Пастаўскі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 31.08.2017 07:26
- Адноўлена 01.09.2017 06:29
Легенда пра Паставы
У даўнія часы жылі тут два браты – Іван і Пятро. Першы ад нараджэння быў хітры, ліслівы, калі яму што трэба было, то з-пад зямлі мог узяць, з рук выхапіць. Такім ужо анёлкам прыкінецца, што проста шкада на яго глядзець, не тое каб просьбу ягоную не выканаць. А Пятро, наадварот, быў працавіты, сумленны, але не вельмі гаваркі, хутчэй – маўклівы. Бацька часта яму гаварыў:
– Прападзеш ты, сынку, з такім норавам. Трэба і табе неяк да жыцця прыладкоўвацца. Не глядзі, што там прыгожа ці не надта, а дабівайся свайго. Ажэнішся, дзеці пойдуць, іх жа трэба карміць, апранаць. Адной сумленнай працай ты не выцягнеш, перайначвайся. Глядзі, як Іван. Нічога ж амаль не робіць, у параўнанні з табой, а мае ў дзесяткі разоў болей. Ён і пражыве лягчэй, і такімі, як ты, камандаваць будзе, бо ўмее. Да любога пана, да любога гаспадара падкоціцца. У каго ён толькі такі ўдаўся?
– Што ты, тата, гаворыш? Вунь колькі людзей сумленна жывуць, ні да каго не падлашчваюцца, нікому не падслужваюць, і нічога – ніхто з голаду ды холаду не паміраў. Як яны – так і я. Мяне ніхто не папракне ні ў чым.
– Праўду гаворыш, сынку. Я сам такое жыццё пражыў, таксама за правіла меў толькі чэснай працай нахлеб зарабляць, таму і перасцерагаю: надзвычай гэта цяжка. Усё самому ды ўсё аднаму, а дапамогі ніякай і ні ад каго...
– А вось ажанюся, дзеці пойдуць... Потым жа яны падрастуць, на ногі стануць, дапамагаць мне будуць, не каму іншаму...
– I гэта так, Пятро. Але спачатку трэба самому на добрую гаспадарку выбіцца, вось дзе ўся загваздка...
– Неяк жа, як і людзі, змагацца буду.
Пасля такой размовы з малодшым бацька шкадаваў, што гэтак зрабіў, што сумленнага з дзяцінства чалавека падбіваў, лічы, на грэх, і прасіў у яго прабачэння. Пятро на гэта адказваў проста:
– Тата, я вельмі ўдзячны табе за парады. Іншая ўжо справа – карыстацца імі ці не. А за гэта дзякуй. Буду
ведаць, як прасцей, не выжыльваючыся надта, пражыць можна.
Да Івана бацька баяўся падыходзіць. Неяк заікнуўся было:
– Што гэта ты, сынку, як маленькі, перад усімі шапку сваю скідаеш? I не сорамна табе? Людзі ж смяюцца...
– А што мне людзі? – вызверыўся той.
– Самае галоўнае – што пра цябе людзі гавораць.
– Для мяне гэта не галоўнае. Людзі твае пабрэшуць і стомяцца, а жыць мне трэба, не каму-небудзь іншаму. Так, як ты пражыў, жыць не жадаю...
– Але ж...
– Вучы лепей Пятра. Ён чалавек негаваркі, сціплы. Ён усё слухае, што яму гавораць. А я буду жыць па-свойму.
– Эх, сынку, сынку...
– Нічога, бацька, не прападу.
– Я ведаю, што не прападзеш, але ж ці такім шляхам ісці трэба?..
– Што ты мяне павучаеш? Жонку і жыццёвы шлях кожны сам сабе выбірае, – катэгарычна адрэзаў Іван.
Пасля таго выпадку бацька болей да Івана з такімі пытаннямі не падыходзіў.
Захварэў стары гаспадар і, паклікаўшы да сябе сыноў, прамовіў:
– Прыйшла мая часіна адправіцца ў той свет, куды
пайшла ваша маці-нябожчыца. Даруйце, калі што якое не так было, але я хацеў вам, сыночкі, толькі самага добрага...
