Віцебскі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 06.05.2013 07:26
- Адноўлена 30.08.2017 07:25
Легенды і паданні з’яўляюцца адным з найбольш важных элементаў гісторыка-культурнай спадчыны нашага народа. Яны адлюстроўваюць гістарычны лёс краіны, духоўныя каштоўнасці людзей Беларусі. Для жыхара кожнай мясцовасці яны з’яўляюцца пэўнымі звеннямі, якія злучаюць пакаленні нашага народа.
Буева
Некалі наша вёска стаяла значна бліжэй да Заходняй Дзвіны, чым цяпер. I не таму, што людзі аднеслі будынкі ці на ўсялякі выпадак вырашылі падстрахавацца і паставілі хаціны воддаль. Не. Проста рэчышча кожнай рэчкі з цягам часу мяняе свой накірунак. Здараецца, на пару сажняў, а бывае – на сотні крокаў, а то і болей. У выніку такога адвольнага спрашчэння Заходняя Дзвіна штогод паволі адсоўвалася ад паселішча. Такая свавольніца рэчка, як наша, па-іншаму і не магла, бо калі гандляры ці проста людзі падарожныя прабіраліся па вадзе, то ім даводзілася такіх жахаў і бядотаў натрывацца, што і дзесятаму заказвалі. Дзе ж вы бачылі, каб на адну вярсту рэчкі – больш за дзесятак віроў, столькі ж падводных камянёў, ды яшчэ адмеліны? А ў нашай менавіта так і ёсць. Апошнім часам мала плаваюць, а раней жа толькі па вадзе і дабіраліся. Колькі ўсялякіх тавараў ды людзей хапнула сваім сквапным ротам Заходняя Дзвіна, цяпер і падлічыць немагчыма. Але старыя людзі памятаюць асобныя жудасныя здарэнні, пераказваюць маладзейшым, таму нават і мы ведаем. Аднаго разу прабіваўся ці то князь, ці то багаты пан з дружынай. Куды ён хацеў даплыць – ці да суседа з добрым намерам, ці да другога з вайною – невядома. Спрактыкаваныя воі і стырнавыя не вельмі баяліся цяжкіх дарог і нечаканых сутычак з ворагамі. А вось у іншым яны прайгравалі. Калі плылі па рацэ, дзе раней бывалі, то трымаліся спакойна і ўпэўнена, а калі трапілі на новы ўчастак і караблі пачалі то на адмеліны садзіцца, то на камяні трапляць і днішчы прабіваць, знясілелі людзі за адзін дзень да такой ступені, што ледзьве ногі перасоўвалі. Князь той з усімі разам працаваў, бо ў тыя часы не было такога, што адзін гарбаціцца, а другі толькі загадвае. Усе роўныя ў працы былі і ў бітве. Моўчкі сядзелі стомленыя людзі на беразе вакол вогнішчаў і толькі стрымана саплі, есці і то не хацелася. Старэйшыя пазіралі на маладзейшых, а тыя, у сваю чаргу, на больш сталых. Нечакана ад караблёў-чаўноў данёсся крык вартавога: – Вада спадае! Чаўны на беразе аказваюцца! Воіны пабеглі туды, і сапраўды: вада адступала, і там, дзе яшчэ гадзіну назад яе было па пояс, зараз было меней чым па калена. Усе круціліся, не ведаючы, што рабіць. I тут сівагаловы вой, які, мабыць, усё сваё доўгае жыццё правёў у паходах, прапанаваў: – Адпіхвайце чаўны на сярэдзіну! Толькі на сярэдзіну, бо да раніцы яны апынуцца на якой-небудзь кручы, і тады давядзецца іх на плячах несці! Хутчэй! Цяпер людзі ўжо не азіраліся на князя, не чакалі, што той загадае, бо і самі адчулі, як імгненна мялее рэчка. Напружваючыся, сінеючы ад цяжару, неяк усё ж спіхнулі чаўны на сярэдзіну Заходняй Дзвіны, а адпачываць на бераг ужо не палезлі, засталіся на месцах. Праз якую хвіліну навокал стаяў густы храп, ператомленыя воі спалі ўпокат. На невялічкім цурбалку сядзеў князь, а насупраць яго, абапершыся спінаю на нейкі цюк, – той самы стары