Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Браслаўскі раён. Вялікая Айчынная вайна

 

Вялікая Айчынная вайна... Яна ўварвалася страшнай бядой у жыццё браслаўчан. У тыя спякотныя дні чэрвеня 1941 года людзі яшчэ не адразу змаглі асэнсаваць, праз якія пакуты, выпрабаванні давядзецца ім прайсці.

22 чэрвеня, у хуткім часе пасля выступлення па радыё Молатава, на беразе возера Дрывяты адбыўся мітынг жыхароў Браслава. На ім з гнеўнымі словамі асуджэння агрэсара і палымянымі патрыятычнымі заклікамі выступалі прадстаўнікі райкама партыі, райвыканкама, актывісты з мясцовых жыхароў.

23 і 24 чэрвеня праз Браслаў у заходнім напрамку прайшлі пяхотныя часці Чырвонай Арміі, артылерыя, танкі. Але ўжо на наступны дзень становішча рэзка змянілася. Цяпер ужо ў зваротным напрамку – на ўсход спешна адступалі савецкія войскі. Галоўныя напрамкі наступлення нямецкіх войск мінулі Браслаўшчыну, таму значных баёў тут не адбывалася. Праз тэрыторыю раёна адступалі часці і падраздзяленні 11 і 22 армій Заходняга фронту. У выніку жорсткіх баёў яны панеслі вялікія страты, шэраг часцей былі поўнасцю знішчаны.

27 чэрвеня 1941 года нямецкія войскі ўступілі ў Браслаў. Аб першых ахвярах вайны памятаюць многія браслаўскія старажылы. Па іх сведчаннях, у той дзень загінула 14 чалавек. Іх пахавалі ў адной магіле – першай брацкай магіле на Браслаўшчыне, якіх шмат з'явіцца за гады вайны.

З моманту заняцця нямецкімі войскамі тэрыторыі Браслаўшчыны пачаўся самы трагічны перыяд ва ўсёй яе гісторыі – перыяд фашысцкай акупацыі. Браслаўскі і большая частка Відзаўскага раёнаў былі ўключаны ў генеральны камісарыят «Беларусь». Уся паўната ўлады ў раёне належала фашысцкай ваеннай адміністрацыі ў асобе ордскаменданта Браслаўскай ордскамендатуры, якая размяшчалася па вуліцы К. Лібкнехта, дзе зараз знаходзіцца райаддзел міліцыі. Насельніцтва было пазбаўлена элементарных грамадзянскіх правоў і чалавечых свабод. Галоўным сродкам насаджэння і падтрымання «новага парадку» быў масавы крывавы тэрор, які ажыццяўлялі акупацыйныя ўлады.

Каб замаскіраваць тэрарыстычную, грабежніцкую палітыку, зрабіць выгляд самакіравання і такім чынам узмацніць уплыў на насельніцтва, акупанты стварылі мясцовыя дапаможныя ўстановы: у раёне – раённая або ўездная ўправа на чале з прызначаным гітлераўцамі бургамістрам, якая знаходзілася ў будынку цяперашняга райвыканкама, у былых сельскіх саветах – валасныя ўправы на чале з валаснымі старшынямі, у вёсках – старастамі.

Эканамічная палітыка акупантаў у раёне была накіравана на рабаванне і каланізацыю яго тэрыторыі. Гэтай мэце была падпарадкавана і іх аграрная палітыка. Сяляне пазбаўляліся правоў на зямлю. Лепшыя землі акупанты раздавалі нямецкім каланістам, былым памешчыкам і сваім памагатым. Сяляне, якія працавалі на гэтых землях, выганяліся.

Пад шырмай «новага парадку землекарыстання» на базе буйных панскіх гаспадарак, у якіх пры Савецкай уладзе былі створаны саўгасы і калгасы, гітлераўцы стварылі так званыя «дзяржаўныя маёнткі». На пасады іх кіраўнікоў прызначаліся нямецкія «аграномы». Сяляне ў якасці батракоў практычна бесплатна павінны былі апрацоўваць землі маёнткаў.

Каб выкачаць для сябе як мага больш харчу і сыравіны, гітлераўцы шляхам канфіскацый і кантрыбуцый забіралі ўсё, што толькі маглі: збожжа, жывёлу, хатнюю птушку, рыбу, гародніну. Сельскае насельніцтва абкладалася вялікімі падаткамі, паборамі, пастаўкамі, працоўнымі павіннасцямі. У час пасяўной і ўборачнай кампаніі сяляне зганяліся ў дзяржаўныя маёнткі для адбыцця працоўнай павіннасці. За самыя нязначныя праступкі шырока ўжываліся цялесныя пакаранні – біццё палкамі.

