Лепельскі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 31.08.2017 07:26
- Адноўлена 01.09.2017 06:30
Легенда пра Лепель
Наш горад вельмі старадаўні. Кажуць, што раней ён не на гэтым месцы быў, а крыху ўбаку, там, дзе цяпер вёска, якая так і называецца – Стары Лепель. I стаяў ён на вялікім востраве пасярод возера. А вакол вялікага і шумнага горада былі ўзведзены моцныя і непрыступныя сцены. На іх узабрацца далёка не кожны воін мог, а горадам авалодаць і тым болей далёка не кожнаму военачальніку ўдавалася. Нездарма, відаць, бліжэйшыя ад сённяшняга горада вёскі называюцца Мацюшына Сцяна і Вірковая Сцяна. Сцвярджаюць, што стагоддзяў колькі таму назад на месцы возера не было вады, а было роўнае-роўнае месца. Сеялі людзі збожжа, жалі і жылі непадалёку, а потым сталі і хаціны стаўляць. Спадабалася ім тут. Зямля радзіла добра, навокал лясы густыя стаялі, звяр'я ды птаства ўсялякага вадзілася мноства вялікае – не прападзеш з голаду. Вёсачка паступова разраслася, і стала ў ёй некалькі вуліц і болей за сотню хацін, што, як вы разумееце, многа для паселішча. Некаторыя са старых нават казалі, што называлі тую вёсачку – Злыднёўка. Гэта, маўляў, ад таго, што сяляне тыя былі ліхія ды надта сквапныя. Пра іх гаманілі суседзі, што калі аднойчы праз іхняе паселішча ішлі два жабракі з павадыром і папрасілі паесці, дык ім нічога не далі, акрамя дзвюх гнілых цыбулін, ад якіх ішоў жудасны смурод.
Дык вось жыў-быў там адзін малады хлопец, самы бедны з усёй вёскі. Бедны-то бедны, але гэта ў параўнанні з аднавяскоўцамі, а калі браць з суседнімі вёскамі, то быў ён заможным і добрым гаспадаром лічыўся б. Сам бедны, а дзяўчыну нагледзеў і вырашыў сватаць багатую. Яна і прыгожая была. Яго звалі Мартын, а яе – Эмілія. Чаму такое імя? Бацькі на паноў меркавалі быць падобнымі, дык так і назвалі.
Гаспадары не маглі проста так адмовіць Мартыну, таму што ў Злыднёўцы існаваў няпісаны закон – жаніць дачок і сыноў толькі са сваімі, не аддаваць за межы паселішча, каб якія галадранцы, выпадкам, у род іхні не праціснуліся.
Мартын не адразу сватацца пайшоў. Усё імкнуўся болей сабраць багацця. Але дзе ты там за суседзямі паскачаш? Пакуль ён адзін свіран зернем засыпаў, то найбольш спрытныя схітрыліся па два-тры напоўніць. I тым не меней Мартын вырашыў сватацца. Прыйшоў да бацькоў Эміліі, а тыя нібьіта і не здагадваюцца, што да чаго, пра будзённыя справы размову вядуць. Нарэшце хлопец адважыўся:
– Я прыйшоў да вас, каб прасіць рукі вашай дачкі. Мы з ёю кахаемся і хочам пабрацца.
Бацькі пераглянуліся, але ў іх, відаць, даўно быў падрыхтаваны адказ для любога жаніха. Таму і тут доўга не цягнулі:
– Аддамо, Мартынка, аддамо. Калі ўжо ў вас так пайшло, то і мы супярэчыць не станем. Але, хлопча, спачатку мы цябе выпрабуем.
– Не без гэтага, – хіснуў галавою жаніх. Пагадзіцца-то ён пагадзіўся, але якое выпрабаванне чакала яго – не ведаў, таму і перажываў, што зараз скажуць.
А яны і сапраўды сказалі, ды такое, што ў вачах пацямнела.
– Якая ў цябе гаспадарка – мы ведаем, у адной жа вёсцы жывём. Як працуеш – таксама. Таму хочам, каб прынёс ты нам праз пару месяцаў цэлую торбу грошай, ды не дробнай манетай, а каб усё буйныя былі...
Хлапчына панурыўся і ледзьве чутна прашаптаў:
– Дзе ж гэта я столькі грошай вазьму?
Але так ужо было заведзена, што кожнаму жаніху ставілі ўмовы, і каб іх выканаць, трэба было добра напружыцца. Таму ён устаў, пакланіўся і спытаўся:
– А ці можна мне зараз з Эміліяй хоць пару хвілінак пагаманіць?
– Вядома, можна. Не станем жа мы на шляху да шчасця ў адзінай дачушкі. Не палохайся, чалавеча, не цяжкае заданне мы табе далі. Добра падумаеш – і раздабудзеш.