вой, які так удала і своечасова скамандаваў. – Што гэта, Белавус? – звярнуўся да яго валадар. – Колькі па рэчках плаваў, але такога бачыць не даводзілася, каб так хутка вада сыходзіла... Як жа нам далей прабірацца? Я і сам, княжа, да канца яшчэ не разабраўся. Раніцай пабачым. Тут і сапраўды справа нейкая дзіўная атрымліваецца. Можа... – Што можа? – нахіліўся валадар да суразмоўца. – Падумалася так... – Гавары, ты ж мяне ведаеш, я за праўду нікога ніколі не пакараў і не пакрыўдзіў. – Я не баюся, княжа, але сумняваюся... – I ўсё ж? – А раптам гэта нас багі перасцерагаюць, каб далей не плылі?.. Князь замаўчаў. Было відаць, што ён спрабуе знайсці і сваё тлумачэнне такой перасцярозе. – Хто яго ведае, Белавус, – нарэшце выдыхнуў валадар. – Нічога дакладнага сказаць не магу. Можа, загадаць, каб вешчуна разбудзілі? Хай бы ён па сваіх ахвярах-прадказаннях паспрабаваў у будучае заглянуць... – Ноч зараз, княжа. Хай спяць людзі, а раніцай паспрабуем ва ўсім разабрацца. Ператаміліся воі, нават есці не пажадалі... – А ты чаго не спіш, Белавус? – Я, княжа, мала апошнім часам сплю. Стары ўжо. Уваб'ецца што ў галаву, дык да самай раніцы, бывае, вочы не заплюшчу, ляжу ды ўсё думаю-перадумваю. Ёсць што прыгадаць. Хутка давядзецца пакінуць гэты свет, а на тым будзе мне час і магчымасць добра адпачыць, там турбавацца ды спяшацца не давядзецца... – Чаго гэта ты? – запярэчыў валадар. – Туды яшчэ паспееш. Пабудзь з намі, парадуйся жыццю вольнаму, няўрымсліваму. Туды ўсе паспеем, хто раней, хто пазней, і часта не толькі ад старасці гэта залежыць, сам ведаеш... – Так, княжа, ведаю. Таму і перадумваю пра ўсё. – Ну думай, а я крыху пасплю. Стаміўся моцна, але воям не магу паказваць гэта. – Спі, княжа, а я пасяджу, паразважаю, можа, нешта цікавае прыдумаю... Валадар як сядзеў, то толькі споўз на цёплыя, нагрэтыя за дзень дошкі і адразу захроп. Што той ночы, асабліва летам. Не паспееш прылегчы ды на другі бок перавярнуцца, а сонца ўжо над лесам грае, птушкі прачынаюцца, шчабечуць-заліваюцца навокал. Белавус так і не спаў, сядзеў поруч з вартавымі і думаў пра нешта сваё. Тыя яму не перашкаджалі, ведалі, што гэты чалавек абы-чым галаву забіваць не стане. Неўзабаве пачалі прасынацца воі, і ўсе спалохана пазіралі па баках, ніхто не забыўся пра тое, як імкліва ўчора ўцякала вада з-пад ног. Але чаўны-караблі спакойна плавалі пасярэдзіне рэчкі. Ніякай небяспекі, здавалася, не было, нішто не пагражала. – Ну што, Белавус? – падышоў да старога князь. – Прыдумаў што-небудзь ці вешчуна клікаць? – Княжа, вада нікуды не ўцякала. Нам давялося адчуць і ўбачыць, як яна сваё адвечнае рэчышча раптоўна ўбок пераносіла... I яшчэ, хачу параіць... Не трэба нам, княжа, спяшацца ў паход. Гэта нам можа дорага каштаваць. Рака памяняла рэчышча, і кудою плыць – сказаць нават цяжка, не тое што стырнавым чаўны весці... – Дык што ты прапануеш? – Паціху прабірацца наперад, старанна пазнаючы шлях, каб на будучы год ішлі ўжо ўпэўнена. – I то справа. Але як жа на вадзе сляды пакінуць? – Будзем пазначаць якімі плаваючымі прадметамі, мацуючы да іх невялічкія грузілы. Яны так і будуць на месцы заставацца. – Ну і галава! – у захапленні ўсклікнуў князь. Так і зрабілі. Знакі тыя пазней сталі зваць буямі, а потым і вёсачку на беразе назвалі не інакш як Буева.
