Лёзненскі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 23.12.2019 07:26
- Адноўлена 24.12.2019 10:11
Лёзна
У адной вялікай вёсцы жыў дужа багаты купец. Можа, і не вёска гэта была, а якое мястэчка, – не ў тым справа. Галоўнае, што жыў ён з дзецьмі: хлопчыкам і дзяўчынкай. Раслі яны без матулі. Здарылася так, што аднаго разу, калі малады тады яшчэ купец вяртаўся з жонкаю з кірмашу, на глухой дарозе напалі на іх рабаўнікі. Пачаў купец адбівацца, але што ты адзін супраць многіх зробіш? Бачыць – няма паратунку, тады і крыкнуў жанчыне:
– Кінь ім грошы, няхай душацца! Кінь! А яна ж, дурніца, пашкадавала:
– А раптам адаб'ёмся?..
У купца набоі ўжо скончыліся, ён схапіўся за вострую шаблю і ўжо ледзьве жывы прахрыпеў:
– Кінь, не шкадуй... Застанёмся жывыя, дык яшчэ болей назбіраем, а заб'юць нас тут, то каму гэтыя грошы спатрэбяцца?..
Маладзіца ж тая ўсё яшчэ вагалася, і ваганне каштавала ёй жыцця: нехта з нападаючых даў ёй шабляй па галаве. Тады купец усё ж неяк злаўчыўся, ударыў па той торбе нагою – яна і паляцела. Як пасыпаліся адтуль залатоўкі, як пакаціліся, то разбойнікі адразу кінуліся іх збіраць, а пра гаспадара і забыліся. Ён не даў маху – як джгнуў па конях, як свіснуў, дык яны віхурай нестрыманай паляцелі. Праз нейкую гадзіну дома быў. Але там пакуль людзей назбіраў і назад з імі вярнуўся, разбойнікаў і следу не засталося. Забраў толькі забітую жонку, дамоў прывёз і пахаваў на могілках.
Пасля таго выпадку Ахрэм, так яго звалі, усю сваю пяшчоту аддаваў дзецям. Трэба сказаць, што раслі яны паслухмянымі і працавітымі, ніколі не прымушалі бацьку на сябе крычаць ці за дубец брацца. Слова яго было для іх законам. Затое ўжо вечарам, калі спаць збіраліся, дык налашчыцца ніяк не маглі, з бацькам гуляючы.
Замест маці купец трымаў старую-старую пакаёўку, якая яшчэ яго некалі выгадавала. Яна і дапамагала, і па гаспадарцы правіла, калі Ахрэм ехаў некуды па сваіх гандлёвых справах.
Звалі хлопца Андрэй, а дзяўчыну – Марыся. Андрэй быў на два гады старэйшы за сястру, таму ён пастаянна імкнуўся ёй дапамагчы, а часам і павучаў. Тады ўжо сястра не вытрымлівала:
– Яшчэ адзін стары знайшоўся на маю галаву, і гэты мяне вучыць. У самога яшчэ вусы не выраслі, а ўжо камандаваць любіць.
Брат на такія заўвагі не крыўдаваў, наадварот, казаў:
– Я ж для цябе, дурніца, стараюся, хачу, каб табе лягчэй было.
– I ты, братка, на мяне не крыўдуй за гэткія словы, я ж жартуючы...
Так яны ігралі, так мірыліся і так, незаўважна, павыраслі. Хлапчына стаў, што той дуб: высокі, стройны, здаравенны, а ўжо такой прыгажуні, як Марыся, ва ўсім наваколлі нельга было знайсці.
Бацька заглядзіцца на яе і скажа незнарок:
– Вылітая маці, так і павернецца, так і ўсміхнецца... Не дачакалася яна гэтага дня, а то радавалася б, гледзячы на такую красуню...
Пачуе старая пакаёўка і таксама ўсхліпне ды прамовіць:
– Няхай зямелька ёй пухам будзе... Няхай ёй царства нябеснае на тым свеце будзе... Як яна, небарака, недарэчна сваё жыццё страціла...
Пасядзяць ціхенька, а потым пакаёўка і звернецца да гаспадара:
– Ты, Ахрэмка, глядзі, Марыську адну дома не пакідай і не пускай абы-куды. Бачыш, якая прыгажуня ў цябе вырасла. Па ёй усе хлопцы ў наваколлі сэрцы сушаць, кожны аб адным толькі марыць, каб на яго хоць зірнула ці ўсміхнулася. Даглядай, каб чаго ліхога не здарылася. Насмяецца які злыдзень і пакіне...
– Ды што ты, бабуля, не дапусцім мы такога. Я і сам глядзець буду, і Андрэю накажу, каб пільна сачыў. Ды і ты ж пастаянна дома.
– Эй, Ахрэмка, які ўжо з мяне вартаўнік. Я ж далей уласнага носа амаль нічога не бачу...
Адкуль чакалі бяды, адтуль яна і прыйшла ў гэты дом. Праўда, прыйшла не ад маладых, прыгожых, адчайных хлопцаў, а ад вясковага... бацюшкі. Ён сябраваў з Ахрэмам, і сяброўства гэтае цягнулася ўжо не першы год. Мала таго, ён нават быў хрышчоным бацькам Марыські.
Андрэй бацюшку з глыбокага дзяцінства неўзлюбіў і пастаянна паўтараў:
– Гані ты, татка, гэтага гругана з падворка. Нешта ён усё тут круціцца, нешта вынюхвае... Гані прэч, каб вальней дыхалася.
Гаспадар заўсёды стрымана адказваў:
– Я, сынку, сабе сяброў не выбіраў, яны самі мяне выбралі. Дый і не табе пра іх меркаваць, малады яшчэ, каб з такімі словамі на людзей кідацца...
– Але ж злом ад яго цягне.
– Якім такім злом? Ён жа бацюшка. Бацюшка, разумееш?
– Ну і што з гэтага? – чулася ў адказ. – Калі бацюшка, то і злога ніколі не робіць?
– Што з табой, дурнем, размаўляць, – пачынаў злавацца Ахрэм. – Вось пажывеш з маё, тады і даведаешся, хто ёсць хто...
I як аказалася, меў усе падставы для сваіх сумненняў Андрэй. Пачаў бацюшка пільнаваць, калі ў купца ў хаце нікога, акрамя Марыські, не будзе, і дачакаўся. Сабраўся Ахрэм на кірмаш. Тавару многа набраў, на некалькі вазоў ледзьве ўклалі, таму і Андрэйку з сабою ўзяў, а па гаспадарцы ўпраўляцца пакінуў пакаёўку і дачку, ды яшчэ і наказаў перад ад'ездам дзяўчыне:
– Глядзі, Марыська, нікуды без майго дазволу не ідзі. Будзь дома, дапамагай бабулі, а як я вярнуся, тады і пагуляеш.
– Добра, – весела прамовіла тая, – будзем з бабуляй дома сядзець і песні спяваць.
Зарагаталі абедзве, і гаспадар у добрым настроі паехаў з сынам на кірмаш.
Бацюшка не спяшаўся бегчы ў хаціну да суседа. А раптам вернуцца, тады не паглядзяць, што ў рызе, што служка Бога, такога пытлю зададуць, што і святыя духі не дапамогуць.
Счакаўшы з гадзіну, пакіраваў да купцовага падворка. Бабулька нечага корпалася ў агародзе, дык і не пачула, як хтосьці дзверы ў хату адчыніў. Бацюшка, убачыўшы Марыську, павітаўся.
– Добры дзень, бацюшка, – адказала тая, – а нашых нікога дома няма, паехалі на кірмаш.
– Ведаю, але я не да іх, дачушка, ішоў, я да цябе.
– I па якой нагодзе?
– Сакрэт...
– Што ж такі за сакрэт? I мне нельга даведацца? – гулліва запыталася дзяўчына.
– Чаму няможна? Можна.
– Дык раскрывайце свой сакрэт, навошта час марнаваць.
– Праўду ты, Марыська, гаворыш, чыстую праўду. А прыйшоў я...
– Гэта я бачу.
– Прыйшоў, каб...
– Так вы і да вечара не адкрыеце сваю таямніцу.
– Ды каб з табою палюбіцца прыйшоў...
– Што?!
– Кажу, каб з табою палюбіцца...
Толькі цяпер заўважыла дзяўчына, што нечаканы госць не жартуе і ўсё бліжэй да яе падступае, вось-вось рукамі хапаць пачне. Адступілася яна ў кут і на бацюшку гнеўна пазірае:
– Яшчэ крок да мяне ступіце, і я закрычу.
