Бешанковіцкі раён. Легенды і паданні
- Подробности
- Створана 31.08.2017 07:26
- Адноўлена 01.09.2017 07:26
Легенда пра Бешанковічы
Жыў тут у даўнія часы адзін дзед па прозвішчы Бешанковіч. Казалі, што атрымаў ён яго за тое, што ў маладосці такія штучкі вытвараў, такое вырабляў, што нікому ад яго спакою не было. Адным словам, любіў пагарэзнічаць. Характар у яго быў няшкодны. Ні з каго не здзекаваўся, а вось пасмяяцца — іншая справа, але пасмяяцца так, каб потым нехта слязьмі ды крывёй не адплачваў. Звалі яго Змітрыкам. Бацька ж і дзед ягоныя, наадварот, былі злымі людзьмі. Пра іх нават казалі, што яны чараўнікамі чорнымі перакідваліся, толькі пра сябе дбалі.
Так і рос Змітрык Бешанковіч — гарэзлівы, прыгожы, дужы. Да бацькоўскіх парад адносна пераймання злых чараў ці шэптаў і чуць не жадаў:
– Мне людзі дабро робяць, чаму я павінен ім злом адплачваць? Няўжо так карціць пабачыць ды пачуць, як бедныя ў плачы заходзяцца?
Старэйшыя злаваліся:
– Вось вырасце даўбешка! Усё наша багацце, потам ды крывёю нажытае, умомант з рук спусціць! Толькі, мабыць, і чакае, каб да яго ўсё перайшло!
У адказ Змітрык весела смяяўся, чым выклікаў яшчэ большае абурэнне з боку родзічаў:
– Не трэба мне ні вашага багацця, ні вашых грошай! Дайце які кавалачак зямлі, а хаціну я сам пабудую, да вас за дапамогай не звярнуся. Мне чужыя дапамогуць, бо я ім нічога благога не рабіў. А слухаць вас, як людзям зло рабіць, я не буду. Што іншае – калі ласка, толькі не гэта.
Так у іх цягнулася не дзень, не месяц. Нарэшце старэйшыя браты вырашылі:
– Калі ты ў нас такі сумленны ды чысты, то выбірайся! Дай яму, тата, зямлі, хай жыве, як хоча. Але ведай, што мы табе не дапаможам, як бы цяжка ні даводзілася, хто б цябе ні крыўдзіў. Гэта наша апошняе слова.
– Я і так ведаў, маглі б і не гаварыць, – ціха прамовіў Змітрык. – А за кавалак зямлі дзякуй, там і жыць буду.
Сказаў і адразу пайшоў прэч з хаціны ў тую мясціну, якую бацька аддаў. Там і пераначаваў пад чыстым небам першую ночку. 3 раніцы пачаў меркаваць, як будавацца, бо нават звычайнай сякеры пад рукой няма, нічога ж родныя не далі. Засумаваў хлопец. А бацька з сынамі старэйшымі быццам бы выпадкова ўвесь час побач круцяцца, пасміхваюцца, гледзячы на тое, як Змітрык перажывае, ды ўголас усялякія жартачкі адпускаюць.
Сядзеў, сядзеў хлапчына, а потым устаў і пакіраваў да бліжэйшай вёскі. Родныя недаўменна пераглянуліся, бацька ўсміхнуўся і сказаў:
– Пайшоў да некага ў парабкі наймацца... Астатнія падтрымалі гэты жарт дружным смехам. Але на самай справе аказалася, што зусім не для таго.
Пайшоў Змітрык у вёску.
Зайшоў ён у паселішча, падышоў да мужчын і хлапцоў, сваіх добрых знаёмых, якія сядзелі на вуліцы і абмяркоўвалі нейкія навіны, і папрасіўся:
– Браточкі, родненькія, не пакіньце ў бядзе, дапамажыце...
– Што, Змітрык, здарылася?
Расказаў Бешанковіч пра свае справы, з-за чаго ён з роднымі пасварыўся. Сяляне толькі галовамі пакруцілі:
– Ну і справы! Гэта ж трэба са сваім сынам ды братам гэтак абысціся! Няўжо ім багацця мала?
