Гарадоцкі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 06.05.2013 07:26
- Адноўлена 31.08.2017 07:30
Легенда пра Гарадок
У адной сям'і рос маленькі хлопчык Міканорка. Бацькі яго лашчылі і шкадавалі, ды здарылася ліха: захварэлі яны. На ўсю вёску іхнюю тады нейкая пошасць найшла, людзі, што мухі, мерлі. Так тая хвароба выкасіла вяскоўцаў, засталіся ўсяго, можа, чалавек з дзесяць у жывых, і сярод іх Міканорка. Забралі яго да сябе бабуля і дзядуля, якія жылі ў другой вёсцы. Увагі ды ласкі ўдзялялі яму не меней за родных бацькоў, нічога для ўнука не шкадавалі. Куды самі ішлі ці ехалі, туды і Міканорку за сабой цягнулі. Калі што якое, дык дзед мовіў:
– Яму ж, небараку, дома сумна аднаму сядзець – ні пагуляцца няма з кім, ні пазабаўляцца...
А бабуля, ведама ж жанчына, дадавала:
– Ды і пакрыўдзіць незнарок хто можа, мы і не пабачым. Няхай з намі будзе, усё ж спакайней.
Вось такая залішняя перасцярога і падвяла аднойчы старых. Хацелі як лепей, а зрабілі наадварот. Паслухайце, як было.
Аднаго разу, на вялікае свята Вялікдзень, усе людзі да цэркваў збіраліся, дык і старыя паехалі, з разлікам, каб усяночную адстаяць і толькі з раніцы падавацца дамоў. Міканорку з сабой узялі, а каб хлопчык усё ж паспаў, то наклалі ў воз сена, узялі падушку, посцілку.
Прыехалі да царквы, а там народу... Пакуль месца знайшлі, пакуль коніка распрэглі, пакуль малому растлумачылі, што да чаго, то і часу нямала прайшло. Бабуля, адыходзячы, наказала:
– Глядзі ж, родненькі, захочаш спаць, дык кладзіся і спі, а мы будзем часта падыходзіць. Калі хто прычэпіцца, то не бойся, крычы. Людзей многа, яны ўмомант учэпяцца і надаюць у каршэнь злыдню.
– Ідзіце – я не баюся. Мне тут усё цікава, дык я з воза за ўсімі назіраць буду, – адказаў малы.
Старыя і пайшлі. Пастаялі нейкую гадзіну ў царкве, бабуля прыбегла глянуць на ўнука – той сядзеў на возе і дапытліва пазіраў наўкола. Яна спакойна падалася назад. Потым гэткі ж манеўр здзейсніў дзед. I на той раз усё было ў парадку. Так яны і стаялі ў царкве сярод людзей. Час ад часу выбягалі і назад вярталіся. Потым, калі Міканорка спаць лёг, то старая яго накрыла добра, перахрысціла і службу даслухваць пайшла.
Благое раніцай здарылася. Людзі натоўпам з царквы павалілі, да вазоў разыходзіцца сталі, і тут старая занепакоілася:
– Дзеду, а дзе ж гэта наш Міканорка?
– Ён жа спаў... Можа, у сена зашыўся, дык і не відаць яго, жэўжыка...
– Ды не, нешта тут не тое.
– Зараз глянем.
Падышлі да воза, зірнулі – і сапраўды, няма малога. Яны туды, яны сюды, крычаць-клікаць пачалі, у людзей дапытвацца – нідзе хлапчука не было, ніхто яго не бачыў.
Заплакала горка-горка бабуля, загаласіла:
– Не ўбераглі... Не ўбераглі хлапчынку... Бяда нам цяпер вялікая... А можа...
Ускінулася старая і кінулася назад у царкву. Уляцела, а ўжо бацюшка з дзякам яе зачыняць збіраліся. Укленчыла:
– Бацюшка, родненькі, ратуй...
– Што здарылася?
– Унучак наш прапаў... Няма нідзе, колькі ні бегалі, колькі ні гукалі...
– Можа, недзе з сябрукамі галёкае?
– Ды не, у яго сяброў тут няма, бо ён жа ў нас на хутары жыў... Бацькі ягоныя даўно памерлі, і мы малечу гадавалі...
– Пашукаць трэба лепей.
– Ды мы ўжо ўсё абшукалі, і людзі нам дапамагалі... Усе куткі, усе закавулкі абгледзелі...
