Ушацкі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 06.05.2013 07:26
- Адноўлена 01.09.2017 06:21
Легенда пра Ушачы
Жыла некалі ў ваколіцах нашага горада, якога тады яшчэ, як вы самі здагадваецеся, не існавала, адна злая чараўніца. Вельмі моцныя яе чары былі. Дастаткова было ёй зірнуць сваім чорным вокам на кагосьці, ды яшчэ пару слоў прашаптаць, як таго чалавека адразу ці хвароба якая скручвала, ці смерць забірала. Ніхто не мог вылечыць.
Звалі тую чараўніцу Чарняўка. Можа, таму, што чорныя праклёны на людзей насылала, а можа, таму, што чорныя і доўгія валасы мела. Сцвярджалі таксама, што жанчына тая была надзвычай прыгожая. Нікога з мужчын да сябе і блізка не падпускала. Мовілі, што яе каханага некалі на вайне забілі, і яна не магла здрадзіць светламу каханню. Гадоў дзесяць адна жыла: зашылася ў лясную гушчэчу і збудавала, як магла, нейкую хацінку на беразе пакручастай лясной рачулкі. Супакоілася душою, расквітнела яшчэ болей. Есці ёй хапала. Тады ж птушак ды рыбы навокал было ў многа разоў болей, чым сёння.
Хадзіла Чарняўка па лясах, забіралася ў незнаёмыя мясціны, лазіла па тых сцяжынках, дзе да гэтага толькі звярыныя ногі ступалі.
Аднаго разу чараўніца падалася да высокай дубровы, якая была ад яе хацінкі вярстах у пяці. Ішла не спяшаючыся, любавалася прыродай. Пакуль дайшла, то і сонца высока ўзнялося. Села дзяўчына адпачыць, ажно падалося ёй, што недзе прагучаў паляўнічы рог. Усхапілася, услухалася і сапраўды: гучаў паляўнічы рог. Тады яна павярнула дамоў, каб не трапляцца на вочы людзям, бо ведала, што ў дуброве часта палююць на звяроў усялякія князі ды баяры. Калі ўжо да хацінкі заставалася нейкая вярста, Чарняўка пайшла спакайней, бо сюды ніколі ніхто не заязджаў, глухі быў куток. Пачала збіраць лясныя кветкі, і раптам зусім блізка пачула голас: «Няўжо давядзецца тут, у гэтай багне, косці свае скласці...»
Цікава стала Чарняўцы, хто ж гэта гамоніць. Паціху падалася на голас і ледзьве не самлела ад таго, што ўбачыла: на невялічкай палянцы ляжаў паранены конь, пад ім вершнік, які спрабаваў выбрацца з-пад цяжкай жывёліны, а насупраць драў капытом зямлю вялізны тур. Вочы ягоныя наліліся крывёю – гэтак раз'юшыўся. Потым кінуўся тур да распластанага вершніка і ўдарыў. Праўда, чалавека не зачапіў – дабіў каня.
Чарняўка стаяла і не магла зварухнуцца. То адважная была, а тут спалохалася, ды і страшна было назіраць за гэтакай дуэллю. Тур зноў разагнаўся і кінуўся на ляжачага чалавека. А той бараніцца не мог, бо ягоны меч ляжаў за колькі крокаў і дацягнуцца да яго ён не мог. Чарняўка не ведала, як гэта атрымалася, але яна закрычала, ды гэтак адчайна, звонка, што тур уздрыгануўся. Страху, відаць, яна на яго не нагнала, але здзівіць здзівіла. Таму ён пастаяў крыху, павагаўся, нібы разважаючы, дабіваць ці не саперніка, а потым, смешна дрыгнуўшы кароткімі, нязграбнымі, на першы погляд, нагамі, падаўся з паляны. Дзяўчына не спяшалася вылазіць са свайго сховішча, баялася, што звер не адышоў далёка, што недзе таксама стаіўся. Потым усё ж адважылася і падкралася да паляўнічага. Той ужо не варушыўся: ад болю ён страціў прытомнасць.
«Як жа цябе выцягнуць, чалавеча? – сама з сабой разважала чараўніца. – Конь так прываліў, што і не паварухнуць, а прыўзняць ці адсунуць яго я не здолею. Трэба нешта іншае прыдумваць...»
Пасядзела і... пачала раскопваць зямлю пад целам чалавека, каб потым, усунуўшы параненага ў гэтую яміну, пацягнуць на сябе і такім чынам вызваліць. Зараз у яе была магчымасць добра разглядзець паляўнічага, і вынік быў несуцяшальны: перад ёю быў багата апрануты вершнік і яго, ведама, будуць шукаць. Чым гэта для яе скончыцца? Але нікога блізка не было.
