Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Браслаўскі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

 

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. атрымала шырокую падтрымку на тэрыторыі Браслаўшчыны. Друйскі Савет прыняў бок бальшавікоў напярэдадні паўстання ў Петраградзе, а Савецкая ўлада была ўстаноўлена ў мястэчках і вёсках неакупаванай часткі краю восенню 1917 г. Аднак ужо ў лютым 1918 г. уся тэрыторыя Браслаўшчыны была акупіравана кайзераўскімі войскамі.

Восенню 1918 г. пад уплывам рэвалюцыйных падзей у Германіі нямецкае камандванне пачало адпраўку сваіх войскаў на радзіму. У пачатку снежня 1918 г. Браслаўшчына была занята часцямі Чырвонай Арміі. Аднаўленне Савецкай улады ў Браславе адбылося за тыдзень да гэтага. Тэрыторыя краю падпарадкоўвалася Дзвінскаму валасному Савету, згодна з распараджэннем якога ў Браславе ствараецца Новааляксандраўскі павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт.

Тагачасны Браслаў – невялічкае ціхае мястэчка, цэнтр воласці. Сярод некалькіх тысяч яго жыхароў пераважную большасць складалі яўрэі. Амаль уся забудова была драўлянай. Меліся касцёл, царква, некалькі сінагог, лячэбніца, валасное праўленне, народнае вучылішча, царкоўна-прыходская школа, шэраг невялікіх прыватных крам. Размяшчэнне ў Браславе ўстаноў рэўкама ў многім змянілі спакойны размераны лад жыцця мястэчка, унесла ў яго шмат новага. Побач са старажытным грамадскім цэнтрам Браслава размясцілі кіраўніцтва рэўкама і ваенны камісарыят. На рыначнай плошчы некалькі разоў праводзіліся мітынгі, парады з удзелам чырвонаармейцаў браслаўскага гарнізона. У Браславе арганізуецца рэвалюцыйны клуб імя К. Лібкнехта, Народны дом, дзе ладзіліся шматлікія лекцыі, выступленні, тэатральныя пастаноўкі.

Камітэт пачаў працу ва ўмовах амаль поўнай разбуранасці гаспадаркі, голаду, хранічнай нястачы самага неабходнага. Рэўкам прадпрыняў спробу наладзіць вытворчасць на тых прадпрыемствах, якія меліся на Браслаўшчыне, адкрыць новыя. Рабіліся захады па забеспячэнні насельніцтва прадуктамі. Паступова адчыніліся школы з бясплатным навучаннем, наладжвалася медыцынскае абслугоўванне. Ішло стварэнне органаў улады на месцах. У студзені 1919 г. Браслаўскі РВК рэарганізаваўся ў выканаўчы камітэт Савета сялянскіх, рабочых і батрацкіх дэпутатаў.

Вясной 1919 г. актыўныя баявыя дзеянні на Заходнім фронце пачалі польскія войскі. 24 жніўня 1919 г. пачалося агульнае наступленне польскіх войскаў, якія неўзабаве занялі ўсю тэрыторыю Браслаўшчыны. 21 ліпеня 1920 г. Савецкая Расія заключыла мірны дагавор з Літвой, паводле якога без уліку інтарэсаў Беларусі да Літвы адышлі Віленшчына і Гродзеншчына. Тэрыторыю Браслаўшчыны павінна была падзяляць дзяржаўная мяжа. Яе лінія праходзіла на некалькі кіламетраў на ўсход ад м. Казяны на ўсход ад Браслава, праз м. Слабодка і па рацэ Друйка да Друі. Аднак у хуткім часе, у кастрычніку 1920 г. польскія войскі зноў поўнасцю занялі Віленскі край. 20 лютага 1922 г. Віленшчына ўвайшла ў склад Польшчы. Арганізуецца Віленскае ваяводства, у склад якога ўвайшоў і Браслаўскі павет. На гэтым скончыўся для краю працяглы перыяд ваенных дзеянняў і дзяржаўнай нестабільнасці, якая прынесла гаспадарцы, насельніцтву вялікія страты.

Браслаўшчына ў той час была аддаленай правінцыяльнай ускраінай польскай дзяржавы. Жыццё яе вясковага і местачковага насельніцтва – сялян, рамеснікаў, гандляроў, інтэлігенцыі – было на першы погляд спакойным і размераным, напоўненым штодзённымі клопатамі і турботамі. Пасля вайны даволі хутка аднавілі працу дробныя прадпрыемствы, звязаныя з вытворчасцю будматэрыялаў і перапрацоўкай сельгаспрадукцыі. На канец 1923 г. у павеце дзейнічалі 2 цагельні, тартак, мылаварня, 2 маслабойкі, 2 бровары, 14 невялікіх гарбарань, 22 млыны. У Браславе была пабудавана механічная пякарня, пачаў дзейнічаць рыбны заводзік. Значную ролю ў вытворчасці адыгрывалі рамеснікі.

У гандлі асноўнае месца займалі дробныя прыватныя крамы і лаўкі, якія канцэнтраваліся ў мястэчках.

Значнае месца ў тагачаснай сістэме гандлю займалі кірмашы. Месцамі іх правядзення былі буйнейшыя мястэчкі – Браслаў, Друя, Відзы.