А. М. Ненадавец
Буяны
Жылі некалі тут, дзе зараз нашая вёска стаіць, стары дзед з бабай. Хітры чалавек быў, мала каму даводзілася яго перахітрыць, але калі такі знаходзіўся, то Нічыпар (так яго звалі) не хаваў задавальнення:
– Не перамруць, значыцца, кемлівыя ды разважлівыя на нашай зямлі. А то, на нашых гледзячы, здаецца, што ўсё навокал дрэнна. Не сумуй, баба, дажывём і мы да смерці па-людску. Хаціну маем, гаспадарку такую-сякую таксама, а дзе і дзеці дапамогуць, трое ж іх у нас... Няўжо сумленне не загаворыць у іхніх душах?..
– Да таго часу ногі ў нас апруцянеюць ды ахалодаюць. Трэба ж было такому здарыцца... – пачынала плакаць жонка Нічыпара.
– Што ўжо зробіш? Самі вінаватыя, што такіх сквапных выгадавалі. Трэба было ў дзяцінстве глядзець, а зараз, калі яны бароды паадпускалі ды самі бацькамі сталі, позна нешта перайначваць.
– Каб жа ведаў... Усё шкадавалі, шкадавалі і даймеліся – на наш падворак і нагой не ступаюць, толькі і чакаюць нашай смерці, каб апошняе парасхапаць з хаціны, а саму будыніну падзяліць па бярвенцу. Вось дзе сапраўднае гора...
– Нічога, неяк жа і мы жыць будзем...
Так і жылі старыя ў сваёй хацінцы, а не разам з сынамі. Параздавалі ім усю зямлю ды сенакос, які мелі, а самі асобна засталіся, нібы прадбачылі, што такое ліха можа здарыцца. Добра, калі ні да каго кланяцца не трэба ісці, як захочаш, так сам і зробіш. Ды радасць старых была нядоўгай. Аднае ночы прахапіўся Нічыпар, а ў хаце дымугэтулькі, што не прадыхнуць, яшчэ хвілін колькі – і гамон бы яму разам з бабай быў. Ці ў дыме задыхнуліся б, ці згарэлі б разам з хацінай. Разбудзіў гаспадыню, і выскачылі яны ў двор. Крычаць ці ратаваць што-небудзь было позна: страха, страляючы ва ўсе бакі вясёлымі агеньчыкамі, абвалілася.
Заплакала тут бабуля:
– Ой, Божачка, што ж нам цяпер рабіць, дзе жыць? Няма болей хаціны, а мы ж не маладыя...
– Што будзе, тое і будзе, жонка. Пайшлі да дзяцей кланяцца. Пажывём колькі часу, а там бачна будзе.
Сабраліся і пайшлі да старэйшага сына. Нядоўга той трымаў у сябе бацьку з матуляй. Недзе праз тыдзень ён, хаваючы вочы, прамовіў:
– Тата, мама, самі бачыце – сям'я ў мяне вялікая, дзяцей многа, павярнуцца няма дзе. Таму ў сярэдняга сына вам будзе лепей, ідзіце да яго...
Моўчкі праглынуў Нічыпар знявагу, адно толькі і прамовіў:
– Дзякуй за навуку, сынку...
Пабылі ў сярэдняга пару тыдняў, і той кажа:
– Можа, вы пайшлі б жыць да малодшага сына...
– Чаму, сынок? – запыталася маці.
– Ды самі ж бачыце, што на стол вам у мяне няма чаго паставіць. Хацеў бы лепей карміць, дык і самім жа не хапае...