А старэйшыя тут жа і запэўнілі:
– Не перажывай, чалавеча. Зараз сабяром усё, што трэба, для будоўлі і пойдзем з табой. Не табе першаму дапамагаем.
– Я ўсё жыццё вам, людцы, дзякаваць буду і дапамагаць, толькі выручыце мяне ў гэты цяжкі момант...
– Мы, хлопча, добра памятаем, як ты нам дапамагаў, хоць родныя і глядзелі на цябе скрыва за гэта. Таму і ідзём, як адзін, бо паважаем цябе.
Неўзабаве вялікі гурт людзей рушыў да той мясціны, дзе Змітрык збіраўся будавацца. Бацька з сынамі, як заўважылі – ажно раты паразяўлялі. Нарэшце нехта з іх выдыхнуў:
– Ты пабач, яшчэ і дня не прайшло, а ён ужо цэлы гурт вядзе купляць бацькоўскую зямлю. Вось табе і маеш...
– А я вам што, сыночкі, гаварыў? Хіба ж я хлусіў, калі сцвярджаў, што толькі і чакае зручнага выпадку, каб усё да ўласных рук прыбраць. Цяпер глядзіце, як спадчыннае ў чужыя рукі ўцячэ...
Толькі дарма яны так хваляваліся і лілі бруд на 3мітрыка. Прыйшлі людзі, размералі, пахадзілі туды-сюды, пра нешта паспрачаліся, а потым паехалі фурманкі да лесу, астатнія ж пачалі капаць яміны. Бацька з сынамі ніяк не маглі дацяміць, для чаго. Але недзе пасля паўдня, калі вярнуліся падводы, да іх дайшло.
– Бач ты, усіх нас перахітрыў. Будавацца ўздумаў... Дзе ж ён гэтулькі грошай набярэцца, каб усяму гурту заплаціць? Тут жа дзесяткі два людзей.
– Бацька, а можа, ён краў дзе паціху, а мы і не заўважалі?
– Хто яго ведае... – злосна буркнуў той, не зводзячы вачэй з сялян, якія ўжо весела цюкалі сякерамі, завіхаліся вакол здаравенных бёрнаў.
– Так і пабудуецца нам назло.
– Спалім, каб надта не радаваўся.
– А калі зловіць? 3 ягонай сілай – на тры часткі пераломіць. Гэта ж не жартачкі...
– Няма чаго языкамі мянташыць! Пайшлі дамоў, а то наша справа стаіць, а вы тут вочы павылуплівалі! – нечакана ўзвыў бацька. Відаць, заела яго, што Змітрык, насуперак ягоным прадказанням, знайшоў зусім іншае выйсце.
А самы малады з Бешанковічаў не сумаваў. Цяпер яму было чым заняцца, было дзе прыкласці рукі. Натаміўшыся за дзень, вечарам валіўся нібы сноп.
Між тым справа рухалася. Вяскоўцы добра ведалі нораў старэйшых Бешанковічаў, разумелі, што тыя проста так не супакояцца, абавязкова будуць малодшаму помсціць. Таму вырашылі пільнаваць будыніну, каб нечакана чырвонага пеўня не падкінулі. Бывала, Змітрык спіць соладка, а чалавек колькі сядзяць па кутках будынка пільна сочаць за наваколлем. I што ж вы думаеце? Як толькі хату амаль скончылі, ужо і страху зрабілі, то і госці непажаданыя з'явіліся.
Вечар быў цёмны, хоць вока выкалі. Вецер такі ўсхадзіўся, што дрэвы здаравенныя да самае зямлі гнуў, нібы тонкія чароціны. Потым і хмары чорныя, грувасткія паказаліся, маланкі пачалі неба палавініць. Тут старэйшы больш вопытны з добраахвотных вартаўнікоў, звяртаючыся да сябрукоў, прамовіў:
– Ну, хлопцы, сёння мы іх дачакаемся.
– Чаму ты так думаеш? – не паверыў нехта.
– У такое надвор'е толькі чорныя душы і ходзяць, іншым крыўду носяць.
– Ага, пусцяць з полымем гэтулькі працы, а потым маўляў, са слязьмі на вачах будуць даводзіць, што маланка вінавата...
