Гісторыя. Браслаўскі раён. Дарэвалюцыйны перыяд
- Подробности
- Створана 06.05.2017 08:40
- Адноўлена 12.09.2017 06:01
Браслаў быў заснаваны ў пачатку ХІ стагоддзя на месцы існаваўшага з ІХ стагоддзя паселішча латгалаў і крывічоў. Упершыню ён узгадваецца ў беларускім летапісу ХVІ ст. «Хроніка Быхаўца» пад 1065 годам у сувязі з нападам на яго літоўскіх князёў.
Паходжанне назвы Браслава звязваюць з імем полацкага князя Брачыслава Ізяслававіча, пры якім былі пабудаваны браслаўскія ўмацаванні. Не выключана, што назва горада паходзіць ад балцкай асновы «брасла» (брод), якая пазней магла быць пераасэнсавана славянамі.
Летапісанне гістарычных падзей на землях старажытнай Русі ўзнікла ў ХІ стагоддзі. У гэты час тэрыторыя Браслаўшчыны ўжо ўваходзіла ў склад Полацкага княства, з'яўлялася яго паўночна-заходнім парубежжам з паселішчамі, якія можна аднесці да гарадскіх – такімі, як Браслаў, Маскавічы, Дрысвяты, Рацюнкі і, магчыма, Друя. Аднак існаванне гэтых паселішчаў у перыяд Полацкага княства дакладна ўстаноўлена выключна па матэрыялах археалагічных раскопак. На старонкі вядомых сучасным даследчыкам летапісаў ніводнае з гэтых паселішчаў не трапіла.
Першыя згадкі аб Браслаўшчыне ўтрымліваюць беларуска-літоўскія летапісы ХV–ХVІ ст. Яны пісаліся на беларускай мове. Найбольш поўны з вядомых зводаў – «Хроніка Быхаўца», створаная ў першай пал. ХVІ ст., згадваючы князя Кернуса, паведамляе, што яго ўладанні даходзілі «по Завельский Браславль».
Гісторык ХVІ ст. Мацей Стрыйкоўскі ў сваёй працы «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі» (1582) называе дакладную дату гэтай з'явы – 1065 г., які стаў лічыцца годам заснавання Браслава.
Іншыя летапісцы даюць аб Браслаўшчыне вельмі ўрывістую, абмежаваную інфармацыю. Амаль уся яна звязана з ваеннымі падзеямі і не дае ўяўлення аб іншых баках мінулага рэгіёна.
Па матэрыялах даследаванняў, у ХІ–ХІІІ ст. насельніцтва жыло ў наземных рубленых хатах, займалася сельскай гаспадаркай, рыбнай лоўляй, паляўніцтвам, рамёствамі (апрацоўка дрэва, косці, скуры, ганчарства, кавальства, ткацтва, шыццё), гандлем.
З пачатку ХІV ст. Браслаў з'яўляўся вялікакняжацкім уладаннем. У ХІV ст. Браслаў быў завяшчаны вялікім князем Гедымінам малодшаму сыну Яўнуту.
8 кастрычніка 1500 г. вялікі князь Аляксандр у час знаходжання ў Браславе даў гораду прывілей на магдэбургскае права (няпоўнае), які некалькі разоў пацвярджаўся.
Герб «Вока прадбачання» (сімвалічная выява чалавечага вока ў трохкутніку на фоне сонечных прамянёў) горад атрымаў 2.VІ.1792 г. у адпаведнасці з прывілеем Станіслава Аўгуста. Пасля смерці Аляксандра ўладальніцай горада стала яго жонка Алена, дачка вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ, якая пасялілася ў Браславе. Алена заснавала на Замкавай гары жаночы праваслаўны манастыр, дзе памерла ў 1513 г.
На карце Полацкай зямлі Станіслава Пахалавіцкага (1579) Браслаў паказаны як паселішча на востраве. Яго дзяржаўцамі былі Сапегі, Масальскія, Скумін-Тышкевічы.
