Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Расонскі раён. Легенды і паданні

Легенда пра Расоны

Мудрыя людзі паведамілі, адкуль раса-расіца на свеце з'явілася. Так ужо атрымлівалася, што ў даўнія-даўнія часіны яе ўвогуле не існавала ў прыродзе. Ад аднаго выпадку ўсё пайшло.

Было ў адной сям'і тры сястры: Бярозка, Ліпка і Расіца. Такія дзіўныя імёны мелі дзяўчаты таму, што ў той перыяд на нашых землях панавала язычніцтва і ягоныя законы распаўсюджваліся на ўсіх.

Бацька спачатку крыўдаваў на лёс, што ў хаціне былі адны жанчыны. Сядзе за стол, замаркоціцца, схіліць галаву, ні з кім не размаўляе. Тады жонка не вытрымлівала і старалася пераканаць мужа, што не ўсё так дрэнна ў іх – дочкі выраслі прыгожыя, працавітыя. Унукаў панараджаюць – не будзе калі ім, старым, сумаваць ды галаву тлумам усялякім забіваць. Вось толькі каб усё добра было ў іх.

– Каб жа ўсё добра было, – нібы адгукаўся гаспадар.

А сёстры і сапраўды былі прыгажунямі, асабліва малодшая – Расіца.

Працавалі сёстры заўсёды разам. Маці наперадзе, а яны за ёю. Бацька цягнуў усё мужчынскае, а калі не паспяваў, то да яго далучалася жонка. Дочкам не дазвалялі рабіць такую працу:

– Не трэба вам, дачушкі, да гэтага прызвычайвацца. Будуць мужчыны ў вашых сем'ях – яны і паробяць, а мы яшчэ не зломкі, самі ўправімся.

Ды дачушкі не сунімаліся, усё парываліся дапамагчы, асабліва Бярозка. Яна і ад прыроды была здаравейшая за сясцёр – каранастая, учэпістая.

– Дайце дапамагу, няма чаго вам ірвацца. Калі яшчэ тое замужжа, а зараз што нам – стаяць і назіраць?

– Але ж, дачушка...

– Давайце, не адмаўляйцеся.

I тады ўжо дзве малодшыя рабілі жаночую працу, а трое з сям'і шчыравалі над мужчынскай работай. Так у іх добра ўсё атрымлівалася, што людзі зайздросцілі.

–  Глядзі ты на іх, як стараюцца. I мужчына толькі адзін у хаце, а ўсё дагледжана ды да справы даведзена. Паглядзі толькі, на працу ідуць – спяваюць, з працы вяртаюцца – таксама, быццам бы іх і стома ніякая не бярэ.

Стома, канешне, брала, але маладыя гады не давалі магчымасці гнуцца да зямлі, пахмурнець тварам. Усё маладое прыгожае, а калі гэта яшчэ дзяўчаты, дык які ўжо там сум. Толькі і чуваць, што смех ды песні навокал разносяцца, і бацькам лепей ля іх, зусім жа іншы настрой пануе.

Так і працягвалася з году ў год, пакуль не недарыўся адзін выпадак.

Нездарма людзі гавораць, што як ты ні круціся, а ад кахання не схаваешся. Так і тут здарылася. Моладзь збіралася вечарамі разам з усяго паселішча ды весялілася як магла. Там сабе хлопцы дзяўчат выглядалі, а дзяўчаты, ведама ж, праз нейкі тэрмін станавіліся іхнімі жонкамі. Адным словам, так у прыродзе было заведзена.

Сёстры таксама хадзілі на луг, дзе збіраліся іхнія сябры ды сяброўкі. Вакол іх вілося намнога болей хлопцаў, чым ля астатніх, бо, як мы ўжо казалі, былі яны дужа прыгожымі.

Аднаго разу прыйшоў на луг каваль, які жыў на хутары. Да паселішча яму было хадзіць далекавата, таму ён тут з'яўляўся рэдка, хутчэй людзі да яго ездзілі. Звалі яго Ракшам. Здаравенны, сапраўдны асілак, але нясмелы.

Дык вось прыйшоў ён, сеў і апынуўся плячо ў плячо з Расіцай. Тая заводзіла сваім звонкім голасам песню, астатнія падхоплівалі, і старадаўнія словы несліся несупыннымі птушкамі ў начную цішыню. Скончылі песню, азірнулася дзяўчына і ўбачыла побач з сабой Ракшу.

–  Чаго ты маўчыш увесь час, Ракша?

– Спяваеш хораша, дык навошта перабіваць.

– А што ўжо там незвычайнага ў гэтай песні? Спявай, дый годзе, толькі каб словы ведаў.

–  Ну не скажы. Калі б я завыў, то...

– Што атрымалася б? – ужо гарэзліва дапытвалася Расіца.

Каваль азірнуўся па баках, паглядзеў, каб ніхто не падслухаў, і адказаў:

– Мядзведзі з лесу паўцякалі б з перапуду, падумалі б, што гэта нехта з іхніх сваякоў раве-галосіць.

