Докшыцкі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 31.08.2017 07:26
- Адноўлена 22.08.2019 14:54
Праз легенды і паданні жыхары Докшыччыны здаўна імкнуліся растлумачыць назвы вёсак, рэчак, азёр, крыніц, асобных дрэў, камянёў, лясных мясцін і інш. У аснове легенд ляжаць як рэальныя факты мінулага, якія ў гістарычным часе абраслі домысламі, так і фантастычныя сюжэты, значныя падзеі і імёны канкрэтных людзей.
Сярод легенд, звязаных з паходжаннем населеных пунктаў Докшыцкага раёна, можна назваць легенды пра Докшыцы, Бягомль, Беразіно, Бірулі, Круляўшчыну, Порплішча і інш.
Шэраг назваў легенд звязана з асабовымі імёнамі мясцовых сялян (Акулiнiна сасна), паноў (Бакшты – князі-пушчанцы).
На тэрыторыі Беларусі знаходзіцца вялікая колькасць камянёў. Гэта характэрны і непаўторны элемент нашага ландшафту. Камяні – сведкі ледавіковых працэсаў, а таксама помнікі гісторыі і культуры. Яны заўсёды ўплывалі на творчую фантазію нашых продкаў, фарміравалі духоўны свет беларусаў, з імі звязаны легенды і паданні. Некалькі легенд існуе пра гранітны валун Сцяпан ці Сцёп-камень, які знаходзіцца ў густых лясах у наваколлі Бягомля.
Захаванне памяці продкаў праз збіранне і апублікаванне вуснай народнай творчасці – сёння задача асабліва надзённая. У выніку сацыяльна-дэмаграфічных працэсаў адбываецца разбурэнне традыцыйнай беларускай вёскі. Многія населеныя пункты перасталі існаваць ці знаходзяцца на мяжы існавання. Гэтыя і іншыя прычыны прыводзяць да страты рэгіянальнай вуснай народнай творчасці, якая стваралася стагоддзямі.
Докшыцы
Жыў тут некалі, можа стагоддзяў сем таму назад, адзін селянін. Звалі яго Янка. Бедны чалавек быў. Зямлі ў самога мала было, а прыкупіць яшчэ – грошай неставала. Вось і думай тут, як пракарміцца. Ажаніўся Янка ў свой час на гэткай жа галадранцы Адэлі. Таго пасагу і было, што стары маркач, які ўжо і мэкнуць ленаваўся, ды зямлі вузенькая палоска. Злучыў Янка гэта са сваім набыткам і нявесела пачасаў патыліцу:– Жыць неяк трэба, жонка, а як? Сама бачыш, што робіцца... Дзе ж мы на гэтай палосцы і жыта пасеем, і авёс, і агародніну якую пасадзім? Тут жа з боку на бок не перакінешся...
– Што зробіш, чалавеча, калі ў нас доля такая, – ціха прамовіла Адэля, а трэба сказаць, што яна была жанчынай сціплай, прыгожай і надзіва працавітай, – нічога мы не перайначым, і з неба нам шчасця ніхто не пашле. Раз ужо такое наканавана, то да самай смерці пакутаваць давядзецца.
– I працуем жа не разгінаючыся...
– Каб жа ад гэтага ў нас зямлі, Янка, большала...
– Яно-то, канешне, няблага было б... Яно так і выпадае, як мой дзед некалі казаў, – докша ён докша і ёсць. Як ты яго ні прыкрывай, як ты яго ні хавай, а лахманы ўсё роўна тырчаць збоку ці зверху будуць.
– А хто гэта такі? – не зразумела жонка.
– Хто?
– Ну докша...
– А-а-а, – працягнуў Янка і засмяяўся, – гэта мой дзед так чамусьці бедных людзей, такіх як мы з табой, зваў. Ён жа не з тутэйшых мясцін быў, аднекуль здалёку прыбіўся сюды... Мне ў дзяцінстве расказваў, ды я ж тады толькі казкі ды былічкі слухаць любіў, астатняе міма вушэй пралятала.
– Не ўбівайся надта, мужу, можа, нешта і пераменіцца. У адным мы з табою ўжо багатыя.
– У чым гэта? – здзівіўся Янка.
