Глыбоцкі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 03.08.2017 07:26
- Адноўлена 01.09.2017 06:36
Вёска Сапеліна
У аднаго тутэйшага гаспадара былі тры сыны. Разумны – старэйшы, хітры – сярэдні, і дурны, як стаптаны бот, апошні. На двары стаяла пекнае лета, а гаспадар нешта злёг і раптам надумаў паміраць. Паклікаў да сябе сыноў і гэтак будзе казаць ім: «Апошняй ночы прысніўся мне надта дзіўны сон. Нічога ў ім не адбывалася, нічога не бачылася, адно што тры разы мне пачулася адно і тое ж незразумелае слова – САПЕЛЬ. Вось я і падумаў, што мусіць вешчы гэта сон. Мне, як вы бачыце, пара на той свет ужо, а падзяліць сваю невялікую гаспадарку на ўсіх вас немагчыма. Таму хай атрымае яе той, хто знойдзе такую рэч, у якой яшчэ назвы няма, а якая магла б называцца – сапель. Дужа мне перад смерцю карціць даведацца, што гэта за сапель такі, што мне прысніўся і хто з вас застанецца гаспадарыць на маёй зямлі». Старэйшы і сярэдні браты пачухалі патыліцы, развіталіся з бацькам і вырушылі ў свет, сапель шукаць, а малодшы, туга думаючы, так і застаўся сядзець каля бацькавага ложка, бо ніяк не мог зразумець нічога з пачутага.
Старэйшы і сярэдні браты падзяліліся. Старэйшы, найразумнейшы з братоў, пайшоў у бок Лепеля, бо вырашыў, што сапель перагукаецца з Лепелем, таму толькі ў Лепелі яго знайсці і можна. У кемлівага сярэдняга ніякіх здагадак, дзе б мог быць сапель не было, але ён вырашыў падацца ў процілеглы бок, на поўнач. Калі старэйшы брат не знойдзе таго таямнічага сапеля, дык можа хоць яму пашанцуе – думаў ён. Дурны, малодшы брат увесь час працягваў сядзець на тым жа месцы каля бацькі і чым больш тужыў сваю рэпу, чым даўжэй напрагаў свае мазгі, тым менш разумеў, што ад яго ўласна чакаецца. Ад гэтай напругі, несвядома ажно засунуў у нос паказнік – указальны палец.
Так і сядзеў тады, калі прачнуўся біты ліхаманкай бацька. Гаспадар разгледзеўся па пакоі, пабачыў, што з трох сыноў побач толькі адзін і кажа: «3усім я знямог. Відаць, не дачакаюся я ўсіх сыноў і адказу на сваё пытанне. Адзін ты значыцца сапель знайшоў». Якраз у той час у хату з крыкам забег сярэдні брат. «Знайшоў, знайшоў, бацька, сапель!» Кажучы гэта ён сунуў руку ў кішэнь, але нічога тамака не знайшоў. «Ну і дзе той сапель?» – спытаўся бацька. «Быў сапепь, бацька, быў во тут у кішэні. Я яго на поўначы знайшоў. Іду, сцюжа такая, мароз трашчыць, гляджу, а гэты сапель сабе са страхі звісае. Я яго адламаў і бегма дахаты.» «Хітрыш ты нешта, сын», – кажа бацька. Быў сапель і раптам нястала. «Але старэйшага, разумнага вашага брата, я відаць ужо не дачакаюся». У гэты момант раздаўся гучны на ўсю ваколіцу гук дуды. Здагадаліся ўсе, што гэта найстарэйшы, разумны брат варочаецца з Лепеля. Пачуўшы залівісты, звонкі гук дуды, стары гаспадар нечакана для ўсіх, адужаў, падскочыў з ложка і ажно ў скокі кінуўся, сустракаць свайго сына. «Гэта ж дуда, а не сапель» – выгукнуў бацька, радасна і борзда павітаўшыся з сынам. «Так, бацька, гэта дуда, а вось гэта во, куды трэба дзьмуць, гэта і ёсць сапель. Прыйшоў я ў Лепель. Пачаў разглядацца на кірмашы, дзе ж тая рэч, у якой назвы няма. Ажно чую дудар іграе. Падыходжу да яго. Гляджу на дуду і пытаюся, а як во гэтая штука называецца. На што ён адказвае – «мяшок гэта». «А во гэтая?» – пытаюся. «А гэта – гук». «А во гэтая», – працягваю. «Гэта жалейка будзе». «А во гэтая?» – не паддаюся я. «Гэтая?» – дзівіўся дудар. «А во гэтая, братка, не ведаю». Тут я і ўсклікнуў ад радасці на ўвесь рынак! «Тады гэта будзе сапель!» – крыкнуў я і, адкупіўшы ў дудара дуду, што сіл кінуўся назад дахаты.
«Ну і разумны ж ты, сын» – сказаў бацька. «Цюцелька ў цюцельку як бацька. Ты дасі сабе рады і без маёй гаспадаркі. Выбірай сабе зямлю побач і будуй гаспадарку. Ты, сярэдні сын, хітры, чыста як твая маці. Ты, каля свайго разумнага брата стаўляй хату, не прападзеш. А ты, дурненькі, малодшы, сам не ведаю па кім такі, заставайся на маёй гаспадарцы, ты без яе нікуды. Ды і я ўжо паміраць перадумаў, яшчэ цябе трохі папільную, а калі памру, то браты твае ў бядзе цябе не кінуць».
3 таго часу так і павялося, што сапель тры розныя словы абазначае. Сапель ад дуды, сапель-лядзяш, ну і той што наймалодшы брат знайшоў, калупаючыся ў носе. Мясцовасць, вядома, так і засталася Сапелінам, а хаты ў ёй сталі будаваць у бок Лепеля і ў бок поўначы. I цяпер, калі будзеце праязджаць тудою, заўважыце, што вёска цягнецца ад краю да краю, а над ёю часам пачуць яшчэ можна пранізлівы гук лепельскай дуды.
Вёска Восава
Гэта вёска ўзнікла на тым месцы, дзе ў старадаўнія часы людзі займаліся бортніцтвам, а таксама здабывалі мёд з асіных кублоў. Старыя людзі расказваюць, што на свеце гнюс ды восы з'явіліся вось адкуль.
Як Бог ствараў усялякіх звяроў і птушак, неабходных на зямлі, то побач з ім сядзеў і нячысцік. Справа ў тым, што яны тады яшчэ сябравалі і ўсюды хадзілі разам. Вось Усявышні злепіць з гліны якога звера і выпусціць.
– Бяжы, радуйся жыццю, размнажайся. Потым пабачу, як ты прыжыўся, а пакуль што сам мацуйся.
Нячысціку весела ад такіх слоў, ён задзярэ капыты і рагоча, ажно валасаты жывот яго калышацца.
– Чаго ты? – пытаецца Бог.
– Ды смешна такія словы чуць.
– Чаму?
– Смешна, дый годзе.
– Ты сам бы што-небудзь карыснае зрабіў, тады не смяяўся б, зведаў бы, як гэта цяжка.
– А і паспрабую.
– Паспрабуй, паспрабуй, то перастанеш качацца ды рагатаць з чужой працы.
Пасля гэтага чорт пачаў пільна сачыць за тым, як Усявышні працуе. Вось набраў Бог у жменю пяску, падкінуў вышэй і крыкнуў: «Ляціце, усялякія птушкі: дробныя і вялікія, галасістыя і не надта...»
Птушкі адразу пырхнулі ў розныя бакі і заспявалі на розныя галасы, тым самым аддзячваючы свайму стваральніку.
Тут і нячысцік асмялеў, захацелася і яму ў такой адказнай справе быць нароўні з Богам. Набраў ён поўную жменю сухога-сухога пяску, устаў, падкінуў яго ўгору і, гэтаксама як і Усявышні, прамовіў: «Ляціце!»
Каб жа ён, чорт дурны, здагадаўся сказаць, каго стварае, то ўсё, можа, і добра атрымалася б. Але ён не дадаў, толькі адно слова і прамовіў, таму з кожнай драбнюткай пясчынкі сыпанулі тыя самыя жывыя істоты, якія і да сённяшняга дня людзям жыць спакойна не даюць: восы. Спачатку яны жылі побач з жыллём чалавека, не забіраліся ў глухія мясціны. Праўда, карысці ад іх было мала: хіба што якая лыжка мёду. Калі надакучылі людзям балючыя ўкусы вос, то сталі нашы продкі іх агнём ды дымам выкурваць з дуплаў і кублоў ці ўвогуле вынішчаць або далёка куды выганяць.