У сакавіку 1942 года па загадзе акупацыйных улад жандармерыя і паліцыя праводзілі канфіскацыю ў школах, бібліятэках і прыватных дамах усіх кніг, падручнікаў, старых газет і часопісаў, якія потым адвозіліся ў Глыбокае і там знішчаліся. З канца 1941 года ў раёне былі адкрыты начальныя і няпоўныя сярэднія школы. Настаўнікаў не хапала, таму што пэўная колькасць іх не жадала працаваць у арганізаваных акупантамі школах. Свабоднае перамяшчэнне па раёне забаранялася. Усе грамадскія арганізацыі былі забаронены.

Трэба адзначыць, што на кіруючых пасадах фашысцкай адміністрацыі ў раёне аказаліся патрыёты, якія з самага пачатку павялі актыўную барацьбу з захопнікамі, шмат чаго рабілі для выратавання савецкіх людзей. Гэта асабліва тычыцца намесніка раённага бургамістра А. А. Васілеўскага – арганізатара і кіраўніка Браслаўскага падполля.

Кантроль над акупіраванай тэрыторыяй раёна забяспечвала сістэма нямецкіх гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. Найбольш буйным з іх быў гарнізон у Браславе, які летам 1943 г. налічваў 125 чалавек, у Опсе – 96 чалавек, у Слабодцы – 45. Буйныя гарнізоны размяшчаліся таксама ў Відзах і Друі.

Ужо праз некалькі дзён пасля захопу тэрыторыі раёна жыхары адчулі «новы нямецкі парадак». Перш за ўсё гітлераўцы пачалі выяўляць і расстрэльваць камуністаў, камсамольцаў, савецкіх актывістаў. Быў расстраляны старшыня Каштальскага сельсавета Скавырка. У вёсцы Мацешы немцы без усякіх прычын па-зверску забілі дзевяць сялян.

Адным з асноўных прыёмаў і спосабаў ажыццяўлення нацысцкай палітыкі генацыду супраць беларускага народа, у тым ліку і Браслаўшчыны, з'яўлялася масавае знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі. У Відзаўскім раёне было расстраляна 600 мірных грамадзян, спалена ў хатах і хлявах болей 450 чалавек. У вёсцы Прудзінкі Дубраўскага сельсавета было 13 двароў, але ў яе прыходзілі жыхары з іншых навакольных вёсак, бо вёска размяшчалася ў лесе. У той момант, калі фашысты акружылі вёску, у ёй налічвалася болей 300 чалавек. Усе, хто быў у вёсцы, былі загнаны ў хату і спалены жывымі. Гэтая трагедыя адбылася 24 лістапада 1942 г. У вёсцы Стаўрова расстралялі і спалілі 77 чалавек, у вёсцы Якшты – 65 чалавек. Такія ж расстрэлы правялі немцы таксама ў Браслаўскім раёне, дзе спалілі 5 вёсак і знішчылі 530 мірных жыхароў. Разам з жыхарамі былі спалены в. Стайкі, Рэпаўшчына, Лабэцкія, Забалоцце.

Арганізаванае супраціўленне жыхароў Браслаўшчыны нямецка-фашысцкім захопнікам можна ўмоўна падзяліць на два перыяды. У першым (ліпень 1941 – сярэдзіна 1943 г.) узнік рух супраціўлення, які дзейнічаў у падполлі. Былі створаны і пачалі ўзброеную барацьбу невялікія партызанскія групы і атрады. У другі перыяд (сярэдзіна 1943 – 1944 гг.) на Браслаўшчыне былі створаны і дзейнічалі буйныя партызанскія брыгады. Яны грамілі варожыя гарнізоны і асобныя вайсковыя часці, наносілі моцныя ўдары па камунікацыях праціўніка, ачысцілі ад акупантаў значныя тэрыторыі ў Браслаўскім, Відзаўскім і сумежных раёнах. Разам з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічалі ў вызваленні краю.