Паводле інвентара 1554 г. у горадзе было 5 вуліц, 110 дамоў, з іх 65 дамоў знаходзілася на вуліцы Вялікай, што праходзіла ўздоўж возера Дрывяты. На гэтай жа вуліцы размяшчаліся царква, касцёл, бальніца, сядзіба князёў Масальскіх. Існавалі таксама кляштар, 40 корчмаў. Налічвалася каля тысячы жыхароў, якія займаліся пераважна земляробствам, часткова гандлем і рамёствамі.
У ХV ст. Браслаў стаў павятовым горадам Віленскага ваяводства. Павятовыя сеймікі збіраліся на Замкавай гары, тут жа, паводле пастановы сейма 1590 г., пабудаваны дом для пасяджэнняў суда і зберажэння архіва.
Ваенныя падзеі ХVІ–ХVІІ ст. аказалі значны ўплыў на развіццё Вялікага княства Літоўскага, моцна адбіліся на стане гаспадаркі, на дэмаграфічнай сітуацыі. За 170 гадоў у ХVІ–ХVІІ ст. адбылося 10 буйных войнаў паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам, агульная працягласць якіх склала каля 60 гадоў.
Браслаўшчына ў складзе Вялікага княства Літоўскага на працягу некалькіх стагоддзяў мела парубежнае становішча. Мясцовыя ўмацаванні адыгрывалі пэўную ролю ў абароне межаў дзяржавы, а таксама ў пару ваенных кампаній. Браслаўшчына мела шэраг значных абарончых збудаванняў, насельніцтва павета прымала пэўны ўдзел у арганізацыі ўзброеных сіл краіны.
Замкі Браслаўшчыны неаднойчы згадваюцца ў крыніцах ХVІ–ХVІІ ст. Звесткі аб умацаваннях Браслаўшчыны былі змешчаны ў «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А. Гваніні сярод важнейшых замкаў краіны. Замкі ў Браславе і Дрысвятах з'яўляліся агульнадзяржаўнымі, яны кіраваліся адміністрацыяй, прызначаемай вялікім князем. Ва ўсе часы Браслаўскі замак і яго пабудовы ўзводзіліся з дрэва, таму са стратай ваеннага значэння ўмацаванне хутка прыйшло ў заняпад і поўнасцю знікла. Дрысвяцкі замак размяшчаўся на востраве аднайменнага возера. Драўляныя пабудовы замка былі ўзведзены на высокім пагорку, апярэзаным штучнымі зямельнымі валамі. З берагам востраў злучаўся двума мастамі, якія ў выпадку небяспекі разбіраліся.
Замкі ў Іказні і Друі адносіліся да прыватнаўлаcных. На працягу сваёй гісторыі яны належалі розным магнацкім родам, але большай часткай іх уладальнікамі былі Сапегі. Прыватнаўласніцкія замкі будаваліся, рамантаваліся, утрымліваліся за кошт уладальнікаў. Яны ж арганізоўвалі і абарону ўмацаванняў.
Іказненскі замак узводзіўся пасля 1504 года. Большая частка збудаванняў была мураванай. Размешчаны на востраве замак стаяў на штучна падсыпаным узвышэнні і складаўся з мураванага палаца. З захаду да замка прымыкаў падзамак, абнесены валам вышынёй да 2-х метраў. Тут сцены былі драўлянымі.
У заходняй сцяне знаходзіўся ўезд, які праходзіў па мосце, перакінутым праз штучную сажалку ў падзамку. З берагам возера замак злучаўся наплыўным мостам, які разбіраўся пры падыходзе непрыяцеля.
Замак у Друі з'яўляўся адным з важных абарончых пунктаў Падзвіння. На працягу сваёй гісторыі ён тройчы мяняў месца размяшчэння. Да 1515 г. замак знаходзіўся на левым беразе р. Друйкі, пры яе ўпадзенні ў Заходнюю Дзвіну. Пазней ён пераносіцца на процілеглы бок. У першай палове ХVІІ ст. пры будаўніцтве новага горада Сапежына, замак узвялі ва ўсходняй частцы горада, на высокім беразе Заходняй Дзвіны. Аб апошнім замку вядома, што быў ён драўляны, меў земляныя валы, дзве брамы.