Доўга корпалася дзяўчына, стамілася, не раз адпачывала, ды неяк усё ж вызваліла вершніка і стала меркаваць, як зацягнуць яго да сябе ў хаціну. Проста цягнуць нельга было: застаўся б след, ды і паляўнічы быў моцна зранены.
Калі занесла яго на плячах да хаціны, то стаяў ужо надвячорак.
Паклала Чарняўка параненага на вялізную ласіную шкуру, разадрала, а дзе і разрэзала закарэлую ад крыві вопратку і пачала старанна абмываць раны.
Між тым у гаршчэчку забулькала вада. Дзяўчына накідала туды ўсялякіх лісточкаў, карэньчыкаў, старанна перацерла варыва, перамяшала яго. Потым зляпіла невялічкія нібыта праснакі і пачала прыкладваць іх да ран.
«Вось так лепей будзе. Гэта гной ды бруд выцягне, раны хутчэй зацягнуцца. Трывай, трывай, родненькі», – сама з сабой размаўляла Чарняўка.
Яна не заўважыла, як пачала называць параненага гэтым словам. Адумаўшыся, схамянулася: «Вось яшчэ... Дахадзяга нейкі...»
Але, угледзеўшыся, прамовіла іншае: «I ніякі ён не дахадзяга. Наадварот, вельмі прыгожы...»
Зрабіўшы ўсё, лягла спаць. Спала чуйна, некалькі разоў падымалася і давала хвораму піць. Той глытаў, але ў прытомнасць не прыходзіў.
Некалькі сутак ляжаў так паляўнічы. Яму не станавілася лягчэй, і Чарняўка ўжо пачала сумнявацца, што дапаможа яму. Шкада ёй было параненага, дый адчула прыхільнасць да яго.
«Паспрабую, родненькі, апошні свой сродак. Калі і ён не дапаможа, то толькі неба будзе валадарыць над тваім лёсам...» – і пачала шаптаць замову, якую колісь пераказала ёй бабуля. Паўтарыла тры разы запар вечарам, а потым яшчэ і ўранку. Калі Чарняўка апошні, трэці, раз у адчаі шаптала замову, паранены ледзь-ледзь адплюшчыў вочы і да яго слыху данеслася:
– Першым разам, добрым часам Небу чыстаму памалюся, зоркам ясным пакланюся і ўсім жывым істотам прыхінуся. Усе мае жывыя, душы дамавыя, станьце ў гэты момант на дапамогу, акажыце мне вялікую сілу... Прашу вас, упрашаю і на помач заклікаю...
Стаіць дуб на такавым полі, мае ён дванаццаць какатоў, дванаццаць дубцоў-вярхоў. На тых вярхах-дубцах сядзіць арол з залатой дзюбкай, з сярэбранымі кагцямі. Сярэбранымі кагцямі лечыць, косці прагравае, залатой дзюбкай усю шуму і болесць з галавы-цела вымае і нясе ён на мха, балата, на ніцыя лозы, на крутыя горы, на жоўтыя пяскі, на цёмныя ляскі, на мох, на балота, на гнілыя калоды, дзе совы-начніцы не ўзляталі рана. Дзе гэтыя совы-начніцы не ўзляталі рана і там усю болесць забіралі ад сэрца і ад белага цела...
Чарняўка, можа, працягвала б шаптаць, але ў гэты момант пачуўся слабы голас:
– Дзе гэта я?
– Загаварыў... Загаварыў, родненькі... Значыцца, дапамагла бабульчына замова і будзеш ты доўга жыць цяпер.
– Дзе я? – паўтарыў паранены.
– У мяне. У мяне ў хацінцы. Не палохайся. Памаўчы лепей, бо табе трэба маўчаць, а паболей піць ды есці, каб набрацца сілы, каб аднавіць тую кроў, якую страціў.
Знясілены хворы памкнуўся было нешта прамовіць, але не здолеў – заснуў.
– Вось так лепей, а то разгаварыўся, – расчулена прашаптала гаспадыня.
Прачнуўся паляўнічы толькі на другі дзень. Яму стала лягчэй і ён ужо еў усё, што падавала яму Чарняўка. Зараз ёй было прасцей карміць хворага: не трэба было сілай расціскаць яму зубы, уліваць у рот варыва. Спачатку незнаёмец прыглядваўся і амаль не задаваў пытанняў, а потым разгаварыўся. Відаць, вярнуліся сілы, ды і перад сабою ён бачыў сапраўдную прыгажуню.
– Як цябе завуць, гаспадынька?
– А навошта табе?
– Каб ведаць, каму дзякаваць за выратаванае жыццё.
– Чарняўка.
– Язычніца?
– Так.