Важкі ўплыў на эканамічнае развіццё Браслаўшчыны аказвала аддаленасць ад буйных прамысловых цэнтраў і слабая развітасць камунікацый. У першай палове 20-х гадоў была праведзена рэканструкцыя ваеннай вузкакалейнай чыгункі, якая злучала Друю, Браслаў, Опсу, Дрысвяты з чыгуначнай станцыяй Дукшты. Чыгунка забяспечыла трывалую пасажырскую і грузавую сувязь з Вільняй.

Прыродныя асаблівасці Браслаўшчыны як азёрнага краю дазвалялі ёй стаць адным з турысцкіх рэгіёнаў краіны. Паступова наплыў турыстаў і адпачываючых сюды павялічыўся. Браслаў стаў набываць рысы курортнага гарадка. На возеры Дрывяты была пабудавана прыстань з вялікай колькасцю яхт, байдарак, прагулачных лодак. Побач размяшчаліся пляцоўкі для тэніса, валейбола, баскетбола, цір. Дзейнічаў планерны клуб.

Супярэчлівым было становішча ў сельскай гаспадарцы. Сяляне найбольш хутка аправіліся ад наступстваў вайны. Паступова павялічвалася колькасць заможных і моцных гаспадарак, расла іх таварнасць. З другога боку значная частка гаспадарак ледзь зводзіла канцы з канцамі, таму што землі па ўрадлівасці адносіліся да бедных.

Велізарным бедствам для жыхароў Браслаўшчыны, асабліва сялян, стаў голад 1928–1929 гадоў. Ён ахапіў большую частку тэрыторыі Віленшчыны. Але найбольш пацярпелі менавіта Браслаўскі і Дзісненскі паветы. Бедства пачалося па прычыне моцных і інтэнсіўных дажджоў. Вясной 1929 г. яно прыняло пагражальны характар і памеры. На дапамогу галадаючым былі выдзелены дзяржаўныя сродкі, збіраліся ахвяраванні. Да канца 1929 г. голад удалося пераадолець, але яго вынікі адчуваліся ў краі яшчэ некалькі гадоў.

На Браслаўшчыне дзейнічалі беларускія культурна-асветніцкія арганізацыі: Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Таварыства беларускай школы. Гурткі існавалі ў Браславе, Цяцерках, Барадзінічах, Зараччы і іншых вёсках. Іх сябры ладзілі вечарыны, ставілі беларускія п'есы, распаўсюджвалі беларускія выданні.

Адным з асяродкаў беларушчыны на Браслаўшчыне быў Друйскі кляштар айцоў Марыянаў, арганізаваны ў 1923 г. З ім былі звязаны такія вядомыя беларускія рэлігійныя дзеячы, як А. Цікота, Я. Германовіч, Ф. Абрантовіч, Я. Дашута, Ч. Сіпавіч. Айцы Марыяне карысталіся беларускай мовай у кляштары, выхоўвалі моладзь у беларускім духу, шырока ўжывалі беларускія казанні ў касцёлах Друйскай парафіі.

Заходняя Беларусь афіцыйна ўвайшла ў склад БССР паводле рашэння Народнага сходу Заходняй Беларусі, які праходзіў 30 кастрычніка 1939 г. У верасні 1939 г. сярод насельніцтва Браслаўшчыны, асабліва бяднейшай часткі, панаваў аптымістычны настрой, звязаны з устанаўленнем Савецкай улады.

 

Члены Браслаўскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. 1919 г.Дэлегаты з’езда батракоў Браслаўскага павета. Друя. 22.08.1919 г.Браслаў. Вул. ПілсудскагаБраслаў. Забудова адміністрацыйнага цэнтраБраслаў. Каля касцёлаБраслаў. Гандлёвы рад каля касцёла з будынкам былога пазыка-ашчаднага таварыства. . Фота Ю. КлосаКірмаш у Браславе. 1930 г.На кірмашы ў ВідзахДруя ў пачатку ХХ ст. ПаштоўкаДруя. Камендатура пагранічнікаў у былой сядзібе СапегаўРэлігійная працэсія ў БраславеВёска Мяжаны ў 20-ыя гг. ХХ ст. Фота Ю. Клоса

 

ЛІТАРАТУРА

1. Гарэлік, А. Крыху гісторыі / А. Гарэлік // Браслаўская звязда. – 1976. – 7 лістап. – С. 4.

2. Дэйч, Х. З успамінаў Хаіма Дэйча / Х. Дэйч // Браслаўскія сшыткі : гістарычны зборнік / рэдкал.: К. Шыдлоўскі [і інш.]. – 1996. – № 1. – С. 79–80.

3. На крутым павароце гісторыі // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 231–275.

4. Панцялейка, А. На першым этапе станаўлення савецкай улады / А. Панцялейка // Браслаўская звязда. – 2010. – 30 студз. – С. 1, 6.

5. Скрабатун, У. «Няхай напішуць мне – усё адно, на якой мове» / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2009. – 29 кастр. – С. 6.

6. Шыдлоўскі, К. Браслаўскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт / К. Шыдлоўскі // Браслаўская звязда. – 1987. – 29 кастр. – С. 3 ; 3 лістап. – С. 2.

7. Шыдлоўскі, К. Нечаканыя знаходкі / К. Шыдлоўскі // Браслаўская звязда. – 1993. – 10 лістап. – С. 2.

8. Якубоўскі, А. У змаганні мы шчасце сваё здабывалі / А. Якубоўскі // Віцебскі рабочы. – 1969. – 17 верас. – С. 2.