– Што ты, тата? – адразу падскочыў да яго Іван. –
Чаго гэта мы на цябе крыўдаваць будзем?
Але бацькаў позірк шукаў Пятра. Той стаяў ля парога, і скупыя мужчынскія слёзы каціліся па ягоным твары.
– Не плач, сынку, я сваё пражыў. Пражыў добра, у
згодзе з жонкай. Ніхто з нас не смяяўся. Усё жыццё працаваў і не горшым, чым астатнія, гаспадаром быў. Вас узгадавалі, што яшчэ трэба чалавеку для таго, каб спакойна накіравацца на тое неба?
Сыны маўчалі. Іван чакаў, калі ж стары пачне гаварыць пра падзел зямлі ды маёмасці, а Пятро – той ні пра што такое не думаў, ён шкадаваў, што бацька хутка адыдзе і тады не будзе ўжо з кім пагаманіць ды параіцца.
– Усё, што нажылі, што сабралі, дзеці, хачу падзяліць пароўну. Каб не крыўдзіліся вы, каб не часалі нядобразычліўцы потым языкі, дык вы лепей зараз скажыце, што не даспадобы прыйшлося, каб я яшчэ нешта перайначыць паспеў...
– Усё добра, тата, усё добра, – адразу азваўся Пятро.
– Па палавіне, дык па палавіне, – па-філасофску зазначыў Іван і неяк двухсэнсоўна глянуў на Пятра.
– Абяцайце мне, дзеці, што будзеце жыць паміж сабою ў міры і згодзе.
– А то як жа па-іншаму? Так і будзе, – цвёрда зазначыў старэйшы.
– Дапамагайце адзін аднаму, не фанабэрцеся. Калі ў некага лепей атрымлівацца будзе, то не зайздросце, а старайцеся, дык і ў вас добра выйдзе. Я заўсёды так рабіў.
– I мы так будзем, – абсек старога Іван.
– Не сварыцеся. Гэта самае горшае, што можа адбыцца паміж братамі. Некаторыя, праўда, умудраюцца яшчэ і за чубы ды за частаколіны ўхапіцца... Барані вас Бог ад такога, гэта мяне і ў магіле пераверне...
– Ляжы спакойна, не варочайся, чаго ўжо там, – нейкім незнаёмым, чужым голасам адрэзаў Іван.
Пятро глянуў на брата і стрымана прамовіў:
– Прытрымай свой язык, братка, а то глядзі, каб я
табе яго не прышчаміў. Абы-што плявузгаеш...
Старэйшы на ўсялякі выпадак перайшоў на супрацьлеглы бок, бо фізічна Пятро быў намнога мацнейшы, і зараз вочы яго гарэлі такім агнём, што, сапраўды, чакаць добрага не даводзілася. Далей пачуўся слабы бацькаў голас:
– Меней старайцеся гаварыць, а болей рабіць, то і павагі ад людзей будзе даволі... А калі станеце пляскаць языкамі, то і адносіны адпаведныя будуць...
– Што гэта ты, бацька, усё пра адно і тое ж? – ужо больш паважліва прамовіў Іван і нецярпліва глянуў на малодшага, каб той незнарок зноў не пакрыўдзіўся. Але той стаяў і плакаў.
– Глядзі, Іван, адчувае маё сэрца нядобрае, але памятай, што я і з таго свету буду за табой назіраць. Глядзі...
Гэта былі апошнія словы гаспадара хаціны. Позірк ягоны стаў невідушчым, ён затрызніў і да раніцы памёр. Пахавалі яго сыны і пачалі жыць кожны на сваёй палавіне.
Недзе праз тыдзень паселішча даведалася пра навіну – мясцовы пан прызначыў Івана сваім войтам. Сяляне ўзрадаваліся:
– Дык ён жа наш... Наш чалавек, не тое, што ранейшы. Той чужы быў, ад таго і люты, як звер... А гэты свой, цяпер і нам палёгка будзе. Пятро, а ты ўвогуле весела зажывеш. Гэта ж твой родны брат.
– Не спяшайцеся.
– Што не спяшайцеся?
– Не спяшайцеся радавацца.
