– Я... – данеслася зусім блізка. – Я – скарб.
– Скарб?
– Ага, а ты цяпер мой гаспадар і маеш права рабіць са мной усё, што пажадаеш.
– А што з табой можна рабіць? – ад радасці, мабыць, вясковец не ўсведамляў добра, пра што яшчэ можна запытацца.
– Усё.
– І забраць цябе можна?
– Гэта ў першую чаргу.
– Тады скажы, дзе ты хаваешся?
– Ды зусім побач. Трухлявы пень бачыш?
– Ну...
– А пару крокаў ад яго, па правы бок, расце бярэзінка...
– І яе бачу.
– Дык пад ёю і ляжу.
Голас не паспеў яшчэ заціхнуць, а бацька з сынам ужо падбеглі да той бярэзінкі і пачалі голымі рукамі траву-пясок драць. Неўзабаве разлёгся радасны кліч. Гарлаў малодшы:
– Знайшлі! Знайшлі! Скарб знайшлі! Вялізны чыгун з золатам! Цяпер усе каштоўнасці на белым свеце будуць нашыя! Цяпер толькі мы іхнія гаспадары!
– Толькі мы! – падхапіў бацька, але праз пару хвілін, колькі меў сілы, рэзнуў сына ў вуха. Той не чакаў такога павароту справы:
– За што, тата? За што ты мяне гэтак лупцануў?
– Каб ведаў, дурында, як крычаць!
– А хіба няможна?
– Ведама ж, не!
– Чаму?
– А калі падпільнуе хто-небудзь, пачуўшы, што мы ўзбагаціліся? Тады дарога нам – да бліжэйшай цёмнай мясціны... Там ужо нам хутка рады дадуць...
– Ой, татачка, я пра гэта і не падумаў. Не сярдуй, гэта ж я з радасці...
– На першы раз дарую, а потым – сам глядзі, шкуру, нібы з таго вужа спушчу, не пашкадую!
– Добра, тата, – нахіліўся долу сын. – Але мне карціць спытацца яшчэ пра адно...
– Пра што гэта?
– Трэба ж, відаць, закопваць гэтыя мясціны, дзе мы будзем скарбы забіраць...
– Навошта?
– Па іх жа вяскоўцы могуць здагадацца, чым мы тут займаемся і чаго па лясах ды па палях бегаем.
– Слушна гаворыш, сынок, – мовіў старэйшы і прысеў на пень, – трэба нешта прыдумаць.
– Прыйдзецца засыпаць.
– Але ж часу многа на гэта страцім. Яшчэ колькі скарбаў знайшлі б...
– Яно-то так, але нічога іншага не застаецца.
– А я прыдумаў, што рабіць, каб ніхто не сачыў за намі... Усё вельмі проста – закляцці-праклёны шаптаць.
– Добра прыдумаў! Лёгка і, галоўнае, хутка.
Падляцелі да яміны і давай у два галасы замаўляць ад чужых вачэй. Але як толькі пачалі пляваць на зямлю, то разлёгся магутны голас:
– Спыніцеся, бо пакрыўджуся!
Прыціхлі бацька з сынам, пераглянуліся і зноў за сваё ўзяліся. Той голас паўтарыў пагрозу, але і на гэты раз зладзеі не звярнулі на яе ніякай увагі. І тут нешта затрымцела, закалацілася, і той кусцік, дзе стаялі бацька з сынам, паваліўся некуды ў апраметную, а на паверхні заблішчэла вада. З тае яміны забіла крыніца, якая дала пачатак свавольніцы-рэчцы, а рэчка тая, у сваю чаргу, да раніцы затапіла ўсё наваколле – ні жыхароў-злыдняў, ні іхніх пабудоў не было відаць.
З тае самае часіны кожнае вясны вада затапляе нізкія мясціны – агароды, нівы, палі, а людзі праклінаюць грахі далёкіх продкаў, але ніколі не адмаўляюцца ад назвы паселішча – Панізоўе.
ЛІТАРАТУРА
1. Анісовіч, Л. Легенда пра рэчку Ульянку, што цякла каля в. Зубрэвічы / Л. Анісовіч // Аршанская газета. – 2001. – 17 мая. – С. 2.
2. Барань // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 269–276.
3. Дунін, С. Цуды замка «Белы Ковель» / С. Дунін // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 72.
4. Дунін, С. Чаму назвалі вёску Цюльпін / С. Дунін // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 18.
5. Кірава, А. Паданне пра вёску Засеклі / А. Кірава // Аршанская газета. – 1997. – 11 кастр. – С. 2.
6. Легенды і паданні майго горада / падрыхт. Н. Чарвякова // Аршанская газета. – 2007. – 31 мая. – С. 13.
7. Мяжэвіч, В. А. Адкуль назва вёскі Засеклі / В. А. Мяжэвіч // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 14–15.
8. Нарэйкава // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 276–279.
9. Паддубцы // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 279–282.
10. Панізоўе // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад. А. М. Ненадавец. – Мінск, 2000. – С. 282–285.
11. Папова, А. Л. Чаму вёска завецца Зубава / А. Л. Папова // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 19–20.
12. Платонава, А. Чаму такая назва – Загарэльскія / А. Платонава // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 21–22.
13. Пра назву вёскі Бранцава // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 17–18.
14. Пра рэчку Ульянку // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 31.
15. Пячонкін, А. Як дзікая гусь дала назву вёсцы / А. Пячонкін // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 20–21.
16. Пячонкін, В. Пра паходжанне назвы лесу / В. Пячонкін // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 37.
17. Ціханскі, А. Легенда пра Барань / А. Ціханскі // Ленінскі прызыў (Орша). – 1978. – 23 верас. – С. 4.
18. Шарснёва, Т. Чаму вёска завецца Барздоўкай / Т. Шарснёва // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 20.
19. Шукайлаў, М. Як звер тур даў назву вёсцы / М. Шукайлаў // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 18–19.
20. Шынкевіч, А. Я. Камар-ліхадзей / А. Я. Шынкевіч // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 44–45.
21. Шынкевіч, А. Камень Сямігаюн / А. Шынкевіч // Аршанская газета. – 2012. – 7 крас. – С. 6.
22. Шынкевіч, А. Ласка / А. Шынкевіч // Аршанская газета. – 2001. – 9 жн. – С. 3.
23. Шынкевіч, А. М. Ласка / А. М. Шынкевіч // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 11–12.
24. Шынкевіч, А. Паданні аб вёсках / А. Шынкевіч // Ленінскі прызыў (Орша). – 1989. – 24 чэрв. – С. 3. ; 5 ліп. – С. 4.
25. Шынкевіч, А. М. Сямігаюн-камень / А. М. Шынкевіч // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 41–42.
26. Шынкевіч, А. Татарск / А. Шынкевіч // Народнае слова. – 2009. – 3 лют. – С. 5.