– Гэтая бяда – не бяда, сынку. Што вам – тое і нам, не трэба ніякіх прысмакаў, – не адставала матуля.
Сын маўчаў, а потым узяўся за сваё:
– Пажывіце ў яго, пасля зноў да мяне прыйдзеце... Стары Нічыпар толькі і прамовіў у адказ:
– Дзякуй і табе, сынку, за навуку. Не падай, маці, перад ім на каленцы, неяк пражывём...
Сталі жыць у меншага. Той, можа, і патрываў бы які месяц, але жонка ў яго – што тая маланка: там крычыць, там лаецца, там сварыцца счэпіцца. Спачатку не гаварыла са старымі, а запатрабавала ад мужа:
– Няхай ідуць жыць у нашую адрыну, там зараз цёпла.
Пайшлі маці з бацькам жыць у адрыну, а дзён праз колькі і там ёй надакучылі. Ухапіла яна мужа за каўнер і зашыпела:
– Колькі я гэтых дармаедаў карміць буду? Ці ж у мяне што лішняе ёсць? Твае браты ад іх адмовіліся, а ты добранькім хочаш заставацца і наша дабро на іх пускаць... Няхай плацяць за ўсё, не тое за вароты выпраўлю...
Як пачулі старыя ад сына пра плату, то маці загаласіла, а Нічыпар губы прыкусіў, каб таксама не завыць. Сабраліся і пайшлі з двара. А куды ж ісці? Дзеці родныя выгналі, да людзей сорамна паказацца. Прыгадаў дзед, што недалёка каваль Мікола жыве, да яго і павёў старую.
Гаспадар уважліва выслухаў нечаканых гасцей і прамовіў:
– Нічога, суседзе, неяк жа трэба ратавацца... 3 месяц пажывіце ў мяне, а потым нешта прыдумаем. У мяне сям'я вялікая, ды месца не шкада. Ежа, праўда, не надта, але што нам – тое і вам...
Заплакаў Нічыпар ад крыўды, што чужы чалавек гэтак хораша разважае, а родныя дзеці за парог прагналі. Гаспадар яго суцешыў. Селі, усе разам павячэралі, а потым узяліся малым казкі ды павер'і ўсялякія пераказваць. Тут Нічыпар усіх далёка ззаду пакінуў, бо ведаў ён казак і легендаў вялікае мноства.
Так і жыць сталі. Бабуля гаспадыні па гаспадарцы дапамагала, а Нічыпар з кавалём у кузні быў.
Аднаго разу гаспадар пачаў загадкава ўсміхацца.
– Што такое, чалавеча? – спытаўся Нічыпар.
– Здаецца мне, што я прыдумаў, як вам уратавацца...
– Як?
– Зараз выкую вам прыгожы вялізны жбан, накладзём туды ўсялякага жалезнага ламачча і запаяем, а сынам вашым скажу, што вы жбан з золатам знайшлі. Гэтыя скнары за золата ўсё для вас зробяць.
– Але ж і галава ў цябе, Міколка...
Толькі вы нікому нашу таямніцу не выдавайце.
– Магіла…
Назаўтра па вёсцы маланкайпранеслася чутка – стары Нічыпар знайшоў жбан з золатам,ды такі вялікі, такі цяжкі, што не ўзняць. Яшчэі полудзень не прыспеў, а старэйшы сын ужо прыджгаў у Міколаву хату:
– Пайшлі, тата. Кліч матулю, ды да нас пойдзем жыць, а то вы як чужыя нам сталі – не ідзяце, не паказваецеся...
– Не, сынку, мне і тут добра.
Тут сярэдні падляцеў:
– Тата, збірайся. Бяры матулю –і да нас.
– Не, мне спяшацца няма куды.
Неўзабаве і малодшы прыджгаў:
– Пайшлі да нас, тата. Жонка наказала абодвух прывесці.
Тады Нічыпар і прамовіў, на гаспадара хітра пазіраючы:
– Не хочацца мне, сыночкі, болей вам цяжкім мехам на спіне вісець. Пастаўце вы мне новую хату на старым месцы.