– Крычы, а хто пачуе? Тваіх жа дома няма, а бабуля глухая, як той пень трухлявы. Так што лепей згаджайся. Не бойся, чаго ты баішся, дурніца?
Вырашыла дзяўчына на хітрасць пусціцца. Трэба ж неяк час пацягнуць і паспрабаваць знайсці выйсце, вось яна і кажа:
– Ой, што вы, бацюшка, што вы... Не магу я на такое пагадзіцца.
– Чаму?
– Ды сорамна мне.
– Толькі і ўсяго?
– А хіба гэтага мала?
I тут Марысьцы цюкнула ў галаву цікавая думка.
– Добра, бацюшка. Калі ты мяне добра папросіш, – адразу перайшла яна на «ты», – то, можа, і саступлю...
Чаго тут толькі стары распуснік ёй не наабяцаў, якіх слоў не нагаварыў, з кім толькі не параўноўваў прыгажуню, каб распаліць яе сэрца. А яна хітра пазірала на яго і таксама вочкі прыплюшчвала, быццам бы ўжо пагаджалася.
Бацюшка бліжэй падсеў, а яна тады яму на самае вуха шэпча:
– Пайшлі, бацюшка, адсюль.
– Куды гэта?
– Хіба не здагадваешся?
– Не.
– Ды тут жа нас могуць незнарок і людзі заўважыць...
– Якія людзі?
– А раптам хто прыйдзе ў хату?
– Дык куды нам ісці?
– Схаваемся дзе-небудзь. Ведаю адну мясцінку...
– Гавары – дзе, бо яшчэ завядзеш куды.
– Не палохайся, бацюшка, не палохайся. 3 маладой палюбіцца пажадаў, то крыху і патрывай. Пайшлі.
Марыська ўхапіла бацюшку за рукаў і павалакла за сабой. Збоку гледзячы, можна было і сапраўды падумаць, што дзейнічаюць змоўшчыкі.
Павяла бацюшку дзяўчына не куды-небудзь, а ў... лазню. Яна ж, хітрунка, вытапіла лазню перад гэтым, бо збіраліся з бабуляй памыцца. Адчыніла дзверы, а адтуль гарачынёю так і патыхае.
– Нам і так горача будзе, а ты яшчэ ў такі жар прывяла, – пачаў было гаманіць бацюшка.
– Жар касцей не ломіць, асабліва старых, – адрэзала прыгажуня.
– Гэта я стары?
– Не я ж.
– Спярша паглядзі, а потым ужо і гамані.
– Ды нядоўга засталося.
Бацюшка ад нецярпення ажно нагамі задрыгаў і загагатаў, нібы малады стаеннік.
– То чаго мы марудзім?
– Не ведаю. Распранайся, бацюшка.
– А ты?
– Дзверы зачыню, каб хто выпадкова не зазірнуў ды не заспеў нас тут...
Бацюшка хуценька распрануўся і праз хвіліну ўжо стаяў пасярод лазні ў чым маці нарадзіла. Нецярпліва чакаў, калі Марыська з перадлазніка выйдзе. Але тая паклікала:
– Бацюшка, хадзі сюды...
Голы мужык прыпусціў туды. Толькі высунуўся, а Марыська на яго як ліне з вядра кіпнем, а потым яшчэ раз. Тут ужо не да палюбоўнай справы! Як загарлаў бацюшка, як заверашчаў, дык ажно, здалося, сцены задрыжалі. Дзяўчына часу дарма не траціла – адчыніла дзверы, і нечаканы госць, голы, ламануў прама ў іх. Крычыць, верашчыць і напрамую джгае. Пакаёўка ўбачыла і, не разабраўшыся, падумала, што гэта нячысцік прэ, перажагнулася і ў другі бок засучыла.
Прыехаў на наступны дзень Ахрэм з сынам. Пагаманілі, расказалі навіны ды спаць палеглі, а з самае раніцы гаспадар і кажа:
– Нешта бацюшка да нас не паказаўся. Звычайна, як толькі я прыязджаю, дык і ён на парог, а тут... Што б гэта значыла?
– Ветрам здзьмула твайго бацюшку, – не ўтрываўся Андрэйка.
– Пайду праведаю...
– Ага, збегай, а то ён, можа, перапрацаваўся і павярнуцца, небарака, не здолее. Збегай.
Сын з дачкою зарагаталі, а пакаёўка ўзвяла вочы пад столь:
– Няма на вас, маладых, супакою...
Пайшоў Ахрэм да свайго сябрука, а той ляжыць на ложку і стогне.
– Што з табой, бацюшка?
А той жа таксама хітры, прыдумаў, як выкруціцца.
– Збілі мяне люта, суседзе...
– Хто ж да такога даўмеўся?
– Табе скажы – ты не паверыш...
– Чаму гэта?
– Не паверыш, табе кажу, бо на гэтага чалавека ты ніколі і не падумаў бы... Ой, чалавеча, каб жа ты ведаў, як усё цела смыліць, як яно гарыць...
– Дык хто так цябе, бацюшка?
– Гэта ж як ты з сынам на кірмаш паехаў, я вырашыў выйсці на вуліцу. Ажно бачу, нехта праз плот да тваёй хаціны крадзецца. Я за ім. Падумаў, што злодзей хоча пакрасці нешта, ды памыліўся...
– А што ж там такое здарылася?
– Ды да тваёй Марыські, а да маёй хрышчонай дачушкі, нейкі ваўкарэзіна прыцёгся. Такі страшны, ваўкаватага выгляду. I давай яны мілавацца, ды так бессаромна, ды так... нікога не баючыся... Я закрычаў, каб яны злякаліся і пабеглі, але дзе там... Той хлапчына павярнуўся і не ўцякаць кінуўся, а да мяне. Як ухапіў, як пачаў лупцаваць, вопратку з мяне пазрываў... Голага мяне і кінулі ў мой агарод, а ні вопраткі, ні ботаў – нічога няма...
– А хто ж гэта быў?
– Разбойнік нейкі, бо добрыя людзі такімі не бываюць і так не выглядаюць.
– А дзе ён вас катаваў?
– У тваёй лазні, чалавеча, у лазні... Бачыш, якую ты дачку ўзгадаваў?
– Але ж...
– Што, не верыш? Мне не верыш?
На гэтае пытанне Ахрэм ужо не адказаў. Ён паджгаў да лазні, каб на месцы ўсё праверыць. Уляцеў у лазню, ажно і сапраўды: валяецца бацюшкава вопратка і, што самае галоўнае, штаны напалову разарваныя. Гаспадар нават і думкі не дапускаў, што гэта іх сам бацюшка з гарачкі і разарваў, калі спяшаўся дарвацца да прыгажуні. Пацямнела ў вачах у Ахрэма, як сляпы паплёўся гаспадар у хату і там накінуўся на дачку:
– Дык вось ты якая?
– Што такое, тата? Якая я?
– Не паспеў бацька з хаты выйсці, а ты любошчамі давай займацца! Гэтага ў нас ніколі не было і не будзе! Я табе бацька, я і вынесу табе свой прысуд!
Бедная Марыська села і горка-горка заплакала. Толькі гаспадара ў такім стане не маглі расчуліць гэтыя слёзы, хутчэй наадварот: яны падагравалі злосць.
– У маёй хаце табе, зласліўка, болей месца няма! Выбірайся прэч!
Заплакала дзяўчына яшчэ грамчэй і пайшла за дзверы, а гаспадару гэтага было мала, і ён раз'юшана закрычаў:
– Андрэйка!
– Я тут, не крычы.
– Вось табе стрэльба, завядзі гэтую гадаўку ў лес і там застрэль, а мне прынясі яе кашулю, каб я глянуў, ці ў крыві яна будзе! Ідзі!
Выйшаў хлапчына за сястрой і гамоніць:
– Пайшлі хутчэй адсюль, каб ён нас не бачыў, а то яшчэ сам задумае цябе забіць, і тады я не здолею дапамагчы.
Марыська загаласіла, а Андрэйка галаву ўхіліў і на сястру глянуць баіцца. Як жа так здарылася, што яна пачала гэткімі бруднымі справамі займацца? Тут сястра, нібы пачула ягоныя думкі, упала на калені і сказала:
– Матуляй нашай клянуся, яе светлай памяццю, што нічога такога не было. Гэта ўсё той чорт даўгагрывы напрыдумляў, бо я яго адвадзіла...
Завёў Андрэйка сястру ў густы лес і кажа:
– Здымі сваю кашулю, апрані маю світку... Пасядзі тут да вечара, нікуды не сыходзь. Я вярнуся, і мы разам пойдзем, не хачу я болей з такім бацькам жыць.