Дзяўчына смяялася так звонка і залівіста, што ўсе паглядзелі на яе, спрабуючы здагадацца, з чаго яна так заліваецца. Але тая не гаварыла, відаць, таксама добра разумела, што калі чалавек шчыра прызнаўся, то няма чаго пра гэта ўсім разносіць. Толькі млынароў сын, які ўвіваўся і нікога не падпускаў да Расіцы, нахмурыўся і стаў за спінаю ў каваля. Спачатку не асмельваўся зачапіць, але, заўважыўшы падміргванні некаторых хлопцаў, што, маўляў, не губляйся, мы паможам, з гонарам прамовіў:

–  Нешта тут дымам засмярдзела...

Ніхто не звярнуў увагі на гэтыя словы. Тады боўдзіла не знайшоў нічога лепшага, як паўтарыць:

– Дымам смярдзіць...

На гэты раз яму адказалі, і даволі хутка. Праўда, не каваль, як ён спадзяваўся, а Расіца.

– Ты нос па ветры не трымай, завярні яго крыху ўбок, вунь ён які ў цябе здаравенны.

Выбухнуў магутны рогат.

Разгублены кавалер не ведаў, як яму быць далей. Круціўся, азіраўся, шукаў спагады і... знайшоў яе толькі ў вачах двух сябрукоў, якія хадзілі за Бярозкай ды Ліпкай. Праз колькі імгненняў багаты хлапчына ўзяўся за сваё:

– Чаго ты тут рассеўся? Але Ракша не адказваў.

– Чаго сядзіш тут?

Запанавала цішыня, бо ўсе выразна бачылі, што неўзабаве распачнецца бойка. Тыя, хто гэтага баяўся, падаліся ўбок, астатнія засталіся і сцішана назіралі за тым, што ж будзе далей. Толькі каваль і на гэтае запытанне нічога не прамовіў, спакойна пазіраў на Расіцу і нечаму задуменна пасміхваўся. Дзяўчына таксама смяялася, нібы адчувала, што Ракша проста так не дасца ў рукі.

–  Чаго ты маўчыш? Я ж да цябе звяртаюся! – не адставаў малады млынар.

Ракша маўчаў, але не вытрымала Расіца:

–  Чаго ты сляпіцай у вочы лезеш? Цябе чалавек не чапае, а ты да яго чапляешся. Адыдзі.

–  А я не да цябе звяртаюся, я да гэтага маўклівага цурбалка звяртаюся, хачу, каб ён мне...

Надта ўжо расхрабрыўся нахабнік, але таго, што адбылося далей, ён не прадугледзеў. А далей усё адбылося неяк вельмі імкліва. Ракша раптоўна павярнуўся і сам запытаў:

– Са мною, відаць, пасядзець хочаш?..

Млынар з раскрытым ротам стаяў і толькі зяўкаў, а кавалёвы рукі абцугамі сціснулі тоўстае цела і гопнулі яго побач з сабой, праўда, з другога пляча, не з таго, дзе сядзела Расіца. Гопнулі так, што ляснулі зубы і кавалер ледзьве не заскавытаў ад болю.

–  Дык што ж ты маўчыш? То такім галасістым ды гаваркім быў, а тут абмяк нечага...

–  I паветра зноў засмярдзела, – дадаў нехта.

– Ага, – пагадзіўся Ракша, – толькі не дымам...

I гэтая абраза не дапамагла. Млынароў сын нібы скамянеў, усё імкнуўся нешта сказаць, але з шырока раскрытага рота неслася нешта невыразнае.

Зноў усе зарагаталі, а калі смех сцішыўся, то пачуўся голас Ракшы:

–  Няхай тады бяжыць ды другога якога маўклівага цурбалка знойдзе. Яму ж з намі нецікава.

–  I то праўда.

–  Пабяжыш? – нахіліўся каваль да млынаровага плечука.

Галава неяк міжволі хіснулася, нібы сцвярджальна адказала.

– То я цябе гэтак проста не адпушчу, крыху падмагну... – прамовіў Ракша і прыўзняў млынара. Той і абмяк. Але каваль не звяртаў на гэта ўвагі:

–  Прабач, братка, я цябе крыху перагну, каб больш зручна было хуткасць набіраць...

Пасля гэтых слоў ён паставіў млынара ракам, потым маланкаю мільгануў здаравенны бот Ракшы, і млынар паляцеў потырч прама ў густое кустоўе. Доўга яшчэ адтуль чуўся трэск, нейкае невыразнае скавытанне, а можа, і прыгалошванне.

Дамоў у гэты вечар Расіцу праводзіў Ракша. Ішоў поруч з прыгажуняй высачэнны, здаравенны, але... маўклівы. Тая ні хвілінкі не маўчала, і было добра відаць, што яна задаволена тым, як усё склалася.

3 таго вечара і пачалі яны сябраваць. Пакахаліся і ўжо не маглі дня адзін без аднаго пражыць. Сёстры, дык тыя даймалі сваю малодшую:

– Ты ж толькі не спяшайся, сястрычка.

– У чым гэта?

– Ды замуж выходзіць, а то нас, старэйшых, перагоніш, і тады нам круціцца давядзецца.

– Вы скажаце. Не будзеце і вы ў дзеўках сядзець. Хто б казаў...