– Цішэй, хлопцы, слухайце лепей ды ўглядайцеся... Я цвёрда перакананы, што зараз з'явяцца.
Прыціхлі вартаўнікі, а гром страляе, маланкі бліскочуць – ажно жудасна робіцца. I раптам адзін з сялян зашаптаў:
– Чаўкае...
– Што чаўкае? – не зразумелі астатнія.
– Нехта ідзе...
– Мо падалося?
– Ды не, хіба не чуеце?
Цяпер і астатнія выразна пачулі зусім блізка крокі. Праз пару імгненняў выразна вырысаваліся і тры цені, якраз насупраць вокнаў.
– Бацька і два мае браты, – шапнуў Змітрык. – Прыйшлі павіншавацьз заканчэннем будаўніцтва.
– Пасля іхняга віншавання адны галавешкі засталіся б.
– Нічога, пасля нашага ім таксама соладка не падасца.
– Цішэй, хлопцы, і не спяшайцеся. Трэба ў такі момант выскачыць, каб яны ўжо ні ўцякаць, ні супраціўляцца не ўздумалі.
А тыя да сухой сцяны прыціснуліся і, не баючыся, бо не здагадваліся, што будыніну вартуюць, загаманілі:
– Зараз мы братку свайго крыху падсушым...
– Ага, каб не надта ганарыўся ды нос перад намі не задзіраў...
– Каб не лічыў, што мы дурнейшыя...
Схіліліся ўсе і давай вогнівам агеньчык здабываць. У гэты момант з дзвярэй ды праз вокны выскачылі сяляне. Нядобразычліўцы і піскнуць не паспелі, як іх у адзін момант скруцілі і пачалі лупіць у плечы ды ў жываты, асабліва не разбіраючы і не шкадуючы. Лупяць і прымаўляюць:
– Як жа вы гэта, гадаўё чорнае, роднага чалавека гэтак пакрыўдзіць задумалі?! Вы яму ў сваёй сям'і жыць не давалі і тут не адступаецеся?! То мы вам дарогу замовім! Не толькі да яго, але ўвогуле ні да каго з вяскоўцаў прыставаць у далейшым не будзеце!
Зладзюгі адчулі, што для іх справа можа зусім блага скончыцца, і пачалі прасіцца:
– Родненькія, міленькія, адпусціце...
– Братачка, родненькі, заступіся, гэта ж нячысцік паблытаў думкі...
– Сыночак, пабойся Бога, адпусці жывымі. Я ж табе жыццё даваў...
– Жыццё даваў? А колькі вы з мяне здзекаваліся і кпіны ладзілі? Каб вас не злавілі, вы зараз скакалі б ад радасці, што працу нашу дымам пусцілі. Не, атрымлівайце роўна столькі, колькі трэба. Каб на будучае добры знак застаўся.
Самы старэйшы і мудрэйшы з сялян не лез у размову. Калі астатнія скончылі гаманіць, то і ён слова ўставіў:
– Хлопчыкі, давайце да мяне іх, па адным. Я іх на мой зэдлік пасаджу, няхай адпачнуць – вунь як узапрэлі...
– А што, хлопцы, давайце па адным да дзеда, – узрадаваўся нехта слушнай прапанове.
Першым з усяго маху гопнулі на зэдлік бацьку. Раздаўся такі магутны крык, быццам бы адразу шасцярых здаравенных жарабцоў лягчалі.
– Давайце другога, – закамандаваў дзед.
Другі намнога перакрычаў бацьку, а калі адпусцілі, то ён так прыпусціў, так папёр, што ледзьве не прабіў з адчаю і болю галавою сцяну.
– Цяпер апошняга. Дзе ён там?..
Доўга ў цемры было чуваць, як трашчыць кустоўе ды хлюпоча пад нагамі гразь – гэта бацька з сынамі, не выбіраючы дарогі, уцякалі ад гэтага страшнага месца.
Тыя, што засталіся ў хаціне, супакоіліся, запалілі агеньчык, і тут толькі Змітрык запытаўся:
– Дзядулька, а што ў цябе там такое страшнае на зэдліку было, што мае родныя гэтак крычалі?
