Шумілінскі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 31.08.2017 07:26
- Адноўлена 01.09.2017 06:37
Легенда пра Шуміліна
Падчас Айчыннай вайны 1812 года, калі рускія войскі ўцякалі ад французскіх, нехта з царскіх генералаў слушна заўважыў:
– Далей адыходзіць нельга, бо нас дагоняць і ці пераб'юць, ці акружаць.
– А што ж ты прапаноўваеш? – запыталіся астатнія.
– Трэба падумаць, але так дзейнічаць нельга, бо французскія палкі на хвасце пастаянна сядзяць. I як ты ад іх ні адбівайся, праз гадзіну-другую яны зноў прычэпяцца.
– Твая праўда, генерал, – адказалі астатнія военачальнікі. – Мы таксама пра гэта думаем. Але што тут перайначыш? Хутчэй рухацца мы не можам. У нас і людзі стомленыя, не адпачывалі вунь колькі часу, і параненых ды хворых многа.
– Да таго ж боезапасаў малавата...
– I папаўненне невядома калі будзе... Дзе яно тое злучэнне з асноўнымі сіламі, і сам Бог не ведае...
– Так, цяжкасцей многа. I ўсё ж трэба нешта рабіць. На тое мы салдатамі і камандуем, каб меркаваць ды прапаноўваць, каб людскія жыцці захоўваць.
Пакуль мы тут размаўляем, недзе французы нам на хвост зноў садзяцца...
Усе змоўклі. Пагаварыць і разысціся ці скамандаваць павярнуць полк кругом – справа няхітрая, а вось прыдумаць нешта такое, што тут затрымала б ворага, прымусіла яго дзейнічаць не гэтак нахабна, – зусім іншае.
I тут загаманіў той самы стары генерал. Ён адчуваў, што маладзейшыя чакаюць, каб слова ўзяў менавіта ён, бо і вопыту ў яго болей, і бываў стары служака ва ўсялякіх сітуацыях.
– Я вось што думаю, сябры... Астатнія пасунуліся бліжэй.
– Давайце зробім французам такі мяшок. Пярэднія палкі, якія ўжо далекавата адсюль адышлі, няхай выбіраюць зручную пазіцыю, каб яна сама на нас працавала.
– Чаму пярэднія, а не заднія?
– Адказваю. Яны будуць там чакаць непрыяцеля, і прапускаючы праз свае пазіцыі нашы падраздзяленні. Вораг і не здагадаецца, якая пастка яго чакае наперадзе, будзе, як і заўсёды, дзейнічаць нахрапіста. Тут і напорацца...
– Слушная прапанова, – адначасова загаманілі ўсе генералы.
Праўда, праз нейкую хвіліну пачуліся і прапановы, якія нібыта ўдакладнялі план старога генерала.
– Трэба засекі парабіць.
– Загадаць, каб тым, хто застаецца, аддавалі боезапасы. Тады і пратрымаюцца людзі даўжэй, і гушчыня агню будзе намнога большай.
– Засаду не трэба абцяжарваць ніякімі абозамі.
– Артылерыю пакінуць толькі лёгкую. На коннай цязе.
– Трэба пазіцыю выглядзець у вузкім месцы, каб у непрыяцеля не было магчымасці манеўраваць.
Стары генерал ажно свяціўся. Вось, маўляў, якія ў мяне паплечнікі – нават драбніцы не ўпусцяць. Потым нечакана запытаўся:
– Засталося вырашыць яшчэ адно – хто застанецца камандаваць засадай.
Нейкі момант панавала цішыня, а потым, амаль адначасова, усе зрабілі крок наперад і прагучала:
– Дазвольце мне! Генерал ажно праслязіўся:
– Ды тут, сыночкі, такая справа... Я сам вырашыў застацца.
– Чаму менавіта вы? Мы што, баімся французаў, ці што?
– Вы нам не давяраеце?
– Супыніцеся. Вы добра ведаеце, як я да вас адношуся. I адносна даверу пытання не павінна ўзнікаць. Але ж...
– Што?
– Хачу сам кіраваць салдатамі ў гэтай бітве. Мне яшчэ не даводзілася лоб у лоб сутыкацца з напалеонаўцамі, усё вам загадваў, і вы выконвалі.
– Дазвольце і мне, ваша светласць, застацца, – азваўся адзін з камандзіраў.