Задумаўся бацюшка, не ведае, што і параіць старой жанчыне, як яе суцешыць. А тая глядзіць на яго, паратунку чакае. Потым, павагаўшыся, прамовіў:
– А можа, гэта ты Богу нашаму прынесла малога сённяшняй ноччу ў ахвяру?
Бабуля як стаяла на каленях, так ледзьве не грохнулася галавою аб падлогу. Не чакала яна такога ад служкі Усявышняга.
– Што гэта ты, бацюшка, пляцеш? Як гэта ў цябе язык на такое павярнуўся? Я ж і табе, і Богу свята верыла, а ты вунь пра што падумаў...
Плюнула старая са злосці, крутнулася і з царквы падалася. А там яе ўжо людзі з навіной чакалі. Аказалася, што нехта ўсё ж бачыў, як ля іхняга воза круціліся двое жабракоў. Ці не яны гэта зладзейства і ўчынілі...
Як пачула такое старая, дык валасы на галаве пачала рваць:
– Родненькі мой, каханенькі мой! Ды яны ж могуць цябе калекам зрабіць. Як жа мы цябе не ўсцераглі!..
Побач стаяў і плакаў стары. Так яны і паехалі, плачучы ды стогнучы, дамоў, так і жылі далей, праклінаючы злую долю, штодня звяртаючыся да неба, каб яно забрала іх з гэтай зямлі, дзе ім ужо не было болей радасці. Ды не спяшалася неба выконваць іхнія просьбы, не забірала да сябе, нібы сцвярджаючы, што прыспее яшчэ часіна і сустрэнуцца яны з унукам.
А з Міканоркам вось што здарылася. Сапраўды, у тую ноч ля царквы было многа ўсялякіх жабракоў ды калек. Яны толькі і чакалі моманту, каб выплакаць у вяскоўцаў кавалак хлеба ці якую капейчыну. Справа ў тым, што на Вялікдзень ніхто не меў права ў гэтым адмаўляць – ні багаты, ні бедны. Дык вось, двое жабракоў, мужык з жонкай, круціліся ля воза, дзе спаў хлапчынка, і ён ім нечым спадабаўся. А справа ў тым, што самі яны былі жабракамі не ад таго, што зямлі не мелі, а ад таго, што працаваць не любілі. Вось паспаць, паляжаць – гэта справа зусім іншая, а каб на ніве шчыраваць – і ў галаву не прыходзіла. Пабачылі, што ніхто на іх увагі не звяртае, схапілі соннага хлопчыка з сена і ўцякаць. Бягуць, а Міканорка і вочкі свае не расплюшчвае – спіць соладка, дый годзе.
Прачнуўся малы ў чужой хаціне і давай горка плакаць, дамоў прасіцца. Гаспадары яго ўсяляк супакойваць пачалі:
– Чаго ты, дурненькі, плачаш? У нас табе намнога лепей будзе, спакайней. Цацак табе ўсялякіх наробім, гуляцца з імі станеш...
А той сваё:
– Завязіце да бабулі, да дзядулі... Да іх хачу... Тады гаспадары, асабліва не валэндаючыся, адлупцавалі малога і прымусілі маўчаць. Забіўся Міканорка ў куточак на печы і голас падаць баяўся, каб зноў біць не сталі.
У той жабрацкай сям'і, у гаспадара, былі два старэйшыя браты, якія ў свой час па-справядліваму падзялілі на тры надзелы бацькоўскую зямлю, каб нікому не было крыўдна, і спраўна вялі свае гаспадаркі. Нельга сказаць, што яны былі багацеямі, але што заможнымі сялянамі сталі, дык гэта дакладна. Спачатку браты дапамагалі малодшаму з жонкай, але потым паглядзелі, паглядзелі і плюнулі.
– Што ж мы на іх будзем рукі рваць, а яны самі толькі палежваюць ды пасміхваюцца? Калі ім добра, то і нам няблага. Як хочуць – няхай так і жывуць. Не станем ім перашкаджаць, але і дапамагаць болей не будзем.
У іх сем'і вялікія, дружныя, працавітыя былі. Як выйдуць на любую працу, то толькі глядзі, як справа наперад пасоўваецца.
