Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Браслаўскі раён. Легенды і паданні

Легенды і паданні Браслаўшчыны – вялікае і разнастайнае багацце, якое ашчадна перадавалася з пакалення ў пакаленне, захавалася да сённяшняга часу і дазваляе глыбей вывучаць мінулае краю.

Існуе шэраг легенд і паданняў, дзе гаворыцца аб заснаванні населеных пунктаў Браслаўшчыны, тлумачыцца паходжанне іх назваў.

Прыкладам можа быць легенда аб узнікненні Браслава. Яе галоўныя героі – князі Дзвін і Друйка, іх дачка Дрыва і тры маладыя княжычы Снуд, Ноў і Брас. Сюжэт легенды звязаны з каханнем і барацьбой за руку Дрывы.

 

Легенда аб узнікненні Браслава

Некалі, даўно-даўно, сярод блакітных азёр, на вялікай гары стаяў прыгожы горад, умацаваны башнямі. А сярод горада ўзвышаўся замак. Жыў у гэтым замку багаты князь Дзвін. У бітвах ён заўсёды перамагаў ворагаў, усе ў замку дрыжалі перад ім. Багацце, слава, улада – усё ў яго было, але князь сумаваў. Усе ведалі: ён хмуры і злосны таму, што няма ў яго сына. Канчаўся слаўны род Дзвіна.          

Была ў яго  прыгожая дачка Дрыва, якую кахалі тры маладыя князі – Снуд, Ноў і Брас.

Аднойчы князь Дзвін са сваёй дружынай адправіўся ў паход. Дома засталася Дрыва са сваёй маці Друйкай. Дрыва пацяшалася з маладых князёў. Яна сказала ім, кожнаму паасобку, што пойдзе за таго, хто свой меч у саперніку пакіне. Снуд і Ноў рашылі забіць Браса. Яны зрабілі засаду на дарозе, па якой Брас павінен быў везці падарункі для князёўны. Брас нібы прадчуваў нядобрае і з падарункамі  да Дрывы ў той вечар паслаў свайго слугу. Снуд і Ноў думалі, што забілі Браса, а яны забілі слугу. І накіраваліся ў замак. Але браты ведалі аб жорсткай умове князёўны: у жывых павінен застацца толькі адзін. Зноў зазвінелі мячы. Снуд трапіў у самае сэрца Нова, але і сам хутка памёр ад ран. Так загінулі абодва князі. Брас даведаўся пра гэта і прыехаў у замак. Дрыва выбегла яму насустрач: «Любы мой, – сказала яна, – бой закончыўся, браты твае загінулі.»

Паглядзеў на яе з пагардай горды Брас і адказаў: – «Злосная княжна! Тваё каханне мне не патрэбна.» – і пайшоў.

Прыгажуня Дрыва выбегла з замка і кінулася ў возера. Не вынесла вялікага гора яе маці і таксама хутка памерла.

Праз некаторы час вярнуўся з паходу князь Дзвін, але і ён нядоўга пражыў. Горадам кіраваць застаўся князь Брас. Слаўны гэта быў князь, вельмі справядлівы, але ўсё жыццё пражыў адзін.

Хочацца верыць: мабыць і праўда кіраваў тут некалі магутны князь Дзвін, і была ў яго дачка Дрыва, якую кахалі тры маладыя князі Снуд, Ноў і Брас. Ці не іх імёны жывуць у назвах самаго горада Браслава, рэк Дзвіны, Друйкі, азёр Дрывяты, Снуды, Навяты…

 

ЛІТАРАТУРА 

Легендыі паданні / рэдкал. : В. К. Бандарчык [і інш.]. – Мн. : Навука i тэхнiка, 1983. – С. 266–267.

 

 

Археолаг Ф. Пакроўскі ў канцы ХІХ ст. зафіксаваў паданне аб паходжанні назвы в. Перавалока, размешчанай на беразе нешырокага праліва паміж азёрамі Снуды і Струста. Паводле падання, па берагах праліва стаялі два палацы вельмі багатага пана, які меў двух дачок. Адна з дачок жыла з бацькам, а другая ў палацы насупраць. Увесь час паміж палацамі была ажыўленая сувязь праз праліў і таму вёску, якая пазней узнікла побач, назвалі Перавалокі.