У мірны час у замках знаходзіліся пастаянныя, звычайна невялікія гарнізоны. Пры войнах яны падмацоўваліся дадатковымі сіламі. Аснову войска складалі не рэгулярныя часці, а воіны, збіраемыя з павету, колькасць іх вызначалася памерамі зямельных уладанняў уласнікаў. Такім чынам, у перыяд войнаў ХVІ–ХVІІ ст. Браслаўшчына мела шэраг значных абарончых збудаванняў, насельніцтва павета прымала пэўны ўдзел у арганізацыі ўзброеных сіл краіны.
У 1515 г. пачалася вайна паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам за смаленскія землі. Па загадзе Васіля ІІІ на Браслаўшчыне ваявалі атрады ваяводаў Кутузава, Варанцова, Бутурліна. У 1515 г. пскоўскія і наўгародскія ваяводы прадпрымаюць паход на Браслаўшчыну. Летапісы згадваюць аб разбурэнні пасадаў, неўмацаваных паселішчаў ля Браслава, Друі, Іказні. Замкі здолелі вытрымаць аблогі.
Лівонская вайна 1558–1583 гг. праходзіла ў непасрэднай блізкасці ад Браслаўскага павета, аднак не закранула яго тэрыторыю.
Найбольш працяглай і апусташальнай з маскоўскіх войнаў была вайна 1654–1667 гг. Друя, якая займала зручнае становішча на беразе Заходняй Дзвіны, стала месцам найбольш актыўных ваенных дзеянняў. Летам 1654 г. тэрыторыя Браслаўскага павета была занята непрыяцелем.
У 1665 г. у вайну з Рэччу Паспалітай уступіла і Швецыя. Ваенныя дзеянні адбываліся пераважна на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. У верасні 1655 г. шведскія войскі занялі частку ВКЛ, у тым ліку і Браслаўскі павет. Шведскія атрады размяшчаліся ў Браславе, Іказні, Друі. Але хутка Браслаўшчыну занялі маскоўскія войскі. У 1657 г. у Друі размяшчаўся двухтысячны гарнізон маскоўскай пяхоты і казакаў пад камандваннем ваяводы Пронскага. 9 лютага 1667 г. паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай было заключана Андрусаўскае перамір'е, якое паставіла кропку ў працяглай вайне. Яе вынікі для Беларусі і, у прыватнасці, для Браслаўшчыны, былі жахлівымі. У адным з дакументаў Сойма адзначаецца, што тэрыторыя Браслаўскага павета разбурана дашчэнту. Моцна пацярпелі Іказнь, Дрысвяты, іншыя мястэчкі і іх наваколлі. З 42 тысяч жыхароў павета ў жывых засталося 19 тысяч. Для таго, каб акрыяць ад гэтых страшных наступстваў вайны, спатрэбілася праца не аднаго пакалення жыхароў Браслаўшчыны.
У канцы ХVІІІ ст. на тэрыторыі Браслаўскага павета налічвалася 21 мястэчка. У межах сучаснага Браслаўскага раёна іх было 10: Браслаў, Друя, Відзы, Дрысвяты, Іказнь, Опса, Слабодка, Угар, Замошша, Плюсы. Магдэбургскае права мелі Браслаў, Друя, Угар. Амаль усе яны мала чым адрозніваліся ад вёсак, не сталі сапраўднымі цэнтрамі гандлю і рамёстваў, вельмі марудна развіваліся. Выключэннем была Друя, развіццю якой спрыяла зручнае размяшчэнне на беразе Заходняй Дзвіны. У 1790 г. тут было 503 дамы, 3400 жыхароў. Горад упрыгожвалі шматлікія мураваныя і драўляныя цэрквы і манастыры, палац Сапегаў, ратуша, свая пажарная ахова, праводзіліся работы па брукаванні вуліц. Астатнія мястэчкі адрозніваліся ад вёсак наяўнасцю аднаго ці двух храмаў, корчмаў, гандлёвых лавак. У вызначаныя дні праводзіліся таргі, у святы прызначаліся вялікія кірмашы.