Аднаго разу глядзяць, ажно і ў малодшага брата нейкі хлапчук па падворку ходзіць. Яны кінуліся да гаспадара дапытвацца, адкуль дзіця ў хаце. Каб яшчэ немаўля, дык зразумела, а то хлопчыку ўжо на выгляд гадоў дзесяць. Жабракі праўды не сказалі, маўляў, наш, дый годзе! А калі браты добра прыціснулі, то гаспадыня задаволена прамовіла:
– А вам якая справа? Усынавілі мы сірацінку! Зразумелі?! Мы ж у вас не дапытваемся, адкуль на вашых падворках дзяцей гэтулькі. А вы аднаго ўбачылі і адразу прыляцелі!
Крутнулі галовамі браты і пайшлі з двара. Калі ўжо добра адышліся, то адзін з іх і кажа:
– Бачыў, братка, як той хлапчынка спалохана туліўся да сцяны? Што ваўчанятка якое...
– Так, відаць, не соладка яму прыйшлося за тыя пару начэй, якія тут правёў. А як яно потым будзе?..
Разам браты дайшлі да сваіх хацін, пагаманілі яшчэ крыху і разышліся. Дома таксама распавялі пра тое, што бачылі і чулі.
Ды ўсё ж Міканорку пашанцавала. Справа ў тым, шБыло ў аднаго бацькі трое дзяцей, і так атрымалася – усе дочкі. Гаспадар у адчаі плюнуў і сказаў адно:
– Давядзецца нам, жонка, цяпер да зяцёў туліцца, раз сваіх хлапцоў не маем.
– Так, – пагадзілася тая.
– Каб жа хоць людзі добрыя трапіліся, а то састарэем, знясілеем, тады як хочаш, так і жыві. Во ўжо будзе радасць на апошнія гады...
– Хто яго, чалавеча, ведае, як усё атрымаецца. Што Бог дасць, тое і будзе, супраць яго ўсе мы нішто.
Пагаманілі так і разышліся кожны па сваіх справах.
Час непрыкметна ляцеў. Дочкі ў дзяўчат выцягнуліся, старэйшыя ўжо і на хлапцоў галовамі круцілі.
Звалі іх Яся, Кася і Ануся. Першыя дзве занадта бойкія былі, а малодшая сціплая, нясмелая. Адзінае, што лепш за сясцёр рабіла, – гэта працавала. Усё ў яе руках гарэла. А вось на вячоркі сёстры яе не бралі, як тая ні прасілася.
Так і прывучылі Анусю: як гуляць, то толькі яны. Раніцай іх было не дабудзіцца. Бацька пачынаў злавацца, хапаў што-небудзь, каб правучыць паганак, але матуля адразу кідалася заступацца:
– Ці не здурнеў ты, чалавеча? Ці ж так можна?
– А колькі спаць можна? Людзі ўжо даўным-даўно працуюць, а мае ляжаць упокат. Адна Ануся працуе, не глядзіць на іх.
– То і вазьмі з сабой у поле Анусю. Не трэба хвалявацца. Спакойна перакусі, ды і едзьце. А я з гэтымі зласліўкамі сама разбяруся. Я ім тут такога дыхту задам, што месца не знойдуць...
– Так і зраблю, – пагаджаўся гаспадар, бо не мог болей трываць, сам ён быў чалавек гарачы да працы, – але ж глядзі, правучы як мае быць.
Пасля снедання гаспадар клікаў:
– Анусечка, дачушка, паехалі са мной!
Тая ад радасці не ведала, як дзякаваць тату, быццам бы той браў яе не на цяжкую працу, а на вячоркі ці на які кірмаш.
Увечары, вяртаючыся дамоў пасля, здавалася б, непасільнай працы, зацягвалі ў два галасы песню. I так хораша ў іх атрымлівалася, што людзі паміж сабой перамаўляліся:
– Во ўжо выцягваюць... А галасы, галасы якія звонкія...
– А што ўжо Ануся... Сарамлівая, прыгожая, добрая. Во некаму пашанцуе з жонкай...
Між тым гаспадар з дачкой ступаў на парог і гукаў:
– Маці, стаў на стол есці, мы ледзьве жывыя...
– Ага, ледзьве жывыя, – уступалі старэйшыя дочкі, – а песню гарлалі – здалёк чуваць было.
– Вы яшчэ вучыць мяне будзеце? – ажно падскокваў са злосці селянін.