3 цягам гадоў восы пасяліліся ў глухіх лясах і на дужа высачэнных дрэвах, куды і залезці было няпроста, таму вяскоўцы ўвогуле перасталі іх чапаць. Каму ахвота займацца цяжкай справай дзеля конаўкі мёду? Лепей пашукаць кубло дзікіх пчолак ды выдраць яго. Тыя і не так балюча кусаюцца, і мёду там значна болей.
Так і ў нашых мясцінах здарылася. Сяляне, якія жылі пасярод адвечнага бору, займаліся бортніцтвам, а на вос і ўвагі не звярталі. Так вялося не першы год. Старыя малым наказвалі:
– Вос, дзеткі, не чапайце, а яны вас ніколі не зачэпяць, бо баяцца, што на іх нашая ярасць абрынецца. Хто зачэпіць – той ліха займее, бо восы з нячысцікам звязаны і не даруюць крыўды.
Пару стагоддзяў местачкоўцы жылі тут, і ўсё ціха і спакойна было ў гэтых адносінах.
I вось аднаго разу ехаў сюдою дужа багаты пан. I не адзін, а са шматлікімі сябрамі, і не проста так, а на паляванне. Звяроў і птушак гэтулькі раней было, што пры здаровых руках і зоркіх вачах і без стрэльбы можна было набіць. Але памешчыкі голымі рукамі на звера не ішлі – хто баяўся, а хто, каб прыкрыць сваю палахлівасць, сцвярджаў:
– Не панская гэта справа, а мужыцкая – з голымі рукамі ці з якім ражном на звера кідацца. Яны ружжаў не маюць, то хай так выкручваюцца. Нам больш спраўна з ружжом.
Сяляне толькі пасміхваліся, бо даволі часта выпадала наглядаць, як стралялі фанабэрыстыя паляўнічыя: вясковец са звычайным лукам набіваў звера значна больш, чым той памешчык з ружжом ды кулямі.
Той дужа багаты пан, можа, і праехаў бы далей, але нехта з сябрукоў крыкнуў:
– Якія тут мясціны прыгожыя! Давайце тут прыпынімся! Вогнішча слугі распаляць, вып'ем па чарцы-другой, пастраляем! Куды нам спяшацца?
– Сапраўды, чаму б і не прыпыніцца? – загулі астатнія паны.
Гаспадар азірнуўся, каб пабачыць, ці ўсе такога жадаюць, і прамовіў, патрапляючы гасцям у лад:
– А што, мне таксама тут падабаецца, давайце спынімся.
Сконіліся і тут жа загадалі слугам раскладваць вогнішча, есці варыць ды смажыць, а самі за пляшкі ўзяліся. Як пачалі піць, ды не маленькімі ж чаркамі, то ўзмацнелі галасы, і неўзабаве нехта запытаўся.
– А чаго гэта ў нас так маркотна?
– Сапраўды, чаго?
– Дык што пан прапануе?
– Давайце пагуляем у хованкі.
Наступіла цішыня. Паны хоць і п'яныя былі, але не настолькі, каб гуляць у хованкі.
– Што гэта вы, шаноўны, прапануеце нейкую дзіцячую гульню?
Другі голас здзекліва дадаў:
– Ды яшчэ і хамскую. Астатнія падтрымалі:
– Так, трэба ў што іншае гуляць, а то дома сорамна будзе сказаць.
– То няхай пан і не гаворыць, хто яго за язык цягне.
Доўга, мабыць, спрачаліся б, каб не рашучы голас гаспадара, якога ўсе паважалі і да ягонага меркавання прыслухоўваліся:
– А што, давайце пагуляем, чаго саромецца? Будзе пра што дома згадаць.
Паны зарагаталі, і зноў узнікла пытанне:
– Хто вадзіць будзе?
– Давайце я, – падрадзіўся гаспадар.
Паны пабеглі ў розныя бакі – хавацца, а гаспадар вочы заплюшчыў і стаяў ля карэты, чакаў, пакуль скажуць ісці шукаць. Божачка, што тут пачалося! Лес загуў на розныя галасы – гэта дражнілі таго, хто вадзіў. А ён, хітры, прыслухаўся, вызначыўся, дзе шукаць большасць з памешчыкаў, і паклікаў, сказаўшы, што бачыць іх. Знайшоў усіх, акрамя аднаго. А той жа дацяміў – залез на сасну і стаіўся, перакананы, што ніхто яго не знойдзе. Так бы яно і было, але пан убачыў мноства, як яму самому падалося, пчол, што віліся ля кубла. Зразумеў вяльможны, што гэта пчолы мёд зносяць у кубло, і вырашыў набраць мёду і пачаставаць астатніх. Але як гэта робіцца, можа, і не ведаў. Адным словам, раскатурхаў ён тых пчол, а на самай справе аказалася, што гэта былі восы, і ўжо працягнуў руку да кубла, як у гэты самы адказны момант яго пачалі джаліць восы. Ён, бедалага, як ні хапаўся за голле, але не ўтрымаўся і гопнуўся долу.
– Вось ён! – усклікнуў задаволены гаспадар. – Апошні!
Але той ратаваўся ад вос: круціўся, адбіваўся, а потым... пабег да паноў. Неўзабаве ўсе яны вылі дзікімі галасамі і імкнуліся куды-небудзь схавацца, але паратунку ад ліхіх вос не было. Пазашываліся памешчыкі ў непралазныя балаціны, у гушчар, у кустоўе, да глыбокай ночы іх потым слугі збіралі. Дасталася там панам. Ледзьве выехалі познім часам, а тую мясціну так і празвалі ў народзе – Восава. Зараз, канешне, зусім ужо не тое, што даўней было.
ЛІТАРАТУРА
1. Восава // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс і апрац. А. М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 125–128.
Вёска Гатаўшчына
Гэта вёска ўзнікла на тым месцы, дзе ў старадаўнія часы людзі займаліся бортніцтвам, а таксама здабывалі мёд з асіных кублоў. Старыя людзі расказваюць, што на свеце гнюс ды восы з'явіліся вось адкуль.
Як Бог ствараў усялякіх звяроў і птушак, неабходных на зямлі, то побач з ім сядзеў і нячысцік. Справа ў тым, што яны тады яшчэ сябравалі і ўсюды хадзілі разам. Вось Усявышні злепіць з гліны якога звера і выпусціць.
– Бяжы, радуйся жыццю, размнажайся. Потым пабачу, як ты прыжыўся, а пакуль што сам мацуйся.
Нячысціку весела ад такіх слоў, ён задзярэ капыты і рагоча, ажно валасаты жывот яго калышацца.
– Чаго ты? – пытаецца Бог.
– Ды смешна такія словы чуць.
– Чаму?
– Смешна, дый годзе.
– Ты сам бы што-небудзь карыснае зрабіў, тады не смяяўся б, зведаў бы, як гэта цяжка.
– А і паспрабую.
– Паспрабуй, паспрабуй, то перастанеш качацца ды рагатаць з чужой працы.
Пасля гэтага чорт пачаў пільна сачыць за тым, як Усявышні працуе. Вось набраў Бог у жменю пяску, падкінуў вышэй і крыкнуў: «Ляціце, усялякія птушкі: дробныя і вялікія, галасістыя і не надта...»
Птушкі адразу пырхнулі ў розныя бакі і заспявалі на розныя галасы, тым самым аддзячваючы свайму стваральніку.
Тут і нячысцік асмялеў, захацелася і яму ў такой адказнай справе быць нароўні з Богам. Набраў ён поўную жменю сухога-сухога пяску, устаў, падкінуў яго ўгору і, гэтаксама як і Усявышні, прамовіў: «Ляціце!»
Каб жа ён, чорт дурны, здагадаўся сказаць, каго стварае, то ўсё, можа, і добра атрымалася б. Але ён не дадаў, толькі адно слова і прамовіў, таму з кожнай драбнюткай пясчынкі сыпанулі тыя самыя жывыя істоты, якія і да сённяшняга дня людзям жыць спакойна не даюць: восы. Спачатку яны жылі побач з жыллём чалавека, не забіраліся ў глухія мясціны. Праўда, карысці ад іх было мала: хіба што якая лыжка мёду. Калі надакучылі людзям балючыя ўкусы вос, то сталі нашы продкі іх агнём ды дымам выкурваць з дуплаў і кублоў ці ўвогуле вынішчаць або далёка куды выганяць.