Прагрэсіўна настроеная частка грамадства шукала шляхі выратавання дзяржавы, дабівалася ажыццяўлення палітычных і эканамічных рэформаў. Важную ролю ў гэтай справе адыграў знакаміты Чатырохгадовы Сойм 1788–1792. Ад Браслаўскага павета дэлегатамі на ім былі Т. Ваўжэцкі і С. Мірскі.
Ваўжэцкі актыўна падтрымаў Канстытуцыю, прынятую 3 мая 1791 г., якая ў цэлым мела прагрэсіўны, дэмакратычны характар, але ліквідавала Вялікае княства Літоўскае. Расія паспрабавала адмяніць Канстытуцыю 3 мая і ўвяла свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Былі адменены ўсе прагрэсіўныя рэформы Чатырохгадовага Сойму. Таргавіцкая канфедэрацыя падрыхтавала ўмовы новага падзелу Рэчы Паспалітай, які адбыўся 23.1.1793 г. Мяжа падзелу непасрэдна закранула тэрыторыю Браслаўскага павета. Яна прайшла па лініі Друя – Іказнь – Замошша – Казяны.
Гэта мястэчка і землі адышлі да Расійскай імперыі. Заходняя частка павета з Браславам, Відзамі, Дрысвятамі засталася ў складзе Рэчы Паспалітай. З рэшткаў Браслаўскага павета, а таксама паветаў Свянцянскага і Вілкамірскага ўтварылася асобнае Браслаўскае ваяводства.
Патрыятычныя сілы краіны не маглі пагадзіцца з існуючым становішчам. Выйсце з яго яны бачылі ва ўзброеным паўстанні. 24 сакавіка 1794 г. быў абвешчаны Акт паўстання, паводле якога яго начальнікам назначаўся Тадэвуш Касцюшка. Захаваўшыяся сведчанні аб паўстанні на Браслаўшчыне ўказваюць на яго шырокую падтрымку сярод мясцовых жыхароў. Многія атрады налічвалі тут па 100–300 чалавек. На апошняй стадыі паўстання на захадзе Браслаўскага павета дзейнічаў атрад, у якім налічвалася каля 5 тысяч чалавек. Шырокім быў сацыяльны спектр удзельнікаў барацьбы – ад буйной шляхты да сялянства. Тэрыторыя краю была абяскроўлена і знявечана ў перыяд анархіі і панавання Таргавіцкай канфедэрацыі, калі на ёй размяшчаліся значныя вайсковыя падраздзяленні Расіі. Насельніцтва Браслаўшчыны было гатова да ўзброенай барацьбы за лепшую долю. 8 мая Багуслаў Мірскі як прадстаўнік часовага паўстанцкага ўрада заклікаў жыхароў прыняць удзел у паўстанні. Паўстанцы павінны былі сабрацца 11 мая каля Браслава. На дапамогу ім з Вільні быў накіраваны атрад у 3 тысячы чалавек. 10 мая ў Пераброддзе з войскамі прыбыў секунд-маёр Стафеапула, які імклівым начным маршам рушыў на Браслаў. На досвітку расійскія салдаты ўварваліся ў соннае мястэчка, на вуліцах якога завязаўся бой. Паўстанцы і мірныя жыхары панеслі значныя страты. Загарэліся касцёл, грамадскія будынкі, а неўзабаве запалала ўсё мястэчка. У браслаўскім баі ўдзельнічала ад 300 да 1000 чалавек. Каля 100 чалавек было забіта, 13 паўстанцаў салдаты захапілі ў палон.
Браслаўскае паражэнне хоць і было адчувальным для канфедэратаў, не спыніла паўстання ў краі. Захаваліся сведчанні аб атрадзе Лапацінскага з Ёдаў, які складаўся са 100 чалавек, а таксама аб атрадах генерала Аскеркі і браслаўскага суддзі Беліковіча. Славуты кампазітар і вядомы дзяржаўны дзеяч Міхал Клеафас Агінскі быў актыўным удзельнікам паўстання з самага яго пачатку. Яго атрады таксама дзейнічалі на тэрыторыі Браслаўшчыны.