Прыклаўся і са стрэльбы забіў голуба, а яго крывёю вымазаў кашулю, каб бацька не сумняваўся ў тым, што ён ягоны прысуд выканаў. Прынёс дамоў і кінуў кашулю перад гаспадаром на падлогу:
– Вось, глядзі, – гэта тое, чаго ты дабіваўся. Болей у цябе, бацька, ні дачкі, ні сына няма. Сам жыві... з бацюшкам сваім у абдымку, а я сыходжу з дому...
Узяў Андрэйка самае неабходнае, пакаёўка колькі залатовак яшчэ паклала, якія за доўгае жыццё здолела назбіраць, і пайшоў, не развітваючыся.
Пакуль да Марыські дабраўся, то і змрок вечаровы на лес пачаў апускацца. Пасядзелі, супакоіліся, пераспалі ля вогнішча і вырашылі далей самі жыць. А як? Грошай няма, няма за што зямлі добрай у багатых паноў купіць. Тады Андрэйка схітрыўся прыдбаць за тыя залатоўкі лознае месца. Не такое ўжо і страшнае, тым болей што сваё. Збудавалі хацінку і сталі жыць. Потым і зямлю апрацоўваць пачалі, кустоўе тое вынішчаць, але назва засталася – Лознае, Лозна. Пазней ужо і Лёзна зрабілася.
Адкуль назва вёскі Калышкі
Старыя людзі, якія здаўна жылі ў вёсцы, расказвалі пра тое, адкуль пайшла назва Калышкі, а таксама пра тое, што прываблівала ўвагу шматлікіх людзей да гэтай мясцовасці. А справа ў тым, што менавіта тут праходзіў гандлёвы шлях. Прыблізна пасярод вёскі размяшчалася плошча, дзе і збіралася вялікая талака. Сюды з'яўлялася шмат народу: акрамя людзей з навакольных мястэчак, прыязджалі і далёкія – з Віцебска, Смаленска. Кожны імкнуўся прыехаць у час, бо тут можна было не толькі набыць каштоўныя рэчы, але і ад душы павесяліцца.
Мясцовыя людзі рыхтавалі разнастайныя ўцехі для гасцей, але самай цікавай забавай для ўсіх было калыханне. А заключалася яно ў тым, што людзі розных узростаў прыходзілі на плошчу, каб пакалыхацца на гушкалцы. Усё гэта суправаджалася душэўнай радасцю і вясёлым смехам, які разносіўся па ўсім наваколлі. 3 тых даўніх гадоў і па сённяшні дзень захаваўся выраз: «Пойдзем на Калышкі». Ну, а тая плошча, дзе праходзіла талака, захавала не толькі сваё размяшчэнне, але і назву, бо ўсе цяперашнія жыхары вёскі называюць яе базарам.
Запісаў М. Пляшкоў
Бескава
Жыў у нас тут некалі адзін гаспадар. Звалі яго Антосем. Ад яго ўсё і пачалося, ад яго ўсё і пайшло. А здарылася вось што.
Той Антось быў працавітым чалавекам, але і зайздросным надта. Як толькі ўбачыць у каго-небудзь што лепшае ці прыгажэйшае, то адразу ж і бяжыць да таго гаспадара.
– Раскажы, братка, як гэта ў цябе атрымліваецца? – і чакае адказу.
Чалавек той пачынае неяк тлумачыць, часта зусім пра другое гаворыць, бо і сам не можа дакладна сказаць, як да яго поспех прыйшоў:
– Часта малюся, чалавеча... Стараюся кожны дзень што-небудзь рабіць, каб час марна не прападаў, вось таму і поспех мяне чакае.
I вось аднаго разу той Антось сабраўся везці зерне малоць. Раней жа ўсё з раніцы пачыналі рабіць, а калі млын далекавата знаходзіўся, дык і з вечара ў дарогу выбіраліся. Але наш гаспадар выбраўся з раніцы. Не паехаў, праўда, па той дарозе, па якой усе ездзілі, а вырашыў напрасткі прыпусціць. Паспадзяваўся, што там дарога добрая, што конік у яго здаровы, да таго ж вельмі карцела потым пасмяяцца, што іншыя вяскоўцы паўдня дабіраліся, а ён за палову гэтага часу даехаў.
Едзе сабе, песні спявае. Тым часам лес густы пачаўся, змрочна зрабілася, нягледзячы на тое, што раніца. Гаспадар пачаў пакручвацца, нібы нешта яго перасцерагала, але каня не спыняў. Тут пад коламі пачала плюхаць вада, коніку даводзілася ўжо добра выжыльвацца, каб выцягнуць воз з гразі. Селянін злез з воза ды пайшоў побач, толькі і гэта не вельмі дапамагала. Конік ішоў, ішоў і раптам стаў, як укапаны. Як яго Антось ні біў, як ні імкнуўся яму дапамагчы, – не здолеў болей цягнуць. Даў яму вясковец адпачыць і зноў узяўся пугай пярэсціць. Бедная жывёліна напнулася, ірванула – кола затрашчала і разламалася на дзве палавіны. Схапіўся гаспадар за галаву:
– Каб жа цябе чэрці ўхапілі! Каб жа табе спакою на зямлі не было!
Незразумела, каго лаяў чалавек, навокал жа нікога не было – толькі знясілены конік ды густы, непралазны лес.
Выгаманіўся селянін і пачаў разважаць, як выбрацца і далей ехаць. Вырашыў скінуць мяхі на зямлю. Зрабіў. Ды што толку, калі кола няма. Прымайстраваў здаравенную галіну – цяпер конь цягнуў не толькі воз, а і паўдрэва. Але ўсе ж паціху рухаліся.
Час ляцеў непрыкметна, дарога вужэла і рабілася яшчэ горшай. Антось быў у глыбокім адчаі.
– Прыцямнее, а я так і не даеду да млына. Не трэба было гэтулькі класці, то і абышлося б...
Нават у галаву не браў чалавек, што ён вінаваты ў тым, што здарылася.
Стаміўся сам, стаміўся конь. Воз спыніўся на месцы. Сядзіць Антось на пяньку побач з возам і на чым свет стаіць лаецца:
– Каб жа табе спакою не было, каб жа здароўя не прыбаўлялася таму, хто на мяне ў гэтыя дні чорным вокам глянуў і ўсё гэта зрабіў... Каб чэрці якія ў твой лёс убіліся...
Толькі ён праклён сказаў, як зусім побач нехта загаманіў:
– Калі ты, чалавеча, заключыш са мною хаўрус, то я буду табе заўжды дапамагаць. А воз да млына зацягнуць – гэта для мяне, што адзін раз плюнуць супраць ветру. Пагаджайся.
Крутнуўся Антось:
– Хто ты?
– Той, каго ты толькі што згадваў.
– Не хлусіш?
– Навошта мне хлусіць?
– А калі я з табою захаўрасуюся, ты мяне не падманеш?
– Дык мы дамову адпаведную заключым. Калі хто яе парушыць, то з таго потым і будзем зганяць грахі.
– Пачакай, дай падумаць.
Сказаў Антось, а сам разважае, якая ж яму выгода ад усяго гэтага будзе. Мяркуе так і гэтак, нарэшце задаволена выдыхнуў:
– Згодны.
– Цяпер паўтарай за мной, нічога не прапускай, каб потым не пераблыталі...
Нячысцік пачаў дамову тую ўголас гаварыць, а селянін за ім паўтарае-стараецца. Скончыў чорт і кажа:
– Цяпер, чалавеча, вось на гэтай бяросце распішамся.
– А чым жа распісацца?
– Дый распісвацца неабавязкова, проста пастаў свой знак, але ўласнай крывёю – гэта абавязкова.
Антось пагадзіўся, і тут закарцела яму падмануць чорта. Глядзіць – нячысцік па нейкай патрэбе адвярнуўся, дык ён па спіне ў коніка свайго рукой правёў, а там ад пугі рубцоў многа засталося, рука адразу закрывавілася.
– Давай, дзе знак ставіць?
Нячысцік падсунуў бяросту, і селянін весела ляпнуў па ёй далонню.
Чорт узрадаваўся:
– Цяпер мы з табой да скону веку хаўруснікі. Цяпер буду табе дапамагаць, ты толькі не губляйся, кліч мяне. Праўда, глядзі, каб людзей побач не было і каб нас ніхто разам не бачыў, бо ўсялякае пачнуць казаць, а гэта да дабра ніколі не даводзіла.
Гамоніць гэтак нечаканы Антосеў памочнік, а сам коніка выпраг, прывязаў ззаду да воза, на сябе хамут ускінуў і папёр цяжкі воз, нібы якую пушынку. Гаспадар сунецца, за хвост конскі трымаючыся, глядзіць, каб дзе не рэзнуцца, за які корч не зачапіцца ці на сук вачыма не ўбіцца.