3 цягам гадоў восы пасяліліся ў глухіх лясах і на дужа высачэнных дрэвах, куды і залезці было няпроста, таму вяскоўцы ўвогуле перасталі іх чапаць. Каму ахвота займацца цяжкай справай дзеля конаўкі мёду? Лепей пашукаць кубло дзікіх пчолак ды выдраць яго. Тыя і не так балюча кусаюцца, і мёду там значна болей.
Так і ў нашых мясцінах здарылася. Сяляне, якія жылі пасярод адвечнага бору, займаліся бортніцтвам, а на вос і ўвагі не звярталі. Так вялося не першы год. Старыя малым наказвалі:
– Вос, дзеткі, не чапайце, а яны вас ніколі не зачэпяць, бо баяцца, што на іх нашая ярасць абрынецца. Хто зачэпіць – той ліха займее, бо восы з нячысцікам звязаны і не даруюць крыўды.
Пару стагоддзяў местачкоўцы жылі тут, і ўсё ціха і спакойна было ў гэтых адносінах.
I вось аднаго разу ехаў сюдою дужа багаты пан. I не адзін, а са шматлікімі сябрамі, і не проста так, а на паляванне. Звяроў і птушак гэтулькі раней было, што пры здаровых руках і зоркіх вачах і без стрэльбы можна было набіць. Але памешчыкі голымі рукамі на звера не ішлі – хто баяўся, а хто, каб прыкрыць сваю палахлівасць, сцвярджаў:
– Не панская гэта справа, а мужыцкая – з голымі рукамі ці з якім ражном на звера кідацца. Яны ружжаў не маюць, то хай так выкручваюцца. Нам больш спраўна з ружжом.
Сяляне толькі пасміхваліся, бо даволі часта выпадала наглядаць, як стралялі фанабэрыстыя паляўнічыя: вясковец са звычайным лукам набіваў звера значна больш, чым той памешчык з ружжом ды кулямі.
Той дужа багаты пан, можа, і праехаў бы далей, але нехта з сябрукоў крыкнуў:
– Якія тут мясціны прыгожыя! Давайце тут прыпынімся! Вогнішча слугі распаляць, вып'ем па чарцы-другой, пастраляем! Куды нам спяшацца?
– Сапраўды, чаму б і не прыпыніцца? – загулі астатнія паны.
Гаспадар азірнуўся, каб пабачыць, ці ўсе такога жадаюць, і прамовіў, патрапляючы гасцям у лад:
– А што, мне таксама тут падабаецца, давайце спынімся.
Сконіліся і тут жа загадалі слугам раскладваць вогнішча, есці варыць ды смажыць, а самі за пляшкі ўзяліся. Як пачалі піць, ды не маленькімі ж чаркамі, то ўзмацнелі галасы, і неўзабаве нехта запытаўся.
– А чаго гэта ў нас так маркотна?
– Сапраўды, чаго?
– Дык што пан прапануе?
– Давайце пагуляем у хованкі.
Наступіла цішыня. Паны хоць і п'яныя былі, але не настолькі, каб гуляць у хованкі.
– Што гэта вы, шаноўны, прапануеце нейкую дзіцячую гульню?
Другі голас здзекліва дадаў:
– Ды яшчэ і хамскую. Астатнія падтрымалі:
– Так, трэба ў што іншае гуляць, а то дома сорамна будзе сказаць.
– То няхай пан і не гаворыць, хто яго за язык цягне.
Доўга, мабыць, спрачаліся б, каб не рашучы голас гаспадара, якога ўсе паважалі і да ягонага меркавання прыслухоўваліся:
– А што, давайце пагуляем, чаго саромецца? Будзе пра што дома згадаць.
Паны зарагаталі, і зноў узнікла пытанне:
– Хто вадзіць будзе?
– Давайце я, – падрадзіўся гаспадар.
Паны пабеглі ў розныя бакі – хавацца, а гаспадар вочы заплюшчыў і стаяў ля карэты, чакаў, пакуль скажуць ісці шукаць. Божачка, што тут пачалося! Лес загуў на розныя галасы – гэта дражнілі таго, хто вадзіў. А ён, хітры, прыслухаўся, вызначыўся, дзе шукаць большасць з памешчыкаў, і паклікаў, сказаўшы, што бачыць іх. Знайшоў усіх, акрамя аднаго. А той жа дацяміў – залез на сасну і стаіўся, перакананы, што ніхто яго не знойдзе. Так бы яно і было, але пан убачыў мноства, як яму самому падалося, пчол, што віліся ля кубла. Зразумеў вяльможны, што гэта пчолы мёд зносяць у кубло, і вырашыў набраць мёду і пачаставаць астатніх. Але як гэта робіцца, можа, і не ведаў. Адным словам, раскатурхаў ён тых пчол, а на самай справе аказалася, што гэта былі восы, і ўжо працягнуў руку да кубла, як у гэты самы адказны момант яго пачалі джаліць восы. Ён, бедалага, як ні хапаўся за голле, але не ўтрымаўся і гопнуўся долу.
– Вось ён! – усклікнуў задаволены гаспадар. – Апошні!
Але той ратаваўся ад вос: круціўся, адбіваўся, а потым... пабег да паноў. Неўзабаве ўсе яны вылі дзікімі галасамі і імкнуліся куды-небудзь схавацца, але паратунку ад ліхіх вос не было. Пазашываліся памешчыкі ў непралазныя балаціны, у гушчар, у кустоўе, да глыбокай ночы іх потым слугі збіралі. Дасталася там панам. Ледзьве выехалі познім часам, а тую мясціну так і празвалі ў народзе – Восава. Зараз, канешне, зусім ужо не тое, што даўней было.
ЛІТАРАТУРА
1. Восава // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс і апрац. А. М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 125–128.
Вёска Гваздова
Даўным-даўно татары вельмі часта нападалі на ўладанні мясцовага князя. Не паспявалі загаіцца раны ды аднавіцца папялішчы ад мінулага набегу, а ўжо зноў гарлалі-стагналі жанчыны, плакалі дзеці, люта адбіваліся мужчыны – новая навала пачыналася. I самае галоўнае, ворагі такія хітрыя ды скрытныя былі, што своечасова заўважыць іх не маглі, нібы з-пад зямлі ўзнікалі. Выляталі на конях, усе са зброяй, рабілі сваю чорную справу і гэтак жа незаўважна знікалі, пакідаючы пасля сябе пабітых-пасечаных ды выпаленыя паселішчы.
I ў той раз гэтак жа ўсё здарылася. Местачкоўцы ўжо прызвычаіліся, што ворагі ў пераважнай большасці выпадкаў нападалі напрадвесні, калі сыходзіў снег, пачынала зелянець трава і значна мялелі рэкі ды балаціны, што адыгрывала немалаважную ролю, асабліва для коннага войска. Таму княжацкая дружына, падзеленая на невялікія рухомыя атрады, стаяла заставамі ўздоўж мяжы і пільна сачыла за наваколлем. Але ўсё было ціха і спакойна. Неўзабаве прыйшоў загад князя ўсім збірацца да стольнага горада, бо калі вораг да гэтага часу, а ўжо пачалося лета, не з'явіўся, то і не з'явіцца. Дружыннікі развіталіся з сялянамі і паехалі на кліч князя. Відаць, трэба было тэрмінова збірацца ў які іншы паход ці дзе ў другім месцы разбірацца з чужынцамі.
Мясцовыя жыхары займаліся звычайнай для сябе працай – шчыравалі ў полі. Але нездарма гавораць ў народзе, што бяда прыходзіць нечакана. Відаць, недзе з тых жудасных часоў гэтая прыказка пайшла, там, у тых крывавых сечах ды бітвах, яе вытокі.
Усяго тыдзень прайшоў з таго часу, як паехалі воі. Сонца ўжо па-сапраўднаму на лета павярнула, і не толькі дні, але і ночы стаялі пагодлівыя, цёплыя. Якраз тая пара, калі сяляне пра сена дбаюць. Амаль не спалі вяскоўцы, дацямна працавалі, а ледзь толькі пачынала на вуліцы шарэць, ужо рухаліся, спяшаліся, каб як мага болей зрабіць за дзень. Тут ліха і здарылася.