У Іказні захавалася легенда аб жорсткім магнаце, які жыў у замку на востраве. Па загаду магната на беразе возера часта катавалі і казнілі прыгонных сялян. Заснаванае пазней мястэчка атрымала назву Іказнь. З Іказненскім замкам звязаны яшчэ два паданні, сюжэты якіх пераплятаюцца з рэальнай гістарычнай падзеяй – аблогай замка ў 1654 г. маскоўскімі войскамі. Паводле падання, непрыяцель доўга не мог авалодаць умацаваннямі, але аднойчы карова з берага возера, дзе да гэтага пасвілася, на вачах ворага перайшла па прытопленым масту на востраў. Дарога да замкавых варот была раскрыта. Пасля штурму непрыяцель захапіў замак. Цікава, што ў час падводных археалагічных даследванняў былі знойдзены элементы наплаўнога маста. Яшчэ адно паданне сцвярджае, што перад тым, як непрыяцель уварваўся ў замак, са сцяны ў возера быў скінуты вялізны сундук з каштоўнасцямі.

Вельмі распаўсюджаны на Браслаўшчыне легенды і паданні, звязаныя з вайной 1812 г. Напрыклад, аб адпачынку Напалеона пад вялізным дубам у парку маёнтка Опса, да якога імператар прывязваў каня, аб гарадзішчы каля вёскі Пустошка, нібыта насыпаным ботамі фрацузскіх салдатаў над магілай любімага каня нейкага генерала.

Асабліва часта сустракаюцца паданні аб закапаных у пэўных мясцінах скарбах.

Гэта паданні аб залатой карэце, закапанай у в. Замошша, аб грошах, закапаных каля вёсак Слабодка, Антонаўцы, Баруны і інш.

Распаўсюджаны на Браслаўшчыне паданні аб культавых збудаваннях.

Ёсць цэлы шэраг паданняў, што расказваюць аб затопленых касцёлах і царквах, якія праваліліся пад зямлю. Такія паданні з’яўляюцца адгалоскамі рэлігійнай барацьбы ў краі. Паводле падання праваліўся пад зямлю драўляны касцёл на востраве Замак каля Дрысвятаў. Новы касцёл пабудавалі на іншым месцы на беразе возера, але доўгі час з-пад зямлі чуліся званы загінуўшага храма.

На Богінскім возеры нібыта ёсць затопленая вадой царква, крыжы якой выходзяць амаль на паверхню, а ў ціхае, яснае надвор’е ў вадзе можна ўбачыць яе муры.

Бытуюць у краі і паданні аб разнастайных прыродных з’явах і аб’ектах.

Каля в. Булавішкі захаваўся вялізны валун, на паверхні якога бачны след, які нагадвае ступню чалавека. Адна з назваў каменя – Чортаў след. Паводле падання, след на валуне пакінуў чорт, калі нёс яго, каб разбурыць царкву. На шэрагу азёр Браслаўшчыны сустракаюцца скапленні камянёў, якія нагадваюць падводныя дарогі. Жыхары называюць іх «чортавымі дарогамі». На возеры Бужа, паводле падання, такая дарога зроблена чортам, які дамагаўся рукі прыгожай вясковай дзяўчыны. Дзяўчына, каб пазбавіцца нежаданага жаніха, загадала яму пабудаваць дарогу з берага да вострава, прычым за адну ноч. Вельмі стараўся чорт, але дарога аказалася няскончанай. Калі заставалася зусім няшмат працы, крык пеўня абвясціў аб тым, што ноч скончылася.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Азёры Беларусі ў легендах і паданнях / склад. А. М. Ненадавец. – Мн., 2003. – 327 с.

2. Браслаўскія паданні // Браслаўскі сшытак. – 1996. – № 1. – С. 94–98.

3. Віцебшчына : Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад. А. М. Ненадавец. – Мн., 2000. – 478 с.

4. Латушкова, Ю. Конь і чорт – старажытныя міфалагічныя вобразы (на матэрыяле Браслаўшчыны і сумежных тэрыторый) / Ю. Латушкова // Браслаўскія чытанні : матэрыялы VI-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 150 -й гадавіне з дня нараджэння браслаўскага лекара, грамадскага дзеяча Станіслава Нарбута (1853–1926) 7–8 мая 2003 года / К. Шыдлоўскі і інш.]. – Браслаў, 2003. – С. 65–66.

5. Легенды і паданні Браслаўшчыны // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К. В. Велічковіч [і інш.]. – Мн., 1998. – С. 54–66.

6. Шиманский, М. Легенда о Браславе / М. Шиманский // Народнае слова. – 1997. – 19 жн.

7. Шыдлоўскі, К. Легенды Замкавай Гары / К. Шыдлоўскі, Г. Семянчук // Культура. – 2000. – 25 лістап.