– За што табе такая прывілея?
Нехта ледзьве не ляпнуў, што гэты малады і хвацкі вайсковец выслужыцца жадае. Добра, што так не зрабіў, бо далей пачулася:
– Проста мне тут неабходна застацца.
– Што за неабходнасць такая?
– Я ж артылерыяй камандую. I мне давядзецца выбіраць найбольш скрытныя пазіцыі для батарэй і потым тэрмінова перакідваць іх з аднаго месца на другое.
– Ну што, вырашылі, хто тут застанецца? – запытаўся стары генерал.
– Так точна!
– Тады ўсе па войсках і выконвайце тэрмінова загад. Асноўную ўвагу звярніце на пярэднія палкі, ад іх многае будзе залежаць. Не забудзьцеся параненых і хворых адправіць у тыл, як бы хто ні прасіўся. Невядома яшчэ, як гэтая бітва для нас складзецца. Вось і ўсё, што хацеў вам сказаць, а зараз, відаць, самы момант развітацца на ўсялякі выпадак.
– Ды што вы, ваша светласць.
– Нічога, нічога, я не прымхлівы, але вайсковае жыццё, самі ведаеце, пераменлівае.
– Будзем спадзявацца на лепшае, ваша светласць.
– Зразумела.
Праз нейкі час усе разышліся. На месцы засталіся толькі стары генерал ды той вайсковец-артылерыст.
– Ну, што, братка, паваюем? – звярнуўся да яго генерал.
– Пастраляем, – спакойна адказаў той.
– Здагадваешся, што на верную смерць засталіся?
– Так точна.
– Дык навошта напрасіўся? Я стары і аджыў сваё. А ты ж яшчэ зусім малады.
– Тут мае салдаты застаюцца, ваша светласць.
– Вунь яно што... Далёка пойдзеш, сынку...
– Відаць, што так, калі толькі сёння ці заўтра ў гэтай самай засадзе выжыву.
– Шчыра табе гавару, што гарантый нікому не даю. Будзем бязлітасна біцца.
– А мы хужэй і не ўмеем.
– Дык бяромся за справу?
– Так, няма чаго цягнуць.
Гэта зараз, калі ўсюды тэхніка, войскі хутка з месца на месца перабіраюцца, а ў тыя ж часы ўсё пешкі рабілася.
Спачатку выбралі ўдалую пазіцыю. Дарога ішла лесам і ўпіралася ў пагорак. Нікуды не павернеш, ніякім чынам не зманеўруеш і вымушаны будзеш прымаць бой у такім незайздросным становішчы.
Паглядзеў той артылерыст і вырашыў:
– Вось тут, на пагорку, самую вялікую батарэю трэба паставіць. Расчысцім ад вялікіх дрэў сектар абстрэлу, а кустоўе нам не перашкода. Будзем біць толькі ўздоўж дарогі, навылёт прастрэльваць, як у тунелі.
– А зарадаў у вас хопіць?
– Назбіраем. Ужо ёсць па два запасы, яшчэ пакінуць адступаючыя.
– Глядзі, бо на цябе ў першую чаргу разлічваю. У людзях ты ўпэўнены?
– Не падвядзём, ваша светласць.
Доўгіх тры дні рыхтаваліся да бітвы рускія войскі. Прапускалі праз пазіцыі адступаючых і ўсё капалі, будавалі, умацоўвалі. Тыя, хто праходзіў, здзіўляліся:
– Ого, якая сіла!
– Саб'е француз пыху!
– Няхай пераканаецца, што і ў нас ёсць чым здачы даць!
Людзі на вачах весялелі, але камандзіры падганялі іх:
– Мы не застаёмся, праходзім далей.
– Чаму?
– Бо не адпачывалі і сярод нас многа параненых і хворых.
– Дык і што з гэтага?
– А тое, што загады не абмяркоўваюцца. Загадана праходзіць далей, тут за нас іншыя разбяруцца.
Некаторыя салдаты плакалі, прасілі дазволу застацца, сцвярджалі, што ў іх свае рахункі з ворагам, але ніякія просьбы не прымаліся ў разлік.
Неўзабаве прайшлі апошнія палкі рускіх войск. Цяпер тыя, хто застаўся ў засадзе, нецярпліва чакалі ворага.