На двары было ўжо добра цёмна, стомленыя вяскоўцы паляглі спаць і ўмомант паснулі. I тут каля крайніх хат паказаліся нейкія дзіўныя постаці. На першы погляд яны нагадвалі сабою вершнікаў, але надзіва ціха рухаліся, і толькі калі б хто-небудзь зблізку паглядзеў, то заўважыў бы, што ногі ў коней былі старанна абмотаны анучамі, таму яны і перасоўваліся нібы здані. Абкружылі тыя здані паселішча паўкруглым аршаком і давай па хатах шнырыць. А што ты ўначы зробіш, калі ў будыніну ўломяцца ўзброеныя чужынцы? Ведама, пачнеш адмахвацца, то і атрымаеш шабляй па галаве ці бізуном па спіне... Так яны і дзейнічалі. Праз гадзіну ўжо дымам ішоў увесь нажытак да неба, а жыхары, каторыя жывыя засталіся, былі перавязаны і сагнаны ў адзіны натоўп. Найбольш каштоўнае татары не палілі, а зносілі да падвод, якія навучыліся выкарыстоўваць не горш за мясцовых жыхароў. Усё хапалі, асабліва не грэбавалі.
I так ад вёскі да вёскі, ад горада да горада.
У той раз татары, як звычайна, усё хітра зрабілі. Такі багаты палон узялі, што нават стары мурза і той задаволена чмякаў і казаў:
– Колькі жыву, колькі ў набегі хаджу, але гэткага палону, гэткага багацця ніколі браць не выпадала. Нашы багі нам дапамаглі, і трэба штодня прыносіць ім шматлікія ахвяры і прынашэнні. Не шкадуйце, выбіраць жа ёсць з чаго. Замест аднаго палоннага, якога на вогнішчы спалім, на наступны дзень дзесятак захопім, а за залатоўку – сотню знойдзем.
I тыя не шкадавалі ні старога, ні малога, ні хворага, ні параненага. Такія ім былі не патрэбны. Што з іх возьмеш? Выкупу за такі тавар ніхто не дасць, і працаваць яны не будуць, перамруць па дарозе ці на месцы ўжо сканаюць – ніякай выгады не атрымаецца. А вось за здаровых мужчын, за ўмелых майстроў-рамеснікаў татары маглі і паміж сабой за шаблі схапіцца, бо надзвычай дорага яны каштавалі. Такога палоннага за колькі скажаш, за столькі і купяць, асабліва таргавацца ніхто не будзе.
Яшчэ з тыдзень палёталі, пасеялі смерць па наваколлі чужынцы, і мурза загадаў:
– Усё, хопіць, паварочваем назад. Дома нас зачакаліся, ды і палону браць болей не выпадае, каштоўнасцей таксама – няма куды.
У татараў дысцыпліна была суровая, начальніку заўсёды падпарадкоўваліся. Таму павярнулі ворагі назад. Але з перагружанымі абозамі не надта паспяшаешся. Гэта не верхам у полі скакаць, вецер пераганяючы. Рыпелі колы, напружваліся, выжыльваліся коні ды валы, а вершнікі бязлітасна дратавалі іх бізунамі – падганялі. Жывёлы ў татараў было болей чым дастаткова, таму коней і валоў не шкадавалі: адзін падаў – другога на яго месца прыпрагалі і далей рушылі без затрымкі. Ды напаткала бяда чужынцаў у іншым: перагружаныя вазы сталі развальвацца. Татары ў конях добра разбіраліся, а ў вазах – не надта. На першым часе прымушалі палонных перагружаць багацце з аднаго воза на другі, але потым зразумелі, што гэта не выйсце. Мурза таксама скеміў, што нешта не так атрымліваецца, і загадаў даведацца ў вопытных палонных, у чым тут прычына. Яго воі пачалі дапытваць сялян, але тыя зацята маўчалі, нават калі іх бязлітасна катавалі. Так і не далі б ворагі ніякай рады, калі б не адзін стары. Прыўзняўся з каленяў, бо так прымушалі стаяць палонных, і кажа:
– Я сакрэт ведаю, мяне бярыце.
– Што ты, дзеду? – зашапталі на яго з усіх бакоў.
– Не палохайцеся, родненькія, яны мяне яшчэ згадаюць...
Павялі старога да мурзы.
– Ну, гавары, у чым справа, чаму вазы не едуць, а колы адвальваюцца? Не цягні, бо галаву загадаю адсекчы!
– Не загадаеш, бо калі мяне заб'еш, то астатнія не скажуць, – сурова звёў бровы дзед. – Трэба гваздоў насекчы і імі калёсы затакаваць, то і паедзеце спакойна.
– А як гэта зрабіць?
– Дай мне памочнікаў, я з імі ў кузні папрацую.
– Даць яму, што патрабуе, – загадаў мурза. – Калі вазы паедуць, то я падарую табе жыццё!
– I за гэта дзякуй, – прашаптаў стары, не гледзячы на валадара татараў.
Сталі яны гвазды тыя рабіць, а дзед падвучыў людзей жалезныя палоскі перапальваць, тады жалеза не будзе трымаць, а, як звычайна дрэва, стане рассыпацца. Вучні трапіліся кемлівыя: справу зрабілі хутка і «надзейна», яшчэ і ў запас гваздоў накляпалі. Пазакладалі іх у восі, і мурза адпусціў майстроў, хацеў паказаць, які ён добры. Але татары не далёка ад'ехалі. Зноў пачалі спадаць колы, зноў закладвалі гвазды... Пакуль так час бавілі, то і княжацкая дружына прыспела. Татараў разбілі дашчэнту, а мурзу ў палон захапілі.
На тым месцы, дзе некалі той дзед са сваімі памочнікамі гвазды каваў, узнікла вёсачка, і назвалі яе людзі – Гваздова, у гонар таго смелага чалавека, які многіх ад вернай смерці выратаваў.
ЛІТАРАТУРА
1. Гваздова // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс і апрац. А. М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 132–135.
Вёска Малінаўшчына
Вельмі даўно на месцы нашай вёскі знаходзіўся невялікі двор пана Маліноўскага. Вядомы гэты памешчык быў многім, далёка ягонае прозвішча паўтаралі людзі, нібы ад пошасці ягой жагналіся.
Меў Маліноўскі дужа многа зямлі, але двор быў небагаты, бо шкадаваў пан грошы на будынкі траціць. Увогуле, ён быў надзвычай сквапны. Наймаў парабкаў і работнікаў, бо сам жа, ведама, не рабіў, але так людзей тых даймаў, што яны ўжо і шкадавалі, што за капейкай пагналіся. Гэта ж дадумацца трэба! Сядуць парабкі есці, і гаспадар да іх за стол лезе. Тады і яму кухар у місу варыва налівае. Там і есці няма чаго – адна вада з лебядой ці бацвіннем, але ўсё роўна Маліноўскі задаволена прамовіць:
– Кармлю вас, родненькія, як на выкарм, а вы нешта працаваць не надта рвяцеся. Як гнілое гарыць, так і вы варушыцеся. Ці ж так можна? Я ж вам грошы абяцаў заплаціць, але калі справа і далей так пойдзе, то аддам толькі палову.
Бедныя парабкі ледзьве сядзяць ад стомы ды голаду, толькі лыпаюць вачамі, небаракі, ды паміж сабою пераглядваюцца, а гаспадар далей працягвае іх навучаць:
– Дзе ж гэта вы бачылі, каб гэтулькі парабкаў, як у мяне сёлета, адно поле ўжо другі тыдзень зжаць не маглі... Канешне, калі спаць да полудня, то што паспееш за дзень зрабіць? Нічога. Якую драбніцу, што і для малога дзіцяці па сілах. А вы ж усе людзі дарослыя, здаровыя, і няма чаго прыкідвацца. Наняліся – усё роўна што прадаліся. Не забывайцеся пра гэта. А зараз кіруйце спаць, бо з сонцам трэба на працу ісці. А ты, аканом, чаго жывот адпусціў, чаму парабкаў тыднямі не бачыш? Ты ж таксама на маіх грашах сядзіш, ды на вялікіх... Чаму спіш у хаціне, асобна ад людзей? Трэба побач з імі ляжаць і будзіць іх як мага раней. А то, ведаю, яны цябе абуджаюць. 3 сённяшняе ночы каб з імі і дняваў, і начаваў. Зразумеў мяне?
– Зразумеў, – ціха лепятаў аканом, задаволены тым, што гэтак добра для яго ўсё скончылася, а магло быць зусім іначай.
Маліноўскі клыпаў у свае пакоі, а работнікі і аканом цягнуліся да вялізнай пуні, дзе ўсе ўпокат і спалі на збітым, прасмердлым сене. Аканом толькі чухаўся, нібы прадчуваючы, як ягонае цела будуць бязлітасна грызці-кусаць ноччу вошы.
– Ён свайго сына роднага не пашкадаваў, а вы хочаце, каб над намі зжаліўся, – буркнуў нехта з парабкаў.