– Незразумела ты гаворыш.
– Прыйдзе новы войт, то ён вам даходліва растлумачыць, што да чаго...
– Ты нібы незадаволены? Па твары відаць.
– Я свайго брата лепей ведаю.
– Хочаш сказаць, што ён яшчэ горай за папярэдняга будзе?
– Нічога я, людзі, гаварыць не буду, неўзабаве самі ва ўсім пераканаецеся.
Усё атрымалася так, як прадказаў Пятро. Ужо на наступны дзень адчулі аднавяскоўцы, як улада псуе чалавека, як ён мяняецца.
Яшчэ толькі сонца зазалаціла стрэхі хацін, а войт ужо хадзіў з кіем па вёсцы і барабаніў у сцены:
– На панскую ніву! На панскую ніву!
Гаспадары спрабавалі нешта даказваць. Адны крычалі:
– Дык сёння ж мы на сябе павінны працаваць!.. Учора ж на пана гнуліся!..
У адказ гучала:
– На панскую ніву! На панскую ніву!
Другія спрабавалі падкрэсліць іншы факт:
– Рана ж яшчэ зусім... Нас ніколі на досвітку на панскае поле не выганялі.
– 3 гэтага дня прывыкайце, кожны раз так будзе.
– Але ж...
– На панскую ніву! На панскую ніву!
Не абмінуў войт і братаву хаціну. Грукнуў так, што, здавалася, сцяна вываліцца. Гаспадар выйшаў і прамовіў:
– Што, спакойна пастукаць не можаш? У міжрожжа,
можа, хочаш?
Войт спалохана акінуўся. Але, мабыць, згадаў, хто ён такі з гэтага дня, і загарлаў:
– Ты што, пагражаеш мне? Мне пагражаеш?
Пятро сумеўся.
– На першы раз я табе, брат, дарую, але на будучае запомні: ніякага спуску табе не будзе. А зараз – на панскую ніву! I хутчэй, не цягні час!
– Іду ўжо, іду...
3 таго самага дня і пачалося для вяскоўцаў жахлівае жыццё. Спачатку яшчэ баяўся іх крыху Іван, а потым зразумеў, што зараз супроць яго ніхто і рота не раскрые, што ён цяпер улада, і давай накручваць. Толькі стане жанчына, каб спіну расправіць, дык войт як улупіць па плячах кіем, то ажно галёкне ў сярэдзіне. 3 мужчынамі інакш распраўляўся. Няхай заўважыць, што нехта спрабуе гультаяваць ці перадыхнуць, то падыдзе і працэдзіць скрозь зубы:
– Заўтра ты мне за гэта адпрацуеш.
– А што я такога зрабіў?
– Заўтра ўдвая адпрацуеш. Яшчэ пытанне задасі – прымушу тры дні запар гнуцца, і нічога ты не зробіш.
Што заставалася гаротнаму селяніну, акрамя як падпарадкавацца. Ужо ў людзей сілы неставала гэтулькі працаваць. Некаторыя хворыя ляжалі, а некалькі сялян памерла. Тут людзі зразумелі, пра які нораў ім некалі казаў Пятро.
Аднойчы ехалі сяляне з лесу, дзе памешчыку лес валілі і вывозілі. Стомленых коней, разам з павозкамі, пусціліаднаго за адным ісці па дарозе, а самі ішлі купкай ды перамаўляліся:
– I як жа гэта так можна, Пятро? - не вытрымаў самы стары з іх. – У адной жа вы сям'і выраслі... Нас, зразумела, ён прыціскае, каб пану дагадзіць і самому ўзбагаціцца, але цябе... За што цябе?
Пятро маўчаў. Што ён мог адказаць? Але рэзала па сэрцы тое, што родны брат гэтак над людзьмі здзекаваўся.
– Не чапай яго, чалавеча, хіба не бачыш, што яму цяжэй, чым нам.
– Гэта ж трэба, – умяшаўся трэці. – Разам раслі, разам бацькі гадавалі, а такія розныя атрымаліся браты.
– Як тыя дрэвы ў лесе: адно высокае, прамое, а другое нізкае ды крывое. I нічога тут не зробіш, прырода так размеркавала...