Тым часам лес пачаў расступацца, і яны выперліся на шырокую паляну. Нячысцік павярнуўся да чалавека:
– Ужо зусім блізка засталося. Я цябе падвязу да самага млына, ты там пераначуй, а я за гэты час у каго-небудзь кола сапру. Да раніцы паспею. Ты спакойна адпачывай і галаву сабе гэтымі клопатамі не забівай. Цяпер мы разам за ўсё адказваем.
Прыцягнуў нячысцік воз, хамут з узмыленай шыі скінуў і паджгаў невядома куды шукаць кола. Антось коніка пусціў пасвіцца, а сам лёг на мяхі і адразу захроп. Ён і сапраўды адчуваў сябе спакойна.
3 таго дня і пачалося гэтае незвычайнае сяброўства – чалавека і чорта. У вяскоўца ўвабралася такая вялізная сіла, што ён і сам не верыў, а сяляне пачалі сцвярджаць, што ў Антося ад нараджэння чортава рабро. Гэта азначала, што яшчэ з маленства ён атрымаў незвычайную здольнасць: перамагаць у паядынках, не ведаць стомы нават падчас самай цяжкай фізічнай працы. Спачатку людзі дзівіліся, а потым і баяцца чалавека пачалі. Ведама ж, працуе не болей за іншых, а дабро расце як на дражджах. Вясковец ужо і заганарыўся, абы з кім ужо і не размаўляў, гаварыў усё:
– А навошта мне з гэтымі галадранцамі вадзіцца? Што я, сабе роўных не знайду? Толькі свісну – і сябры ў мяне самі знойдуцца.
Будыніны сабе пастаўляў, што і ў паноў гэткіх не было, жывёлы трымаў не дзесяткі, а сотні, парабкаў ужо чалавек дзесяць было. Усё ішло нібы па маслу. Ды бяда здарылася нечакана: захварэў, ад старасці ўжо, той конік, на якім гаспадар у тую памятную ноч на млын ездзіў. Паглядзеў на яго Антось і прамовіў;
– Ад'ездзіў сваё... Нічога, маладыя падрастаюць... Але як конік здох, то і гаспадара цяжкая хвароба скруціла. За нейкіх пару дзён і згарэў. Калі паміраў, то ўсё крычаў, родных ужо не пазнаваў:
– Адыдзі... Адыдзі... Бес... Бес, адыдзі...
Так і памёр з тым страшным словам на вуснах. Усё ягонае багацце праз некую гадзіну ўспыхнула і згарэла. Потым толькі людзі здагадаліся, адкуль усё ішло, і таму назвалі тую мясціну Бескава.
Гарэлікі
Ішоў адзін салдат дамоў, вяртаўся пасля таго, як дваццаць пяць гадоў цару верай і праўдай адслужыў. Не надта спяшаўся чалавек, бо балела ягонае сэрца, не спадзяваўся родных ды блізкіх сярод жывых пабачыць. Яшчэ б, гэтулькі часу прайшло! Маленькія дзеці, якіх ён пакінуў у вёсцы, самі сваіх дзяцей ужо займелі. Ці жывая там бедалага жонка, на якую ўсё звалілася, усё лягло непасільным цяжарам? Задумаецца гэтак салдат і ледзьве ногі перастаўляе, вочы слязьмі затуманьваюцца. Яму ў войску што было? I напояць, і накормяць, і спаць пакладуць, і скамандуюць, што рабіць. Там генералы думалі, а салдаты толькі выконвалі.
3 такімі думкамі набліжаўся чалавек да свайго дома. Калі надвячорак насоўваўся, то прасіўся да якога гаспадара спаць, і ніхто салдату не адмаўляў. Наадварот, кожны запрашаў да сябе, есці прапаноўваў, бо людзі даўней гасцінныя былі, не тое што цяпер.
Аднаго дня крочыў па пыльнай дарозе. У паветры прыпарвала, нібы ў печы. Здавалася, што зараз зямля сама па сабе задыміцца, а садавіна ды гародніна папячэцца. Навокал палі стаялі счарнелыя – усё з таго, што даўно дажджу добрага не было. Ды што там добрага, нават і кропелькі вільгаці з неба не выпала за ўсю вясну і лета.
Падышоў салдат да старога дзеда і звярнуўся да яго:
– Ці нельга, бацька, у цябе пераначаваць?
– Чаму ж, чалавеча, нельга? Можна. У мяне хата вялікая, дзеці асобна жывуць, мы са старой удваіх тут. Новаму чалавеку мы заўсёды рады. I пагаварыць ёсць пра што, і распытаць, тым болей што ты па свеце хадзіў і многае бачыў.
– Гэта так, бацька, па свеце мне давялося многа пахадзіць, пабачыць – таксама. А што гэта ў вас, даўно так прыпякае?
– Ой, чалавеча, і не пытайся. Можа, трэці месяц, а можа, і болей. Лічы, як пасеялі збожжа, то ніводнай кропелькі з неба і не выпала. Усё пагарэла. Хіба ж не адчуваеш, што нават дыхаць няма чым...
– Я здалёк іду, але там такой спякоты не адчувалася. Цёпла, праўда, было, а тут жа...
– Пайшлі, салдат, у хату, чаго мы тут, ля плота, стаім. Ужо і вячэра зварылася, так што ты якраз у час прыспеў.
– Ды я есці...
– Не адмаўляйся. Я сам ведаю, што такое ў дарозе месяцамі быць. Яшчэ дзень-другі куды ні ішло, а такі працяглы тэрмін далёка не кожны вытрымае. Падсілкавацца абавязкова трэба. Не саромейся, мы людзі простыя, і ў нас усё па-простаму, што сабе – тое і гасцям.
Зайшлі ў двор, а там і гаспадыня выскачыла, падарожнага ў хату запрашае:
– Заходзьце, не саромейцеся. Госць у хату – Бог у хату, – так некалі мяне, яшчэ зусім малую, бацькі вучылі.
Селі за стол, перакусілі і давай размаўляць. Пра што яны толькі не меркавалі, пра што не згадвалі. Цікава было і салдату даведацца, як у родным краі справы ідуць, і старым карцела пачуць, як людзі жывуць, якія ў іх норавы ды парадкі. Прагаманілі да трэціх пеўняў, тады толькі гаспадыня схамянулася:
– Ой, стары! Дык гэта ж чалавек з дарогі, а мы яго як зацуглялі сваімі размовамі. Яму ж спаць трэба ісці. Я зараз пасцялю на палку.
– Лепей, калі можна, я на сене. Прызвычаіўся за столькі гадоў дзе прыйдзецца спаць, а вось ад паху сена, які з дзяцінства ў галаве засеў, не адвык і да гэтых дзён. Колькі мне там паспаць – пару гадзін...
– Слухай, братка, – перабіў яго гаспадар, – а куды табе спяшацца? Сам жа кажаш, што паспееш, што сэрца заходзіцца... Пераначуй у нас, пабудзь і наступны дзень, ды яшчэ адну ноч паспі, сілы набярыся. Я з табой у хлеў спаць пайду, і мне захацелася на сена, тым болей што яно ў нас лугавое, духмянае, мяккае...
– Вазьміце сабе пад бок што ды накрыцца, начлежнікі, – ласкава прапанавала старая.
Прылеглі гаспадар з падарожным, але ніяк заснуць не маглі, усё размаўлялі. Ціха было на двары, і тут недзе далёка-далёка загрукатаў гром.
– Нарэшце, – вымавіў стары.
– Дабярэцца і да гэтых мясцін, – пагадзіўся салдат.
– Вельмі патрэбны дождж... Вельмі, бо голад запануе на вясну...
Заснулі яны неяк незаўважна. Салдат прачнуўся ад таго, што за сцяною, нібы з вядра, ліў густы дождж. Перакінуўся на другі бок, бліжэй да дзеда, і зноў заснуў.
Дождж ішоў цэлыя суткі, і, вядома ж, у такое надвор'е выпраўляцца было рызыкоўна, таму падарожны і застаўся ў гасцінных гаспадароў.
Зноў прыспеў вечар, і яны з дзедам зноў пайшлі спаць на сена. Слухаючы, як шуміць дождж, стары сказаў:
– Хай ідзе, зямелька нап'ецца, і яшчэ многае вырасце...