– Як гэта? – не зразумеў нехта, відаць, з тых, хто яшчэ нядоўга працавалі ў гэтага гаспадара.
– А вы што, не ведаеце?
– Не.
– Ды ўсё наваколле пра гэтую падзею гаманіла. Як жа вас такая чутка абышла?
– Можа, малыя яшчэ былі, а можа, дома ў той час не жылі – дзе парабкавалі... То раскажыце.
– Давайце ў пуню зойдзем ды ляжам, а то цела ўсё гарыць ад стомы. Там і раскажу.
Людзі ўлягліся на сена, прыціснуліся адзін да аднаго і прыкрыліся нейкімі дзяружкамі. Аканом ляжаў асобна і глыбока ўздыхаў. Нехта не вытрымаў і напаўголаса сказаў:
– Пан, паўзі да нас, бо акалееш, ночы ўжо халодныя...
Аканом прамаўчаў.
Тады пачуўся голас:
– Не хочаш – як хочаш, потым адаграваць цябе не будзем.
– А да яго пакаёўка прыбяжыць, таму ён асобна і лёг – баіцца, каб яна ў цемры не пераблытала, – не ўтрымаўся і пажартаваў нехта з маладых.
У адказ пуня коратка рагатнула. Але аканом не адзываўся, таму пра яго хутка забыліся, а можа, стараліся не звяртаць увагі.
– Дык як там, дзядзька, было? – запытаўся нехта. – Распавядай, а то паснём і нічога не пачуем.
– Тады слухайце. Мне гэта таксама людзі расказалі, якія ўсё на ўласныя вочы бачылі і на свае вушы чулі.
Значыцца, так. У пана Маліноўскага быў усяго адзін сын. Болей дзяцей жонка яму не нарадзіла, бо яе, гаротніцу, памешчык да самагубства за пару гадоў давёў сваёй жорсткасцю. Толькі і глядзеў, каб яна чаго не ўзяла без дазволу, каб куды не пайшла і, даруй Божа, каб на якога маладога паніча не глянула. Калі такое заўважаў, то не выпускаў жонку з пакояў, сачылі за ёю і ўдзень, і ўначы. Гаспадар жа і ў маладыя гады такім самым быў. Невялічкага расточку, крывыя ножкі, і горб прабіваўся. Яна б і не пайшла за яго па сваёй волі, але ж паходзіла хоць і са знатнай, ды з беднай сям'і. Вось бацькі і ажанілі яе на грашах. Не думалі, які лёс, якая жытка будзе ў дачкі за гэтым вылюдкам, абы з хаты выпхнуць. Аддалі замуж і супакоіліся, а маладую пані Маліноўскі як хацеў, так і крыўдзіў. Жонка ж, людзі пераказвалі, такая добрая і ласкавая была, што ні на каго з парабкаў слова дрэннага не сказала, уступалася за невінаватых.
– Ага... – пачулася з таго боку, дзе самотна ляжаў аканом, і ўслед за гэтым зашамацела салома – ён перабіраўся бліжэй да работнікаў.
– ШІто, боязна аднаму?
– Ці мышы напужалі?
– А можа, блохі кусаюцца?
Але аканом надзіва спакойным голасам ціха прамовіў зусім не тое, чаго ад яго чакалі жартаўнікі:
– Такая яна была, такая... Я яе добра ведаў...
– Каго?
– Жонку Маліноўскага. Я ж тады якраз наняўся да іх аканомам, і гэтую гісторыю і да сённяшняга дня забыць не магу. Так усё і стаіць перад вачамі...
– Дык, можа, пан аканом далей раскажа?
– Не, няхай чалавек распавядае, а я таксама паслухаю ды яшчэ раз усё ў памяці аднаўлю.
– Ну то слухайце. Сыну іхняму адзінаму было ўсяго каля двух гадкоў, як гаспадыня пазбавіла сябе жыцця – павесілася. Пахавалі яе, і Маліноўскі стаў запраўляць гаспадаркай адзін. Разоў колькі хацеў жаніцца, але жанчыны ведалі гісторыю з першай жонкай, таму баяліся яго, як нячысцікі ладану. Так і застаўся ён адзін.
Сын вырас прыгажуном, здаравяка такі быў, што каня кулаком з капытоў мог збіць. У адрозненне ад бацькі, меў матчыну, шчырую душу. I трэба ж было так здарыцца – закахаўся ў дзяўчыну-пакаёўку. I яна без яго таксама жыцця не ўяўляла. Тады вырашыў паніч папрасіць бацькавага блаславення, але Маліноўскі як пачуў, каго хоча сын сабе за жонку ўзяць, то заявіў:
– Не будзе такога ніколі! Ніколі!
Хлапчына не знайшоў іншага выйсця, як атруціцца. У страшэнных пакутах пакідала гэтую зямлю ягоная душа. Калі паніча пахавалі, то нехта пасадзіў на яго магілцы дубок. Недзе праз тыдзень і дзяўчына тая павесілася, і яе паклалі побач з каханым. Ад злосці Маліноўскі загадаў зраўняць магілкі. Так зараз ніхто і не ведае, дзе яны ляжаць...
– На такое толькі ваўкалакі здольныя, а не людзі, – прашаптаў нехта.
У пуні ўсталявалася цішыня. Яе перарваў аканом:
– Я вам заўтра пакажу тое месца... Я яго добра памятаю...
Вось такім быў пан Маліноўскі. Неўзабаве ён памёр, і ўсім запраўляць стаў той самы аканом. Гэта ўжо зусім іншага характару быў чалавек – спагадлівы. Тады ля маёнтка сталі сяліцца людзі, і месца тое чамусьці Малінаўшчынай назвалі, хоць, мабыць, ніхто і не жадаў ўвекавечваць прозвішча таго злыдня.
ЛІТАРАТУРА
1. Малінаўшчына // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс і апрац. А. М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 135–138.
Вёска Навасёлкі
Гэта вёска пачалася з аднае горкі. Справа ў тым, што ў даўнія часы тут людзі не жылі. Мясціна была надзіва глухая, таму доўгія стагоддзі тут гаспадарылі толькі вецер ды звяры дзікія. Каб не той самы выпадак, то невядома, ці сталі б людзі ўвогуле тут жыць. А здарылася вось што.
У аднаго багатага пана была прыгажуня дачка. Вачэй з яе памешчык не спускаў, баяўся, што які паніч падміргне дзяўчыне хітрым вокам, закруціць па-заліхвацку вус і павядзе за сабой. Не хацелася яму адпускаць ад сябе сваю Марыльку, а па-другое, ён сам шукаў дачушцы адпаведную пару. У самога гаспадара грошай-каштоўнасцей было гэтулькі, што на добрага князя хапіла б, а зямлі – дык не абысці, не аб'ехаць.
Прыедзе, бывала, паніч сватацца ці які пан ужо ў гадах прыклыпае, а гаспадар адразу дачку кліча:
– Марылька, выйдзі да гасцей ды скажы якое слова. Спадабаецца табе жаніх, то я пярэчыць не стану, ну а калі не, то, прашу прабачыць мяне, дарагія сваточкі, папрастуеце адсюль, не паеўшы і не папіўшы...
Выйдзе паненка, зірне сваімі чорнымі-чорнымі вачанятамі і засмяецца:
– Татка, навошта мне такі стары дзед? Што мне з, ім – у хованкі гуляць ці казкі на ноч распавядаць? Мне малады муж трэба, а не перастарак.
Яшчэ пару разоў усміхнецца, паклоніцца нізка-нізка, прабачайце, але нічога не атрымаецца, і пойдзе да сябе ў пакой. Гаспадар далей ужо сам заўсёды рэй вёў:
– Бачыце, не спадабалася нешта маёй Марыльцы. Што зробіш, але сэрцу не згадаеш. Як яна сказала, так я і зраблю. Выпіце, госцейкі, са мной віна ды кіруйце дамоў, бо тут вам болей нічога не свеціць.
Госці з гора налыкаюцца так, што ўжо і гаварыць не здужаюць, а памешчык адно толькі рагоча, гледзячы на тое, як сваты выбіраюцца з палаца ды на коней іх слугі закідваюць.
Прыязджалі маладыя сватацца. Але яны заўсёды былі пыхлівыя, фанабэрыстыя, ад іх пагардай так і патыхала. Гаспадар вітаўся, распытваў, што да чаго, і дачку клікаў:
– Марылька, выйдзі да нашых гасцей, яны да цябе вялікі інтарэс маюць. Выйдзі на хвілінку ды скажы пару словак. Паглядзі, які жаніх сядзіць, не ведаю, як і сказаць...