З Браслаўшчынай звязаны таксама лёс яшчэ двух відных дзеячаў паўстання: Тамаша Ваўжэцкага, генерал-лейтэнанта, члена Найвышэйшай Нацыянальнай Рады, пераемніка Т. Касцюшкі на пасадзе начальніка паўстання, які нарадзіўся пад Відзамі і пахаваны ў гэтым мястэчку, і Юзэфа Копаця, брыгадзіра паўстання, які пахаваны ў в. Лушнева непадалёку ад Дрысвятаў.
Вайна з напалеонаўскай Францыяй не была нечаканасцю для Расіі. У непазбежнасці яе мала хто сумняваўся. Уладамі прадпрымаліся пэўныя меры па ўмацаванні заходніх рубяжоў імперыі. Прыгатаванні да вайны адчуваліся і на Браслаўшчыне. Асноўныя сухапутныя шляхі павета ўвайшлі ў сістэму камунікацый па забеспячэнні руху значнай колькасці войскаў. Праз Браслаўшчыну была арганізавана важная ваенная дарога Санкт-Пецярбург – Свянцяны. Уздоўж яе ствараліся правіянтцкія склады, вызначаліся месцы начлегаў (Друя, Браслаў, Опса, Відзы). Армейскія часці дыслацыраваліся па шматлікіх гарадах і мястэчках Браслаўшчыны. У Відзах звыш шасці тыдняў знаходзілася галоўная кватэра 5-га гвардзейскага пяхотнага корпуса пад камандаваннем вялікага князя Канстанціна, таксама размяшчалася кватэра М. Барклая дэ Толі.
Нягледзячы на тое, што баявыя дзеянні на тэрыторыі Браслаўшчыны вяліся кароткі прамежак часу – некалькі тыдняў пры наступленні напалеонаўскіх войск і яшчэ меней пры іх выгнанні, наступствы вайны 1812 г. былі для краю вельмі адчувальнымі. Незаконнымі рэквізіцыямі, марадзёрствам адзначаліся на тэрыторыі Браслаўшчыны абедзве арміі. Ёсць шмат таму пацвярджэнняў. Уладальніца Пагошчы скардзілася пасля вайны на тое, што яе маёнтак быў абрабаваны французскімі і расійскімі салдатамі. Ва ўладальніцы Завер'я Мірскай расійскі атрад забраў са стайні 20 коней з упражжу і фурманкамі. Дашчэнту быў разрабаваны маёнтак Дмахоўскіх Забалоцце. Колькасць гаспадарак у Браслаўскім павеце зменьшылася на 694, колькасць мужчынскага насельніцтва – на 2844.
Нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1830–1831 гг. на тэрыторыі Польшчы ахапіла і Браслаўскі павет. Але тут прадстаўнікам расійскай улады ўдалося напярэдадні паўстання арыштаваць найбольш актыўных яго прыхільнікаў і адправіць у Дынабургскую крэпасць. Туды ж былі адпраўлены і многія абывацелі, якія сталі сабірацца ля Відзаў, каб прыняць удзел у выступленні. На тэрыторыю Браслаўшчыны былі ўведзены дадатковыя сілы царскіх войскаў, якія размясціліся па мястэчках і вёсках і поўнасцю кантралявалі тэрыторыю.
Нацыянальна-вызваленчае паўстанне на чале з Кастусём Каліноўскім, якое пачалося ў студзені 1863 года, было значна больш масавым, чым лістападаўскае 1830 года. Актыўна ішло прыгатаванне да паўстання на месцах. 2 лютага 1863 года быў адзначаны вялікі сход ксяндзоў, шляхты, нейкіх невядомых людзей у Браслаўскай плябаніі, заўважана агітацыя сярод сялян. Значную ролю ў арганізацыі паўстання на Браслаўшчыне адыграў Генрых Дмахоўскі, славуты ўдзельнік паўстання і таленавіты скульптар, які напярэдадні выступлення аб'язджаў розныя мясціны ў якасці прадстаўніка цэнтральных органаў падрыхтоўкі паўстання.