– Нездарма гавораць, што гарбатага і зласлівага толькі магіла выправіць...
– Але ж людзі і іншае кажуць.
– Што?
– Ды тое, што гарбатых і зласлівых зямля ў апошнюю чаргу да сябе прыгортвае.
Пятро ішоў моўчкі. Да яго нават і словы сялян не ўсе даляталі, бо стаміўся моцна за дзень, ды і дома працы яшчэ многа чакала. Азваўся толькі раз, але сказаў злосна і коратка:
– Даскачацца на сваю галаву. Нам ужо баяцца болей няма чаго...
За астатнюю дарогу нехта толькі выдыхнуў са скрухай:
– Трэба ж, каб менавіта ў нас быў такі войт. Няхай бы яго чэрці куды ў іншае месца занеслі...
Адказалі яму перад самай вёскай:
– Табе, ведама, лягчэй было б, але ж там таксама людзі жывуць, ты пра іх падумаў?
3 тым і разышліся сяляне па хатах. Кожнага чакалі яшчэ і гаспадарчыя клопаты.
Наступнае раніцы Іван хадзіў нейкі змрочны, не гаварыў нават, а толькі лупіў у сцены хацін і злосна крычаў:
– На працу! На працу! У лес!
Падышоў да братавай хаціны, крыху пастаяў, нібы пра нешта падумаў, і гупнуў:
– На працу! У лес!
Пракрычаў і стаў чакаць, калі Пятро з хаціны выйдзе на падворак. Але той не выходзіў, мабыць, моўчкі збіраўся на працу. Пакруціўся Іван і адышоў, але недалёка: прыхаваўся за дрэвам.
Брат тым часам выйшаў, запрог каня і паехаў. Калі конь параўняўся са схованкай Івана, той выскачыў і ўскочыў у воз да малодшага:
– Што ж гэта ты, брат?..
Пятро маўчаў, нібы Івана тут і не было.
– Пытаюся, што гэта ты?
Але адказам зноў было маўчанне.
– Што ты вырабляеш?
– Я?
– Ты.
Пятро аглядваўся па баках, але нічога не адказваў. Івана гэта злавала:
– Супраць мяне людзей падбіваеш!..
– Якіх? – здзівіўся Пятро.
– Ты і не ведаеш? Так я табе і паверыў.
– А гэта ўжо твая справа.
– Глядзі...
– Не палохай. Ужо і так далей жыць немагчыма. Зусім ты людзей за людзей не лічыш, глядзіш толькі, каб самому выслужыцца ды ўзбагаціцца...
– Што такое кажаш, дурань?
– Я не дурань, я на сабе гэта ўсё адчуваю.
– А навошта супраць мяне людзей наводзіш?
– Ды іх і наводзіць не трэба, яны самі цябе разарвалі б, каб маглі. Яшчэ такое і здарыцца... Нядоўга табе здзекавацца з безабаронных...
– Ты мне пагражаеш?
– Не, проста гавару. Накіпела...
– I мне таксама. Таму сёння адзін будзеш вазіць бярвенні. Усе астатнія будуць па двое, па трое, а ты адзін, каб у цябе болей не кіпела.
Сказаў так войт і саскочыў з воза, пайшоў на суседнюю вуліцу.
Пятро цэлы дзень сам круціўся з бярвеннямі. Змарыўся так, што і дыхаць цяжка было, і гэтая стома прывяла да трагічнага выпадку. Хацеў ён наваліць бервяно на воз, а яно саслізнула і прыдавіла чалавека – ні крыкнуць, ні паклікаць на дапамогу. Знайшлі Пятра ўжо нежывым. Выцягнулі з-пад бервяна і прывезлі дамоў. Засталася жонка ўдавою, дзеці сіротамі. Але войт не звяртаў на гэта ўвагі, ганяў іх на працу, як і астатніх. Ні жалю не ведаў, ні спачування. I што ж вы думаеце?