– Не трэба гаварыць, тата, я сама пагляджу, – адказвала дзяўчына і выходзіла са свайго пакоя. Павітаўшыся, падыходзіла да жаніха ўшчыльную і раптам:
– Давайце мы з вамі песню праспяваем...
– Дык цвярозаму ж нешта... – пачынаў адмаўляцца жаніх.
– То пан і папівае? – касавурыла вочкі паненка.
– Ды не, не...
– Але ж вы толькі што адваротнае сцвярджалі...
– Гэта неяк міжволі атрымалася...
– То чаму ў паніча такі вялікі і чырвоны нос?
Небарака-паніч круціў галавою, шукаючы падтрымкі, але, не атрымаўшы яе, спрабаваў выкручвацца сам:
– Вецер на вуліцы халодны...нос ажно пасінеў...
– Але ж ён не сіні, а чырвоны ў вас, – не адступалася Марылька.
Жаніх зусім губляўся і бездапаможна апускаў рукі.
– Дык паніч не будзе са мной спяваць?
Той разумеў, што гэта ягоная апошняя зачэпка, і пагаджаўся.
– Як махну рукою, то паніч няхай дапамагае. Я першая пачну, так?
Гаспадар ужо не першы раз прысутнічаў пры такіх сцэнах, таму адразу адварочваўся і лез у кішэню па вялізную насоўку, каб праз хвіліну выціраць слёзы ад несупыннага смеху.
Марылька голасна зацягвала народную песню, абавязкова народную, нечакана махала рукой, падаючы знак жаніху. Вы і ўявіць сабе не можаце, што пачынаў спяваць чалавек, які, па-першае, не ведаў слоў, а па-другое, не меў ні слыху, ні голасу. Такое выццё неслася, што нават самі сваты адварочваліся ці хілілі галовы долу, каб жаніх не бачыў, што іх калоціць ад смеху. Павыўшы хвілін колькі, нечаканы прэтэндэнт у мужы ўскокваў і ўцякаў прэч, а ўслед яму неслася:
– Куды вы, куды? Мы ж яшчэ не даспявалі...
У адказ даносіўся толькі таропкі пошчак капытоў і брыдкая лаянка.
Бацька з Марылькай смяяліся і клаліся спаць.
Так цягнулася пару гадоў, пакуль аднаго разу гаспадар не ўзяў новага слугу – Сымона. Малады хлапец, прыгажун, асілак, са звонкім, як званочак, голасам, спадабаўся пану тым, што хутка і добра працаваў. Маці не хацела адпускаць ад сябе адзінага сына, але супраць панскай волі не папрэш.
Стаў Сымон служыць у маёнтку. Гаспадар трымаў яго недалёка ад палаца, каб у любы момант такі ўвішны хлопец быў пад рукой. Паненка першыя дні не бачыла Сымона, бо ён быў недзе па справах. Але аднае раніцы Марылька прачнулася і пачула, што ў двары нехта спявае. Прычым не раве, як гэта звычайна рабілі яе жаніхі, а менавіта спявае: меладычна, прыгожа. Апранулася, выскачыла на ганак і стаілася за калонай. Глядзіць – а гэта здаравенны русавалосы хлапчына рамантуе бацькоўскі экіпаж і між справай спявае. Падкралася яна бліжэй, за спінай стала, але слуга яе не заўважаў.
– Хто ты такі? – нечакана запыталася паненка. Той уздрыгнуў і павярнуўся.
– Слуга.
– Сама бачу. А як цябе завуць?
– Сымон.
Хлапчына глядзеў на яе шырока адкрытымі вачыма, бо ўмеў цаніць прыгажосць. Потым асмялеў і запытаўся:
– А ты... ты паненка, так?
– Так, – гулліва адказала дзяўчына.
– А завуць цябе...
– Марыля, – прамовіла прыгажуня і адчула, што твар яе пачынае пунсавець.
– Што гэта ты за песню спяваў?
– Ды нашу, мужыцкую.
– Ведаю, што не панскую. Перакажаш мне яе?
– Перакажу...
Так непрыкметна і завязалася спачатку сяброўства, а потым шчырае, светлае каханне паміж Марылькай і Сымонам, паміж багатай паненкай і бедным слугой.
Бацька нічога не падазраваў і адпускаў дачку ездзіць па палетках ды па мясцовых дарогах у экіпажы, а Сымон сядзеў за лёкая. Так яны і кахаліся. Спачатку хацелі ўпасці пану ў ногі, каб дазволіў ім пажаніцца, але Марылька рашуча сказала:
– Ён табе не даруе такога, загадае закатаваць. Давай лепей...
– Што?..
– Збяжым. Пакуль ачомаюцца, пакуль у пагоню кінуцца, мы ўжо далёка будзем, а там перачакаем і зажывём спакойна.
Так і вырашылі зрабіць.
Наступным днём паехала паненка прагуляцца. А бацьку ці то падказаў нехта, ці то самому нешта стукнула, захацелася праверыць, чым яны займаюцца. Узяў слуг і паджгаў. Так і ўтварылася своеасаблівая пагоня. Марылька з Сымонам убіліся ў глухі лес і вырашылі адпачыць, а далей ужо прабірацца пехатою. Тут і наваліліся слугі. Ведалі, што Сымона не адолеюць па сіле, дык з ручніцы хацелі застрэліць. Грымнуў стрэл. Марылька кінулася на грудзі каханаму, каб выратаваць яго, і сама загінула. Ухапіў тады асілак цурбалак і давай тых слуг малаціць. Многіх паклаў, але сам пан другім стрэлам з ручніцы забіў яго на горцы. Там іх і пахавалі, бо памешчык забараніў везці цела дачкі дамоў.
Маці Сымона доўга шукала магілу сына. Нарэшце ёй падказалі, відаць, нехта са слуг. На тым пагорку яна і стала жыць, днямі праседжваючы на магіле закаханых. Потым туды пачалі людзі ад ліхіх паноў уцякаць, бо ў гэтае месца ніякія панскія служкі не дабіраліся. Кожнага новага чалавека тыя, хто раней тут апынуліся, называлі «навасёлам». Так і ўтварылася наша вёска Навасёлкі.
ЛІТАРАТУРА
1. Навасёлкі // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс і апрац. А. М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 138–141.
Вёска Празарокі
Было гэта даўным-даўно. Жылі людзі вялікімі сем'ямі – плямёнамі. Разам здабывалі ежу, разам сустракалі гора і радасць. Але і тады знаходзіліся прагныя людзі, якім не жылося спакойна. Яны заваёўвалі чужыя землі, багацелі на людскіх слязах і крыві.
Сярод блакітных азёраў і густых лясоў тулілася асаблівае паселішча. Размяшчалася яно на граніцы двух вялікіх плямёнаў – балтаў і крывічоў. I людзі тут жылі асаблівыя: высокія, стройныя, з блакітнымі, як бяздоннае неба, вачамі і залацістымі валасамі.
Нікому яны не рабілі зла. Па натуры сваёй былі мяккія і добрыя. Па сіле ж і духу – моцныя, як крэмень. Адказную, пачэсную справу рабілі яны: баранілі сваіх суродзічаў ад нападу ворагаў. Паселішча знаходзілася ў нізіне. Доўгім ланцугом стаялі празоры на ўзгорках уздоўж паселішча і ўглядаліся ўдалечыню. І так з дня ў дзень, з ночы ў ноч. Сыны змянялі бацькоў, браты – братоў. Каля кожнага празора – прысак з вуголлем. Калі пагражала небяспека, празоры адзін за адным запальвалі свае вогнішчы. Далёка былі відаць выратавальныя заранкі...
I вось аднойчы ў празора не загарэлася вогнішча. Можа, дождж затушыў яго, а мо вецер не даваў набрацца моцы. I тады празор пацягнуўся да неба... І проста ў рукі яму спусцілася зорка. Ён запаліў яе сваім сэрцам – і яна зазіхацела, заіскрылася адчайным мігачком. Племя было папярэджана, вораг знішчаны.
Кажуць, што з тых часоў вораг не адважваецца нагой ступіць на гэтыя землі. А мясціна гэтая стала называцца Празарокамі. Па сённяшні дзень жывуць там добрыя і шчырыя людзі.
ЛІТАРАТУРА
1. Глот, Л. П. «Празарокам» толькі год, але... / Л. П. Глот ; гутарыла Г. Дашкевіч // Віцьбічы = Витьбичи – 1999. – 12 янв. – С. 3.
2. Аўдзеенка, А. Пра вёску Празарокі / А. Аўдзеенка // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – C. 24.