– Так, цікава ж даведацца, – настойвалі і астатнія.
– Ай, хлопцы, вам скажы, дык вы да раніцы рагатаць будзеце...
– Скажы, дзеду.
– Ды вожык, каханенькія вы мае...
Стары хацеў яшчэ нешта дадаць, але выбухнуў такі рогат, што раскаты грому ў параўнанні з ім падаліся лёгенькімі пошчакамі. Мужчыны хапаліся за жываты, валіліся на падлогу і паўтаралі:
– Дык там быў, аказваецца, вожык... Просты вожык...
– Так, просты вожык. Я яго яшчэ завідна злавіў, хацеў таму злодзею ў штаны ўкінуць, каб і дзесятаму замовіў... Потым ужо пра зэдлік прыдумаў...
Вяскоўцы ніяк не маглі разысціся. Усё гаманілі, смяяліся, а калі дождж сціх і ўсе пачалі збірацца дамоў, то нехта прамовіў:
– Пайшлі, Змітрык, з намі. За хату не хвалюйся, болей сюды ніхто не прыйдзе.
– Ага, твае родныя ад вожыка лечацца... Іголкі вымаюць...
Толькі гаспадар, шчыра падзякаваўшы сялянам за ўсё, сказаў:
– У мяне, сябры, цяпер свая хата ёсць, пад адкрытым небам спаць не буду.
Так стаў малодшы Бешанковіч жыць у сваёй хаціне. За год-другі такі падворак адляскаў, гэтулькі жывёлы развёў, што ўсё наваколле зайздросціла, а бацька з братамі – сама болей. Яны ажно счарнелі са злосці, а потым, каб усяго гэтага не бачыць, сабраліся і пераехалі жыць у іншае месца. Але Змітрык на гэта асаблівай увагі не звяртаў. Хлапчына спраўна вёў сваю гаспадарку і пры першай жа патрэбе дапамагаў тым, хто гэтак выручыў яго.
Аднаго разу да Змітрыка пастукаўся падарожны і папрасіўся пераначаваць.
– Вядома ж, чалавеча, заставайся. Месца ў мяне вунь колькі, есці таксама знойдзецца.
Селі есці, і тут толькі гаспадар убачыў, што ягоны госць ледзьве сядзіць.
– Што з табой, дзедка?
– Ды хвароба мяне скруціла і ўжо, можа, з месяц не адпускае. А сёння зусім дрэнна стала, толькі я пабаяўся сказаць табе пра гэта, каб не прагнаў.
– Чаго ж праганяць? – здзівіўся Бешанковіч. – 3 кожным такая злыбеда можа прыключыцца. Дапамагаць трэба адзін аднаму, а не злога жадаць...
Доўга старэча хварэў, не мог ніяк перабораць хваробу. Хлопец не адыходзіў ад падарожнага. Калі той устаў на ногі, то, збіраючыся ў дарогу, запытаўся:
– Чым жа, чалавеча, я цябе аддзячу? Няма ў мяне ні хаты, ні падворка, ні кавалка хлеба...
– Ды мне, дзедку, нічога і не трэба.
– Усё роўна добра чалавеку нечым адплаціць.
– Яно-то так, але надта не ўбівайцеся. Каб толькі здароўе болей не падводзіла ды ногі па-ранейшаму па зямлі насілі.
– I ўсё ж я маю чым табе аддзячыць, Змітрык... Той здзіўлена паглядзеў на падарожнага.
– Я табе не прызнаваўся, што ведаю мноства замоў-шэптаў і магу самага знясіленага чалавека ці жывёліну параненую на ногі паставіць. Вось толькі на самога сябе яны не дзейнічаюць, а так бы і цябе не турбаваў.
– Вось яно што...
– Так, чалавеча. I перадаецца гэтая спадчына не абы-каму, а толькі тым людзям, якія яе не будуць выкарыстоўваць супраць іншых людзей. Цяпер слухай уважліва і запамінай: нельга перастаўляць словы замоў, бо яны тады трацяць сілу, і казаць іх трэба, даўшы папіць хвораму сцюдзёнай вадзіцы. Не забудзь – усё паўтараецца тры разы. Я скажу табе замову ад залатніка, а потым яшчэ мноства прымушу завучыць на памяць. Глядзі, каб запамятаў!