А бабуля не ўтрывалася і свой голас падала:
– Iхляўчук, і плот каб быў, і адрына новая...
– Зробіце – я вам гэты жбан і аддам, – сказаў дзед, дастаючы яго з-пад стала, прыгожы і цяжкі.
Сыны нібы на крылах паляцелі з чужой хаты. Як узяліся працаваць, дык за які месяц паставілі ўсё, ды яшчэ і сцяжынкі жоўтым пясочкам пасыпалі. Прыбеглі назад і гамоняць:
– Ну, бацька, мы тваю ўмову выканалі, аддавай нам золата.
– Аддам, сыночкі, толькі працу ж паглядзець трэба. Пайшлі, старая, і ты, Міколка, збірайся...
Прыйшлі да падворка, а гаспадыня ажно ў рукі пляснула:
– Ну, цяпер мы зажывём! Аддавай, дзед, грошы, як абяцаў.
Нічыпар не паспеў перадаць жбан сынам, а тыя ўжо за чубы ўхапіліся і давай лупцаваць адзін аднаго. Крычаць, б'юцца па-сапраўднаму. Людзей назбіралася, гля-дзяць. Сведкамі гэтай бойкі сталі сяляне з чужой вёскі.
– Што гэта ў вас робіцца? – пытаюцца.
– Ды буяны паміж сабою разбіраюцца, – адказваюць мясцовыя жыхары.
Так і павялося. Як збіраліся людзі ехаць міма нашай вёскі, дык казалі:
– Глядзі там, каб не нарвацца на буяноў...
Так і стала наша вёска Буянамі.
А. М. Ненадавец
Заходняя Дзвіна
Некалі ў далёкія ад нас гады ў гарах паўночнага Урала жыў гаспадар гор – кароль Валдай. У яго была жонка і тры прыгажуні-дачкі. А недалёка ад іх у непраходных балотах жыла вядзьмарка, якая толькі тым і займалася, што прыносіла некаму ліха.
Вядзьмарка зайздросціла шчаслівай сям’і, яна сваімі чарамі наклікала на яшчэ маладую жонку караля смерць, авалодала каралём і яго багаццем. Мачаха стала здзеквацца над дачкамі Валдая.
Пашкадавала дачок-сіротак царыца Уральскіх гор, была яна добрай і клапатлівай. «Спачатку я ператвару вас у рэкі, – сказала яна. – Мачаха не валодае чарамі пад вадой. А потым марскія цары прышлюць за вамі сваіх слуг…»
І вось наступіў патрэбны час. Старэйшую сястру ўзяў слуга Беламора, яе назвалі Паўночнай Дзвіной, сярэднюю – слуга Каспія, назваўшы яе Волгаю, а трэцюю, самую малодшую, павёў на захад слуга гаспадара Балтыйскага мора, назваўшы яе Заходняй Дзвіной.
Маленькая каралева вельмі сумавала на доўгім шляху. І тады слуга Балтымора сказаў: «Там, наперадзе, дзе лятае шмат-шмат птушак, а злева бачны высокі бераг, ты сустрэнеш сябровак».
І вось сустрэла Заходзняя Дзвіна першую сяброўку і назвала яе Межай, потым прымацаваліся да іх Таропа, Велева, Каспля, Усвяча, Віцьба. А калі над лесам дагаралі апошнія промні сонца, выбегла насустрач Лучоса, потым Ула, Обаль, Дзісна і Дрыса.