– Дзецьмі мы багатыя. Бачыш, шасцёра бегаюць. Радасныя, вясёлыя, нам ужо спрабуюць дапамагаць. Каб толькі зямлі які кавалак расстарацца, астатняе самі зробім. Я ж не лянотная, і ты не зломак. Каб які пасаг ці што са спадчыны дасталася, то і падтрымала б нас добра ў цяжкую хвіліну.
– Мой дзед хоць бедны быў, але на зямлі зусім мала гнуўся.
– А чым жа жыў?
– Чым жыў... Справа ў тым, што ён вельмі многа замоў ведаў усялякіх, шэптаў, да яго людзі цугам цягнуліся, каб замовіў тое ці іншае, каб вылечыў.
– I дапамагаў?
– Здаецца, не было такіх выпадкаў, каб ён камусьці не здолеў дапамагчы...
– А багацця не сабраў і твайму бацьку-нябожчыку не перадаў. Так нам намного прасцей было б. Хоць бы крышачку якой дапамогі, і перайначылася б наша жыццё.
– Каб жа... А грошы ён не браў таму, што лічыў гэта справай надзвычай небяспечнай: станеш браць грошы – замовы сілу страцяць. Тады жыві, як хочаш, круціся...
– Я пра такое і не падумала.
– Калі пыталіся, чым аддзячыць, то казаў, каб каравай хлеба прынеслі ці кавалак сала, астатняе яго проста не цікавіла: страха свяцілася, зімою ў печ залазіў грэцца... Лядашчы да працы быў, – зноў паўтарыў Янка.
– Слухай, мужу, а ты ад яго ніякіх замоў не пераняў?
– Ды як табе сказаць...
– Як ёсць, так і кажы.
– Бацька мой не хацеў нічога ад старога пераймаць, смяяўся, што глупства гэта несусветнае і такім шляхам сорамна на хлеб зарабляць. Дык дзед мяне навучаў. Я і словы ведаю некаторых замоў, да гэтага часу памятаю, хоць ужо многа гадоў прайшло, як дзед памёр.
– А можаш якую пераказаць?
– Чаму ж не...
– То давай.
– Зараз? А ад чаго?
– Ад чаго ў галаву зараз прыйдзе, ад таго і гавары.
– Тады ад уроку: «Памалюся, пакланюся Госпаду Богу, усім святым святочкам, гадавым празднічкам, ранняй (вячэрняй) зорачцы. Госпада Бога прашаю, Прачыстую Маці на помач прызываю і рабу Божаму помачы даваў, і ўрок гаварыў з следу, з ветру, з яды, з вады, з боку паглядных, з пустых рачэй, з паганых вачэй, і соллю сціраў, сваім духам здымаў. Як гэтай солі ў вадзе не ляжаць, так і ўроку не бываць ні схадком, ні маладзіком, ні пад поўню. Як было на раду, так і стаць на стану, маці цябе нарадзіла, а я ўсю хваробу адхадзіла, па гэтую порачку, па раннюю зорачку...»
Янка прагаварыў замову і глянуў на Адэлю. Тая пра нешта думала.
– Ведаеш што, чалавеча... I ты ж можаш паспрабаваць вылечваць людзей...
– Навошта?
– Хто кавалак сала дасць, а хто хлеба прынясе ці збожжа – усё лягчэй нам стане. Не будзеш тады сябе докшам называць.
– А калі не атрымаецца? Людзі засмяюць жа.
– А калі атрымаецца? – пытаннем на пытанне адказала гаспадыня. – Можна будзе і сабраць што-небудзь, і потым зямлі прыкупіць, якой нам гэта не хапае.
– Добра было б...
– Дык вырашай.
– Паспрабаваць, канешне, можна, – нерашуча прамовіў Янка.
– Вось і добра. Пра астатняе я сама паклапачуся: і хворых табе знайду, і чым плаціць дамоўлюся. Толькі пастарайся.
– Пастараюся, – зараз ужо здавалася, што і Янка загарэўся гэткім жаданнем.
3 самае раніцы Адэля прывяла ў хаціну суседку, якая, павітаўшыся, адразу пачала гаманіць:
– Яначка! Родненькі! Выратуй ты мяне ад гэтай пошасці!