Стары генерал сядзеў на невысокім бярозавым цурбалку і пра нешта думаў, гледзячы на дарогу, на якой нікога пакуль што не было.
– Думаю, яны сёння не пойдуць, – ціха, нібыта самому сабе, прамовіў ён.
Але той палкоўнік-артылерыст, які стаяў непадалёку, пачуў і падтрымаў гэтую думку.
– А ты чаму так думаеш? – зацікавіўся генерал.
– Не адважацца яны ў незнаёмых мясцінах ноччу ехаць. Гэта ж не ў мірны час. I гарнізонаў іхніх тут пакуль што няма.
– Пакуль што... Толькі б не пранюхалі, што іх тут чакае...
– Варта патроена, ваша светласць. Аддадзены загад не страляць, а знішчаць паасобных вершнікаў ды разведчыкаў толькі халоднай зброяй.
– Думаю, што ўсё пачнецца з самае раніцы.
– Хутчэй за ўсё.
Ноч прайшла спакойна, праўда, у напружанай цішыні. Вакол ляжалі сотні, тысячы людзей. Амаль ніхто не спаў. Забаронена было курыць, распальваць вогнішчы, размаўляць у поўны голас. Людзі трывалі. Даймаў гнюс, але ад яго адмахваліся голькамі.
Ноч летняя кароткая. Не паспела сонейка закаціцца за адным краем лесу, а ўжо з-за другога хітравата выглядвае. Заспявалі-засвісталі птушкі. Усё ажыло. I тут перадалася каманда:
– Падрыхтавацца! Без каманды не страляць! Падпускаць амаль ушчыльную!
Салдаты зразумелі, што разведчыкі заўважылі ворага і паведамілі пра гэта камандзірам. А праз некаторы час паказалася даўжэзная калона. Ворагі не адчувалі небяспекі, ішлі, нібы ў сябе дома. Калі амаль параўняліся з засадай, грымнула кароткае слова:
– Агонь!!!
Што тут пачалося, Божа мілы! Вораг улез на пару вёрст у своеасаблівы мяшок і непрыяцеля дабівалі з удала выбраных пазіцый – зверху, а гарматы прастрэльвалі наскрозь і не было дзе французам схавацца, не было куды ўцякаць.
Білі без перадыху недзе ажно да полудня. Потым спусціліся ўніз і пабралі палонных, якія цудам уцалелі, ды і то таму, што хаваліся пад забітых, пад трупы коней.
Салдаты радаваліся, хоць, ведама, страцілі многа і сваіх. Вайна ёсць вайна, і як ты ні страляй, але і праціўнік адстрэльваецца.
Быў цяжка паранены стары генерал. Салдаты вынеслі яго на палянку. Там ён расплюшчыў вочы і ціха запытаўся:
– Ну як?
– Перамога, ваша светласць, – са слязьмі на вачах адказаў артылерыст.
– Пастраляў?
– Пастраляў.
– I жывы?
– Нават не паранены.
– Малайчына. А я вось... Але нічога, гэтае шумлівае месца надоўга запомніцца ворагам.
Памёр той генерал, не давезлі яго да сваіх. 3 таго часу пачалі ў народзе гаварыць: «Шумела месца гэта калісьці ў баі з французамі». Пасля таго бою лес назвалі Шумным Борам, а паселішча, якое з'явілася там, – Шумным Сялом. Адтуль і пайшла назва Шуміліна.
А. М. Ненадавец
ЛІТАРАТУРА
1. Віцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. – Мн., 2000. – 478 с.
2. Гнилозуб, В. Там, на семидорожье... / В. Гнилозуб // Белорусская нива. – 2008. – 26 июля. – С. 12.
О деревне Мишневичи Шумилинского района. В статье приводятся местные легенды.
3. Зайцава, Л. Таямнічасць Міткаўскага возера : [легенда] / Л. Зайцава // Герой працы (Шуміліна). – 2003. – 1 крас. – С. 3.
4. Кавалеўскі, С. Мішневічы / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 2001. – 28 снеж. – С. 5.
5. Княжно // Азёры Беларусі ў легендах і паданнях / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. – Мн., 2003. – С. 46–48.
6. Параскевін, А. Усцінава каса : [паданне] / А. Параскевін // Герой працы (Шуміліна). – 2002. – 26 жн. – С. 3.