Пачаткам ўзброенай барацьбы на Браслаўшчыне трэба лічыць сход, які адбыўся ў маёнтку Мейшты 1 красавіка 1863 г. На ім прысутнічалі некалькі прадстаўнікоў мясцовай шляхты і госці з Польшчы. Адзін з удзельнікаў сходу – Ян Ельскі-Ёдка быў абраны камандзірам узброеных сіл паўстанцаў. У пачатку мая яго атрад пачаў баявую дзейнасць. У атрад уваходзіла каля 30 чалавек. 6 мая адбылася першая сутычка з царскімі войскамі каля в. Адымянішкі. Раптоўна напаўшыя казакі змаглі рассеяць паўстанцаў. Некалькі чалавек, у тым ліку камандзір атрада, трапілі ў палон. На наступны дзень іншая група паўстанцаў пад камандаваннем Загорскага адбіла палонных у сутычцы каля Опсы. Але 11 мая атрад Ельскага быў разбіты непадалёк ад Казянаў, сам камандзір загінуў. Такім чынам, паўстанне на Браслаўшчыне не набыло масавага характару.
Паводле дадзеных першага расійскага перапісу, праведзенага ў 1795 г., у Браслаўскім павеце пражывала 22825 чалавек. Буйнейшымі паселішчамі (у межах сучаснага раёна) былі Відзы, Друя, Іказнь, Угар, Казяны. Менавіта Друя, якая была зручна размешчана на беразе Заходняй Дзвіны, і Відзы, якія з'яўляліся цэнтрам павета і размяшчаліся на ажыўленай дарозе, найбольш дынамічна развіваліся ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Абодва паселішчы лічыліся заштатнымі гарадамі губерніі. Што датычыцца Браслава, то ён у той час быў у становішчы захалуснага мястэчка. У сярэдзіне ХІХ ст. тут мелася 220 жыхароў, 60 двароў, у 1904 г. – 1510 жыхароў. Маленькімі паселішчамі засталіся і іншыя мястэчкі Браслаўшчыны.
У эканамічных адносінах Браслаўшчына ў ХІХ – пачатку ХХ ст. заставалася сельскагаспадарчым краем. Бедныя, неўрадлівыя глебы, вялізны працэнт балот, водных паверхняў абумовілі малую інтэнсіўнасць сельскай гаспадаркі. Сярод сельгаскультур пераважала жыта, якое ішло на ўласныя патрэбы. З 20-х гадоў ХІХ ст. у структуры раслінаводства стала ўзрастаць роля бульбы. Найбольш значнай тэхнічнай культурай быў лён. Жывёлагадоўля адыгрывала другарадную ролю. Сяляне для сваіх патрэб гадавалі коней, кароў, свіней, авечак, птушку. Пэўную ролю ў гаспадарцы Браслаўшчыны адыгрывала рыбная лоўля. Рыба з Браслаўшчыны вывозілася ў бліжэйшыя буйныя гарады – Дзвінск, Вільню, а таксама ў Польшчу.
Прамысловая вытворчасць Браслаўшчыны ў ХІХ – пачатку ХХ ст. была прадстаўлена асобнымі, пераважна дробнымі прадпрыемствамі: броварамі, гарбарнямі. Найбольш значнымі прамысловымі прадпрыемствамі з'ўляліся лесапрамысловыя заводы графа Плятэра ў Плятарове, непадалёку ад Казянаў. Заводы выпускалі гонт, клёпкі, дошкі, кардон. Акрамя гэтага, ў канцы ХІХ ст. існавалі два невялікія прадпрыемствы па вырабе шклотары. Пераважала рамесная вытворчасць. Пры маёнтках, у большасці мястэчак і каля буйных вёсак былі млыны.
Нязначную ролю ў эканоміцы Браслаўшчыны ХІХ – пачатку ХХ ст. адыгрываў гандаль, бо праз тэрыторыю краю не праходзіла важных сухапутных шляхоў, у баку прайшла чыгунка, а гандлёвае значэнне Заходняй Дзвіны няўхільна змяншалася. Кірмашамі на навакольную тэрыторыю славіліся Відзы. У сярэдзіне ХІХ ст. відзаўскія кірмашы былі буйнейшымі ў павеце і адносіліся да ліку найбольш значных у губерні.