Памаўчалі і запыталася ўжо гаспадыня:
– А ты хто такі і як у гэтым глухім краі апынуўся?
– Сама ж бачыла – паляўнічы. А апынуўся тут, бо ляцеў стрымгалоў за вялізным турам. Такога я яшчэ не бачыў.
– Мог даляцецца...
– Ведама што. Каб не ты...
– Абышлося.... Скажы лепей, як цябе завуць?
– Васіль.
– Імя нязвычнае для нас. Ты што, не нашай веры?
– Так, я хрысціянін.
– Значыцца, ты не просты чалавек?
– Кінь дурное, Чарняўка.
– Адказвай, чалавеча. Мне карціць даведацца.
– Князь я. Уладальнік усёй гэтай зямлі. Гаспадыня змоўкла. Прадчуванні яе спраўдзіліся.
– А дзе ж твая ахова была, княжа? Куды сябры ды воі падзеліся?
– Адсталі.
– Адсталі? I шукаць цябе не кінуліся?
– Мабыць, шукалі, ды не знайшлі. Ты, відаць, усё хітра падстроіла.
– Гэта мая справа, – неяк суха прамовілга чараўніца. – Як хацела, так і зрабіла.
– Не злуйся
– Чаго мне злавацца. Спі давай, набірайся сілы. Хворы заціх, бо зразумеў, што далей працягнуць размову не ўдасца, – Чарняўка яе не падтрымае.
Так ляцеў дзень за днём. Паранены князь ужо спрабаваў уставаць, але гаспадыня, калі заўважыла, забараніла:
– Рана яшчэ, княжа.
Міналі дні і тыдні, і неяк незаўважна пакахаліся Васіль з Чарняўкай. Князь абяцаў і бажыўся сваім Богам, што забярэ ў свой стольны горад і дзяўчыну, але тая не давала веры:
– Не жартуй, Васілька, не трэба.
– Чаго?
– Каму я там патрэбна?
– Мне.
– Знойдзеш ты сабе прыгажэйшую і намнога багацейшую і забудзеш пра мяне. Нават у марах не згадаеш пра тую, якая выратавала табе жыццё.
Князь супярэчыў, але абодва вырашылі да пары да часу не кранаць гэтую тэму.
Аднаго разу Васіль папрасіў дзяўчыну завесці на тое месца, дзе яго ледзьве не дабіў раз'юшаны тур. Чарняўка, нічога не падазраючы, пагадзілася, а калі прыйшлі на палянку, то князь прамовіў:
– Адсюль я ўжо і сам дарогу знайду.
– Куды?
– Да свайго горада. Няма чаго мне ў балоце сядэець, мяне княства чакае.
– А я? – вырвалася ў дзяўчыны.
– Пойдзеш са мною.
– I за мяне вырашыў? Дарма, княжа.
– Як сабе хочаш, – адрэзаў Васіль і бойка пакрочыў да дубровы.
Доўга плакала Чарняўка, праклінала сябе, што паверыла князю, але змяніць ужо нічога нельга было. Нарадзіла яна дзяўчынку. Калі першы раз зірнула на маленькае стварэнне, якое смешна крывіла ротам, то ажно ўсміхнулася, ці не ў першы раз пасля расстання з Васілём:
– Бачыш ты, малая, а ўжо мяне дражніць... Сказала так і весялей на душы зрабілася, што ўжо не адна будзе.
Чараўніца жыла ў той жа хацінцы. Праўда, людзі пасоўваліся ўсе бліжэй і бліжэй да патаемнай некалі пушчы. Абжывалі прыдатныя для сяўбы землі, высякалі і разворвалі ляды, адным словам, жыццё кіпела. Здаралася, што і да яе наведваліся людзі: то які чалавек заблукаў, то з палявання позна было ў далёкую хаціну вяртацца, і, каб не калець на дажджы ды ветры, паляўнічы ішоў на агеньчык сярод густога лесу. Так і даведвалася Чарняўка пра тое, што адбывалася навокал. Так і данесліся да яе чуткі, што ўладарыць гэтай зямлёю па-ранейшаму магутны князь Васіль, што ажаніўся ён і гадуе сына.
Балела душа ў жанчыны, але нікому яна сваю крыўду не паказвала. Вось толькі калі вельмі брала, то пачынала ні з таго, ні з сяго помсціць простым людзям, якія і дачынення ніякага да яе гора-бяды не мелі. Потым, апамятаўшыся, залівалася слязьмі і прасіла даравання... у дачушкі.
Звала яна сваю малую Уша – такая трава лугавая, мяккая, доўгая, хвалістая. Валасы такія ў дзяўчынкі былі, вось і імя па гэтай нагодзе атрымала. Чарняўка часта жартавала:
– У мяне валасы, як воранава крыло, а ў цябе, як лён. I чаго гэта?