Супраціўленне захопнікам пачалося ў першыя дні акупацыі. Актыўную барацьбу пачалі патрыёты з ліку браслаўскай інтэлігенцыі і сялянскай моладзі. Патрыятычныя групы хавалі людзей, якім пагражалі арышты, дапамагалі воінам Чырвонай Арміі, што трапілі ў акружэнне. На працягу восені і першай ваеннай зімы групы аб'ядноўваліся ў антыфашысцкія і камсамольска-маладзёжныя арганізацыі, якія мелі ўжо сваё кіраўніцтва і план дзеянняў.

Першую антыфашысцкую падпольную арганізацыю на Браслаўшчыне стварыў Аляксей Аляксеевіч Васілеўскі. Жыхар горада Браслава, сын праваслаўнага святара, настаяцеля царквы ў Браславе, ён карыстаўся аўтарытэтам сярод мясцовага насельніцтва. Ён скончыў юрыдычны факультэт Пражскага ўніверсітэта, валодаў нямецкай мовай. Гарачы патрыёт, смелы чалавек Аляксей Аляксеевіч разумеў, што найбольшую карысць народу можа прынесці, застаючыся ў тыле ворага. Беспартыйны, ён не выклікаў падазрэння ў акупантаў і атрымаў пасаду намесніка Браслаўскага раённага бургамістра. Сваё службовае становішча выкарыстоўваў для арганізацыі падполля і абароны насельніцтва. Яго першым памочнікам у гэтым стаў брат – малады ўрач Дзмітрый Аляксеевіч Васілеўскі, які прыняў на сябе абавязкі валаснога старасты ў в.Слабодка. Потым да іх далучыліся інжынер Браслаўскага лясніцтва У. Ю. Відаўскі і былы рэдактар камсамольскай газеты ў Вільнюсе А. Я. Пракаповіч, былы настаўнік І. М. Елізараў. Сваіх людзей А. А. Васілеўскі ўладкаваў на працу ў адміністрацыйны апарат акупантаў. Так склалася антыфашысцкая арганізацыя пад кіраўніцтвам А. А. Васілеўскага, якая распаўсюдзіла свой уплыў на ўсю Браслаўшчыну. Каля 160 чалавек былі вырваны браслаўскімі антыфашыстамі з рук гітлераўцаў.

Нараджэнне партызанскага руху на Браслаўшчыне звязана з імем К. Я. Анціпенкі, афіцэра Чырвонай Арміі, які трапіў у палон і быў кінуты ў Браслаўскую турму. У снежні 1941 г. Аляксей Васілеўскі, якому па пасадзе было даручана займацца ваеннапалоннымі, дапрасіў Кіма Яўсеевіча. Пераканаўшыся ў яго адданасці Радзіме, вызваліў яго з турмы і накіраваў на сельскагаспадарчыя работы да сваіх добрых знаёмых ў вёску Медзюкі.

У лютым 1942 г. быў арганізаваны партызанскі атрад пад кіраўніцтвам К.Я. Анціпенкі, які складаўся з 28 чалавек.

Амаль адначасова арганізавалася і другая такая ж група пад кіраўніцтвам Рыгора Яфімавіча Шчарбакова, якая хутка аб'ядналася з групай Анціпенкі. Атрад быў цесна звязаны з насельніцтвам акругі. У верасні 1942 г. партызаны правялі паспяховую дыверсійную аперацыю на чыгунцы Вільнюс – Даўгаўпілс.

З антыфашысцкім падполлем быў звязаны ў гады вайны маладзёжны рух на Браслаўшчыне. Група камсамольцаў вёскі Азяраўцы вырасла летам 1942 г. у буйную камсамольска-маладзёжную арганізацыю. Кіраваў ёй Іосіф Ксаверавіч Пяткун, мясцовы жыхар, былы ўдзельнік камсамольскага падполля Заходняй Беларусі. Створаны быў і філіял гэтай арганізацыі ў Браславе на чале з Канстанцінам Ігнатавічам Максімовічам. Азяраўскія падпольшчыкі збіралі для партызан разведданыя, разбуралі масты на дарогах і тэлефонную сувязь, вусна і з дапамогай лістовак вялі прапаганду супраць акупантаў. Важным цэнтрам маладзёжнага руху была вёска Казяны. Тут яго арганізатарам стаў мясцовы жыхар Уладзімір Іосіфавіч Мацук. Падпольшчыкі казянскай арганізацыі пісалі і расклейвалі лістоўкі, учынялі розныя дыверсіі. Галоўную ўвагу яны надавалі збору зброі.