Звыш двух гадоў грукатала на Браслаўшчыне кананада першай сусветнай вайны. Звыш двух гадоў браслаўская зямля была арэнай сутыкнення і процістаяння велізарнай колькасці расійскіх і нямецкіх войскаў. Жорсткія баі тут адбываліся восенню 1915 г. У выніку сфарміравалася стабільная лінія фронту, якая прайшла праз заходнюю тэрыторыю сучаснага Браслаўскага раёна і з'яўлялася часткай вядомай лініі Гіндэнбурга, якая з невялікімі зменамі праіснавала да лютага 1918 г. Тэрыторыя Браслаўшчыны даволі працяглы час была не толькі плацдармам баявых дзеянняў, але і прыфрантавым рэгіёнам, насычаным рэзервовымі часцямі, шпіталямі, санітарнымі і тылавымі ўстановамі. У выніку край зведаў чалавечыя ахвяры, праблему бежанцаў, разбурэнне гаспадарак, мястэчак, вёсак.
Лютаўская і кастрычніцкая рэвалюцыі, наступіўшы ў краіне хаос, давяршылі разлажэнне старой царскай арміі, якая страціла баяздольнасць. У выніку гэтага немцы акупіравалі значную частку Беларусі, у тым ліку ўсю тэрыторыю Браслаўшчыны. Працяг баявых дзеянняў на тэрыторыі краю па выгнанні нямецкіх акупантаў звязаны ўжо з дзеяннямі Чырвонай Арміі ў перыяд грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі.
У час ваенных дзеянняў першай сусветнай вайны гаспадарцы Браслаўшчыны, насельніцтву краю былі нанесены вялікія страты. Найбольшыя страты панеслі тэрыторыі, якія непасрэдна прылягалі да лініі фронту. Населеныя пункты тут знішчаліся. За некалькі гадоў ваенных дзеянняў тэрыторыі ўздоўж лініі фронту сталі зонамі суцэльнага разбурэння. Значныя страты сялянскім гаспадаркам нанеслі рэквізіцыі і абавязковыя пастаўкі прадуктаў харчавання і фуражу для войска. Ёсць звесткі аб вывазе з Браслаўшчыны некаторых каштоўнасцей – званоў з касцёлаў і цэркваў, архіва з Браслава. З Бяльмонцкага палаца ў Санкт-Пецярбург былі вывезены прыватныя зборы Плятэраў – бібліятэка, збор дакументаў, археалагічная і іншыя калекцыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Ад часоў першабытных – 1917 // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 21–228.
2. Гістарычныя кур'ёзы Браслаўшчыны // Браслаўская звязда. – 2003. – 6 верас. – С. 4.
3. Дучыц, Л. З глыбінь стагоддзяў / Л. Дучыц // Браслаўская звязда. – 2000. – 5 ліп. – С. 2.
4. Егарэйчанка, А. Асноўныя заняткі плямёнаў Браслаўскага Паазер'я ў I тыс. да н. э. / А. Егарэйчанка // Беларускі гістарычны часопіс. – 2006. – № 8. – С. 39–44.
5. Кожан, К. Паўстанне 1831 года ў Дзісненскім павеце / К. Кожан // Браслаўская звязда. – 1991. – 6 чэрв. – С. 3 ; 8 чэрв. – С. 3–4.
6. Міраш, Л. Ад прадзедаў спакон вякоў / Л. Міраш // Браслаўская звязда. – 2012. – 8 снеж. – С. 3.
7. Сергіевіч, К. Аляксандр і Алена / К. Сергіевіч // Браслаўская звязда. – 2007. – 20 кастр. – С. 5.
8. У часы старажытныя // Браслаўскія сшыткі : гістарычны зборнік / рэдкал.: К. Шыдлоўскі [і інш.]. – 1997. – № 2. – С. 13–27.
9. Як гэта было: з архіваў Браслаўскага аб'яднання музеяў // Браслаўская звязда. – 2015. – 4 лют. – С. 4 ; 7 лют. – С. 2.
10. Янушкевіч, А. Браслаўскі раён у Інфлянцкай вайне / А. Янушкевіч // Браслаўская звязда. – 2000. – 16 жн. – С. 4.