Увесь час Чарняўка была разам з Ушою. Дзе сама хадзіла, там і дачушку вадзіла. Усё ёй паказвала, тлумачыла, адказвала на бясконцыя пытанні дапытлівай малой.
Не забывалася чараўніца і пра тое, як у такія гады вучылі яе матуля і бабуля, якія замовы шапталі, як прызвычайвалі да таямніц чараўніцтва. Таму і гэтаму рамяству вучыла дачушку.
Непрыкметна міналі гады. Вырасла Уша такой прыгажуняй, якой, можа, і сама Чарняўка ў маладосці не была. Гледзячы на яе, чараўніца не адзін раз прамаўляла, невядома да каго звяртаючыся:
– Дзе ты сваё шчасце знойдзеш, самотная мая? Дзе яно цябе чакае?
Чакала, як аказалася пазней, на тым месцы, дзе некалі і саму Чарняўку. Пайшла неяк Уша на рэчку і засядзелася там. Задумалася, можа, таму і не пачула, як да яе падляцелі вершнікі. Іх было некалькі, усе збройныя, маладыя, вясёлыя. Убачылі дзяўчыну і гукнулі:
– Быць такога не можа... Нам, мабыць, мроіцца...
– Што? – вырвалася ў дзяўчыны.
– Адкуль тут такая прыгажуня?
Болей Уша не прамовіла ні слова, павярнулася і пабегла. Вершнікі, весела смеючыся, засталіся на месцы, акрамя аднаго, які паскакаў за ёю.
– Чаго ты ўцякаеш, дзяўчына? Пастой крышачку. Ён так хораша глядзеў на яе, што Уша затрымалася, і яны пагаманілі. На развітанне той хлапчына прамовіў:
– Заўтра чакаю цябе на гэтым самым месцы. Прыходзь.
– Чакай, – толькі і данеслася ў адказ.
Малады паляўнічы закахаўся ў дачку чараўніцы, і яны сталі сустракацца. Заўсёды на адным месцы: пад старым, галінастым дубам.
Чарняўка неўзабаве адчула, што з дачкою адбываюцца нейкія перамены, і вырашыла прасачыць. Калі першы раз убачыла хлапчыну, то ледзьве не ўскрыкнула, гэтак той быў падобны да князя Васіля. Потым аказалася, што гэта на самай справе быў малады княжыч. Хацела перасцерагчы дзяўчыну, але перадумала, бо спадзявалася, што хоць ёй. пашанцуе ў жыцці, што не будзе хоць дачка туляцца па пушчах, па барах, а зажыве сярод людзей.
Да таго ж па ўсім было відаць, што Уша і сама збіраецца пра ўсё распавесці матулі, ды адкладвае. Чарняўка таксама не спяшалася распытваць, чакала.
I вось аднаго разу пабегла Уша на спатканне. Не было яе доўга. Тым часам хмара чорная напаўзла, загрымеў гром, забліскалі маланкі. Адзін раз так лупянула, што зямля хадуном захадзіла. Нейкае прадчуванне ажно падкінула чараўніцу, яна не вытрымала і падбегла да дуба. I што ж вы думаеце? Стары, таўшчэразны асілак гарэў – у яго ўлупіла страла Перуна, а побач ляжалі ён і яна – Уша і княжыч. Дзяўчына была мёртвая, а хлапчына ўсё шаптаў, да самага скону паўтараючы імя каханай: «Уша... Уша...»
Потым, калі і ён памёр, то рачулку, якая цякла ля дуба, назвалі Ушою, а княжыч ператварыўся ў шэры камень.
3 цягам часу людзі пастаўлялі хаціны на тым месцы і назвалі паселішча Ушачы.
ЛІТАРАТУРА
1. Віцебшчына : Назвы населенных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., апрац. А.М. Ненадаўца. – Мн., 2000 – 478 с. : іл. – (Мой родны кут).
2. Галатоўскае // Азёры Беларусі : у легендах і паданнях / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. – Мн, 2003. – С. 37–40.
3. Легенда пра балота [Патопы] // Патрыёт (Ушачы.). – 1998. – 30 крас.
4. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мн., 2003. – 640 с.
5. Урбан, І. Я. Мая Ушаччына святая, мой край зацішкаў і грамоў : краязнаўчыя матэрыялы / І. Я. Урбан. – Ушачы, 2006. – 33 с. : іл.
6. Цяцерка, Л. М. Геаграфія Ушацкага раёна / Л. М. Цяцерка. – Ушачы, 2006. – 110 с. : іл.
7. Шышова, А. Вучыць мудрае паданне / А. Шышова // Патрыёт (Ушачы). – 2001. – 24 л