У тую ноч падарожны прачнуўся ад таго, што зусім побач размаўлялі. Галасы даносіліся не з хлява, а з кустоўя, што падыходзіла ўшчыльную да сцяны. Салдат ціхенька ўсхапіўся і праз невялічкую адтулінку паміж бярвеннямі, усяго ў пары крокаў, убачыў, праўда не вельмі выразна, некалькіх чалавек, якія, не зважаючы на праліўны дождж, спрачаліся. Адзін, відаць старэйшы з іх, даводзіў:
– Трэба з сабой усё забраць. Навошта тут кідаць?
– А калі па дарозе нас хто перахопіць? Як тады адмовімся, што гэта мы не нарабавалі? – не вытрымаў другі.
«Дык вось яно што, – пранеслася ў галаве ў падарожнага. – Дык гэта не простыя людзі, а разбойнікі, якія на дарогах мясцовых сялян ды купцоў абіралі... Сюды явіліся з нарабаваным і вырашаюць, што з ім рабіць...»
Салдат слухаў іхнюю гамонку, а сам вырашаў, што ж яму рабіць. Проста чакаць не выпадала. А раптам рабаўнікі забяруць усё з сабой і пойдуць далей? Так хоць ёсць шанц адбіць у іх што-небудзь. Паразважаўшы так, падпоўз да старога і пачаў яго катурхаць. Калі дзед прачнуўся, то коратка распавёў яму пра ўсё, і яны вырашылі паспрабаваць напалохаць нечаканых гасцей.
Ухапіў салдат вілы, дзед узяўся за цэп, і, нячутна адчыніўшы дзверы, выслізнулі ў цемру. Неўзабаве цішыню і шум дажджу прарэзалі страшэнныя крыкі: «Трымай! Акружай! Акружай іх! Вось яны!»
Крычалі зусім побач, таму ад таго месца, дзе толькі што стаялі рабаўнікі, пачуліся тупат, нейкае бухканне, а потым ужо заціхаючы трэск кустоўя. Чужынцы ўцякалі, не выбіраючы дарогі. Салдат з дзедам не падыходзілі да тае мясціны, адкуль уцяклі рабаўнікі, да самае раніцы, і толькі калі пачало шарэць, падаліся туды. Тое, што яны ўбачылі, заставіла іх здранцвець: навокал валяліся каштоўнасці і грошы. Іх было столькі, што ні стары, ні падарожны да гэтага часу нават не бачылі гэткай колькасці. Пазбіралі яны ўсё, падзялілі на роўныя часткі – атрымалася якраз па падарожнаму мяшэчку, які салдат нёс за плячамі.
Перайшоў той дожджык, і салдат пачаў збірацца ў дарогу. Развітаўся з гасціннымі гаспадарамі і пайшоў.
Недзе ўсяго за тыдзень і дайшоў. Апошнюю ноч начаваў у закінутым хляве. Вырашыў, што з'явіцца ў паселішча сярод белага дня. Але сон не ішоў, і калі толькі пачало займацца на дзень, ён ужо бег да роднай вёскі. Вось і знаёмая пакручастая лясная дарога, рэчка. Выскачыў на пагорак і... жахнуўся: навокал стаялі адныя папялішчы і ў іх людзі капашыліся. Кінуўся да бліжэйшай купкі і давай распытваць, што здарылася? Аказалася, што былі тут моцныя навальніцы з маланкамі і папалілі многія вёскі. Сказалі, што ягоныя родныя жывыя, і паказалі, дзе іх знайсці. Нібы на крылах паляцеў да іх падарожны. Падбег, слёзы коцяцца, і паўтарае ўсё: «Гарэлікі вы мае родныя... Нічога... Нічога... Абы ўсе жывыя... Грошай у мяне хопіць, каб усю вёску адбудаваць... Гарэлікі вы мае... Гарэлікі...»
Як паставілі людзі новыя хаціны ды іншыя будыніны, то і назвалі вёску тым самым словам, якое вымавіў салдат, убачыўшы, якая бяда ў іх здарылася, – Гарэлікі.
Глоданкі
На Лёзненшчыне, амаль на самай мяжы з Расіяй, вакол балота з даўніх часоў аблюбавалі сабе жытло людзі. I што ім тут спадабалася, зямля ж не надта і ўрадлівая. Старажылы ўспамінаюць, што даўным-даўно на ўсе гэтыя землі быў адзіны гаспадар – пан. Ды такі люты, што яго прыгонныя сяляне свету не бачылі ад працы, абіраў ён іх да ніткі, жорстка прыгнятаў.
Лёс, здаецца, не шкадаваў гэтых працавітых людзей. А калі здараўся неўраджай, пачынаўся голад – страшэнная з'ява і найцяжэйшае выпрабаванне ў жыцці. Пухлі сяляне, паміралі... Каб здабыць хоць якую-небудзь ежу, абдзіралі кару з дрэў і елі. Доўга не зажывалі раны па дрэвах, і стаялі яны нібы абглоданыя. Адсюль і пайшла назва вёскі – Глоданкі. Напэўна, няшмат выжыла глоданцаў, бо пасля 1861 года сюды панаехалі латышы. Кажуць, старанныя былі яны, жылі заможна, пабудавалі млын. Аб гэтым сведчаць могілкі на беразе рачулкі ды каменная пабудова ля дарогі. Перад Вялікай Айчыннай вайной Глоданкі шырока раскінуліся і ўтварыліся як бы дзве вёскі: Глоданкі-1 і Глоданкі-2.
Зараз вёсачка невялікая, жывуць сабе глоданцы, шчыруюць на зямлі. I няхай ім шчасціць.
Запісала І. Іванова
Лындзіна
Жылі два мужыкі. Абодва працавалі, абодва стараліся, каб неяк выбіцца ў заможных гаспадароў. Толькі Петрусю шанцавала, бо ў яго і жонка працавітая была, і дзеці многа дапамагалі, а Хведару не вельмі шэнціла. Справа ў тым, што і яму дзеці дапамагалі, і сам ён выжыльваўся, але вось жонка ягоная ўсю сям'ю назад цягнула – працаваць не любіла. Едзе Хведар у поле, а гаспадыні наказвае:
– Ты ж глядзі, каб усё тут было прыбрана, усё дагледжана, іначай сама ведаеш, што атрымаеш... Я са старэйшымі дзецьмі прыеду позна, зморымся, то каб і есці своечасова на стале стаяла. Мне – як мне, а вось малым памочнікам, каб абавязкова ўсё было.
– Ды што ты, Хведарка, – заліваецца тая, – хіба ж я не ведаю, хіба ж мне ўпершыню?
– Во-во, таму і наказваю, што не ўпершыню. Другая гаспадыня да ўсяго сваім розумам дойдзе, а табе трэба пра ўсё распавесці, ды яшчэ і прасачыць...
– Ой, чалавеча, не турбуйся. Усё зраблю, яшчэ і дзякуй скажаш.
Дзеці ўжо болей не вытрымлівалі і прыспешвалі бацьку:
– Татка, паехалі хутчэй, бо час марнуецца. Людзі ўжо едуць, і нам няма чаго позніцца.
– Добра, родненькія, паехалі, – прыслухоўваўся да сваіх памочнікаў Хведар.
У полі наварочаюць гэтулькі, што людзі і вачам не вераць, ці ж можна столькі зрабіць аднаму даросламу чалавеку з дзецьмі. Толькі і чуваць навокал:
– Во гэта работнікі. 3 такімі дзецьмі гора – не гора, бяда – не бяда. 3 імі што хочаш можна перавярнуць, толькі падказвай, павучай...
Радуецца бацька, пачуўшы такія словы, радуюцца дзеці, хоць ад стомы ўжо і да воза не могуць дацягнуцца. Хведар сам іх пазаносіць і супакойвае:
– Зараз прыедзем дамоў, там маці вячэру на стол паставіць. Падсілкуемся, і заваліцеся на палок. Заўтра будзеце спаць доўга, бо ў полі мы справіліся, а тую працу, што ля падворка, я і сам зраблю. Зараз, яшчэ крыху патрывайце...
Дзеці слухаюць тату, а вочкі іхнія самі па сабе заплюшчваюцца. Хведар коніка паціху падганяе, каб іх не разбудзіць, каб даць магчымасць паспаць дарогай.
Працавалі звычайна дапазна, ніколі раней за людзей назад не выязджалі. Таму пакуль даедуць, то і змрок ужо запануе ў наваколлі. Уздыхне цяжка-цяжка гаспадар, нібы адчуваючы, што яго дома чакае, і пазаносіць дзяцей у хаціну. А там... Божачка, ды лепей бы ён такога не бачыў: бруд, смецце, есці яшчэ не наварана, а калі і ёсць што, то ці перасолена, ці згарэла. Смярдзіць так, што не прадыхнуць. Усходзіцца селянін:
– Што ў цябе на гэты раз атрымалася? Чаму зноў нічога не прыбрала і не зварыла? Дзе ты цэлы дзень валачылася?