– Ой, татачка, нас сёння ўжо матуля біла, гэтак вучыла, што нават сесці не можам.
– Мала дала! Каб яшчэ і легчы не маглі, тады, можа, і перайначыліся б! – заключаў гаспадар і садзіўся есці з Анусяй.
Любіў той чалавек, асабліва калі ехаў на кірмаш, дапытвацца:
– Што вам сёння прывезці, мае шчабятушкі? Наперад адразу кідаліся старэйшыя сёстры і крычалі:
– Тата, мне трэба хусцінку прыгожую!
– Татачка, а мне каралі!
– А што ж ты, Анусечка, маўчыш? – звяртаўся гаспадар да малодшай. Што табе прывезці? Табе я прывязу абавязкова, бо ты мне ва ўсім дапамагаеш, ніколі ад мяне не ўцякаеш, не хаваешся.
– Ды мне, татулечка... – пачынала тая і сарамліва апускала вочы долу.
– Што? Што? Гавары, не палохайся, – падбадзёрваў бацька.
– Мне, татулечка, прывязі маленькага котку з кірмашу...
– Навошта табе котка? Прасі што лепшае, – умешвалася маці, – катоў у нас і сваіх хопіць.
– Не, я хачу толькі котку... Каб мне яго тата прывёз з кірмашу...
– Добра, дачушка. Каб што даражэйшае прасіла, і тое выканаў бы.
Вечарам, вярнуўшыся з кірмашу, бацька раздаваў падарункі жонцы і дочкам і заўсёды што-небудзь Анусі, што яна і не прасіла. Малодшая нарадавацца не магла на котку: цалавала яго, падкідвала. I што ж вы думаеце? Так да сябе таго коціка прывучыла, што ён за дзяўчынай усюды хадзіў: яна на працу – і яе Мурык бяжыць, яна сядзіць – і ён ля яе ўмываецца, яна спіць – дзесьці побач і кот мурлыча. Дзівіўся на такую справу гаспадар і ніяк зразумець не мог:
– Кот, здавалася б, але ты паглядзі, як ён дабро ды ласку адчувае. Да другіх жа і блізка не падыходзіць...
Прайшоў яшчэ год. Зноў бацька збіраецца на кірмаш, зноў дапытваецца:
– Ну, дачушкі, гаварыце, каму што сёння прывезці. Старэйшыя адразу да яго і ў адзін голас:
– Татка, нам падарункі. Чакаем падарункаў.
– Якіх?
– Мне сукенку прыгожую, – закамандавала адна.
– А я хачу капялюшык. Такі, як пані носяць, – азвалася другая.
– А табе, Ануська?
– Мне, татка, прывязі пару курачак і пеўня.
– I ўсё?
– Усё.
Увечары гаспадар зноў раздаваў падарункі. Старэйшыя дочкі ад радасці не ведалі, што рабіць, а гаспадыня сярдзіта бурчэла на Анусю:
– Трэба было яшчэ перці гэтых курэй і пеўня з кірмашу... Ці ў нас іх дома не хапае?
Малодшая маўчала, нізка апусціўшы галаву, але за яе ўступіўся гаспадар:
– Чым ты, жонка, не задаволена? Ці нешта я не тае зрабіў? Ці табе падарункаў не прывёз?
– Усё так. I падарункі прывёз. Толькі навошта курэй і пеўня з кірмашу перці, калі іх вунь колькі па падворку бегае...
– А табе што, месца шкада? Ці можа Ануся ў мяне падарунка не заслужыла? Што папрасіла – тое я і прывёз, і давай пра гэта болей не згадваць.
Так і заціхала нечаканая спрэчка, бо гаспадыня пабойвалася мужа. Толькі пастаянна папінала:
– Пачакай, пачакай. Віешся ўсё вакол сваёй малодшанькай, а ці нажывешся ля яе...
– А ты за старэйшых увесь час заступаешся, пакрываеш іхняе лайдацтва. Думаеш, я не бачу? Чаму ў іх можа быць радасць, а у Анусі – не?
Не было чаго гаспадыні адказаць, і яна рабіла выгляд, што займаецца нейкай неадкладнай справай.
Так яшчэ крыху часу прайшло. I вось неяк старэйшыя -Яся ды Кася – заявілі:
– Тата, чакай сватоў. Павінны быць на гэтым тыдні.
