Шаркаўшчынскі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 06.05.2013 07:26
- Адноўлена 31.03.2020 10:21
Легенда пра Шаркаўшчыну
Калісьці вельмі даўно жыў–быў у нашай мясцовасці спрактыкаваны гаспадар. Такі ўжо чалавек удаўся, што і хвіліны спакойна не мог пасядзець, увесь час нешта рабіў. Людзі ўжо і пасмейваліся з яго.
– Што ж гэта ты Ахрэм? Хоць бы гадзіну якую перадыхнуў.
– А я на цяжкай працы стамляюся, дык лягчэйшую пачынаю рабіць.
– I ў каго ты такі працавіты ды кемлівы ўдаўся?
– У дзеда.
– А чаму не ў бацьку?
– Не, у дзеда, бо менавіта ён мяне ўзгадаваў. Ён мяне ўсяму навучаў, дарогу ў жыццё даваў.
– Пазайздросціш табе... Такіх людзей не знойдзеш.
– Эх, браточкі, ды i вы такія ж, толькі сябе збоку не бачыце...
– I дзеці ў цябе, Ахрэм, да працы ненатольныя. Колькі памятаем, столькі яны табе дапамагалі.
– Гэта чыстая праўда, бо я ix прывучваў працаваць з калыскі. Не перагружаў работай, а даваў такую, якую маглі выканаць. Мала-памалу i мае сыночкі сталі мне вернай падмогай.
– Што падмога, то падмога. Колькі не шукай, a хлопцаў ці знойдзеш.
– Ды i вашы дзеці не горшыя.
– Нашы таксама слухаюцца i дапамагаюць, але твае намнога болей. А косяць як... Паглядзець толькі i застаецца, як яны адзін за адным ідуць, а ты наперадзе.
– Не, апошнім часам сам першы не ідy. Сыны мяне ашчаджаюць i пакідаюць ззаду. Першым Сцяпан валіць, за iм Іван, за Іванам Фёдарка, мой малодшанькі, Шарачок. А я ўжо за iм...
– А чаму Шарачок?
– Гэта мы яго так паміж сабой завём. Вочы ў яго не чорныя, не блакітныя, а шэрыя. Таму i Шарачок. Адным словам, зайздросцілі Ахрэму вяскоўцы, што сыны ў яго працавітыя, што сам ён няўломак, i за гэтым yciм забываліся, што i жонка ягоная – Адэля – адыгрывала ва ўciм гэтым не апошнюю ролю. Хлопцы падрасталі, а бацькі непрыкметна старэлі. Яны нават здзівіліся, калі заўважылі, што бацька ixнi ўжо сівы.
– Тата, а чаго гэта? – Нібы малыя, задалі пытанне.
– А гэта, сыночкі гады свае сляды пакідаюць.
– Яны ўcix так сярэбраць?
– Так, перад iмi ніхто не ўтрывае. Якім бы асілкам хто нi быў, якім бы храбрым ці трывалым, але перад iмi не ўстаіць. Яны заўсёды сваё возьмуць. Спачатку не так, а потым накінуцца, прыгнуць галаву ніжэй, горб на спіне
з'явіцца, нoгi-pyкi трымцець стануць. Потым i смерць запануе...
– Што ты, тата, кінь пра такое i думаць.
– Пажэніцеся, свае сем’і пазаводзіце, потым i пастарэеце, а вашы дзеці на змену прыйдуць. Так спакон вякоў цягнецца. Нічога людзі не могуць зрабіць, бо гэта не ў іхняй уладзе. Усё ад Бога, дзеці, на зямлі i на ўcix нас ягоныя законы размяркоўваюцца. Не часта пра такое гаварыў Ахрэм з сынамі, але цяпер ужо тыя болей увагі ўдзялялі бацькам, а працаваць дык увогуле амаль нікуды не бралі.
– Сядзіце дома, па гаспадарцы калупайцеся, а ў полі мы ўсё caмi пapобім. Няма чаго вам туды сунуцца. Такія ўжо з вас памочнікі...Ахрэм спачатку крыўдаваў, але Адэля супакоіла яго. Болей таго, яшчэ i слушную параду дала:
– Зямлю ўсю, чалавеча, трэба зараней падзяліць, каб пасля нашай смерці яны не надумаліся за чубы хапацца, ды людзі каб з ix не смяяліся.
– Нашы не такія.
– Хто яго ведае, што можа здарыцца. На людзей, кажуць, часінамі находзіць, таму не трэба цягнуць. Давай, Ахрэмка, збяром сыноў вечарам ды падзелім усё пароўну, пакуль мы жывыя i пры памяці.