Жонка не каб памаўчаць – пачынала адказваць, ды такімі словамі, што неўзабаве і Хведар замаўкаў, бо адчуваў, што ўсё роўна лайдачцы нічога не дакажаш. Пачынаў яе сарамаціць:
– Мне дык што, я і так спаць лягу, але ж дзеткі нашыя... Няўжо цяжка зварыць своечасова, зрабіць так, каб усмак паелі? А то за кожным разам то перасолена, то перапалена, а закрані, дык назавеш шэраг прычын, з-за якіх нібыта і не паспела нічога зрабіць. Як жа табе не сорамна?
Гаспадыня і тут знаходзілася:
– Думаеш, дома працы ніякай няма? Ты як паехаў у поле, дык я і не прысела, а ўсё...
– Ляжала ды ляжала, – перабіваў яе вясковец.
– I не ляжала, толькі прылегла, бо галава закружылася.
– А есці чаму не зварыла?
– Не паспела.
– Дык жа дзеці...
– Дзеці спяць зараз, і не трэба іх чапаць, а раніцай я смачны сняданак зраблю, яны тады падласуюцца і за вечар, і за раніцу.
– Хто табе, лында, паверыць? Ці ж ты першы раз мяне падманваеш? I хацеў бы пахваліць цябе, ды няма за што.
– Пабачым, як ты дома ўправішся, калі я жыта жаць пайду.
– Ты пойдзеш... Адну цябе я не пушчу, разам будзем гнуцца, там і пабачым.
– Усе жонкі самі ўпраўляюцца, а чаго гэта ты за мной папляцешся?
– Добра, паглядзім. Да гэтай справы яшчэ далёка. А гаспадаркай не палохай, я спраўлюся, не тое што ты. Сама лында і з лындамі сябруеш.
Пасварацца так, і Хведару ўжо і есці не хочацца. Якая там ежа, калі ўсё цела ад стомы смыліць, ды каб жа яна была добра зварана, а то...
Так чалавек і пакутаваў з лайдачкай. Доўгі час трываў, больш за два дзесяткі гадоў. Ужо дзеці падняліся, дапамагалі спраўна, і ён пачаў свайго суседа па здабытках даганяць. Але гаспадыня не перайначвалася. Тады задумаў гаспадар адвучыць яе ленавацца.
Аднаго разу пасылае ён жонку ў лес і кажа:
– Схадзі ды наламай бярозавага голля, а я венікаў навяжу. Пакуль ты да лесу сходзіш, то я з хлопцамі гной з хлява выкіну.
– Давай я выкіну, а ты схадзі, – запрапанавала жонка.
– Не, калі я пайду, то хлопцы будуць гной выкідаць, а ў цябе якая воўчая хвароба падкінецца. Ідзі ў лес, ды не баўся надта.
Хведар узяўся з хлопцамі за працу, і за нейкую гадзіну вывалілі ўвесь гной. Селі дух перавесці, гаспадар і кажа:
– Вы, хлопцы, на агарод самі павазіце, а я пайду гляну, чаго гэта маці так доўга няма.
Пайшоў Хведар у лясок, а па дарозе выразаў добрую-такі гнуткую лазіну. Ведаў чалавек, на што яе рыхтаваў. Хадзіў, хадзіў, але нідзе жонкі не было. Пачаў шукаць па кустоўі і неўзабаве напароўся на сваю гаспадыню – тая соладка спала на духмянай траве, а побач ляжала ўсяго некалькі бярозавых голек. Усхадзіўся Хведар:
– Ах ты, лында! Ды я цябе ў лес паслаў, пашкадаваў, каб з гноем не рвалася, а табе і гэтая праца цяжкая?! Зараз ты ў мяне паскачаш!
А жонка і не чуе, толькі на другі бок павярнулася. Вось тут і пачалося самае галоўнае. Як замахнуўся Хведар, як секануў лазінаю ды як закрычыць:
– Гэта табе за ўсе мае крыўды, за ўсе здзекі над дзяцьмі! Лында ты смярдзючая!
Гаспадыня прахапілася, хацела на ногі ўсхапіцца, ды дзе там, моцныя ўдары збівалі з ног. Тады яна папаўзла, а гаспадару гэта і трэба было. Пачаў ён пярэсціць па спіне і прымаўляць:
– Гэта табе лынды біць! Ці ты пакінеш гэты занятак, ці заб'ю ў гэтым ляску!
Лупіў да таго часу, пакуль дамоў не дабраліся. Стагнала, раўла жонка, але Хведар не звяртаў увагі.
Людзі бачылі, як ён яе пярэсціў, дык пасля таго выпадку і празвалі тое балотца-лясок – Лындзіна. Потым там пракапалі канавы, вада сышла, і сталі вяскоўцы на добрай зямлі будынкі ставіць, а месца па-ранейшаму так і называлі – Лындзіна.
Непакорлівая Уліта
У канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў у нашай мясцовасці праходзіла калектывізацыя.
Людзі жылі на хутарах. Аднаасобна. Хто працаваў, той жыў някепска, таму аддаваць дабро, нажытае сваім потам, у агульную калгасную ўласнасць дабравольна ніхто не хацеў. Калектывізацыя праводзілася жорстка. Згоды ні ў кога не пыталі. Прыязджала брыгада калгаснікаў, разбірала хату, хлявы і перавозілі ўсё ў вёску, а кароў ды другую жыўнасць пераводзілі ў калгасны статак.
Каля вёскі Пацава жыла на хутары бабка Уліта, якая наадрэз адмовілася пераязджаць у вёску. Хату яе перавезлі, карову забралі, а бабка Уліта ўсё роўна не пайшла ў калгас.
Наступіла зіма, і бабка Уліта зімавала, жывучы ў бочцы, якая засталася ў яе былой гаспадарцы. I зараз непадалёку ад вёскі жыхары паказваюць тое месца, дзе бабка Уліта зімавала ў бочцы.
Запісаў В. Кубліцкі
Пра зарослае возера
Даўным-даўно на месцы сучаснага балота (Буракоўскага) было вялізнае возера, а на беразе яго стаяў прыгожы палац, у якім жыла княская сям'я.
У князя і княгіні доўгі час не было дзяцей. Калі ж, нарэшце, княгіня нарадзіла сына, хлопчык стаў адзіным нашчадкам княскага роду. Быў ён любімцам і ўцехай для шчаслівых бацькоў.
Аднойчы здарылася вялікае няшчасце – маленькі княжыч утапіўся ў возеры. Гора бацькоў было бязмежным. У адчаі і роспачы княгіня запрычытала: «Няхай будзе праклятым навекі гэта возера!»
... Шмат зім і вёснаў прайшло з той пары. I паступова возера пачало мялець і зарастаць, а з цягам часу ператварылася ў сапраўднае балота.
Запісаў М. Пляшкоў
Чаму вёска называецца Надзёжына
Калісьці, вельмі даўно, вандраваў адзін мужык па свеце. Доўга ён хадзіў, многа бачыў і добрага, і ліхога, а свайго шчасця ніяк не мог знайсці. Вось аднойчы ідзе вандроўнік па дарозе, а насустрач старая кабета. «Куды накіраваўся, сынок?» – пытаецца. «I сам не ведаю, бабуля. Куды вочы глядзяць, – адказвае мужык. – Не магу свайго месца знайсці. Можа, ты ведаеш, дзе мне спыніцца?» «Ведаць не ведаю, але чула я, што ёсць месцейка прыгожае, дзе людзі гасцінныя жывуць. Палі там вялікія, урадлівыя, і скаціна добрая. Ідзі туды, пабудуй хату, сям'ёй абзавядзіся і жыві, як людзі. Так і шчасце да цябе прыйдзе», – абнадзеіла старая.
Павесялеў мужык, пайшоў туды, куды кабета паказала. Некалькі дзён, а можа, і тыдняў дабіраўся ён да сяла. Не еў, не піў, не адпачываў, але надзея не дазволіла скарыцца. I калі, нарэшце, прыйшоў мужык у тую вёску, даў ёй назву Надзёжына, бо ўсю дарогу надзеяўся на добрае жыццё ў ёй.