– Што ж, сватоў дык сватоў.
– А ты пра пасаг не забыўся?
– Не забыўся.
– Глядзі, каб перад чужымі людзьмі нас галадранкамі не выставіў...
– Не выстаўлю.
Хто ж падумаў бы, што родныя дочкі з бацькам такое зробяць? 3 бацькам дык з бацькам, але з матуляй? Яна ж за іх заўсёды заступалася, усё рабіла так, каб працавала Ануся, а не яе старэйшыя сёстры.
Першымі прыйшлі сваты да Ясі. Яна на бацькоў як зыркнула, як глянула і прамовіла скрозь зубы:
– Давайце мне палавіну.
– Не, дачушка, – ласкава пачаў было бацька, – не палавіну, а траціну, бо вас жа ў мяне трое...
Маці нібыта пра нешта здагадалася і голас падала ў падтрымку мужа:
– I не траціну, а чацвярціну. Дзе ж гэта мы, чалавеча, з табой старасць дажываць будзем?
А дачка нічога, што маладая, але ж і хітрая на сваю карысць, кажа:
– Аддасце мне палавіну – ля мяне і прытуліцеся. Не бойцеся. Усё ў парадку, усё ладам пойдзе.
Бацька з матуляй, не спяшаючыся даваць адказ, пераглянуліся і змоўчалі. Потым жанчына выдыхнула:
– А можа, і праўда так зрабіць? Можа, яна і дагледзіць нас?..
– Каб жа потым даверлівасць нам бокам не вылезла, – са скрухай у голасе прамовіў селянін.– Не вельмі мне гэта падабаецца. Не, не аддадзім ёй палавіну, толькі чацвярціну.
Вой, што тут пачалося! Як загарлала Яся, як стала тупаць нагамі, а кулакамі трушчыць усё на сваім шляху. Мала гэтага, яшчэ і верашчала:
– Ой, людцы! Падманулі! Падманулі! Ад мяне пазбавіцца хочуць! Пасагу ніякага не даюць! Як жа мне сваю сям'ю ствараць?!
Пакуль у хаце галасіла, гаспадары трывалі, а потым, здагадалася, на вуліцу выскачыла. Там ужо іншая справа, там жа суседзі. Людзі прыслухоўваліся, зразумець, што да чаго, не маглі. Тады жонка і кажа мужу:
– Давай ёй аддамо тое, чаго яна дабіваецца, бо перад усёй вёскай такога накрычыць, што потым суседзям у вочы сорамна глядзець будзе.
Гаспадар пачухаў патыліцу і адказаў запытаннем:
– А ці не гэтага яна сваім крыкам і дабіваецца? Аддаць-то лёгка, але дзе ж мы потым возьмем? Яшчэ ж дзве дачкі на руках...
– Дык гэтая ж абяцала забраць да сябе жыць, то ёй давай палову і аддамо, а другую палову паміж Касяй і Анусяй перадзелім...
Селянін задумаўся. Здавалася, нешта слушнае раіла гаспадыня.
– Няхай так і будзе. Заві тую крыкліўку.
Маці радасная выскачыла на падворак, а праз хвіліну, гэткая ж радасная і ўзбуджаная, за сталом сядзела Яся.
Адскакалі адно вяселле, а тут і Кася падыходзіць да бацькоў.
– Чакайце ў гэтую нядзельку сватоў да мяне.
– Добра, дачушка.
– Толькі ж вы мяне беспасажніцай не выпхніце ў людзі.
– Не хвалюйся, усё будзе добра.
– Каб і мне гэтулькі ж далі, як і Ясі.
– А то як жа. Меней не атрымаеш.
Гамоняць бацькі з дачкою, а не, каб удумацца ў тое, што яна просіць і што яны ёй абяцаюць.
Толькі вяселле прызначылі, Кася і запатрабавала:
– Давайце тое, што абяцалі.
– Што? – здзівіўся гаспадар.
– Маю палавіну.
– Э не, дачушка, не палавіну, а ад палавіны палавіну.
– Як гэта?
– А вось так. У мяне ж яшчэ Ануся ёсць. Ёй таксама нешта трэба даць, калі стане на ручнік з кавалерам. I сабе трэба нешта на старасць пакінуць...
– А вам навошта? У нас жыць будзеце. Не бойцеся, гора не зведаеце.