– А што такое, цётка, здарылася з вамі? – сур'ёзна запытаўся гаспадар.
– Ой, чалавечку, і не пытайся. Гэта ж у мяне ажно з лета мінулага цягнецца... Амаль год пакутую...
– Дык што здарылася?
– Каб жа я, каханенькі, ведала, што са мною здарылася.
– То раскажыце, як усё было.
– Пайшлі мы з маёй нявесткай у чарніцы. Сталі браць... А там іх столькі было, што, здавалася, зямля ўся густа-густа ўсыпана. Ходзім поруч, не адыходзімся далёка. Ужо многа панабіралі, але заўсёды яшчэ болей хочацца. I тут нешта як закрычала, як загарлала прама ў мяне над галавою. Божачка, што са мною зрабілася! Як ламанула я напрасткі з таго лесу... Ажно чую – нехта тупоча, даганяе. Пабегла яшчэ хутчэй – а крокі тыя ўсё роўна ззаду стукаюць. Ужо ў мяне і сілы няма, і духу не хапае, а да ўскрайку яшчэ далекавата. Неяк усё ж вылецела на дарогу, да поля дабралася, а там і гопнула... Колькі ляжала – не памятаю. Абудзілася ад таго, што мяне нявестка катурхае. Аказваецца, я так ляцела, так бегла, што яна не магла мяне дагнаць. I чарніцы ўсе парассыпала, і вопратку парвала...
Янка трымаўся сур'ёзна. Ён адразу здагадаўся, што здарылася і гэтак напалохала суседку.
– Гэта ў вас, цётка, не што іншае, як зляк. Перапужаліся вы моцна...
– Ой, моцна, ой, моцна, родненькі-каханенькі... Словамі перадаць немагчыма...
– I замову вам трэба ад злякання шаптаць, моцную замову, каб пераборала. I не адзін раз, а тры дні запар па разу.
– Чалавечку, ты мяне толькі выратуй, а я цябе аддзячу, крыўдзіцца не будзеш. Праўду кажу.
– А я і не сумняваюся, – пагадзіўся Янка і ласкава глянуў на Адэлю, якая так і стаяла ля печы. – Зараз і пачнём шаптаць. Прашу толькі ўсё чыста выконваць так, як я вам гаварыць буду, ды не перабівайце пытаннямі.
– Добра, Яначка, добра, – затараторыла тая, – толькі дапамажы, то я ўжо патрываю.
– Сядайце тады пад абразы, вазьміце нож у рукі і сядзіце спакойненька.
Суседка хуценька шмыгнула ў кут пад абразы і заціхла. Гаспадар падышоў да яе, стаў бокам, каб яна, крый Божа, не ўбачыла, што ён можа не ўтрымацца і засмяяцца ці проста ўсміхнуцца, паклаў жанчыне руку на галаву і пачаў сваю замову. Адэля чакала тую замову, якую ёй Янка пераказваў увечары, але загучала зусім іншая:
«Памалюся, пакланюся Госпаду Богу і ўсім святым святочкам, гадавым празднічкам, ранняй зорачцы, святому аўторачку. Госпада Бога прашу, Прачыстую Маці на дапамогу заклікаю і рабе Божай, Марысі, помачы даю, сцень, іспуг пужаны, ліканы, і прыдумны, і прымоўны, прыгаворны, пасмешны, пацешны, дзявоцкі, мужчынскі, бацькаў, маткін, з ветру, з вады, з яды, удавіны, паграбенны, і слядошны загаварываў. I па касці ты не хадзі, касцей не ламі, шырокіх плячэй не сушы, буйнае галоўкі не палі, жывата і сзрца не тамі. Я ж цябе, зляк, выбіраю, з буйнае галоўкі, з сівых валасоў, з чорных бровак, з ясных вочак, з красных губак, з белых зубак, з румянага ліца, са шчырага сэрца, з грудзей і з гаручай крыві, з ногцікаў і з когцікаў, і з жылак, і з паджылак, і з касцей, з усіх машчэй і адмятаю, на сіне мора адсылаю, на ніцыя лозы, на цёмныя ляскі, на жоўтыя пяскі. Там вам піць-гуляць, у пуховых падушках спаць і ў рабы Божай, Марысі, болей ніколі не бываць, па гэтую пару, па раннюю зару...»