Запісала Г. М. Панцялеева
Чарніца
Жыла ў нас некалі, можа стагоддзяў шэсць таму назад, адна жанчына. Усе звалі яе не іначай як Чарніца. Гэта павялося не ад таго, што яна не мылася ці брудна апраналася, не. Справа ў тым, што яна знала шматлікія замовы, сябравала з нячысцікамі і даволі часта палохала сваіх суседзяў. Казалі, што рабіла яна гэта назнарок, каб яе яшчэ болей баяліся. Іначай як можна было растлумачыць, напрыклад, такое: стаіць ціхае надвор'е і раптам усходзіцца страшны віхор, закруціць, засвішча, нагоніць чорную хмару, і тая насваволіць – спаліць пару хацін, паваліць збожжа на нівах. Тады ўжо збіраліся суседзі і шапталіся: «Яна гэта зрабіла... Чарніца... болей няма каму...» – і па баках азіраліся, каб не пачула тая жанчына, бо яна магла адпомсціць.
I што ж вы думаеце? Як ад яе ні хаваліся, як ні прыкрываліся, а яна заўсёды ведала, пра што гаманілі і што рабілі супраць яе. Заскрыгоча зубамі і сплюне: «Вы ў мяне яшчэ паскачаце... Я вам гэтага не дарую... Будзеце ведаць, што да чаго...»
Распавядалі, што даўней яна жыла з мужам, але чалавека яе некуды на вайну забралі, і ён не вярнуўся. 3 таго часу Чарніца жыла адна. Спачатку спрабавала па людзях хадзіць, на працу наймацца, а потым спадабалася ёй збіраць у лесе ўсялякія зёлкі і травы і сушыць іх на зіму. Недзе там, шапталі, яна і запрадалася нячысцікам, бо пасля таго стала напускаць пошасць і ўсялякія хваробы.
Жыў у гэтай мясцовасці яшчэ адзін стары дзед, які таксама шаптаў замовы. Да яго і звярнуліся людзі, каб дапамог, падвучыў ці навучыў якому шэпту таямнічаму, які ўплываў бы на вочы і словы жанчыны. Той стары ўважліва выслухаў людзей і запытаўся:
– I даўно гэта стала рабіцца ў вашых падворках?
– Не, не надта... Можа, месяц прайшоў, можа, болей ці крыху меней...
– Каб хто дакладна сказаў, калі першы раз такое здарылася і з кім... Можа, жывёліна захварэла ці хаціна загарэлася?
– Не ведаем такога... А навошта вам гэта?
– Мне тады лягчэй замовіць, навесці на яе вочы туман, які перашкаджаў бы людзям шкодзіць.
– Не, дзедку, не прыгадаем мы такога дня... Дапамагайце, калі ласка, так...
Упрасілі старога вешчуна людзі, каб ён за той жанчынай – Чарніцай – пасачыў і паспрабаваў навесці на яе свае ўжо чары.
Дзед па сцяжынцы падышоў да хаціны варажбіткі і сеў на невысокі каменьчык насупраць дзвярэй пахілай хацінкі, у якой жыла жанчына. Доўга сядзеў, ажно надакучыла, ужо хацеў пайсці, і тут адчыніліся дзверы і на парозе паказалася Чарніца. Яна пайшла прама на старога. Дзед дарма час не губляў, пачаў шаптаць і паплёўваць сабе пад ногі. Чакаў, што варажбітцы зараз дрэнна стане і яна прысядзе ці ўпадзе, ды такога не здарылася. Наадварот, яна падышла да старога ўшчыльную і ціха запыталася:
– Ты чаго, стары чорт, сюды прыцягнуўся?
– Ды я...
– Што ты за мной паўдня ўжо цікуеш?
– Ды я...
– Хто цябе сюды паслаў? Прызнавайся, каб горай табе не было...
– Мяне... Я сам... Стаміўся і сеў...
– Стаміўся? Сеў? I гэтулькі запар прасядзеў?
– А што мне, старому...
– Ведама што – працаваць не трэба. Дармовага хлеба задумаў пакаштаваць? Гавары, бо усё роўна даведаюся, але тады табе бяды нараблю...
Дзед не спалохаўся, але адчуў, як ягонае цела нібы наліваецца волавам і становіцца надзвычай цяжкім. Болей таго, ён пачаў адказваць на ўсе пытанні, прычым гаварыў праўду. Так і выдаў няшчасных людзей.
Вяшчунку затрэсла са злосці:
– Ну цяпер вы ў мяне паскачаце! Цяпер я вам дагаджу! Але найперш цябе, старога пня, пакараю! Каб ты сколькі жыў, столькі і трымцеў! Прэч ад гэтага каменя!
Як прамовіла яна гэтак, дык старога вешчуна затрэсла, нібы лазовы кусцік, і ён уподбежкі прыпусціў ад Чарнічынай хаціны. Пасля таго выпадку ён з ляжанкі болей не ўставаў – ляжаў і стагнаў, бо яго моцна трэсла, да таго ж нікога не пазнаваў. Вось што нарабіла з ім Чарніца.
Пасля такога здарэння суседзі зусім прыціхлі. Баяліся не тое што слова супраць сказаць, але нават прайсці міма той страшнай, пахіленай хаціны. Здавалася, што вось зараз адтуль нехта выйдзе, закілзае рукамі і павалачэ, каб здзекавацца, варажыць.
Але такі ход падзей ужо не задавальняў і саму Чарніцу. Ёй спачатку было добра, што ўсе яе баяліся, а потым стала сумна. Як жа гэта жыць, калі нікога нельга ні пакрыўдзіць, ні праклясці? Дык пачала ўжо ў адкрытую паляваць за людзьмі. Не ўпадабае некага і давай шукаць падставу, каб адпомсціць. I будзе па следзе хадзіць да таго часу, пакуль чалавек той не забудзецца, што за ім сочыць пільнае вока, і нешта не парушыць. Тады і пачынаецца!
Так працягвалася доўга. Ніхто супраць не выступаў, усе баяліся. Ды і зразумець вяскоўцаў можна: кожны меў сям'ю, дзяцей... Але адзін выпадак палажыў канец іхнім бядотам, а для Чарніцы стаў пагібельным.
Жыў на хутары ля сваіх бацькоў хлопец. Звалі яго Мартынам. Займаўся хлапчына кавальскай справай, і такім майстрам стаў, што ва ўсёй ваколіцы лепшага за яго не было. Да таго ж і з сябе прыгожы быў: высокі, здаравенны, рукі – што абцугі. I што ж вы думаеце? Чарніцы ён нечым не спадабаўся. Праўда, некаторыя казалі адваротнае: што яна яго пакахала і гэтак старалася да сябе прысушыць. Як бы там ні было, толькі для Мартына прыспелі цяжкія часіны. Пачне працаваць – тут ні з таго ні з сяго агонь патухне ў горне. Пачне жалеза гартаваць – яно не награваецца. Плюне хлопец, раззлуецца і тут пачуе ўдалечыні смех. Гэта Чарніца так радавалася свайму поспеху, таму, што перашкодзіла чалавеку спакойна займацца ўлюбёнай справай.
Так яна рабіла не раз і не два. I ўсё ж Мартын, даведзены да адчаю, вырашыў не паддавацца. Задумаў ён звесці Чарніцу са свету. Але ж яе не заб'еш і не засячэш, яна сама каго хочаш жыцця пазбавіць. I тут яму цюкнула ў галаву. Прыдумаў каваль своеасаблівую пастку: панавыкопваў глыбокіх ямін. А тады якраз вясна дажджлівая стаяла, іх вадою адразу і пазацягвала. Хлапчына зверху ўсё старанна замаскіраваў голлем, мінулагоднім лісцем і стаў чакаць, калі чараўніца зноў заявіцца.
На наступны дзень, пад самы вечар, Мартын спецыяльна выбраў такі час, Чарніца прыджгала пад кузню і стаілася. Каваль яе заўважыў. Узяў паціху гарачы шворан, непрыкметна выслізнуў за дзверы і як загарлае:
– А цябе хто тут чакае?!
Чарніца нават не паспела нейкія там шэпты прамовіць, спалохалася і пабегла, а Мартын за ёю. Ляцела жанчына, дарогі не разбіраючы, і гопнулася ў глыбокую яміну, толькі бурбалкі зверху паказаліся. Так яна і ўтапілася. Тое месца сталі людзі Чарніцай зваць. Тых ямін ужо даўным-даўно няма, а назва і вёска засталіся.
Шахі
Некалі людзей на вайну забіралі ў далёкія краіны. Загадае цар, пазабірае ўраднік мясцовых хлопцаў, і пайшлі яны. Назад вярталіся адзінкі, ды яшчэ і тое добра, каб жывы ды здаровы і каб не калека... Многа тады калек па белым свеце хадзіла, хлеба кавалачак просячы ды прыткнуцца на пару гадзін у сена ці проста на голую падлогу. Ніхто такім людзям не адмаўляў. Ведама ж, самім цяжка было, але і іх заўсёды разумелі.