Старэйшы Пятроў хлопец – Алеська, якому ішла ўжо пятнаццатая вясна, быў крэпкі, як лугавы дубок. Мала гэтага, такі ўжо кемлівы хлапчына рос, што і дарослыя дзівіліся, гледзячы на тое, што ён вымайстроўваў, ды слухаючы ягоныя разважанні. Ён і матулю супакойваў, ён і паншчыну адбываў, ён і дома паспяваў круціцца.
Аднаго разу сказаў матулі:
– Хачу я млын пабудаваць. У наваколлі ніхто не мае, вось і зажывём...
Гаспадыня заплакала:
– Сыночак, ці ж ты адзін усё выцягнеш?
– А я ў людзей дапамогі папрашу. Дапамогуць, бо нябожчыка-тату часта згадваюць...
Так і атрымалася. Дапамаглі сяляне. Алеська кіраваў, а яны будавалі. I праз нейкі месяц зрабілі млын на рэчцы, якая працякала якраз па ўчастку Пятровай сям'і. Нічога не парушыў малады гаспадар. Ды і сяляне працавалі начамі, бо не было ў іх днём часу.
Каб лепей было пад'язджаць ды каб вада не залівала, старыя людзі прапанавалі насыпаць стаўні. I гэта зрабілі. Усе радаваліся, нібы малыя дзеці, а найболей Алеська. Са злосці скрыгатаў зубамі толькі Іван.
Аднаго вечара ён пакраўся да млына. Хто яго ведае, чаго ён там хацеў: ці то проста паглядзець, ці то сапсаваць млын. Як бы там ні было, але знайшлі яго ажно праз два дні ў рацэ. Ці сам упаў, ці нехта гопнуў па галаве, а потым ужо ўкінуў – так і засталося таямніцай.
А Алеська сям'ю сваю і сапраўды ў заможную гаспадарку вывеў. 3 людзьмі жыў дружна, ніколі не сварыўся, не адмаўляў у дапамозе, дык неўзабаве і астатнія сталі бліжэй да млына сяліцца, а месца тое называлі – па ставы. Потым ужо два гэтыя словы злучыліся і атрымалася – Паставы.
ЛІТАРАТУРА
1. Анатольева, А. Нет повести печальнее на свете / А. Анатольева // Народная газета. – 2008. – 17 мая. – С. 8.
Об истории, которая легла в основу «Дуниловичской баллады».
2. Балан, Т. Як апавядае легенда / Т. Балан // Пастаўскі край. – 2002. – 6 мая. – С. 4.
З гісторыі назвы г. Паставы.
3. Вайцяшонак, М. Воўчы камень / М. Вайцяшонак // Пастаўскi край. – 2005. – 19 кастр. – С. 5.
Легенда пра паходжанне назвы в. Ваўкі.
4. Віцебшчына : назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад. А. М. Ненадаўца. – Мн., 2000. – С. 292–311.
5. Гавораць легенды // Пастаўскi край. – 2004. – 6 кастр. – С. 3.
Пра г. п. Варапаева.
6. Галубовіч, В. Дзень кургана ; Хітрыкі ўпраўляючага ; Абараняе каханне / В. Галубовіч // Пастаўскi край. – 2007. – 22 жн. – С. 5.
Легенды і паданні Пастаўшчыны.
7. Гіруць, С. Мокры камень з Цыганскага балота / С. Гіруць // Пастаўскi край. – 2006. – 29 ліп. – С. 3.
Легенда пра камень у лесе Пастаўскага раёна.
8. Далецкая, І. А. Дзявочая затока Камайскага возера / І. А. Далецкая // Пастаўскi край. – 2006. – 8 лют. – С. 4.
Паданне ад Славаміра Гіруця з вёскі Мягуны пра Камайскае возера.
9. Далецкая, І. І вёскі назвалі... / І. Далецкая // Пастаўскi край. – 2005. – 8 чэрв. – С. 3.
Легенды пра паходжанне назваў вёсак Палхуны і Лучаі.
10. Драўнiцкi, Я. Камаi: легенды i гiсторыя / Я. Драўнiцкi // Пастаўскі край. – 2000. – 10 чэрв. – С. 2.
11. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна / рэдкал. : Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мн., 2001. – С. 611– 614.