Легенды пра каменны крыж у в. Мішневічі
- Подробности
- Створана 23.06.2020 15:23
- Адноўлена 23.06.2020 14:02
У адной з легенд расказваецца пра лёс дзяўчынкі-сялянкі, якая не скарылася волі мясцовага памешчыка. Той хацеў выдаць яе замуж за свайго сына-гарбуна. Яна ж сустракалася з такім жа бедным юнаком, як і сама. Памешчык настойваў на сваім, прыспешваў вяселле, і тады дзяўчына адважылася на забойства нялюбага ёй сына магната. У гневе пан загадаў закапаць дзяўчыну жывой у зямлю. А каб ёй і пасля смерці было цяжка, на магілку паклалі вялікі каменны крыж і пасадзілі сасну ў галавах нябожчыцы.
Ёсць і іншая легенда. У памешчыка, а памесце яго было ў Мішневічах, рос адзіны сын, які цяжка і пакутліва хварэў. 3 ім заўсёды была нянька – маладая і прыгожая служанка. Паніч быў вельмі капрызны, а служанка павінна была ва ўсім выконваць яго волю. Аднойчы ён загадаў весці яго да ракі, але аступіўся і паляцеў з высокага берага. Выратаваць яго дзяўчына не змагла.
Памешчык не дараваў дзяўчыне смерць любімага сына, загадаў жывую яе закапаць і пакласці на магілу цяжкі каменны крыж.
ЛІТАРАТУРА
1. Мішневічі // Гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Шуміліншчына». Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Падляшчук [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 165.
2. Мишневичский крест // Валуны родной сторонки / А. Параскевин. – Минск : Колорград, 2017. – С. 72–73.