Прамовіў замову Янка, абышоў пару разоў суседку:
– Ну вось, цётачка, сёння павінна вам добра спацца. Заўтра з самае раніцы прыходзьце, а на трэці дзень прыйдзеце перад сном. Прашапчу трэці раз, і зляк гэты адыдзе ад вашага цела назаўсёды.
– Вось дзякуй табе, Яначка, вось дзякуй. А гэта табе за працу, – і падае вялізны кус сала. – Бяры, чалавечку, толькі дапамажы...
Пайшла суседка, а гаспадар з сур'ёзным выглядам прамовіў:
– Вось табе і маеш. I докша ўверх пайшоў. Ужо і за дзедава гультайства мне салам плацяць. Дай жа, Божа, каб не ў апошні, а толькі ў першы раз, і сёння было сала мала...
3 таго самага дня з лёгкай жончынай рукі і стаў Янка лячыць хворых людзей замовамі. Спачатку толькі за іх браўся, а з цягам часу навучыўся і на хатніх жывёл шаптаць. I пайшла справа ў гаспадарцы: ужо і дзеці галоднымі спаць не клаліся, і самім есці хапала. А аднаго дня здарылася такое, чаго ні сам Янка, ні ягоная жонка і не прадбачылі.
Толькі яны прачнуліся і яшчэ нават на падворак не прыходзілі, як загрукацела нейкая павозка пад акном. – Каго гэта так рана прынесла? – здзівіўся гаспадар.
– Калі да нас, то зараз і даведаемся, нехта ж увойдзе ў хату.
– Праз пару хвілін і сапраўды – загрукацела ў сенцах і на парог ускарабкаўся... бацюшка.
Гаспадары толькі пераглянуліся. Не маглі здагадацца, якая нячыстая прынесла яго да іх, бо шаптаць жа яму не станеш, ён жа адмаўляе ўздзеянне ўсяго гэтага на чалавека, а прызнае толькі волю Усявышняга. Павітаўся госць і, не марудзячы, прамовіў:
– Прыйшоў да вас па патрэбе...
– Ды мы ўжо здагадаліся, бацюшка.
– Пачуў я, што ў вас зямлі мала, што есці не дастае. У мяне ўсё гэта ёсць, але няма каму апрацоўваць, то, можа, Янка пагадзіўся б наняцца да мяне ў работнікі...
Узрадаваўся селянін, падумаў, што яшчэ і капейчыну нейкую заробіць. А як грошы завядуцца, то і на ногі лягчэй узняцца будзе, за іх усё купіць можна. Думкі пра зямлю не пакідалі яго ні на хвіліну. Але адказваць не спяшаўся. Паглядзеў на Адэлю, тая таксама нешта меркавала.
– Сядайце, бацюшка, трэба ж дамовіцца добра, пра ўсё перагаварыць, каб не крыўдзіць адзін аднаго.
– Вядома, – пагадзіўся госць і сеў на лаўку.
– Дык якая ваша плата будзе за маю працу?
– Думаю, што пяць пудоў жыта дам і пяць рублёў грошай.
– Нешта ж вельмі мала, бацюшка.
– Я ж, чалавеча, наймаю цябе з вясны да позняй восені, і ўсё. Калі табе закарціць дамоў схадзіць – калі ласка, я і слова супраць не скажу.
– Яно-то зарабіць не пашкодзіла б, але малавата вы кладзяце свайму работніку.
– А колькі ты хочаш?
– Я хачу сем пудоў жыта і дзесяць рублёў грошай.
– Авохці, Янка...
– Ага, бацюшка, і каб яда добрая была, іначай не пагаджуся, шукайце сабе іншага работніка.
– Саступі крыху...
– Хіба ж я так многа папрасіў?
– Але ж і не мала.
– Вы ведаеце, што калі я пачну працаваць, то са мной далёка не кожны чалавек справіцца.
– Гэта я ведаю, гаспадар, таму менавіта да цябе і завітаў.