У канцы жніуня 1942 г. у Казянскія лясы прыбыў з Віцебскай вобласці невялікі партызанскі атрад, якім спачатку камандаваў І. І. Пятроў. Тут да яго адразу далучылася вялікая група добра ўзброеных казянскіх камсамольцаў і моладзі. Уліліся ў атрад яшчэ некалькі невялікіх груп ваеннапалонных. Дзякуючы папаўненню, атрад, які атрымаў назву «Спартак», прыкметна вырас і разгарнуў баявую дзейнасць. Базіраваўся ён у Відзаўскім раёне. Партызаны двойчы грамілі гітлераўскі гарнізон у Казянах. Атрад наносіў істотны ўрон ворагу дыверсіямі на чыгунцы і шасейных дарогах.

Летам 1943 г. прыйшоў час узняць партызанскі рух на больш высокую ступень, стварыць у тыле ворага партызанскі фронт. У ліпені 1943 г. на базе атрадаў імя Кутузава і Ракасоўскага, вылучаных з брыгады імя Сталіна, была сфарміравана новая брыгада імя Жукава і накіравана ў Браслаўскі раён. Камандаваў брыгадай Павел Якаўлевіч Сырамаха. 5 жніўня 1943 г. яна прыбыла ў Браслаўскі раён і размясцілася ў вёсках непадалёку ад в. Замошша і пачала сваю баявую дзейнасць. Былі разбіты карныя атрады гітлераўцаў каля в. Гайлешы, Дзегцяры, Богіна.

У канцы ліпеня 1943 г. на базе атрада «Спартак» была сфарміравана ў Відзаўскім раёне аднайменная брыгада, якую ўзначаліў А. М. Панамароў. У верасні была сфарміравана брыгада «За Радзіму». Камандзірам яе стаў П. М. Шырокаў. Паміж трыма брыгадамі былі падзелены зоны дзеянняў па раёнах. Гэта ўнесла большую арганізаванасць у партызанскую барацьбу ў раёне. Баявая дзейнасць мела тры напрамкі: дыверсіі на камунікацыях, напады на асобныя гарнізоны гітлераўцаў. Яны падрывалі масты на шасейных дарогах Браслаў – Опса, Браслаў – Шаркаўшчына, Відзы – Опса.

У жніўні – верасні тры брыгады працягвалі ўмацоўваць свае сувязі з насельніцтвам, хутка павялічвалі свае рады за кошт мясцовых жыхароў.

Восенню 1943 г. нямецкае камандаванне арганізавала другую карную аперацыю супраць партызанаў Вілейскай вобласці пад назвай «Фрыц». У ёй удзельнічалі 70 тысяч салдат і афіцэраў. Гітлераўцы акружылі казянскія лясы і дзень за днём усё шчыльней сціскалі кола. Пачаліся жорсткія баі з карнікамі. Партызаны змагаліся за кожную вёску, але пад націскам перавышаючых сіл ворага вымушаны былі адступіць. Калі аперацыя «Фрыц» скончылася, партызанскія брыгады вярнуліся ў месцы сваёй ранейшай дыслакацыі. Для акупантаў гэта было нечаканасцю. Ужо 10 лістапада 1943 г. атрад імя Ракасоўскага нечаканым ударам разграміў варожы гарнізон у мястэчку Замошша, а атрад імя Кутузава нанёс паражэнне гітлераўцам у лесе паблізу в. Стацелішкі. Пры гэтым быў узяты ў палон жандарм-кат Дзітман.

У Браславе дзейнічала падпольная група Э. А. Ціранава, але не было ўжо А. А. Васілеўскага. 15 верасня 1943 г. браты Васілеўскія былі арыштаваны і кінуты ў Глыбоцкую турму. Аляксей Васілеўскі памёр, замучаны катаваннямі. Дзмітрыя вывезлі ў канцлагер.

Ва ўмовах умацавання фашысцкага тэрору падполле працягвала работу. Узнікла новая маладзёжная група ў Слабодцы.

Партызанскае камандаванне на Браслаўшчыне ўстанавіла і падтрымлівала сувязь з падпольшчыкамі ў гарадах Латвіі. Дзесяткі былых воінаў вывела з Даўгаўпілскага лагера ваеннапалонных і прывяла да партызанаў сялянская дзяўчына з вёскі Рынгелішкі Люба Пушкарова. Зімой 1944 г. немцы схапілі і расстралялі Любу, яе бацьку і сястру.