Пабегла Заходзняя Дзвіна да горада Краслава і стала яна называцца ўжо Даўгавай. Тут жа яна сустрэла раку Дубну і Айвіекстэ. Сталі сяліцца па берагах рэк людзі, з’явіліся вялікія і малыя гарады…
Запісала В. Герасімава
Рэчка Сара
Непадалёк ад вескі Увалокі ў невялікім балотцы, сярод гушчару лазовых хмызнякоў, выбіваецца з-пад зямлі крынічка. Халодная вада з яе цячэ пастаянна пад ухіл і ўтварае ручай. Ён збірае на сваім шляху іншыя ручаінкі і паступова становіцца рэчкай, хаця і невялікай, але рэчкай. Бяжыць гэтая рэчка па палях і лугавінах, як праменьчык, праразае тую мясцовасць, па якой бяжыць, і нездарма ў даўнасці людзі назвалі яе Лучыцай. Змейкай агібае яна падножжа славянскага гарадзішча і ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. Лучыца дык Лучыца. Звыкла і прыгожа. Але аднойчы ў абласным архіве, шукаючы звесткі пра свой край, на плане прыдзвінскіх зямель я ўбачыла сваю Лучыцу, але названа яна чамусьці была Сарай. Чаму яўрэйскае імя атрымала гэтая рэчка? Пры тым параўнальна нядаўна, перад самай рэвалюцыяй. Пачаліся пошукі, распытванні мясцовых жыхароў-старажылаў. Мала-памалу вымалеўвалася цікавая гісторыя, якая ператварылася ў цікавую легенду.
Недзе ў пачатку XIX стагоддзя ў вёсцы Ноўка, якая стаяла на беразе гэтай Лучыцы, пасяліліся тры браты яўрэі. Займаліся яны гандлем, рамяством і жылі даволі нядрэнна. I была ў адной яўрэйскай сям'і прыгожая дзяўчына Сара. Яна вучылася недзе ў Віцебску і часта наведвалася да бацькоў.
У суседняй вёсцы Запруддзе жыў таксама прыгожы статны хлопец Васіль. Жыў ён з маці, бо бацька даўно памёр, займаўся сельскай гаспадаркай. Жыла сям'я бедна. I трэба было так здарыцца, што аднойчы на вясковай вечарынцы ўбачыў Васіль прыгажуню Сару і закахаўся ў яе. Сара адказала хлопцу ўзаемнасцю. I пачалі маладыя людзі сустракацца. Для спаткання выбралі прыгожае патаемнае месца на беразе рэчкі Лучыцы. Струменіла на дробных каменьчыках празрыстая вада, мілагучна ля ног закаханых шапталася асака, схілялі над імі галовы зялёныя вербы, ласкава глядзелі з неба зоркі, і ў гушчары хмызнякоў зачаравана спяваў ім сваю бясконцую песню салавей. Маладыя людзі адчувалі сябе, як у раі, і іх сэрцы яшчэ больш напаўняліся захапленнем прыгожага кахання.
Багатыя бацькі Сары не дазволілі выйсці замуж за беднага мужыка. I закаханыя прадаўжалі сустракацца патаемна на старым месцы і марыць аб тым, калі яны ўсё ж стануць мужам і жонкай.
Але хутка пачалася першая сусветная вайна, потым – рэвалюцыя, грамадзянская вайна. Хлопца забралі ў салдаты, і ваенная завіруха надоўга закінула Васіля далека ад родных мясцін.
Шмат гадоў чакала дзяўчына свайго каханага, часта прыходзіла на месца іх былога спаткання, доўгім ланцужком цягнуліся думкі пра Васіля, душа напаўнялася трывогай і смуткам. Ад пастаяннай тугі Сара захварэла сухотамі. I аднойчы вясной, калі пышна цвіла чаромха і па-ранейшаму спявалі салаўі, а ля ног пляскалася лагодная вада, дзяўчына доўга стаяла на беразе Лучыцы, у думках развіталася з Васілём і праз нядоўгі час памерла.
Васіль, прайшоўшы доўгі шлях ваеннай завірухі, вярнуўся дадому. Калі пачуў пра трагічны лёс сваёй каханай, сэрца напоўнілася адчаем, а на душы стала пуста. Час ад часу ён наведваўся на той бераг рэчкі, дзе доўгія ночы праводзіў з каханай дзяўчынай.
У хуткім часе Васіль таксама захварэў нейкай цяжкай хваробай і памёр. Так трагічна закончылася жыццё маладых закаханых людзей, якія так і не змаглі жыць адзін без другога.
А людзі доўга месца сустрэчы Сары і Васіля называлі Сарыным берагам, а потым і рэчку сталі называць Сарай.