– А не падманеш? – дапытваўся бацька.
– На чым хочаце прысягну, – адразу забожкала тая. Параіліся бацька з матуляй і вырашылі аддаць ёй амаль столькі, колькі аддалі Ясі, а жыць па чарзе ў кожнай са старэйшых дачок, самай малодшай пакінуўшы хатку і лапінку зямлі.
Зажылі старэйшыя дочкі сваімі сем'ямі. Ні адна з іх пасля таго, як адышлі, ні разу ў родную хаціну так і не зазірнула. Болей таго, людзі распавядалі, як яны скардзяцца, што бацькі ім нічога не далі, а гэтулькі ж жывёлы ды птушак маюць. Каму такое прыемна слухаць? Аддалі і коней, і валоў, і авечак, і свіней, сабе, можа, пару чаго пакінулі.
У іншай сям'і малодшая хутка голас падала б і запатрабавала сваё. Але Ануся была не з такіх. Яна маўчала. Ужо суседзі сталі селяніну гаварыць:
– А як жа твая малодшая замуж пойдзе, ты ж ёй нічога не пакінуў? Ці правільна ты зрабіў, што тым усё, а гэтай толькі нейкую лапінку?
Гаспадары ўжо і самі зразумелі, што схібілі, але ўсё спадзяваліся, што неяк абыдзецца, неяк выкруцяцца, калі сваты ў хаце з'явяцца.
I з'явіліся, толькі не сваты, а абедзве старэйшыя дочкі. Прыйшлі і запатрабавалі, каб выбіраліся родныя з хаціны. Як пачуў такое бацька, дык ухапіў пас – і да іх. Але яны былі хітрыя: самі ў хату завіталі, а мужоў ды іх сваякоў за парогам пакінулі. Пачулі тыя крыкі аб дапамозе, уляцелі ў будыніну і выкінулі адтуль гаспадароў з Ануськай. Толькі і паспелі яны забраць пару падушак ды яшчэ нейкую драбязу. Затое за дзяўчынай бег котка і ішлі куры з пеўнікам.
Так яны і пасяліліся на той лапінцы зямлі. Добра, што вясна на дварэ была. Бацька з матуляй сядзелі і нікуды не выходзілі – так гора да зямлі прыбіла. Не маглі паверыць, што родныя дочкі з імі так паступяць.
За справу ўзялася Ануська. Пабегла па суседзях, па тых людзях, каму некалі сама дапамагала, і папрасіла прыйсці на выручку. Трэба ж неяк хаціну агораць, бо маразы не за гарамі, а ў іх жа нічога няма. Паслухаліся людзі, і недзе праз месяц і хаціну, і хлеў паставілі. Толькі ў тым хляве жывёлы не было – усё ж адабралі Яся з Касяй ды іхнія мужыкі. Гаспадар сабраўся было пайсці і запатрабаваць назад сваё дабро, але Ануська яго супыніла:
– Ніколі я, тата, табе і слова насуперак не вымавіла, а сёння паслухайся мяне, калі ласка. Не ідзі туды, не прыніжайся, неяк і самі разжывёмся...
Заплакаў селянін з адчаю, ды што ўжо рабіць, калі так здарылася.
I павялося ў іх з дня ў дзень: баба курэй пасвіла на падворку, дзед з катом нешта па гаспадарцы тоўкся, а Ануся тую лапінку зямлі даглядала, і так спраўна ўсё рабіла, што хоць ты любуйся.
Неўзабаве і да яе жаніх пасватаўся, ды такі багаты, такі прыгожы. Як пачуў пра ўсё, што тут здарылася, то толькі прысвіснуў і сказаў:
– Ды мы з вашага гародчыка сапраўдны гарадок зробім. Грошы ў мяне ёсць, зямлі прыкупім і зажывём багата.
Тую мясціну людзі з таго часу сталі Гарадком зваць.
Легенда пра мінулае Езярышча
На беразе невялікай імклівай рачулкі Обаль жыў хлопчык Васіль. Ён вельмі любіў чытаць розныя гістарычныя раманы. Пра гэта ведалі ўсе яго сябры, ведала і настаўніца гісторыі Ларыса Іванаўна, што працавала ў той школе, дзе вучыўся Васіль. I задала яна аднойчы Васільку дамашняе заданне: расказаць пра мінулае свайго роднага пасёлка.