Доўга спрачаліся Янка і госць, і бацюшка, як яму падалося, дабіўся свайго: селянін згадзіўся адзін рубель саступіць, а на большае цвёрда адказаў:
– Не магу, бо нявыгадна працаваць будзе. Ударылі па руках, і паехаў бацюшка дамоў, дамовіўшыся, што Янка пачне працаваць на бацюшкавым падворку роўна праз тыдзень, з наступнага панядзелка.
Толькі выехаў бацюшка, як Янка зарагатаў і пляснуў рукамі:
– Во, Адэлька! Ты ўсё гаманіла, што абарванцы мы ды галадранцы. Да нейкага няшчаснага докшы сам бацюшка прыехаў, каб у работнікі наняць.
– Слухай, Яначка, калі ён табе столькі грошай заплаціць, то мы здолеем ладны кавалак зямлі прыкупіць. У нас жа гэтулькі грошай ніколі не было, падумаць толькі...
– Нешта яму яшчэ карціць, раз сам прыпёрся, не можа такога быць, – задуменна адказваў гаспадар.
– А можа, і сапраўды толькі каб наняць цябе ў работнікі?
– Хутка даведаемся, не так ужо многа засталося.
Праляцеў незаўважна той тыдзень, і Янка пайшоў працаваць да бацюшкі. Гаспадар трымаў сваё абяцанне: і праца не надта цяжкая на аднаго была, і ежа добрая. Але селяніна здзіўлялі паводзіны бацюшкі – ён пастаянна круціўся побач, усё пра нешта хацеў запытацца, толькі не асмельваўся.
Так прайшоў месяц, другі пачаўся, і аднаго разу не вытрымаў гаспадар.
Паехалі яны тады па сена.
– Слухай, Янка, я хацеў цябе прасіць...
– Што, бацюшка?
– Ці не дапаможаш ты мне?
– А што робіць? Можа, і дапамагу.
– I смяяцца не будзеш?
– Усялякае ў людзей здараецца. Чаго тут смяяцца?
– Ведаеш што, – пачаў бацюшка і змоўк, азірнуўся па баках, каб ніхто не пачуў. – Жонка мая з дзякам гуляе. I ведаю, і нічога зрабіць не магу.
– Справа сур'ёзная.
– Ці не адшэпчаш ты, чалавеча, яе?.. Дзеці вялікія, смяюцца з мяне ўсе...
– Адшапчу, бацюшка, адшапчу... Такую замову ведаю, што адверне яе ад дзяка...
Прыехалі яны з лугу стомленыя, што зямля тая. Бацюшка адразу спаць паваліўся, нават есці не стаў, а Янка, паабяцаўшы чалавеку дапамагчы, узяў раменную дзягу і пачаў за пападдзёй цікаваць. Вось яна апранулася, нібы на вяселле, і падалася ў прыцемках у канец агарода – работнік за ёю. Як ён і прадбачыў, дзяк сядзеў у стозе і чакаў. Селі ды давай сабе там любошчамі займацца. I тут, у самы непадыходзячы момант, нешта як зараўло побач, а потым выскачыў здаравенны мужык з мяшком на галаве і як пачаў апярэзваць іх дзягай па чым папала, то не да любошчаў ужо стала. Крычаць-верашчаць абое, на чым свет белы стаіць, а ліха тое не адыходзіць, лупцуе. Людзі прачнуліся, не могуць зразумець, што такое робіцца. Запыталіся раніцай у бацюшкі, а той усім адказваў, як яго Янка падвучыў:
– А гэта нейкія докшы лянотную жонку вучылі, як за гаспадаркай глядзець, а не за тым, дзе які мужык бегае...
– А чыю жонку?
– Хто ж яго там ведае...
Заплаціў гаспадар за паслугу Янку ўдвая болей, не пашкадаваў, бо сапраўды выправілася жонка. Селянін на тыя грошы прыкупіў зямлі, і зажылі яны мірна ды шчасліва, а гаспадарамі такімі заможнымі і ашчаднымі сталі, што пашукаць трэба было. Усе вяскоўцы зайздросцілі ды з павагаю прамаўлялі:
– Ого, на тым хутары... Там докшыцы жывуць... Яны сваю справу ведаюць...
Так і засталося з тых часоў – Докшыцы ды Докшыцы.