Паданні пра курган каля вёскі Зябкі Глыбоцкага раёна
Каля вёскі Зябкі Глыбоцкага раёна, побач са старажытнай дарогай, якая яшчэ і цяпер на-зываецца Альгердаў шлях, ёсць вялікі курган. Мясцовыя паданні звязваюць яго з'яўленне з па-дзеямі вайны 1812 года.
Згодна з першым паданнем, у канцы ліпеня 1812 года па старому Альгердаваму шляху на Маскву рухалася некалькі французскіх палкоў. I коні, і людзі знемагалі ад спякоты. Навалілася хвароба: ад слабасці падкошваліся ногі, кружылася ў галаве, раз-пораз цягнула справіць патрэбу па вялікаму, але давалася гэта са страшэнным болем і крывёю. Перадавыя атрады французаў у вёсцы Зябкі Псуйскія выйшлі на бераг вялікага возера. Было прынята рашэнне зрабіць тут на некалькі дзён прывал.
Калі сцямнела, то ў адным, то ў другім месцы з'яўляўся прывід: апранутая ва ўсё белае жанчына з касой за плячыма завіхалася паміж палаткамі і павозкамі. Вайсковыя лекары аказвалі хворым дапамогу, але салдаты паміралі. Раніцай афіцэры вызначылі месца для пахавання нябожчыкаў. Сюды з рыдлёўкамі прыбыў і пахавальны атрад. Памерлых хавалі на працягу тыдня, целы прысыпалі жоўтым пяском. Узгорак з кожным пражытым днём станавіўся ўсё вышэйшым. Пахавальны атрад працаваў ад ранку да вечара. Да ўзрастаючага ўзвышша былі прыстаўлены лесвіцы-сходні, па якіх магільшчыкі ўзнімалі памерлых наверх, затым усцягвалі мяхі з пяском. Так вырас курган як напамінак аб вайне 1812 года.
Другое паданне сцвярджае наступнае. Чатыры павозкі, на кожнай па невялікай дубовай бочцы са скарбам, пад аховай дзесятка драгунаў не паспелі праскочыць праз масты на рацэ Бярэзіне пад Барысавам. Таму рушылі па лясных дарогах на поўнач, у суседні Дзісенскі павет, каб выехаць на Альгердаў шлях, што вёў на Вільню.
У канцы лістапада 1812 года з боку Галубіцкай пушчы французы пад'ехалі да маёнтка графа Косава ў Псуі. За дарагія ўпрыгожванні з золата і каштоўных камянёў набылі хлеба і мяса людзям, аўса і сена – коням. Толькі выехалі, як авангард заўважыў, што па Альгердаваму шляху рухаюцца рускія войскі. Французы схаваліся ў бары. Перачакаўшы, паехалі далей. Але спыніліся ля свежанасыпанага ўзвышша. Магчыма, французы заўважылі якую адзнаку ці ад мясцовых жыхароў даведаліся, што тут пахаваны іх суайчыннікі. Трое сутак французы тапталіся ля кургана, штосьці капалі. На чацвёрты дзень адвячоркам месцічы бачылі, як ад узвышша ад'язджалі французскія павозкі, але дубовых бочак на іх ужо не было. Паданні прыгожыя, але яны не надта падобныя на праўду. Бо навошта французам пры наступленні губляць час, цягаць па лесвіцах-сходнях пясок, каб пахаваць суайчыннікаў, якія памерлі ад хваробы. Нават загінуўшых у бітвах так не хавалі. Тым больш, каб французы тры дні «тапталіся» і закопвалі скарб на ўзвышшы, што стаіць побач з бойкай дарогай, на якой у любую хвіліну маглі з'явіцца рускія войскі.
Здаўна на кургане былі могілкі (тут і цяпер хаваюць памерлых). Але мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што пагорак не прыродны, а насыпны. Капаеш магілу – спачатку пясок, а метры праз два пачынаецца чарназём.
Звычай хаваць нябожчыкаў у курганах склаўся на Беларусі на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да нашай эры і доўжыўся амаль да XV стагоддзя, калі гэты від пахавання быў заменены на грунтавое. Курганы адрозніваюцца формай і памерамі. Найбольш пашыраныя круглыя – дыяметрам 3–18 метраў і падоўжаныя – даўжынёй ад 10 да 110 метраў (зябкінскі курган метраў сто даўжынёй). Найчасцей у кургане хавалі аднаго нябожчыка, радзей – двух-трох. Да канца 1-га тысячагоддзя нашай эры трупы спальвалі, рэшткі крэмацыі змяшчалі ў гаршку, побач клалі сякеры, шпоры, сярпы, крэсівы, пацеркі, бранзалеты, пярсцёнкі і інш. У XI–XIII стст. гэты абрад змяніўся на трупапалажэнне. Нябожчыкаў клалі на спіну альбо на бок, галавой звычайна на захад.
Сустракаюцца і пустыя курганы, па-навуковаму яны завуцца кенатафы. Іх насыпалі, калі чалавек гінуў на чужыне і яго было немагчыма пахаваць на радзіме. Лічылася, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць супакаення. Звычай насыпаць курганы-кенатафы дайшоў і да нашых дзён, калі ў памяць пра салдат, што загінулі на Вялікай Айчыннай вайне, створаны Курганы Славы.
Якім бы ні было паходжанне кургана каля вёскі Зябкі, ён даўно стаў мясцовай адметнасцю, сведкам старадаўняй гісторыі нашага народа.
ЛІТАРАТУРА
1. Кавалеўскі, С. Спіць курган... / С. Кавалеўскі // Народнае слова – 2004. – 20 сак. – С. 8.
Возера Царкавішча
Узгорак на беразе возера Івесь тутэйшыя жыхары завуць Царкавішча. Вось што пра паходжанне назвы ўзгорка гаворыць легенда.
Вядома, што хрысціянства (праваслаўе) у нашыя землі прыйшло са слаўнага горада Полацка. Крывічоў, што жылі на берагах азёр Шо і Івесь, усё часцей і часцей наведвалі полацкія святары. Працаўнікі-крывічы слухалі прапаведнікаў новай рэлігіі з вялікай асцярогай, вельмі цяжка было ім пакінуць і адрачыся ад вераванняў сваіх продкаў: яны ж вякамі верылі богу Перуну і абера-гальніку жывёлы Велесу. Былі ў іх і такія багі, як Жыжа – бог агню і Зюзя – бог холаду.
Аднак ішоў час – і колькасць вернікаў новай хрысціянскай рэлігіі сярод жыхароў нашага краю павялічылася. У час хрышчэння некалькіх родаў крывічоў у водах возера святар з Полацка выказаў думку наконт будаўніцтва царквы на прыгожым узгорку на беразе возера Івесь. На тым месцы, дзе меркавалася пабудаваць храм, адбылося богаслужэнне. На наступны дзень вернікі ўзяліся за справу: да месца будоўлі падцягваліся дубовыя калоды і смалістыя сасновыя бярвенні, на пляцоўцы загрукалі сякеры. Калоду да калоды, бервяно да бервяна – і праз нядоўгі час на ўзгорку на беразе возера Івесь стаяла і красавалася праваслаўная царква з купалам і крыжам на ім і званіцай побач.
Службу ў новай царкве вялі полацкія святары. Аднак не ўсё ішло добра і гладка. Асобныя вернікі, што нядаўна прынялі абрад хрышчэння, прадаўжалі пакланяцца сваім ранейшым багам, прапускалі богаслужэнні ў новай царкве, наведвалі капішчы – месцы, дзе пад спрадвечнымі дубамі і разложыстымі векавымі бярозамі стаялі выявы іх багоў. Святары з Полацка імкнуліся такіх богаадступнікаў вярнуць зноў у лона праваслаўнай царквы, тлумачылі, што такія выхадкі вернікаў з'яўляюцца святататствам, вялікім грэхам, прадказвалі, што вінаватыя перад Богам панясуць пакаранне за сваё грэхападзенне.
I як у ваду глядзелі. Ноччу ўзняўся моцны вецер. У гэты год вясна была ранняя, лёд на азёрах і рэках растаяў яшчэ ў пачатку сакавіка. На возеры Івесь, на беразе якога стаяла новая царква, хвалі дасягалі двух сажняў у вышыню і моцна білі ў бераг. Штосьці ўздрыганулася – і вялікі ўчастак зямлі абрушыўся ў возера. У той жа момант скаланулася царква, зямля пад ёй расступілася – і царква разам са званіцаю правалілася пад зямлю. На месцы, дзе некалькі дзесяткаў гадоў красавалася царква, застаўся невялікі ўзгорак, які і па сённяшні дзень называюць Царкавішчам.