На тым i парашылі. Селі на прызбе i сталі чакаць хлопцаў з поля. Павячэралі ўсе разам, i бацька адразу ж распачаў гамонку:
– Ведаю, сыночкі, што натаміліся вы моцна, што не да гэтага вам зараз, але мы з матуляй параіліся i рашылі лепей усё зараней зрабіць, каб потым позна не было.
– Не разумеем, – пераглянуліся сыны.
– А вы паслухайце, не перабівайце. Хочам мы зараз увесь наш нажытак на вас тpaix падзяліць. Таксама і зямлю падзелім, каб потым у вас ніякіх спрэчак-боек не ўзнікала.
– Ды мы...
– Не спяшайцеся перабіваць. Вы выдатна ведаеце, што наша зямля, сенакос, ды палоска лесу цягнецца, нібы пуга якая, на тры вярсты ў даўжыню i на сорак сажняў у шырыню. Таму цяжка дзяліць яе, але...
– Неяк пераб'ёмся.
– Але думаю, сыночкі – працягваў бацька, – што не пакрыўджу вас. Сыны маўчалі, прыціхлі i бацькі. Потым гаспадар запытаўся:
– Чаго замаркоціўся, Шарачок?
-- Хачу вам выйсце падказаць, але баюся, што пакрыўдзецеся.
– Гавары, сынку, ніхто тут крыўдзіцца на цябе не будзе, мы ж сабраліся, каб параіцца.
– Тут, тата, такая справа. Давайце, калі вы ўжо дзяліць задумалі то не рэжце ўсё на кавалкі, а падзяліце ўздоўж. Як яно ёсць, так i дзяліце.
– Але ж вузенька, сынку, атрымаецца.
– Так, – пагадзіліся i астатнія, – павярнуцца канем не будзе як...
– Затое без крыўды, без нянавісці. Лічу, што толькі так можна падзяліць. I марокі ніякай, i сварыцца мы не будзем.
– Шарачок праўду кажа, па яго, тата, i дзялі. Нам жа зямля дастаецца, не каму-небудзь іншаму.
Так i падзяліў Ахрэм усю сваю зямлю, сенажаць ды лес, удаўжыню. Атрымалася кожнаму недзе ўсяго па дзесятку сажняў, затое ў даўжыню – на чатыры вярсты, ажно стомішся, пакуль да канца дойдзеш. Браты яшчэ i жэрабя пацягнулі, каму які надзел, i Шарачок апынуўся паміж братамі.
– Мы за табой прыглядваць будзем, – пажартаваў старэйшы брат.
– Каб не хітраваў, – дадаў сярэдні.
– Жывіце, дзеткі, дружна, – папрасіла матуля. Нам ужо мала засталося, то вы не паганьце наша імя, спраўна зямлю апрацоўвайце, каб людзі на вас ніколi пальцамі не паказвалі i не смяяліся.
Прайшло колькі часу. Памёр Ахрэм, пахавалі сыны i сваю матулю. Caмi ўжо сем'ямі абзавяліся, дзеці ў ix пайшлі. Зямлі, здавалася, i дастаткова ад бацькі перапала, але, калі на тыя раты раскінуць, то ледзьве канцы з канцамі зводзілі. Ды не губляліся. Працавалі, дзе толькі маглі падпрацоўвалі. Рыбу хадзілі лавіць, звяроў біць. I з мясам былі, i з пер'ем. Жанкі ixнiя ды дзеці ў лес па грыбы-ягады бегалі. Так i ішла справа. Былі як кажуць, радасці, але былі i ліхія часіны. Такое яно жыццё, каб людзі ніколі надта не расслабляліся, памяталі пра тое, што нехта ўладарыць над ixнімi лесамі.
Шарачку пашанцавала крыху болей за братоў, бо ў яго, прама на палетку, забруілася крыніца. I вось як гэта здарылася.
Неяк узяў ён свайго старэйшага сыночка на ніву, каб той яму хоць коніка павадзіў. Нічога, што слабы памочнік, але ж намнога весялей, чым самому, унурыўшыся, шчыраваць. Хадзіў-хадзіў хлапчук i, ведама ж, стаміўся i стаў прасіцца адпачыць.
Спачатку неяк угаварыў бацька Яначку павадзіць яшчэ крыху, але потым Шарачок заўважыў, што i сапраўды хлапчук ледзьве нoгi перастаўляе, i ў яго ажно сэрца зайшлося. Пашкадаваў малога:
– Ідзі сынку, вунь пад той кусцік, што наперадзе, і там пасядзі, адпачні. Я яшчэ пару кругоў прайду i да цябе далучуся. Палуднаваць будзем.