Выйшаў Мартын да дзяўчыны на вуліцу, а гаспадары задаволена зарагаталі:
– Ну што, бачыш, як выкруціліся? Хто цяпер на нас скажа, што мы нешта не так зрабілі? Дзе ж ён тых грошай гэтулькі дастане? Сотню-другую – пазычыў бы, а цэлую торбу – хай трэсне, а за два месяцы не назбірае.
– Так, мужу, тут ты надзвычай добра прыдумаў, – падтрымала гаспадара жонка. – Нават калі гаспадарку ды ўсю сваю жывёлу прадасць, то нічога не атрымаецца.
– У такім выпадку і паўторбы не будзе. Ды і не стане ён гаспадарку прадаваць, бо разумее, што за беднага мы дачку не аддадзім. Хай дзякуй скажа, што ўвогуле з ім на роўных размаўлялі.
А на падворку зусім пра іншае гамонка вялася.
– Здаецца, Эмілія, што бачымся мы з табой у апошні раз, – сумна прамовіў Мартын.
– Чаго гэта ты так гаворыш?
– Ды так...
– Скажы праўду, можа, я табе чым-небудзь дапамагу.
– Не дапаможаш. Тут трэба самому думаць, але, як бы ні думаў, як бы галаву ні ламаў, не атрымаецца ў мяне нічога.
– I ўсё ж скажы, што табе загадалі мае бацькі?
– Сказалі, каб праз два месяцы поўную торбу грошай ім за цябе прынёс, тады і пачнуць гаворку пра вяселле.
Эмілія ў адчаі працягнула:
– Што гэта яны такое складанае выпрабаванне табе прызначылі?
– Ды не складанае яно, а проста невырашальнае. Як ні круціся – нічога не перайначыцца.
Так яны і развіталіся. Эмілія заплакала і пабегла ў садочак, а Мартын паціху падаўся да сваёй гасподы, па дарозе праклінаючы і белы свет, і тое, што бедным урадзіўся, і тое, што дзяўчына, якую ўпадабаў, выслізне з ягоных рук. I здарыцца гэта зусім хутка – усяго праз нейкіх пару месяцаў.
Прыплёўся дахаты, сеў на ганку. Маці заўважыла, што з сынам штосьці няладнае робіцца, але маўчала.
Час ляцеў. Мартын, як ні думаў, як ні меркаваў, нічога пакуль што прыдумаць не мог. Застаўся ўсяго тыдзень да азначанага тэрміну. Да яго ўжо дайшлі чуткі, што бацькі Эміліі іншаму хлопцу дачку аддаць паабяцалі, так і сказалі:
– Пачакай крышачку. Тыдзень застаўся. Мы перакананы, што той басяк грошай гэтулькі не прынясе, табе выпрабаванне прызначым лёгкае, бо ў твайго бацькі і грошай, і іншага дабра многа.
Вырашыў тады Мартын схадзіць да вешчуна, які жыў у той жа Злыднёўцы. Самы горшы чалавек быў сярод усіх астатніх. Нічога не баяўся, ні перад кім галавы не схіляў, валодаў такімі чарамі, што толькі гляне на каго, дык таму адразу блага стане і калі не памрэ, дык пахварэе. Падумаў жаніх, што калі ўжо і вяшчун не дапаможа, то пойдзе да бацькоў Эміліі і сам скажа, каб аддавалі за каго іншага дачку, бо не здолеў выканаць задання.
Зайшоў да вешчуна, а той якраз у добрым настроі быў, відаць, насаліў некаму. Сядзеў на прызбе: стары, счарнелы, у нейкіх лахманах – і задаволена пасміхваўся. Убачыў нечаканага госця і звярнуўся да яго:
– Чаго прыбег, Мартынка? Няма ад мяне людзям ніякай дапамогі. Стары стаў, слабы зусім.
– Дарма вы, дзядзька, на сябе благое намаўляеце. Пра вас такая пагудка ідзе, што пазайздросціць любы можа, і тое вы можаце, і тое для вас не праблема...
Стары задаволена закірхаў, было відаць, што словы яму спадабаліся.
– Але цябе ж, хлопча, нешта да мяне прывяло? Не так жа ты прыйшоў?
– У мяне ўзніклі невырашальныя цяжкасці, дзядзька.
– Няма такога, каб я ды не вырашыў. Распавядай. Вяшчун уважліва выслухаў расказ.
– I гэта ўсё?
– А хіба мала?
– Ды гэта дробязі для мяне.
– Дзядзька, міленькі, дапамажы, – кінуўся на калені перад ім Мартын, – усё астатняе жыццё памятаць буду. Адплачу, чым скажаш.