Разважлівы розум меў хлопчык, быў ён кемлівы і добрасумленны, але, як ні намагаўся не змог знайсці аніякіх звестак, каб выканаць заданне. Маркотны і пануры клаўся ён увечары ў ложак, доўга варочаўся з боку на бок, цяжка ўздыхаў. Не спалася Васільку.
І здарылася нечаканае: у пакой, дзе засынаў хлопчык, быццам подых цёплай вясковай ночы, прыплыла – прысела ля ложка сталая жанчына з мудрымі разумнымі вачыма. На ёй была ніколі не бачаная хлопчыкам вопратка, багата аздобленая каштоўнымі каменьчыкамі. На руках жанчыны пяшчотна пазвоньвалі бранзалеткі дзіўным чынам перагукаючыся са срэбнымі завушніцамі, такімі вялікімі і прыгожымі, што іх немагчыма было не заўважыць.
– Не бойся мяне, Васілёк. Давай лепш пазнаёмімся. Я, Ульяна Цвярская, удава вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Альгерда, гэта я ўладарыла на цяперашніх Езярышчанскіх землях некалькі стагоддзяў таму. Васілёчак, я адчула, што цябе цікавіць гісторыя твайго краю, вось і прыйшла, каб расказаць табе ўсё. Слухай, хлопчык. Свой аповяд я буду весці на зразумелай табе мове, уяві, што я твая настаўніца і тлумачу ўрок.
Даўным-даўно, напрыканцы XIV стагоддзя быў тут замак, мой замак. Ведаеш, Васілёчак, якія былі раней замкі? – спытала жанчына і загадкава ўсміхнулася.
– Ведаю, – як зачараваны адгукнуўся Васілёк.
– А быў мой замак, – працягвала княгіня Ульяна, – акружаны землянымі валамі, меў тры вежы і роў, які аддзяляў замак ад астатняй тэрыторыі паўвыспы. 0 Васілёк, ты б бачыў, як у час паводак замак ператвараўся ў сапраўдную астраўную крэпасць! I нават калі я ўжо сышла ў нябыт – замак стаяў, – расказвала княгіня Ульяна. У XVI стагоддзі меў ён значныя ўмацаванні і разам з Полацкім замкам панаваў над «усім краем». Палілі яго рускія войскі ў час Лівонскай вайны, але ён адбудаваўся, знішчылі яго ў час штурму войскі караля Стэфана Баторыя, але і тады замак аднавілі. А ў XVII ст. умацаванні замка згарэлі ў час пажару. Адбудаваў яго тады езярышчанскі староста К. Сакалінскі па загаду караля Жыгімонта III Вазы. А ў жніўні 1654 замак захапіла рускае войска на чале з ваяводам С. Стрэшневым...
Ведаеш, Васілёчак, дзе зараз знаходзяцца рэшткі валоў былога замка-крэпасці?
– Так, ля возера, – адказаў Васілёк.
– Вось і малайчына, – сказала княгіня Ульяна і падбадзёрыла! – Бачыш, мой хлопчык, колькі ты ўжо ведаеш пра мінулае Езярышча. Раскажы заўтра ўсё гэта сябрам. Ну, а зараз – дабранач, мой маленькі, хай сон твой будзе здаровым, а сны – салодкімі. Бывай, Васілёчак.
Як знікла дзіўная госця, хлопчык не бачыў, бо ён ужо моцна-моцна спаў, усміхаючыся праз сон.
ЛІТАРАТУРА
1. Маранава, Т.Легенда / Т. Маранава // Гарадоцкі веснік. – 2001. – 27 лістап.
ЛІТАРАТУРА
1. Гарадок // Віцебшчына : Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад. А.М. Ненадавец. – Мн., 2000. – С. 101–107.
2. Маранава, Т.Легенда / Т. Маранава // Гарадоцкі веснік. – 2001. – 27 лістап.
3. Мукомол, Л. Легенды Варховского края / Л. Мукомол // Гарадоцкі веснік. – 2006. – 9 снеж.
4. Паданні, запісаныя ў Гарадоцкім павеце А. Семянтоўскім // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С. І. Садоўская ; рэдкал. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 752–753.
5. Шагалеева, Т. А. Гарадоцкі край у легендах і паданнях / Т. А. Шагалеева // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С. І. Садоўская ; рэдкал. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 748–752.