Яначка накіраваў да таго кусціка, прысеў i пачаў корпацца ў пясочку. Ведама ж – дзіця. Бацька хадзіў за сахой, а хлопчык iгpaўся i раптам закрычаў:
– Татка! Татка!
Шарачка як падкінула. Падумаў, што, можа, на гадзюку напароўся ці яшчэ што страшнае здарылася. Паляцеў, нібы на крылах, а хлопчык усё не пераставаў крычаць:
– Татка! Татачка!
Ужо бацька зусім блізка. Падляцеў, слова сказаць не можа, так пералякаўся ды засопся, толькі прыціскаў сына да сябе.
– Што тут, Яначка? Што, сынку? Я з табой...
– Глядзі, што я там знайшоў...
– Дзе?
– Пад самым кусцікам...
Гаспадар упёрся поглядам пад кусцік, але нічога там не заўважыў.
– Ты лепей паглядзі – сказаў Яначка, выкруціўся ад бацькі i падскочыў да кусціка. – Глядзі..
Шарачок заморгаў вачыма.
– Вада? Адкуль яна тут?
– А яна, татка, з зямлі выбівае...
– 3 зямлі? Сыночак, Яначка, дык гэта ж крынічка!
Вада сцюдзёная заўсёды цяпер у нас пад рукой будзе. Не трэба з дому браць i потым цёплую піць.
Бацька з сынам выбралі вольны час, прыехалі спецыяльна да крынічкі, расчысцілі яе дно, паглыбілі яго, а вакол узвялі дубовы зруб. Павесілі на кусце конаўку, каб было чым піць ваду, адтуль усё i павялося.
Працуюць, працуюць сяляне ці сялянкі, а потым нехта разагнецца i прамовіць:
– Пайшлі да Шаракоўшчыны. Там вадзіцы пап’ём...
Так тая крынічка i служыла людзям. Доўгія гады, нават стагоддзі гэта ўсё працягвалася. Ніколі да яе не зарастала сцяжынка.
Дзякуючы таму, што некалі маленькі Яначка пакорпаўся ў пясочку i дапамог вадзе выбіцца наверх, бруілася тут чысцюткая крыніца. Поле тое людзі называлі па-рознаму, хто Шаракоўшчынай, хто Шаркаўшчынай. Так i вялося. Таму i ў нашы дні можна пачуць усялякія назвы, але лёпей за усё гучыць Шаркаўшчына, хоць мясцовыя жыхары прамаўляюць i Шаркоўшчына.
ЛІТАРАТУРА
1. Шаркаўшчына // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. – Мн., 2000. – С. 438–442.
Лужкі
Падчас вайны 1812 года праз нашы мясціны баявыя дзеянні пракочваліся двойчы: першы раз, калі рускія адступалі, а другі раз, калі ўжо адступалі французы. Дык ад таго першага разу і засталася назва невялічкага паселішча, якое ўзнікла якраз там, дзе стаяла вялізнае войска Напалеона. Паслухайце, як усё адбывалася.
Пра тое, што пачалася вайна, мясцовыя жыхары даведаліся са спазненнем. Па-ранейшаму займаліся гаспадарчымі справамі, ды неяк і не заўважылі, што глухія іхнія мясціны, кудою і за месяц ніякі вершнік ці экіпаж не праязджаў, зрабіліся больш ажыўленымі. Сталі з’яўляцца вайсковыя вершнікі, якія, праўда, не гаманілі ні з кім, а толькі пілі, разгарачаныя, ваду са сцюдзёнай крыніцы і праз імгненняў колькі да слыху даносіўся звонкі пошчак капытоў. Ніякіх буйных атрадаў ці партый тут пакуль што не наглядалася. Усе тыя ганцы былі адзіночныя.
Сядзелі неяк вяскоўцы на прызбе і гаманілі. Дзень яны адпрацавалі, нарабіліся ўволю і зараз быў самы той момант, калі можна было даць адпачынак стомленаму целу. Гаворка лянотна перакочвалася з адной тэмы на другую, заціхала і зноў ускіпала. Мужчыны разыходзіцца не спяшаліся. Не надта часта выпадалі такія хвіліны, каб сабрацца разам ды перакінуцца словам-другім. Вось тут і прагучала нечаканае пытанне:
– А што гэта вершнікі ўсё ездзяць праз нашу вёску?
– Ага, мае дзеці кароў пасвілі, дык гаварылі, што ў іх коннік дарогі пытаўся...
– Наш ці што?
– Не тое, каб наш, але расеец, бо дзеці ж зразумелі пытанне.