Вельмі ўжо прыгожай і добрай была тая дзяўчына. Так рэчка Лучыца атрымала другое імя. I цяпер старыя людзі завуць яе або Лучыцай, або Сарай. А так як яна да цяперашняга часу стала вузкай і абмялела, моладзь проста называе яе ручаём.
Запісала М. Юшкевіч
Суражскі замак
Усё, пра што расказвае легенда, было ў тыя далёкія часіны, калі Сураж належаў Вялікаму княству Літоўскаму.
Адзін з князёў, што правіў на гэтых землях, вельмі любіў паляваць у тутэйшых. Яму падабалася гэта месца, шчодра адоранае прыродай, рака з яе чыстымі і плаўнымі водамі, берагі, упрыгожаныя вербамі і чаромхаю ў квецені, непраходныя лясы, а людзі вызначаліся дабрынёй і працавітасцю.
Але больш за ўсё яму падабаліся тутэйшыя дзяўчаты – прыгожыя, вясёлыя, звонкія пявунні. У сваіх светлых, расшытых вопратках былі яны падобныя да маладых, стромкіх бярозак, якія раслі вакол і радавалі ўсіх сваёю чысцінёю.
Пра ўсё гэта князь расказваў сваёй дачцэ, а потым узяў яе з сабой паглядзець гэтыя мясціны. Княжацкай дачцэ спадабалася не толькі наваколле, але і добры хлопец, зграбны ды прыгожы. Пакахала княжна тутэйшага рыбака ўсёй душой, усім сваім дзявочым сэрцам. Ніхто і нічым не мог згасіць гэтае яркае і гарачае каханне.
І вырашыла княжна застацца жыць у гэтым краі. Калі князь даведаўся аб гэтым, вельмі раззлаваўся на непакорную дачку і загадаў увесці на зліцці дзвюх рэк вялікі замак ды пасадзіць у яго непакорлівую прыгажуню.
Ішлі гады. Княжна не змагла адмовіцца ад свайго кахання, ліла горкія слёзы, усё глядзела на рэкі, усё чакала, ці з’явіцца лодка з добрым хлопцам. Ад яе горкіх слёз пачаў рушыцца высокі бераг, замак пачаў спаўзаць у рэчку, а потым рухнуў разам са святліцай…
ЛІТАРАТУРА
- Буева // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 12–15.
- Буяны // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 15–18.
- Великановхутор // Волшебный камень: сказки и легенды / В. Федоров. – Витебск, 1997. – С. 45–47.
- Герасімава, В.Родныя мае рэкі... : легенда / В. Герасімава // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2003. – 18 лют. – С. 2.
- Дзе тужыла княжна... // Краязнаўчая газета. – 2004. – № 5 (люты). – С. 4.
- Легенда пра Суражскі замак.
- Драбцов, С.Любашково: легенды и реальность / С. Драбцова // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2009. – 23 чэрв. – С. 2.8.
8. Какоўкіна, Ю.З глыбінь вякоў : легенда / Ю. Какоўкіна // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2002. – 28 снеж. – С. 2.9.
9. Казакі // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 18–21.10.
10. Легендыі паданні Прыдзвіння // Віцебскі раён :краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава [і інш.] ; уклад. М. В. Півавар. – Мінск : Паркус плюс, 2008. – С. 197–206.11.
11. Морозов, И.С горстью лапотной земли... / И. Морозов // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2014. – 18 ліп. – С. 8.12.
12. Легенда о горе Змеевище в Витебском районе.
13. Нестерович, С. Сага о Двине / С. Нестерович // Жыццё Прыдзвiння (Вiцебск). – 2007. – 8 верас. – С. 2.14.
14. Півавар, М. Доўжа, возера Сосна і камень закаханых / М. Півавар // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2002. – 2 лістап. – С. 2.15.
15. Юшкевіч, М.Гарадзішча / М. Юшкевіч // Жыццё Прыдзвiння (Вiцебск). – 2004. – 27 ліп. – С. 3.16.
16. Юшкевіч, М.Легенда аб рэчцы Сары / М. Юшкевіч // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2004. – 27 ліп. – С. 4.17.