У нашым паселішчы, кажуць, аднае вясны забралі чалавек дзесяць. I як пайшлі яны, то нібы скрозь зямлю праваліліся. Вярнуўся толькі адзін – ссівелы, зранены, але не калека. Усё сам рабіў, усё даглядаў, ды яшчэ і іншым раіў, бо наглядзеўся, як гаспадарку ў розных зем-лях вялі, як там ад голаду ды холаду выкручваліся.
Пагаманіць той чалавек любіў, як ніхто іншы. Асабліва яму падабалася распавядаць усялякія гісторыі, якія нібыта з ім самім ды з ягонымі сябрукамі-салдатамі адбываліся. Для людзей той адстаўны салдат застаўся Шахам. Чаго яго так дзіўна празвалі, ніхто дакладна сказаць не мог, толькі адзін стары вясковец, можа сучаснік таго салдата, прамовіў незнарок:
– Так празвалі, бо часта нейкага Шаха згадваў. Ці то ваяваў, ці то сябраваў з ім... Людзі так гаманілі, то і я вам пераказваю...
Ад таго салдата да гэтага часу многа здарэнняў распавядаюць. Да якой дзяўчыны звяртаючыся, Шах пытаўся, нібыта неспадзеўку:
– Парасачка, а дзе ты была?
– У Бога.
– А што рабіла?
– Красенне ткала.
– Што зарабіла?
– Кубэлак сала.
– А дзе паклала?
– Пад сталом.
– А чым накрыла?
– Хусцінкаю.
– А дзе ж тое сала?
– Кот ухапіў.
– А дзе ж той кот?
– Пад печ пайшоў.
– А дзе ж тая печ?
– Вадой заплыла.
– А дзе ж тая вада?
– Валы папілі.
– А дзе ж тыя валы?
– Падохлі.
– А дзе ж тая дохля?
– Кветачкамі зарасла.
– А дзе ж тыя кветачкі?
– Дзеўкі парвалі.
– А дзе ж тыя дзеўкі?
– Хлопцы-жаніхі пабралі.
– А дзе ж тыя жаніхі?
– На вайну забралі...
Пасля гэтага ўсе надоўга заціхалі. Маладыя разважалі, як можа іхні лёс скласціся, а старыя плакалі горкімі слязьмі, прыгадваючы родных ды блізкіх, якія так і не вярнуліся дамоў з далёкіх паходаў, з крывавых бітваў.
Шах заўважаў, што людзі смуткуюць з ягонага аповеду, і пачынаў іх супакойваць:
– Чаго ўжо вы гэтак замаркоціліся? Не палохайцеся.
– Як жа не палохацца, калі гэта чыстая праўда? Хіба ж толькі цябе з вёскі забіралі, а бачыш, колькіх дачакаліся...
Пасля такіх перакананняў замаўкаў ужо Шах. I яму, відаць, было цяжка ўспамінаць сяброў-таварышаў, якіх хаваў у розных краінах, далёка ад роднай зямелькі. Потым узмахваў галавою і рашуча казаў:
– Ды чаго ўжо яе гэтак баяцца?
– Каго? – не разумелі астатнія.
– Смерці.
– Смерці?.. Ну вы, дзядзька, скажаце...
– Ды я яе мноства разоў побач бачыў, лічыце, што за руку з ёю здароўкаўся, а вось жывы, перад вамі сяджу, вам пра здарэнні тыя распавядаю.
– Пашанцавала вам, дзядзька.
– Не без гэтага, родныя, не без гэтага... Мог бы і я ў чужым краі зямельку парыць, і тады перад вамі сядзеў бы нехта іншы...
– Хопіць, дзядзька, пра гэта, давайце пра весялейшае.
– Не, раскажу вам яшчэ пра тую самую смерць. Мой сябрук некалі распавядаў, а ён усё гэта на ўласныя вочы бачыў.
– Як жа такое магло прыключыцца?
– Ды ўжо ж атрымалася... Вось аднойчы паехаў ён з бацькам ноччу па дровы.
– А чаго гэта ноччу? – перапытаў нехта недаверлівы.
– Ды іх жа, чалавеча, кралі ў панскім лесе. Значыцца, паехалі яны па дровы. Насеклі добры воз, прывезлі на падворак, а трэба ж было паспець парэзаць да світання і прыхаваць, каб ніхто не заўважыў ды памешчыку не данёс. Адпачылі бацька з сынам пару хвілін і пачалі рэзаць. Пілуюць і па баках азіраюцца ды прыслухоўваюцца, каб хто не нарваўся. Нікога чужога не было відаць паблізу і не чуваць. Мужчыны вырашылі крыху дух перавесці, бо дроў ужо зусім мала заставалася. Селі яны, перашэптваюцца, і тут усхадзіліся сабакі. Бацька збялеў і прашаптаў:
– Цяпер нам усё... Нехта высачыў... Сын крутнуў галавою і адказаў:
– Не спяшайся, можа, абыдзецца...
– Чуеш, як сабакі завылі?
– Так... Але трэба глянуць...
Сын хуценька пакіраваў да варот і стаіўся за імі. А той брэх усё бліжэй і бліжэй пасоўваецца, ужо ў суседнім завулку сабакі заходзяцца. Лёг хлопец на зямлю, каб яшчэ меней заўважным быць, і тут убачыў прыгожа апранутую паненку, якая няспешна кіравала па вуліцы прама... на яго. Валасы ў хлапчыньі дыбарам сталі, хацеў было ўцякаць, людзей на дапамогу клікаць, але ногі нібы прыкіпелі да зямлі. А паненка ідзе сабе, па баках азіраецца, нібы і не спяшаецца нікуды. Параўнялася з хлопцам, прыпынілася на хвіліну... і далей рушыла. Хлапчына з палёгкай уздыхнуў і стаў глядзець, куды ж яна пойдзе. Ажно павярнула да суседняй хаціны.
Раніцай па вёсцы пранеслася навіна: у той самай хаціне памерла маладая дзяўчына, якая ўжо год з ложка не ўставала...
Такія гісторыі распавядаў Шах маладым і старым. Паважалі яго людзі, за парадай часта звярталіся, і ён нікому не адмаўляў. Сваіх дзяцей у яго не было, дык ён двух сірот узяў, іх таксама Шахамі звалі. Так і сталі нашыя Шахі.
Як колышкі назву вёсцы далі
У мінулым яўрэі перасяляліся; і дазволіў ім цар жыць там, дзе падабаецца. Пачалі людзі шукаць сабе добрую зямлю, прыстанішча, дзе б жыллё пабудаваць. Разышліся яны на ўсім белым свеце, частка ж аблюбавала сабе месца непадалёк ад Лёзна. Свае хаты яўрэі абносілі плотам з драўлянага колля. I калі шукаў чалавек сабе месца для жылля, казалі яму: «Ідзі туды, дзе колышкі стаяць». Адсюль і назва вёскі пайшла.
Запісаў В. Кубліцкі
ЛІТАРАТУРА
1. Адкуль назва вёскі Калышкі // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 14.
2. Бескава // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запiс, апрац. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 224–227.
3. Гарэлікі // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запiс, апрац. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 227–230.
4. Глоданкі // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 13.
5. Ермакова, Ю. Крынкі – крыніцы па-нашаму / Ю. Ермакова // Народная газета. – 2012. – 16 чэрв. – С. 15.
6. Іваноў, К. Легенды пра буракоўскае балота / К. Іваноў // Сцяг перамогi (Лезна). – 1998. – 25 жн. – С. 4.
7. Карпекін, К. Легенды Лёзненшчыны / К. Карпекін // Краязнаўчая газета. – 2008. – № 10 (сак.). – С. 6.
8. Лёзна // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запiс, апрац. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 216–223.
9. Лындзіна // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запiс, апрац. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 231–234.
10. Непакорлівая Уліта // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запiс, апрац. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 94.
11. Пра зарослае возера // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 30–31.
12. Сыс, Е. Загадочные храмы / Е. Сыс // Віцебскі рабочы. – 2009. – 28 июля. – С. 4–5.
13. Чаму вёска называецца Надзёжына // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 13.
14. Чарніца // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запiс, апрац. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 234–237.
15. Шахі // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запiс, апрац. А. М. Ненадавец. – Мінск : Беларусь, 2000. – С. 237–240.
16. Як колышкі назву вёсцы далі // Легенды і паданні Віцебшчыны : зборнік матэрыялаў абласнога конкурсу «Легенды і паданні роднага краю» / уклад. Н. В. Зайцава. – Віцебск, 2002. – С. 14.