«Памяні, Госпадзі, цара Давыда і ўсю кротасць яго і вялікую памяць яго. Судзяржаў цар Давыд ваду і зямлю і нашы грэшныя душы, судзяржаў раба Божага залатнік.
Здраствуй, вадзіца-царыца, красная дзявіца, рака (такая-то). Кацілася вадзіца па дням, па начам і па вячэрнім зарам, змывала вадзіца белае каменне, серае карэнне, змый жа, вадзіца, залатнік рабу Івану з жыл, з пажылак, з касцей, з мазжэй, з буйнае галавы, з ясных воч.
На сінім моры, на лукамор'і, на востраве стаіць дуб без сучкоў, без ражкоў, без вярхушкі, без макушкі. На том дубу сядзіць ястраб без кагцей і вострага носа і быстрага крылля. I як у гэтага ястраба няма ні кагцей, ні вострага носа, ні крылля, каб у таго раба Божага Івана залатніка не было. А няхай усе залатнікі хаваюцца на мхі, на балота, на гнілыя калоды. Там толькі ім гулянне-буянне, а раба Божага Івана ніколі не чапаць».
Сказаў падарожны замову і пытаецца ў Змітрыка:
– Запомніў?
– Так, запомніў.
– А цяпер распавяду ад хвароб на жывёлу – самую магутную, яна ад усіх хвароб дапамагае:
«На моры, на лукамор'і стаіць дуб без караня, і без каката, і без галавы; на тым дубе сядзіць сокал без крыла, без носа і спяваець, на ўвесь белы свет зычны голас пускаець, усялякія хваробы выймаець. Ух, лёгкі дух!»
3 такімі замовамі ты станеш першым памочнікам людзям у наваколлі, а я, сынку, дзякуй табе, пайду далей, бо не магу доўга на адным месцы затрымлівацца, цягне мяне дарога.
Развіталіся яны, нібыта самыя блізкія, самыя родныя, і падарожны пакіраваў далей, а Змітрык застаўся на сваім падворку.
I сапраўды, з таго самага дня Бешанковіч адчуў, што ягоныя шэпты і замовы вельмі дапамагаюць хворым. Прычым аднолькава – што сялянам, што жывёле. Толькі прыйдзе чалавек і скажа, што ў яго нехта ляжыць ці з каровай або з канём няшчасце здарылася, Змітрык усё кідае і адразу прастуе туды, дзе патрэбна дапамога, бо ні на хвіліну не забываўся пра тое, як яму ўсім агулам дапамагалі.
Аднае начы ў акно пастукалі. Аказалася, што ў селяніна моцна захварэла старэйшая дачка. Пайшоў з ім хлапчына і як глянуў на хворую, то адразу ж і прамовіў, да яе бацькі звяртаючыся:
– Дзядзька, дайце слова, што калі я вашу дачку на ногі пастаўлю, то вы яе за мяне замуж аддасце. Сам сябе сватаю, сам за сябе і прашу.
– Добра, толькі выратуй яе, бо баімся – да раніцы не дажыве...
Усё сваё ўменне прыклаў Змітрык, мноства замоў перашаптаў, але дзяўчыну адабраў у вернай смерці. Бацькі яе стрымалі слова, і зажылі маладыя добра ды шчасліва. Дзеці ў іх сталі нараджацца, і звалі іх суседзі паміж сабою проста – Бешанковічамі. Адтуль і назва да паселішча назаўсёды прымацавалася.
ЛІТАРАТУРА
1. Бешанковічы // Віцебшчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад. А. М. Ненадавец. – Мн., 2000. – С. 25–53.
2. Гарбадзей, А. Паданне пра Бачэйкава / А. Гарбадзей // Зара (Бешанковічы). – 1998. – 23 чэрв.
3. Гусакова, А. Легенды і паданні маей зямлі / А. Гусакова // Зара (Бешанковічы). – 1998. – 17 лістап.