У Браслаўскім раёне быў створаны падпольны райкам Кампартыі Беларусі. Сакратаром яго быў Платон Пятровіч Булойчык, а пасля яго гібелі – Павел Якаўлевіч Сырамаха.

У партызанскай брыгадзе імя Жукава выходзілі дзве газеты: «Смерць фашызму» – орган Браслаўскага падпольнага райкама КП(б)Б і «Моладзь у барацьбе» – орган Браслаўскага падпольнага райкама камсамола. Ева Аляксандраўна Казлоўская стварыла ансамбль песні і танца, які быў вядомы не толькі партызанам Браслаўшчыны, а і за яе межамі. З канца жніўня 1942 г. у Відзаўскай зоне дзейнічаў партызанскі атрад «Спартак». Неаднаразова ён граміў гітлераўскі гарнізон у Казянах, наносіў значны ўрон дыверсіямі на чыгунцы і шасейных дарогах.

Зіма 1943–1944 гг. была цяжкай парой для браслаўскіх партызан. Было цяжка з харчамі, не хапала зброі і боепрыпасаў. І ўсё ж партызаны ўтрымлівалі лясны масіў, дзе далі прытулак грамадзянскаму насельніцтву, наносілі фашыстам адчувальныя ўдары. З красавіка 1944 г. пачалася рэгулярная дастаўка самалётамі зброі, боепрыпасаў і медыкаментаў.

Партызаны брыгады імя Жукава ў красавіку – маі выдалі сялянам для вядзення севу 67 коней, 2200 кг жыта, 2500 кг аўса, 3250 пудоў бульбы, якія былі адабраны ў нямецкіх маёнтках ці захоплены ў разгромленых гарнізонах акупантаў.

У перыяд падрыхтоўкі і правядзення Чырвонай Арміяй Беларускай наступальнай аперацыі ў чэрвені – ліпені 1944 г. актыўнасць браслаўскіх партызан значна ўзрасла, асабліва на чыгунках Даўгаўпілскага вузла.

З пачатку ліпеня 1944 г. пачынаецца завяршальны перыяд барацьбы партызан Браслаўшчыны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, перыяд узаемадзеяння з часцямі Чырвонай Арміі. Сумеснымі намаганнямі савецкія воіны і партызаны разграмілі гарнізон у Опсе, захапілі шмат палонных, выбілі гітлераўцаў з Відзаў, Замошша, Ахрэмаўцаў. Горад Браслаў быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 6 ліпеня 1944 года.

Вызваленне тэрыторыі Браслаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося ў першыя дні ліпеня 1944 г. у выніку правядзення Шауляйскай наступальнай аперацыі часцямі 1-га Прыбалтыйскага фронту. У склад фронту ўваходзіла 6-я гвардзейская армія, часці якой непасрэдна вызвалялі Браслаўшчыну. Ужо 2–3 ліпеня на тэрыторыю краю ўступілі авангардныя і разведвальныя групы Чырвонай Арміі, якія сустрэліся з дзейнічаючымі тут партызанскімі фарміраваннямі. У ходзе вызвалення Браслаўшчыны часці Чырвонай Арміі панеслі значныя людскія страты. Загінула 2714 салдат і афіцэраў. Вялікая колькасць іх загінула пры вызваленні Відзаў, Карасіна, Браслава, Друі, Быстрамаўцаў, Баруноў, Плюсаў.

Аб мужнасці і гераізме салдат і афіцэраў у ходзе баёў на Браслаўшчыне сведчыць тое, што шмат вайскоўцаў атрымалі за свае подзвігі ўзнагароды. Кулямётчык, старшы сяржант Куркін, вызначыўся ў баі ля Браслава і атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга, сяржанта Шаўрова ўзнагародзілі медалём «За баявыя заслугі», радавы Васількоў быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Маёру Жданаву А. М., капітану Валчкову І. М., сяржанту Зайцаву В. Л. за здзейсненыя подзвігі на зямлі Браслаўшчыны было прысвоена ганаровае званне Герояў Савецкага Саюза.