– Нешта тут не тое робіцца... Каб было ў каго запытацца...
– У нас тут і людзей такіх няма.
– Чаму няма? Ёсць.
– Хто?
– Ды салдат... Той, што некалі да нас прыбіўся пасля заканчэння службы.
– Думаеш, ён нешта ведае?
– Ён жа былы вайсковец, можа, пра нешта і здагадваецца...
– А дзе ён зараз?
– Ля хаты корпаецца. Калі я сюды ішоў, то вітаўся з ім, – адказаў адзін вясковец.
– Натоўп паволі пасунуўся ў накірунку патрэбнай сялянам хаціны. Сапраўды, салдат яшчэ не закончыў сваю працу і падладжваў плот. Заўважыўшы людзей, кінуў усё і стаў чакаць.
– Слухай, братка, - звярнуўся да яго той самы селянін, які задаваў пытанне пра вершнікаў, - чаго гэта вершнікі тут так часта насіцца сталі?
– Каб жа я ведаў...
– Бачыш, і ён нічога не ведае, – азваліся астатнія.
– Але ж ты ў войску служыў. Павінен хоць нешта адчуваць адносна ўсяго гэтага...
– Адчуваць? Ды вы сядайце, чаго стаіце. Паспрабуем разам разабрацца, што тут магло здарыцца.
– А ты, чалавеча, мяркуеш, што нешта здарылася?
– Хутчэй за ўсё. Ганцы за проста так не сталі б насіцца.
– І якая можа быць прычына? – асцярожна запытаўся стары дзед.
– Вайна, можа, дзе пачалася, – выдыхнуў салдат і зацягнуўся едкім дымам з глінянай трубачкі.
– Вайна?
– Яна, браце. Калі дзе якая бітва ці войска ідзе, то веставых-коннікаў не злічыць.
– З кім жа вайна ў нас можа быць?
– Ды ці мала з кім. Ім не сядзіцца, а салдацікі гаротныя кроў сваю праліваюць.
– Ракою... – прамовіў салдат і вочы ягоныя затуманіліся, відаць, прыгадаў сяброў-таварышаў, якія засталіся на шматлікіх палях бітваў.
– Як жа ўсё ж даведацца?
– Калі сюдою войскі пойдуць, то адразу даведаемся, а калі не, то пашанцуе.
– Чаму?
– Бо спаляць, вынішчаць усё. Там жа не сотня-другая людзей пройдзе, дзесяткі тысяч. Можаце ўявіць, што тут будзе рабіцца...
– А што ж нам рабіць, салдат, каб уратавацца?
– Давайце зараз усе разам і вырашым. Я прапаную перайсці жыць куды ў іншае месца. Самі выратуемся і сем’і свае выратуем. Жывёлу пазабіраем, а ўсё, што ў хацінах лепшага ёсць, пахаваем. Можа, будынкі не будуць паліць, а калі і спаляць, дык адбудуем. Галоўнае, каб людзі жывыя засталіся.
– Ведама што. Так і зробім.
Перабраліся людзі пасля тае размовы жыць у глухую пушчу. Месца выбралі такое, што і сам чорт не знайшоў бы, не тое што чужынцы. Паступова супакоіліся, прызвычаіліся. Есці было што, а да астатняга сялянам не прывыкаць. Потым нехта данёс чутку, што вайна пачалася. Нават у пушчу цягнула дымам.
– Усё навокал паляць. Добра, што мы здагадаліся ўцячы, а то і нам такое ж было.
Паслалі разведчыкаў праверыць, ці ёсць ворагі на месцы былой вёскі. Тыя неўзабаве вярнуліся і сказалі, што агромністы лагер стаіць якраз там, дзе некалі любілі касіць сена, - на лугах.
Калі французаў прагналі, то вяскоўцы выбраліся з лесу, але пасяліліся не на старым паселішчы, а там, дзе быў лагер непрыяцеля, бо надта многа ўсялякага дабра, патрэбнага ў гаспадарцы, пакідалі там французы. А вёску тады назвалі Лужкамі, што між лугоў стаіць.
ЛІТАРАТУРА
1. Лужкі // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца.– Мн., 2000. – С. 448–450.
ЛІТАРАТУРА
1. Адкуль назва в. Кукаўка // Дрэва кахання : легенды, паданні, сказы / склад. А. І. Гурскі. – Мн., 1993. – С. 136.
2. Лужкі // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца.– Мн., 2000. – С. 448–450.
3. Шаркаўшчына // Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. – Мн., 2000. – С. 438–442.
4. Шпец, Р. Шаркаўшчына / Р. Шпец // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 2003. – 5 лістап. – С. 3.