Пасмяюцца так і зноў за працу. Бацька дык той душою адышоў, калі даведаўся, якія жаніхі да ягоных дачок ходзяць. Ужо і лёс свой не дакараў, бо ведаў, што такімі зяцямі ганарыцца неўзабаве будзе.

Млынароў сын разам з сябрукамі паспрабаваў было перастрэць Ракшу ў цёмнай мясціне, але з гэтага нічога добрага не атрымалася. Маецца на ўвазе для млынара. Пасля тае разборкі млынар некалькі тыдняў дома адлежваўся, на людзі не паказваўся і... адмовіўся ад думкі завалодаць сэрцам Расіцы, змірыўся з лёсам.

А Ракша сустракаўся з дзяўчынай амаль цэлы год, і ўжо дамовіліся, што восенню, калі адробяцца, каваль прышле сватоў у хату да бацькі Расіцы. Паціху і да вяселля рыхтаваліся, а потым гаспадар даведаўся, што і Бярозка з Ліпкай чакаюць сватоў, і таксама ў гэтую ж восень. Спачатку зніякавеў, як жа гэта адразу столькі ўсяго адсвяткаваць, потым паразважаў, махнуў рукою і задаволена вымавіў, звяртаючыся да жонкі:

–  Неяк жа выцягнем... Адразу ўсё зробім і цяжар гэты з плячэй скінем. Затое зяцёў будзе...

–  Во, і ты нарэшце задаволены ходзіш, а то ўсё маркоціўся ды перажываў. Я ж табе казала, што ўсё як мага лепей атрымаецца.

I што ж вы думаеце? Не атрымалася гэтак, як меркавалі. Зусім па-іншаму выйшла, але ў гэтым ніхто не быў вінаваты. Стыхія шчырых людзей пакарала. За што? То і зараз невядома...

Аднаго разу разыгралася вялікая навальніца. Білі перуны не шкадуючы, толькі зямля калацілася. А як перайшла хмара, дык прыбеглі людзі і закрычалі:

– Бядота здарылася! Бядота!

Расіца нібы адчувала – выскачыла першай з хаціны:

– Якая?

– Ракшу разам з кузняй маланка спаліла...

Як пачула такую навіну дзяўчына, дык пабегла да хутара. Спачатку не паверыла, але калі прыбегла і ўбачыла адны галавешкі, то зразумела, што праўду вяскоўцы сказалі. Села на камень і заплакала. Усю ноч сядзела, дамоў не ішла, а як прыйшлі па яе бацькі,  дык на тым месцы нікога не было. Сталі ўглядацца і заўважылі расу - на кустоўі і траве. 3 лістоў нібы слёзы сцякалі. Не вытрымала маці, загаласіла:

– А дачушачка ты наша, а родненькая ты наша... Але як яна ні плакала, як ні стагнала, як ёй ні дапамагалі Бярозка з Ліпкай – усё было дарма.

Вось адкуль на зямлі раса з'явілася. Ад вернага кахання. А тое месца, дзе ўсё гэта адбылося, пазней людзі Расновымі Слёзкамі назвалі. Так, кажуць, доўга працягвалася, ды стагоддзяў колькі таму зноў перайначылі назву, тады ўжо сталі Расоны. Так і цяпер вядзецца.

А. М. Ненадавец

 

ЛІТАРАТУРА

1. Арловец // Азёры Беларусі ў легендах і паданнях / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. –  Мн., 2003. – С. 11–14. 

Легенда пра возера.

2. Гнилозуб, В. Про горные клады и не только / В. Гнилозуб // Белорусская нива. – 2008. – 29 нояб. – С. 16.     

Были-небыли о Россонском районе.     

3. Гордей, Е. Сокровища пана Глазко и многое другое... / Е. Гордей // Белорусская нива. –  2008. – 25 окт. – С. 16.

Легенды и предания Россонщины.   

4. Кожар, Н. Гара Рагвалода і Рагнеды / Н. Кожар // Голас Расоншчыны. – 2006. – 17 кастр. – С. 4.                  

Легенда пра гару каля в. Перавоз.          

5. Кожар, Н. Панская затока : легенда / Н. Кожар // Голас Расоншчыны. – 2007. – 5 ліп. – С. 4.

6. Кожар, Н. Повалишинские дубы : легенда / Н. Кожар // Голас Расоншчыны. – 2006. – 13 кастр. – С. 4.  

7. Кожар, Н. Таямніца Атокінскага кургана : паданне / Н. Кожар // Голас Расоншчыны. –  2007. – 11 мая. – С. 2.

8. Кожар, Н. Шыпшына над возерам / Н. Кожар // Голас Расоншчыны. – 2007. – 26 студз. – С. 4.

9. Макеев, А. Дровосек / А. Макеев // Голас Расоншчыны. – 2006. – 21 лістап. – С. 2.

Легенда о местности.  

10. Прудоўскі, Р. Новыя Рубахі, Аверкава, Бандары... / Р. Прудоўскі // Голас Расоншчыны. – 2007. – 13 лют. – С. 2.

Легенды і паданні Расонскага краю, звязаныя з назвамі вёсак.