Сцёп-камень
Фальклорны Сцяпан паводле сваіх характарыстык можа быць суаднесены з Вялесам, язычніцкім богам жывёлагадоўлі, багацця, урадлівасці і замагільнага свету, які меў дачыненне да зямных водаў і да вытокаў рэк, быў апекуном паэзіі, музыкі, абрадавых песень. Замена ў фальклоры пасля прыняцця хрысціянства імя Вялеса імем Сцяпана, магчыма, тлумачыцца паралелямі паміж уласцівым гэтаму богу культам камянёў і тым, што кананізаваны пасля смерці евангельскі першамучанік Стафан (Сцяпан) быў пакараны праз пабіццё камянямі.
Па-першаму паданню, калісьці ў вёсцы Шыленцы жыў кравец Сцяпан. Слынны майстра карыстаўся пашанай і жыў заможна. Але хадзіў Сцяпан невясёлы, бо не было ў яго жонкі-красуні. Шмат было прыгожых дзяўчат, гатовых выйсці за яго замуж, ды сэрца яго было палонена іншай. Звалі яе Ульяна або Вяльяна. Мовіць, бывала, Сцяпан да яе слова ласкавае, а яна загарыцца, як макаў цвет на досвітку, ды маўчыць. Хмурыцца Сцяпан, бо праўды не ведае. Не ведае таго, што яна, як і ён да яе, усім сэрцам хінецца, ды толькі сарамлівасць дзявочая няволіць нябогу.
Доўга цярпеў пакуты кахання Сцяпан, але далей трываць не было моцы. I аднойчы апоўначы выйшаў Сцяпан у поле, стаў на крыжавых дарогах і выклікаў нячыстую сілу. За прыхільнасць дзявочую задумаў Сцяпан аддаць нячысціку сваю душу. Тут жа зашумеў лес ад ветру-буры, з чатырох дарог падымаўся пясок смерчам, а з цемры з'явіўся перад Сцяпанам у абліччы смярдзючага казла нячысцік і запытаўся пра жаданне. Пачуўшы, што справа ідзе пра цнатлівую дзяўчыну, акрамя хлапечай душы запатрабаваў яшчэ, каб Сцяпан зняў з сябе і разбіў каменем крыжык. Збялеў хлопец ад такой блюзнерскай прапановы, але чаго не зробіш, каб атрымаць каханую. I вось пайшоў ён у бок дарожкі, дзе ляжаў камень ад жорнаў, зняў з шыі крыжык, сабраўся біць яго другім каменем. I як толькі ўзняў Сцяпан руку з каменем, у той жа момант сам ператварыўся ў камень. А з неба ўдарыў пярун і распластаў неабачлівага чорта.
Назаўтра людзі доўга шукалі свайго краўца Сцяпана дома, у полі і ў лесе. I только ў лагчыне, знайшоўшы каля ростаняў скамянелага Сцяпана, усё зразумелі. Як дачулася Вяльяна, што стала з яе любым, у непрытомнасці пабегла ў поле і, абняўшы рукамі камень, прыпала да яго і залілася горкім, няўцешным плачам. Плакала яна ўвесь дзень і ўсю ноч, а наступнай раніцай са слёз яе з-пад каменя прабілася крыніца, а сама Вяльяна аддала Богу душу. Дзяўчыну пахавалі, і на яе магіле пабудавалі царкву.
А крыніца з-пад каменя разлілася па ваколіцах, ператварыла лагчыну ў непралазнае балота, якое людзі назвалі Шыленскім, або Кравецкім, і паплыла ў свет празрыстай рэчкай. Рэчку гэтую спачатку празвалі ў памяць пра Вяльяну Вельяй, а пазней гэтая назва стала гучаць як Вілія.