Пакуты, якія выпалі на долю мірнага насельніцтва Браслаўшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ доўга будуць незагоенай ранай у людской памяці, настолькі велізарныя памеры трагедыі, закрануўшай амаль кожную сям'ю. Існуюць розныя афіцыйныя дадзеныя аб колькасці загінуўшых у час акупацыі жыхароў раёна. Называюць лічбы 9600, 10254, 11903 чалавекі. На Браслаўшчыне, як і ў іншых месцах Беларусі, яўрэі былі амаль поўнасцю знішчаны фашыстамі. Лік ахвяр значна перавысіў лічбу 5 тысяч. Месца масавага расстрэлу яўрэяў Браслаўскага гета – буйнейшая магіла мірных жыхароў Браслаўшчыны, дзе пахавана звыш 4,5 тысяч чалавек.

 

Арганізатар першай антыфашысцкай падпольнай арганізацыі на Браслаўшчыне А. А. ВасілеўскіГрупа каманднага складу партызанскай брыгады імя Г. К. ЖукаваГрупа каманднага складу партызанскай брыгады «Спартак»

 

ЛІТАРАТУРА

1. Базарэвіч, Г. Праблемы вырашалі разам / Г. Базарэвіч // Браслаўская звязда. – 2010. – 31 сак. – С. 1–2.

2. Барынштэйн, Б. Трагедыя Друйскага гета / Б. Барынштэйн // Браслаўская звязда. – 2003. – 21 чэрв. – С. 1–2.

3. Браслаўшчына ў Вялікай Айчыннай вайне // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 279–500.

4. Іваноў, Б. Калі б камяні маглі гаварыць... / Б. Іваноў // Браслаўская звязда. – 2013. – 18 снеж. – С. 2.

5. Казак, И. Непокорённая Браславщина / И. Казак // Белорусская лесная газета. – 1996. – 18 июля. – С. 5–6.

6. Казлоўскі, П. Браслаўскія партызаны / П. Казлоўскі // Браслаўская звязда. – 1992. – 6 чэрв. – С. 2 ; 10 чэрв. – С. 2 ; 13 чэрв. – С. 2 ; 24 чэрв. – С. 2 ; 27 чэрв. – С. 3 ; 1 ліп. – С. 1–2 ; 4 ліп. – С. 2.

7. Касцёл і царква ў міжваенны час (20–30-я гг.) і гады гітлераўскай акупацыі // Браслаўскія сшыткі : гістарычны зборнік / рэдкал К. Шыдлоўскі [і інш.]. – 1997. – № 2. – С. 72–83.

8. Лысаў, І. У імя жыцця / І. Лысаў // Віцебскі рабочы. – 1967. – 21 ліп. – С. 4.

9. Панцялейка, А. Баі за вызваленне Браслаўшчыны / А. Панцялейка // Браслаўская звязда. – 2009. – 2 ліп. – С. 2–3.

10. Панцялейка, А. Пачатак Шауляйскай наступальнай аперацыі – баі за вызваленне Браслаўшчыны / А. Панцялейка // Война известная и неизвестная: материалы научно-практической конференции, посвященной 60-летию освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков, 15–16 июня 1994 года / Витебский областной краеведческий музей ; редсов.: В. А. Космач [и др.]. – Витебск, 1995. – С. 93–101.

11. Пашкевіч, З. Браслаўчане на франтах другой сусветнай вайны / З. Пашкевіч // Браслаўская звязда. – 2003. – 10 верас. – С. 3.

12. Пруднікаў, П. Азяраўскія маладагвардзейцы / П. Пруднікаў // Чырвоная змена. – 1966. – 7 крас. – С. 3.

13. Смеречинский, В. Партизанская семья / В. Смеречинский // Народная газета. – 2001. – 3 лістап. – С. 4.

14. Шкляневич, Г. Все, что было загадано / Г. Шкляневич // Народнае слова. – 2003. – 5 крас. – С. 4.

15. Шульман, А. В краю голубых озёр / А. Шульман // Мишпоха. – 2008. – № 23. – С. 87–94.

16. Шульман, А. Подземный ход в прошлое / А. Шульман // Мишпоха. – 2000. – № 7. – С. 53–56.

17. Шыдлоўскі, К.Сведчаць архіўныя дакументы / К. Шыдлоўскі // Браслаўская звязда. – 1992. – 20 чэрв. – С. 1–2.

18. Яцкевич, Т. В атаках яростных / Т. Яцкевич // Белорусская нива. – 2005. – 29 окт. – С. 6.