– Устань, устань, – лагодна забурчаў вяшчун, – я табе і так дапамагу, бо добры ты хлапчына. Слухай уважліва.
Мартын радасна прыціснуўся да вешчуна.
– У суседняй вёсцы, вёрст з дзесятак ад нашай, людзі ўсе разам жывуць, гаспадарку агулам вядуць. Яны прадалі жывёлу, а грошы ў адным месцы трымаюць, дакладней, па чарзе бяруць у свае хаціны і ахоўваюць. Збіраюцца з вясны зямлі дакупіць. У нас, мабыць...
– Чаго гэта яны так гаспадарку вядуць? – здзівіўся Мартын.
– Ну, у нас свае парадкі, а ў іх – свае. Дык вось, сёння ноччу гэтыя грошы будуць у аднаго селяніна. Ён ужо стараваты, і саўладаць з ім будзе даволі проста. Жыве ён у хаціне, якая крайняя ў паселішчы, калі ісці з нашага боку. Яго можна трэснуць па галаве, і тады зажывеш шчасліва... Грошай, братка, хопіць не толькі для таго, каб за Эмілію заплаціць, але і на чорны дзень пакінуць. Вырашай... Не цягні, бо заўтра грошы будзе ахоўваць другі, а ён няўломак...
– Дзякуй, дзядзечка, за навуку, дзякуй, – ажно праслязіўся Мартын і пабег.
Раніцай ён, задаволены, прынёс бацькам дзяўчыны торбу, поўную грошай.
– Тое, што вы загадалі, я зрабіў, цяпер забіраю вашу дачку.
– Бяры, – толькі і змаглі сказаць здзіўленыя гаспадары.
Заможна зажыла маладая сям'я. Грошай і сапраўды многа засталося, на іх адляскалі такія будынкі, што і самыя багатыя людзі ў вёсцы зайздросціць сталі. Дзеці пайшлі адно за другім. Жылі Эмілія з Мартынам і гора не ведалі. Ні яны, ні хто іншы з жыхароў Злыднёўкі і не думаў, і не гадаў, што канец ім ужо прадвызначаны.
Усё здарылася ў той дзень, калі памёр стары вяшчун. Як толькі ён сканаў, то яго паклалі на лаву і паспрабавалі было пераапрануць, але ў гэты момант такая страшная навальніца пачалася, што ўсе спалохаліся і разбегліся па дварах. Вырашылі, што раніцай усё зробяць. Палеглі спаць, а да раніцы і не дажылі – правалілася Злыднёўка разам з жыхарамі і іхнімі сядзібамі скрозь зямлю, і на тым месцы ўтварылася вялізнае возера. Сяляне з суседніх вёсак калі прыбеглі глянуць, то ўбачылі мноства гадзюк па берагах, і трымалі яны ў зубах гнілыя цыбуліны. Смярдзела навокал страшна.
3 цягам часу па берагах павырастала мноства ліпак, і яны сваім прыемным пахам перабілі той смурод ад вады,а потым і сама вада стала чысцюткая і сцюдзёная. Гаварылі, што тыя жабракі даравалі ўсе грахі злыднёўцам, і мясціна ачысцілася. Але назвы пакуль што не было ні ў возера, ні ў бліжэйшага паселішча.
I вось аднаго разу ехала царыца Кацярына праз нашы месцы. Так тут прыгожа было, так хораша, так ёй спадабалася, што яна штохвілінна паўтарала: «Пышна! Пышна!»
3-за гэтага і вёска адна стала называцца Пышна. А калі царыца прыехала туды, дзе зараз горад, а там жа і возера, і ліпы, словам, мясціна яшчэ прыгажэйшая, дык яна не стрымалася і прамовіла:
«А тут яшчэ лепей!..»
Вось так і пайшоў Лепель.
ЛІТАРАТУРА
1. Астраўкі // Азёры Беларусі ў легендах і паданнях / склад., запіс., апрац. А. М. Ненадаўца. – Мн., 2003. – С. 18–22.
2. Вiцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў i паданняў / склад., запiс., апрац. А. М. Ненадаўца. – Мн., 2000. – 478 с. – (Мой родны кут).
3. Котаў, А. Паданне аб гарадзішчы / А. Котаў // Лепельскі край. – 2002. – 27 верас. – С. 3.
4. Тухта, В. Адкуль паходзiць Окана / В. Тухта // Лепельскі край. – 2001. – 16 студз. – С. 3.
5. Шушкевіч, А. Адкуль узяліся дзіркі ў камянях? / А. Шушкевіч // Лепельскi край. – 2006. – 19 снеж. – С. 2.
Гісторыі пра лепельскія валуны.