Легенда запісана ў 1964 годзе ад жыхара вёскі Рускі Завулак Псуеўскага сельсавета Ляскова Паўла Кірылавіча.
ЛІТАРАТУРА
1. Волкаў, І. Возера Царкавішча / І. Волкаў // Веснік Глыбоччыны. – 2001. – 24 студз. – С. 3.
2. Волкаў, І. Царкавішча / І. Волкаў // Веснік Глыбоччыны. – 2000. – 22 ліп. – С. 4.
3. Гамзовіч, Р. Легенды і цуды азёрнага краю / Р. Гамзовіч // Алеся. – 2010. – № 6. – С. 16–18.
Легенды пра Сахнавіцкае (Гінькава) возера ў Глыбоцкім раёне
Паданне першае. Заварожаныя дары
Дзве сястры, Феафанія і Леанора, доўгі час жылі ў Варшаве. Іх мужы былі пры каралеўскім двары, не шкадавалі сродкаў і сваім жонкам, рабілі ім шыкоўныя дарункі: залатыя пярсцёнкі і ланцужкі, бранзалеты, дарагі посуд, рэдкія ўпрыгожанні з перлін і каштоўных камянёў.
У час падзелу Рэчы Паспалітай мужы былі арыштаваны і вывезены ў Расію, а пані Феафанія і Леанора вярнуліся ў родныя мясціны, прыхапіўшы дары сваіх багатых мужоў. Аднаго баяліся пані, каб прывезеныя імі дары, незлічоныя багацці не трапілі ў рукі новых расійскіх улад. І вырашылі яны прыхаваць свае шматлікія каштоўнасці ў склепе (пячоры), што знаходзілася ў стромах Сахнавіцкага возера. Варшаўскія пані звярнуліся да старэнькага дзядка, варажбіта і калдуна. Дзядок-калдун заваражыў прывезеныя з Варшавы дары, прачытаўшы над імі хітрую замову. Узяць заварожаныя дары можна толькі нашаптаўшы гэтую ж замову тры разы і тройчы прамовіўшы: «Разваражыцеся, дары!». Хутка шаноўныя пані памерлі, а дары засталіся ў пячоры.
Здараецца такое: хтосьці рызыкне спусціцца ў склеп, у яго пачынае кружыцца галава, займае дых, падкошваюцца ногі, і ён, як корак з бутэлькі, вылятае адтуль.
Паданне другое. Напалеонаўскі скарб
Бязладна беглі, адступалі войскі заваёўніка Напалеона, а з імі пляліся цяжкія фурманкі з нарабаваным у Расіі і Беларусі скарбам: золатам, перлінамі ды іншымі дарагімі рэчамі. З Полацку французаў падціскала расійскае войска.
У Празароках абозы звярнулі ў напрамку на Чарневічы, каб выйсці на Кацярынінскі бальшак Дзісна – Лужкі – Вільня. За вёскай Касарова абозы спаўзлі ў лагчыну, а ўзняцца на пагорак не змаглі: перашкаджаў вялікі галалёд, а большасць коней, нарабаваных у беларускіх сялян, былі някутымі.
Напалеонаўскія ваякі вырашылі пасыпаць пяском кавалак дарогі да Сахнавіцкага возера, завезці туды нарабаваныя скарбы і прыхаваць іх у склепе надазёрнай стромы. Сказалі – зрабілі. Абозы хутка былі разгружаны, а напалеонаўскія ваякі, нібы Марка па пеклу, па коўзкай дарозе праз Чарневічы і топкую пойму ракі Авуты выпаўзлі на Віленскі тракт і ўжо без цяжкіх абозаў шпарчэй рушылі да сваёй Францыі. А незлічоныя напалеонаўскія скарбы і па сённяшні дзень прыхаваны пад скляпеннямі ў стромах Сахнавіцкага возера.
Паданне трэцяе. Склад зброі
Дарога ад Язна да Празарок была забіта павозкамі з ваеннай амуніцыяй. Казакі пад кіраўніцтвам легендарнага Гая прарвалі польскую абарону і калонамі на Лужкі і Празарокі рушылі на захад. Польскія вайсковыя абозы былі спешна павернуты на Касарова, а адтуль рушылі да стромаў Сахнавіцкага возера. Каб зброя ды іншая ваенная амуніцыя не дасталіся бальшавікам, яе згрузілі ў сахнавіцкі склеп. Сярод амуніцыі былі вялікія металічныя бочкі з атрутнымі рэчывамі. Вось чаму з тым, хто адважыцца спусціцца ў склеп, адбываюцца дзіўныя здарэнні: смяльчак пачынае задыхацца, накатваюцца ваніты, знікае сіла ў нагах, і ён куляй вылятае са склепу і доўга адлежваецца на зямлі, каб ачуняць.
ЛІТАРАТУРА
1. Скрабатун, У. Таямніца Сахнавіцкага возера / У. Скрабатун // Наша Ніва. – 2001. – 11 чэрв. – С. 6.
2. Скрабатун, У. Таямніцы Сахнавіцкага возера / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2000. – № 2 (студз.). – С. 2, 4.
Возера Шо ў Глыбоцкім раёне
З даўніх часоў возера можна было перайсці ўброд. Тут рыбакі цяпер бачаць непадалёк ад паўднёвага берага на дне каменныя крыжы. З гэтымі крыжамі звязана народная легенда пра дачку каменячоса прыгажуню Любаву і воіна Мікулу, якія кахалі адно аднаго. Пайшоўшы з княжым полацкім войскам у паход на Кіеў, Мікула не вярнуўся дадому, бо ажаніўся з багатай князёўнай. Любава захварэла, калі пачула пра гэта, і ад тугі памерла. Перад смерцю папрасіла бацьку паставіць на яе магіле светла-шэры крыж. У Мікулы жыццё на чужыне не склалася: паміралі дзеці, а хутка і жонка пакінула гэты свет. Ён вярнуўся на Радзіму і, даведаўшыся ад суседзяў з роду Карандзеяў, што Любавы няма, пайшоў наведаць яе магілу. Але Любава і мёртвая не дазволіла здрадніку наблізіцца да яе: раптоўна на возеры ўзнялася бура, і могілкі схаваліся пад вадой.
Мікула вымушаны быў пакінуць селішча і пад вёскай Горнава, што ў бок ад Галубіцкай пушчы, пабудаваў сабе сярод лесу хатку. Жыў адзінока, а пасля яго смерці тут утварылася вёсачка, якую назвалі Мікулавы Буські.
Легенда запісана мясцовым краязнаўцам Іванам Волкавым ад патомнага рыбака Карандзея, які жыў у вёсцы Надазер'е ля возера Шо. Да гэтага часу ў Шо ходзяць рыбачыць «на крыжы».
ЛІТАРАТУРА
1. Волкаў, І. Крыжы / І. Волкаў // Веснік Глыбоччыны. – 1997. – 31 снежн. – С. 3 ; 1998. – 10 студз. – С. 2.
2. Гамзовіч, Р. Легенды і цуды азёрнага краю / Р. Гамзовіч // Алеся. – 2010. – № 6. – С. 16–18.
Легенды пра гарадзішча каля вёскі Зубкі Глыбоцкага раёна
Мясцовае паданне сведчыць аб тым, што на месцы гарадзішча калісьці быў горад з манастыром і замкам. Разбураны ён быў у час Шведскай вайны. Легенда дабаўляе, што пад адным з узвышшаў ёсць падзямелле, дзе захоўваецца шмат жалеза, грошай і... 8 бочак гарэлкі. Апошняе «ўдакладненне» наконт гарэлкі крыху выклікае ўсмешку, але ж на тое яна і легенда. Успамінаецца і тое, што ад былога горада засталіся толькі каменныя пліты з 4- і 8-канцовымі крыжамі. І гэта ўжо рэальнасць, якая сведчыць аб тым, што тут існавалі старажытныя пахаванні.
З вуснаў мясцовых жыхароў перадавалася паданне і пра тое, што на месцы зубкоўскіх курганоў некалі была бітва трох цароў – рускага, шведскага і яшчэ нейкага трэцяга. Сама ж гэта мясцовасць – гарадзішча і могільнік – насіла назву Царквішча і Пагарышча.
ЛІТАРАТУРА
1. Шарыпкін, Р. Легенды і паданні Зубкоўскага гарадзішча / Р. Шарыпкін // Вольнае Глыбокае. – 2002. – 23–29 траўня. – С.6.