Па іншай версіі падання, пасля ператварэння Сцяпана ў камень, адбыўся цуд. Трэба было толькі ўвечары пакласці на валун кавалак тканіны і папрасіць: «Сцяпан, пашый каптан!», як зранку можна было забіраць гатовае адзенне, прытым цудоўна пашытае. Удзячныя людзі пакідалі ўзамен каля каменя хлеб, соль, лён. Забірала ўсё гэта Ульяна (удава Сцяпана) і карміла-апранала дзяцей. Але аднойчы п'яны жартаўнік папрасіў яму пашыць «ні тое ні сёе». Тады камень пакрыўдзіўся і перастаў шыць. Даведалася пра гэта Ульяна, прыбегла ў поле, упала на камень і доўга плакала. Але камень маўчаў. Слёзы ж Ульяны збіраліся ў ручаі, раку. Толькі вецер шумеў рэхам у кроне навакольных дрэў: «Ву-у-лляна... Ву-у-лля... 3 таго часу і сталі называць раку Вулля або Вялля (Вілія).
Згодна яшчэ аднаму паданню, запісанаму ў канцы XIX стагодзя, калісьці ў лясным урочышчы Сцёп-камень жыла сям'я – маці, сын і дачка. Сын быў непаслухмяны, а дачка надта распусная. На ўсе ўшчуванні маці за такія яе паводзіны дачка адказвала, што будзе і надалей весці ранейшы лад жыцця. Урэшце рэшт маці пракляла дачку за яе дзёрзкі адказ, і тая разлілася ракой, якую назвалі Віліяй, а сын за непаслушэнства зрабіўся каменем у выглядзе чалавека.
Наступнае паданне менш рамантычнае, ды і запісана яно нядаўна ў вёсцы Краснікі, хоць і перадавалася ад дзядоў і прадзедаў. Згодна яму, вырашыў аднойчы на Вялікдзень Сцяпан узараць зямлю. У абед, калі Сцяпан добра ўжо паспеў папрацаваць, жонка Акуліна прынесла паесці. Пакуль Сцяпан сілкаваўся, жонка ўсё бурчала на яго, папракала. Так яны і пасварыліся. Адыходзячы, Акуліна кінула: «Каб ты каменем узяўся!» Сцяпан ёй у адказ: «Каб ты Кулінай стала!» Жонка пайшла дахаты, а Сцяпан падаўся да валоў. Але як толькі ўзяўся ён за плуг, усё адразу скамянела: і Сцяпан, і валы, і нават два збанкі. Так і ляжаць камяні з таго часу ў адным месцы. Тады ж неба і ягоную жонку пакарала. У тое імгненне, калі Сцяпан ператварыўся ў камень, яна зрабілася хвояй, якую празвалі Кулінай. Лічыцца, што гэта дрэва нельга секчы або пілаваць, інакш з яго пойдзе кроў.
ЛІТАРАТУРА
1. Бельскі, Я. Легенды шмат пра што нам гавораць : меркаванне пра назву г. Докшыцы / Я. Бельскі // Краязнаўчая газета. – 2003. – № 7(ліпень). – С. 4.
2. Берніковіч, Д. Дзве легенды / Д. Берніковіч // Витебские вести. – 2019. – 4 июня. – С. 4.
3. Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў i паданняў / склад., запiс, апрац. А. М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 142–149. – ( Мой родны кут).
4. Зайкоўскі Э. Ля вытокаў Віліі / Э. Зайкоўскі // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 34–36.
5. Кавалеўская, Л. Акулiнiна сасна i Сцеп-камень / Л. Кавалеўская // Родныя вытокi (Докшыцы). – 1998. – 22 крас. – С. 3.
6. Лазар, М. Я. Мой родны кут / М. Я. Лазар // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. – 1971. – № 3. – С. 59.
7. Легенды і паданні / рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. – Мінск : Навука i тэхнiка, 1983. – С. 367–369. – (Беларуская народная творчасць).
8. Легенды і паданні Сітцаўскага краю // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2019. – 3 студз. – С. 3.
9. Ляўкоў, Э. А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны / Э. А. Ляўкоў. – Мінск : Навука i тэхнiка, 1992. – С. 135–140.
10. Паходжанне назвы Порплішча / падрыхт. Я. Малевіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2019. – 27 сак. – С. 4.
11. Рамантычная казка Докшыцкага краю // Народная газета. – 2009. – 17 кастр. – С. 15.
12. Целеш, С. Варганская гара / С. Целеш // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2012. – 24 кастр. – С. 5.
СПАСЫЛКІ
Легенды і паданні пра паходжанне назваў вёсак Сітцы і Малыя Сітцы